• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

    Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 351с.
    Мінск 2018
    113.95 МБ
    У штодзённай практыцы адбывалася спалучэнне царкоўнай і свецкай музыкі ў розных формах. Так, самым вядомым гімнам Вялікага Княства Літоўскага ў гэты перыяд лічыцца царкоўны гімн «Багародзіца». Найбольш старажытны запіс яго тэксту і мелодыі (1407) быў змешчаны ў зборы лацінскіх казанняў, складзеным Матэўшам з Грохава, які захоўваецца ў Ягелонаўскай бібліятэцы ў Кракаве. Усяго з XV ст. вядома пяць запісаў гімна, які стаў і рыцарскай песняй. Аб папулярнасці гэтага твора сведчыў і Я. Длугаш, які паведамляў, што ў 1410 г. пад Грунвальдам «Багародзіцу» спявалі як баявую песню і як царкоўны гімн.
    Абапіраючыся на традыцыі пісьменнасці, перанятыя з Візантыі, праваслаўныя храмы і манастыры працягнулі традыцыю асветніцтва і кніжнасці на беларускіх землях. Манастыры зберагалі і множылі кнігі. У буйнейшых з іх дзейнічалі скрыпторыі. Спецыяльна падрыхтаваныя манахі перапісвалі рэлігійныя тэксты для патрэб самога манастыра і прыходаў, а таксама на продаж. Перапіска кнігі сярэдняга памеру і яе афармленне патрабавала некалькі месяцаў працы, таму кнігі каштавалі дорага і існавалі ў адзінкавых экзэмплярах. Пісалі спачатку на пергаменце, а з XV ст. пачалі ўжываць паперу. Для пісьма выкарыстоўвалі спецыяльна расшчэпленае гусінае пяро і фарбы на аснове арганічных і мінеральных кампанентаў. Рукапісны тэкст не меў абзацаў і звычайна не падзяляўся на словы. Прасветамі аддзяляліся асобныя фразы або іх часткі. Тэкставае поле кніг было звычайна прамавугольным (у адносінах 10:13 або 10:15), а заключны тэкст маглі змяшчаць у форме трохкутніка. Тэксты рукапісных кніг упрыгожвалі застаўкі, ініцыялы, мініяцюры.
    У XIV-XV стст. сярод рукапісаў рэлігійнага характару пераважалі тэксты на царкоўнаславянскай мове. Раннебеларускае пісьменства пашыралася пераважна ў дзяржаўнай, актавай сферы. Манахі-перапісчыкі ў большасці зыходзілі з пазіцый «літаратурнай кансервацыі» і імкнуліся захаваць ранейшыя тэксты амаль без змен. Магчыма, таму спісы тэкстаў гэтага перыяду маюць менш розных дапаўненняў і ўставак, чым тэксты XII ст. Ужо ў канцы XV ст. сустракаюцца выпадкі, калі царкоўнаславянскія тэксты ўзбагачаліся беларускімі рысамі. Прыкладам можа служыць Чэцця 1489 г., перапісаная ў Камянцы паповічам Бярозкам з Новагародка.
    Некаторыя праваслаўныя манастыры і саборы мелі значныя кніжныя зборы бібліятэкі. На жаль, звесткі аб іх захаваліся фрагментарна. Спіс асобнікаў бібліятэкі Троіцкага манастыра ў Слуцку 1494 г. налічваў 47 кніг пераважна царкоўна-рэлігійнага характару. Пэўныя ўяўленні аб бібліятэках праваслаўных манастыроў дае вопіс кніжнага збору Супрасльскага манастыра, складзены ў 1557 г. архімандрытам Сергіем Кімбарам, у якім пазначана 211 кніг. Вялікую бібліятэку рукапісаў меў Сафійскі сабор у Полацку. Аб яе каштоўных скарбах напісаў Р. Гейдэнштэйн у «Запісах пра Маскоўскую вайну» (1584): «акрамя летапісаў, у ёй было шмат твораў грэчаскіх айцоў царквы...». Бібліятэка была страчана падчас Лівонскай вайны. Адзінкавыя рукапісы гэтай бібліятэкі выяўлены даследчыкамі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве і ў Львове. Першыя пісьмовыя звесткі аб прыватных бібліятэках у ВКЛ адносяцца да канца XV пачатку XVI ст. Магнаты замаўлялі перапісчыкам кнігі для сваіх прыватных калекцый, што сведчыць аб пашырэнні кніжнасці і пісьменства.
    Пэўнай сістэмы адукацыі ў ВКЛ у XIV-XV стст. яшчэ не склалася. Першапачаткова выхаванне і адукацыя дзяцей адбываліся ў сям’і. Сялянскіх і мяшчанскіх дзяцей з маленства далучалі да хатніх спраў, сельскагаспадарчых заняткаў і рамёстваў, імкнуліся перадаць ім неабходныя веды аб звычаях, прыродзе, уладкаванні свету. Вялікую дыдактычную ролю адыгрывалі фальклор і царква. У заможных сем’ях феадальнай знаці да выхавання і адукацыі дзяцей прыцягвалі вандроўных настаўнікаў, спецыяльных слуг, вучоных манахаў. Працэс навучання адбываўся на аснове царкоўнарэлігійных тэкстаў. У выхаванні шляхецкіх дзяцей значная ўвага таксама надавалася рыцарскаму майстэрству і этыкету.
    Асобныя школы прасцейшага тыпу існавалі пры храмах і манастырах. Яны дзейнічалі спарадычна і істотна адрозніваліся па якасці выкладання. У такіх школах звычайна не было абмежаванняў канфесіянальнага характару, а далучыцца да ведаў маглі і бяднейшыя простыя людзі. Аб распаўсюджванні пісьменства сярод насельніцтва беларускіх зямель сведчаць і эпіграфічныя помнікі гэтага перыяду. Да XIV ст. адносіцца надпіс у шэсць радкоў кірылічнымі літарамі на шыфернай пласціне з Полацка, якая, на думку Г. В. Штыхава, выкарыстоўвалася як запісная кніжка вучня.
    Аб пачатках сваёй адукацыі радкамі паэмы «Песня пра зубра» паведамляе Мікола Гусоўскі:
    Свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх, Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай. Лад алфавіту наш прашчур для ўласнай карысці Ў грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак Зладзіўшы з ім, іншаземцам, застаўся сабою.
    У XIV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім з’явіліся кафедральныя школы. Яны ствараліся пры галоўным саборы епархіі і дзейнічалі пад наглядам епіскапа. Нягледзячы на клерыкальны характар, узровень такіх школ быў даволі высокім. Акрамя малітваў і рэлігійных тэкстаў, у іх вывучаліся «руская» і лацінская мовы, арыфметыка, дыялектыка, а часам і ўсе сем вольных навук, грэчаская, царкоўнаславянская мовы. Першае ўзгадванне такіх устаноў у крыніцах датычыцца Віленскай кафедральнай школы, заснаванай віленскім біскупам Андрэем прыкладна ў 1387/1388 гг. Сярод іншых свецкіх навук там выкладалі і старабеларускую («рускую») мову. Так, у канцы XV ст. будучы гаспадарскі пісар і віленскі канонік Адам Якубовіч з Котры Гарадзенскай воласці вывучаў «рускую» мову ў школе віленскага кафедральнага касцёла. У канцы XV пачатку XVI ст. касцёльныя школы дзейнічалі ў Гародні, Гарадзішчы, Мастах, Трабах, Зэльве і некаторых іншых месцах.
    У XIV-XV стст. пашыралася ўніверсітэцкая адукацыя. Яе набывалі ў еўрапейскіх універсітэтах: Падуанскім, Пражскім, Кракаўскім і інш. За навукамі выпраўляліся прадстаўнікі розных саслоўяў. У XV ст. найболып значную ролю для ВКЛ адыгрываў Кракаўскі (Ягелонскі) універсітэт. Іматрыкуляцыйныя запісы (спісы прынятых у студэнцкую супольнасць) дазваляюць прасачыць колькасць студэнтаў з ВКЛ у Кракаўскім універсітэце па дзесяцігоддзях: у 1400-х гг. з ВКЛ паступіў 1 студэнт, у 1410-х 13, у 1420-х 15, у 1430-х-З, у 1440-х-21,у 1450-х15, у 1460-X-20, у 1470-X-38, у 1480-х 36, у 1490-х 39. Такім чынам, толькі ў Кракаўскім універсітэце ў XV ст. зафіксаваны 201 студэнт з ВКЛ. Як адзначаюць даслсдчыкі, прыкладна чвэрць студэнгаў Кракаўскага ўніверсітэта з ВКЛ у канцы XV ст. належалі да мяшчанскага саслоўя, а астатнія да шляхецкага. Некаторыя студэнты вучыліся на сродкі мецэнатаў. Так, узгаданы Адам Якубовіч з Котры (які, дарэчы, нс належаў да шляхсцкага саслоўя) за кошт князя Андрэя Свірскага вучыўся ў Кракаўскім універсітэце ў 1478-1489 гг. і атрымаў ступень бакалаўра, а потым магістра. Крыніцы даюць уяўленні і аб месцах, адкуль прыбылі кракаўскія студэнты з ВКЛ: Берасце, Ваўкавыск, Вільня, Віцебск, Гародня, Клецк, Любань, Менск, Орша, Полацк, Слуцк і інш.
    Разам з вучобай ва ўніверсітэтах сярод шляхецкай моладзі пашыралася практыка службы пры адным з еўрапейскіх двароў. Набытыя вопыт і веды дазвалялі потым атрымаць добрую пасаду на радзіме. He толькі шляхта, але і некаторыя падмасцер’і, мяшчане адпраўляліся ў далёкія краіны спасцігалі сакрэты рамёстваў у майстроў Польшчы, Чэхіі, нямецкіх і іншых зямель. Пад уплывам еўрапейскай медыцыны ў ВКЛ распаўсюджваліся медыцынскія трактаты і траўнікі, лекавыя сродкі («яды»), анагамічныя
    веды, дыягнастьгчныя прыёмы. Вядома аб існаванні рукапісу 1487-1490 гг., які з’яўляўся перакладам на старабеларускую мову старажытнай лекарскай кнігі, дапоўненага ў пазнейшых спісах звесткамі аб беларускіх раслінах і мясцовых лекавых сродках.
    Разам з адукацыяй з еўрапейскіх краін у ВКЛ прыходзілі рэнесансныя ідэі, гуманізм, лацінамоўная літаратура, свецкая музыка і мастацтва, пашыраліся медыцынскія і астралагічныя веды.
    ЛЕТАПІСАННЕ
    У культуралагічным плане XIV-XV стагоддзі на беларускіх землях можна лічыць пралогам Адраджэння. У гэты перыяд адбывалася фарміраванне беларускай мовы і станаўленне ўласна беларускай літаратуры. Негіарыўная сувязь гэтых працэсаў назіраецца ў беларуска-літоўскім летапісанні. Беларуска-літоўскія летапісы, з аднаго боку, працягвалі традыцыі Старажытнай Русі, захоўваючы дзелавы стыль і лаканічнасць, але з другога боку, мастацка-жанравыя асаблівасці набліжалі іх да літаратурных твораў. Летапісы з’яўляюцца найболып значным жанрам беларускай літаратуры XIV пачатку XVI ст.
    На беларускіх землях добра ведалі агульнарускія летапісы і складалі свае. У XIV ст. летапісная традыцыя мела пераважна мясцовы характар. Сваеасаблівымі цэнтрамі летапісання станавіліся буйныя гарады цэнтры княстваў. Летапісы гэтага часу перадавалі падзеі, якія тычыліся асобнага княства і яго правіцеляў. Як і старажытнарускія летапісы, яны не былі цэласнымі творамі, мелі фрагментарны характар, складаліся з пагадовых запісаў, аб’яднаных адной тэмай і формай выкладання. Раннія беларускія летапісы, на жаль, не зберагліся. Захаваліся звесткі аб вядзенні летапісання ў Полацку, Пінску, Слуцку, Тураве, Новагародку, Смаленску. Урыўкі некаторых з іх увайшлі ў склад рускіх і беларускіх летапісаў і зводаў.
    У XV ст. характар беларуска-літоўскага летапісання істотна змяніўся. Палітычная і этнічная кансалідацыя беларускіх зямель прывяла да заняпаду мясцовага летапісання і ўзнікнення агульнадзяржаўных летапісаў. Беларуска-літоўскія летапісы ствараліся ў асноўным на старабеларускай мове, але з пэўным царкоўнаславянскім уплывам. Урыўкі з традыцыйных агульнарускіх летапісаў, якія траплялі ў іх тэкст, змяшчаліся на царкоўнаславянскай мове. У XV ст. вядомы пераклады частак беларускіх летапісаў на лацінскую мову («Паходжанне караля Ягайлы і Вітаўта, князя Літвы»),
    У адрозненне ад традыцыйнага летапісання Старажытнай Русі беларускія летапісы вяліся не сістэматычна (пагадова), а складаліся паэтапна з аб’ёмных
    сюжэтных фрагментаў, урыўкаў з завершанай кампазіцыяй. Яны ўяўлялі сабой пэўныя аповеды аб падзеях мінулага, гістарычных асобах, іх учынках. Уключаны ў беларускія летапісы пагадовы матэрыял звычайна запазычваўся са старажытнарускіх летапісаў. Беларуска-літоўскія летапісы вылучаліся мастацкай навізной. Для іх не былі характэрны ўрыўкі з царкоўных твораў, казанняў, жыцій, затое шырока ўключаліся рамантычна-фантастычныя элементы (легенды, фальклор). Беларускія летапісы маюць пэўны псіхалагізм паказваюць матывацыю ўчынкаў чалавека, перш за ўсё князёў і знаці, а таксама героіка-эпічныя рысы менавіта князі выступаюць галоўнымі героямі сюжэтаў. Летапісы з’яўляюцца вынікам працы шматлікіх летапісцаў-інтэлектуалаў і перапісчыкаў. 3 XV ст. дайшло каля 50 беларускіх летапісных спісаў. Цэнтрам беларускага летапісання ў гэты час выступаў Смаленск.