Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Найбольш раннім помнікам беларуска-літоўскага летапісання з’яўляецца «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Гэты твор створаны ў Смаленску ў канцы 1420-х 1430-я гг. на старабеларускай мове. Летапіс ахоплівае палітычныя падзеі ў ВКЛ ад сярэдзіны да канца XIV ст. Ён ствараўся ў два этапы (канец XIV і першая трэць XV ст.) дзвюма рознымі асобамі. У гэтым творы ўпершыню ў беларускай старажытнай літаратуры пераадолены старыя традыцыі пагадовая форма выкладання падзей. Галоўнай тэмай летапісу з’яўляецца цэнтралізатарская палітыка князёў ВКЛ.
Першая частка твора напісана ў 1390-я гг. з мэтай абгрунтаваць правы Вітаўта на велікакняжацкі пасад, верагодна, асобай з блізкага атачэння князя. Аўтар распавядае аб барацьбе ў ВКЛ пасля смерці князя Гедыміна, завяршаючы аповед забойствам Кейстута. Падзеі выкладаюцца ў форме, блізкай да гістарычнай аповесці з займальным сюжэтам, але грунтуюцца на сапраўдных гістарычных фактах. Другая частка летапісу напісана каля 1430 г. у Смаленску, хутчэй за ўсё ў асяроддзі мясцовага праваслаўнага духавенства, якое падтрымлівала аб’яднанне рускіх зямель у складзе ВКЛ. Яна ўключае кароткія самастойныя апавяданні. розныя па памеры і часам не звязаныя паміж сабой. Сюжэты гэтай часткі паведамляюць аб паходах князя Вітаўта на розных князёў, каранаванні Ягайлы на польскі трон, шлюбе дачкі Вітаўта з маскоўскім князем і іншых падзеях апошняй чвэрці XIV ст. Асобна ў «Летапісцы» выступае «Аповесць пра Падолле», якая храналагічна пачынаецца з часоў Альгерда і даводзіцца да першай трэці XV ст. Аповесць напісана лаканічна і сціпла, як палітычны дакумент, які складзены з мэтай абараніць правы ВКЛ на гэтыя землі і супрацьстаяць захопніцкім памкненням Польшчы.
«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» вядомы ў розных спісах Віленскім, Супрасльскім, Слуцкім, Рачынскага і інш., захаваўся ў летапісных
зводах і гістарычных кампіляцыях. Твор з’явіўся асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., выкарыстоўваўся як крыніца польскімі храністамі і гісторыкамі. Упершыню «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» апублікаваны I. Даніловічам у 1823 г. у «Віленскім дзённіку».
Першым агульнадзяржаўным летапісным зводам Вялікага Княства Літоўскага з’яўляецца Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., складзены ў Смаленску. Яго асаблівасцю з’яўляецца ўключэнне падзей, якія адбываліся ў княстве, у агульнарускі кантэкст. Храналагічна звод ахоплівае перыяд ад сярэдзіны IX да сярэдзіны XV ст. і выкладае гісторыю Старажытнай і Маскоўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага. Існуюць меркаванні, што гэты звод быў створаны па ініцьіятыве смаленскага епіскапа, а пазней мітрапаліта Герасіма.
Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. складаецца з некалькіх няроўных частак, напісаных як свецкім дзелавым, так і кніжна-славянскім стылем на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. Важнейшая частка зводу «Выбар летапісання, выкладзены коратка», па стылі набліжаецца да царкоўнага летапісання і вядзе выкладанне ад часоў Старажытнай Русі да 1446 г. Гэтая частка зводу была складзена каля 1430 г. таксама ў Смаленску аўтарам духоўнага сану з кола епіскапа Герасіма. У аснову «Выбару летапісання» пакладзены наўгародскія і маскоўскія летапісы, у тым ліку летапіс мітрапаліта Фоція канца 1420-х гг., мясцовыя і некаторыя невядомыя летапісы. Матэрыял падаецца ў форме пагадовых запісаў, але часам падзеі розных гадоў аб’ядноўваюцца пад адной датай, калі яны звязаны паміж сабой. Гісторыя Старажытнай Русі выкладаецца вельмі сцісла і фрагментарна. Аўтар выкарыстоўваў урыўкі з многіх летапісаў, прыбягаючы да кампіляцыі і скарачэння, а часам і правак тэкстаў. Больш ярка і разгорнута перадаюцца падзеі XII—XIII стст., звязаныя з барацьбой супраць Батыя і крыжакоў. У XIV першай чвэрці XV ст. выкладаецца гісторыя Маскоўскага княства, а з другой чвэрці XV ст. Вялікага Княства Літоўскага. Неабходна адзначыць, што смаленскія летапісцы значна адрэдагавалі маскоўскі летапіс Фоція і выкраслілі з яго адмоўныя характарыстыкі літоўскіх князёў. Так былі перапраўлены запісы паходаў князя Альгерда (1368, 1370, 1372 гг.) на Маскву, а з запісу аб яго смерці ў 1377 г. выкінуты выраз «зловредный, безбожный н нечестнвый».
Акрамя запісаў, запазычаных з рускіх летапісаў, у Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г. змешчаны так званая Смаленская хроніка аб падзеях 1430— 1436 гг., мясцовыя запісы 1432-1445 гг., а таксама «Пахвала вялікаму князю Вітаўту». Завяршае звод «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле».
Па сваім характары Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. з’яўляецца агульнарускім зводам, бо падае інфармацыю з палітычнай гісторыі кіеўскіх, маскоўскіх, беларускіх зямель. Аўтар імкнуўся паслядоўна давесці ідэю неабходнасці палітычнага аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель у складзе ВКЛ. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць звесткі з беларуска-літоўскай часткі зводу, болыпасць якіх унікальная і не паўтараецца. Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. стаў крыніцай для іншых летапісных твораў ВКЛ і Расіі XVI-XVI1 стст.
Афармленне афіцыйнага летапісання ВКЛ завяршылася ў пачатку XVI ст. У гэты час беларуска-літоўскія летапісы канчаткова страцілі агульнарускі характар, а пераважаючай для іх стала ідэя агульнадзяржаўнага патрыятызму.
ПЕРАКЛАДНАЯ I АРЫГІНАЛЬНАЯ ЛІТАРАТУРА
Адметныя рысы беларускай старажытнай літаратуры прадвызначаны гістарычнай эпохай, у якую яна стваралася. Для розных жанраў свецкіх і рэлігійных твораў XIV—XV стст. характэрны традыцыйнасць, устойлівасць форм, імкненне адпавядаць наяўным узорам. Асобныя жанры ў гэты перыяд яшчэ не набылі дастатковага развіцця, таму перавагу мела практычнае прызначэнне твораў, а не іх мастацкія якасці. Старажытная беларуская літаратура спалучала службовае, дзелавое прызначэнне з пазнавальнай і эстэтычнай функцыямі. Таму ў яе ўключаюцца, акрамя іншага, і службовыя лісты, царкоўна-рэлігійная палеміка, летапісы і г. д. Яшчэ адной адметнай рысай старажытнай беларускай літаратуры з’яўляецца гістарызм у аснову арыгінальных твораў XIV-XV стст. пакладзены звычайна рэальныя падзеі. Большасць тэкстаў гэтага часу мела ананімны і сінкрэтычны характар, але ўжо вылучаліся індывідуальныя пісьменніцкія стылі. Станоўчы ўплыў на фарміраванне беларускай літаратуры меў дзяржаўны статус старабеларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Галоўнае месца ў літаратуры гэтага часу займалі рэлігійныя царкоўнаславянскія творы. Яны працягвалі візантыйскія і старажытнарускія традыцыі. Пры манастырах і храмах актыўна перапісваліся неабходныя для богаслужэбнай дзейнасці і запатрабаваныя для вывучэння кнігі Бібліі: Псалтыр, Апостал, Евангелле. Засталіся звесткі аб шматлікіх Псалтырах: Смаленскім 1395 г., Віленскай Мікалаеўскай царквы 1397 г., Віцебскім 1492 г. і інш. Захаваліся пергаментныя высокамастацка ўпрыгожаныя Евангеллі: Друцкае (XIV ст.), Лаўрышаўскае (першая палова XIV ст.), Мсціжскае (XIV ст.), Жыровіцкае (XV ст.). Паступова рэлігійная літаратура ўзбагачалася
старабеларускай мовай. Так, у Лаўрышаўскім евангеллі, напісаным царкоўнаславянскай мовай, прысутнічаюць надпісы-ўстаўкі на старабеларускай мове. У XV ст. з'явіліся першыя пераклады твораў рэлігійнага характару на беларускую мову, сярод якіх былі асобныя кнігі Бібліі, аповесць «Пакуты Хрыста», апакрыфічная «Аповесць пра трох каралёў» і інш. 3 канца XIV ст. пачала ўзрастаць колькасць лацінамоўных твораў, што тлумачыцца пашырэннем каталіцызму ў ВКЛ.
У рэлігійнай літаратуры захаваліся традыцыйныя жанры: казанні, жыціі, хаджэнні, словы і г. д. Як і раней, у царкоўна-рэлігійнай літаратуры пераважалі перакладныя творы, а арыгінальных было створана няшмат. Жанры рэлігійнай літаратуры развіваліся не ў роўнай ступені. Агіяграфічная літаратура прадстаўлена ў асноўным перайшоўшымі з ранейшага перыяду жыціямі агульнарускіх і мясцовых святых (Барыса і Глеба, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага і інш.), якія актыўна перапісваліся і множыліся. У XV ст. на старабеларускую мову было перакладзена «Жыціе Аляксея, чалавека Божага» твор, папулярны і вядомы на беларускіх землях на царкоўнаславянскай мове яшчэ з XI ст. Тым не менш пры перакладзе на старабеларускую мову выкарыстоўваліся лацінскі варыянт і чэшскія крыніцы. У жыціі прадстае ўзорны вобраз хрысціянскага святога, які адрынуў чалавсчы свет і праз пакуты набыў свет Божы. Беларуская рэдакцыя твора адрознівалася ад царкоўнаславянскага варыянту тэксту большым псіхалагізмам і драматычнасцю.
Да сярэдзіны XIV ст. адносіцца жыціе трох віленскіх (літоўскіх) пакутнікаў: Антона, Івана і Астапа. Усе яны служылі пры двары князя Альгерда і спачатку вызнавалі паганства (язычніцкія імёны Круглец, Кумец, Няжыла). Прыняўпіы хрост, браты Антон і Іван адмовіліся парушаць пост і галіць бароды, за што па загадзе князя былі пакараны смерцю. Крыху пазней, у 1347 г., быў павешаны і сваяк гэтых братоў, Астап. У 1374 г. па ініцыятыве мітрапаліта Кіпрыяна пакутнікі былі кананізаваны канстанцінопальскім патрыярхам і сталі першымі праваслаўнымі святымі Вялікага Княства Літоўскага. Але казанне аб пакутніках у гэты перыяд было яшчэ малавядомае на беларускіх землях. Жыціе віленскіх пакутнікаў створана ў Візантыі на грэчаскай мове, а ў XV ст. на Балканах перакладзена на царкоўнаславянскую. Захавалася сербская рэдакцыя жыція XV ст. У другой палове XV ст. згадкі аб Антоне, Іване і Астапе з’яўляюцца ў маскоўскіх і наўгародскіх летапісах, а ў 1549 г. яны былі кананізаваны ў Маскве. Менавіта ў XVI ст. культ віленскіх пакутнікаў пашыраецца і ў ВКЛ. Да XV ст. адносяцца і два мясцовыя жыційныя творы, прысвечаныя Парфену і цудам ад рэліквій Св. Мікалая, у гонар якога Парфен пабудаваў царкву ў Лукомлі.
Элементы жыційнай літаратуры, гераічнага эпасу і хрысціянскай аповесці спалучыла «Слова пра Меркурыя Смаленскага» (XV ст.). Існуюць некалькі рэдакцый гэтага твора. Але ва ўсіх рэдакцыях «Слова...» прысутнічаюць культ Багародзіцы, чароўныя сілы, нейкі чалавек Меркурый, які абараняў Смаленск і потым вярнуўся ў горад са сваёй адсечанай галавой у руках, але з перамогай. У адных рэдакцыях Меркурый змагаецца з войскам Батыя, а ў другіх з волатам.
Значнае распаўсюджванне атрымала паломніцкая хрысціянская літаратура, прадстаўленая хаджэннямі. Па сутнасці хаджэнні ўяўлялі сабой нататкі вандроўнікаў падчас паломніцтва ў святыя землі. Творы лаканічна перадавалі маршрут паломнікаў і падзеі, якія здараліся на шляху, але хаджэнні былі, звычайна, пазбаўлены мастацкіх замалёвак і аўтарскіх ацэнак. Некаторыя з іх ўтрымлівалі назіранні і практычныя звесткі. Паломніцкая літаратура прадстаўлена хаджэннямі смаленскага архімандрыта Аграфенія, які здзейсніў паход у Іерусалім у 1375 г., смаленскага дзяка Ігнація Смаляніна і полацкага ігумена Варсанофія. У сваім «Хаджэнні» Ігнацій Смалянін у строгай храналагічнай паслядоўнасці адлюстраваў паездку ў свіце мітрапаліта Пімена ў Канстанцінопаль у 1389-1393 гг. Твор утрымлівае разгорнутыя дыялогі, каштоўныя звесткі аб прыездзе ў ВКЛ мітрапаліта Кіпрыяна. У «Хаджэнні» ігумена Бельчынкага манасзыра з Полацка Варсанофія, які двойчы наведваў Святую зямлю (1465 і 1471-1472 гг.), акрамя традыцыйнага зместу, змешчаны замалёўкі прыроды Егіпта.