Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Апошнім этапам, які падзяліў палітычныя колы дзяржаў на антаганістычныя групы, стаў перыяд «шлюбных войнаў». Да 1424 г. ні Ягайла,
ні Вітаўт так і не займелі нашчадкаў. У 1422 г. Ягайла вырашыў ажаніцца з літвінкай Соф’яй Гальшанскай, прадстаўніцай знаці ВКЛ. У іплюбе з Ягайлам Соф’я Галыпанская нарадзіла каралю трох сыноў (двух Казіміраў і аднаго Уладзіслава), двое з якіх выжылі і маглі прэтэндаваць на каралеўскі пасад. У 1427 г. у Каралеўстве Польскім бьгў праведзены судовы працэс, мэтай якога было высвятленне сапраўднага паходжання спадчыннікаў Ягайлы. Падчас працэсу Вітаўту прапаноўвалася афіцыйнае пагадненне паміж польскай знаццю і вялікім князем літоўскім пра магчымасць апошнім заняць каралеўскі трон у Кракаве. Аднак палітычная акцыя не была рэалізавана: Вітаўт стаў на бок Ягайлы. I пасля апраўдання Соф’і Гальшанскай кароль Уладзіслаў быў зацікаўлены ў працэсе адасаблення ВКЛ ад Каралеўства Польскага, маючы патрэбу не ў адной. а ў дзвюх каронах для двух сваіх сыноў.
У студзені 1429 г. адбыўся еўрапейскі кангрэс у Луцку, дзе абмяркоўвалі правядзенне Усяленскага царкоўнага сабора і вырашэнне сітуацыі ў Чэхіі. Прысутныя не прыйшлі да адзінага рашэння, і галоўным вынікам мерапрыемства стала агучаная Жыгімонтам Люксембургскім прапанова аб утварэнні новага еўрапейскага каралеўства і каранацыя Вітаўта. Працэс па легалізацыі падобнага рашэння ў межах Еўропы вырашаўся болып за палову года на ўзроўні іерархаў царквы і легістаў універсітэтаў. Была створана адмысловая карона. Знайшоўся біскуп, які яе асвяціў. Аднак у прызначаны час — на Раство Найсвяцейшай Дзевы Марыі (8 верасня 1430 г.) — каранацыі так і не адбылося.
У крыніцах і літаратуры гэты эпізод пазначаны як «каранацыйная бура». Узвядзенне вялікага князя Вітаўта ў каралеўскую годнасць і пераўтварэнне Вялікага Княства ў каралеўства было выгадна і абодвум манархам, і палітычнай эліце. Змена статусу дзяржавы дазваляла арыстакратам і знаці трымаць пад кантролем уладу ў ВКЛ як пры старым Вітаўце, так і пасля яго смерці, уплываць на палітыку дзяржавы, не спадзяваючыся на волю польскіх намеснікаў. Аднак 27 кастрычніка пасля хваробы вялікі князь памёр на руках у караля Ягайлы, так і не дачакаўшыся прызнання сваіх дасягненняў у еўрапейскай палітыцы.
Вялікі князь Вітаўт змог пераадолець дынастычны крызіс, умацаваўшы сваю ўладу з дапамогай адміністрацыйна-тэрытарыяльнага пераўладкавання дзяржавы і рэалізацыі палітыкі цэнтралізацыі, стварэння дзяржаўнага апарату, які не залежаў ад прысутнасці ў кіраванні прадстаўнікоў роду Гедымінавічаў, быў адданы толькі ўласна Вітаўту. У царкоўнай палітыцы Вітаўт прытрымліваўся прынцыпу шматканфесійнасці, пры гэтым спрабаваў прэзентаваць свае палітычныя рашэнні на трывалым ідэалагічным
падмурку: ці царкоўны сабор у Новагародку, ці крыжовы паход на гатар, ці еўрапейскі кангрэс у Луцку. Знешняя палітыка Вітаўта была накіравана на ўмацаванне меж ВКЛ і максімальнае замірэнне з дзяржавамі-суседзямі.
Смерць вялікага князя Вітаўта пакінула шмат пытанняў перад палітычнай элітай дзяржавы. Новая арыстакратыя ўжо не магла згадзіцца на абмежаванні сваіх праў і пераваг, якія давалі княжацкія прывілеі, новая вера і статус, гарантаваныя уніямі з Польшчай.
Знешняя палітыка ВКЛ у канцы XIV — першай трэці XV ст. характарызавалася актыўнымі ваенна-палітычнымі дзеяннямі на ўсходнім напрамку, далучэннем рускіх княжанняў і ўстанаўленнем кантролю на паўднёваўсходнім памежжы татарскіх орд, актыўнай палітыкай у адносінах да Прусіі і Лівоніі, пашырэннем палітычнай прысутнасці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (прынамсі, Чэхіі і Валахіі). Адбылася эвалюцыя адносін з Каралеўствам Польскім і каралём Уладзіславам-Ягайлам, якія прайшлі шлях ад васальнай залежнасці да прызнання неабходнасці пераўтварэння ВКЛ у новае еўрапейскае каралеўства.
У перыяд кіравання Вітаўта княства перажыло не толькі вялікія перамогі, якія ўзвышалі вобраз манарха і дзяржавы, але і значныя палітычныя паражэнні, на якія своеасабліва рэагавала і палітычная эліта дзяржавы, і сістзма кіравання. Аднак асоба Вітаўта як харызматычнага і жорсткага палітычнага лідара дазволіла закансерваваць асноўныя сацыяльна-палітычныя праблемы да смерці гаспадара.
14
УНУТРЫПАЛІТЫЧНАЯ БАРАЦЬБА Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ У 30-40-я гг. XV ст.
• Асноўнае кола канфлікту
• Этапы канфлікту
• Вынікі ўнутрыпалітычнай барацьбы ў 30-40-я гг. XV ст.
АСНОЎНАЕ КОЛА КАНФЛІКТУ
Падзеі 1430-40-х гг. завяршылі перыяд станаўлення ВКЛ, фарміравання тэрытарыяльнай і адміністрацыйнай цэласнасці дзяржавы, яе найвышэйшага тэрытарыяльнага пашырэння, знешнепалітычнай вагі ва Усходняй Еўропе, пацверджанай запланаванай акцыяй стварэння новага еўрапейскага каралеўства Regni Lithuanorum. Смерць вялікага князя Вітаўта выклікала неабходнасць змен, якія трэба было правесці ў дзяржаве і якіх так чакала грамадства. Уніі з Каралеўствам Польскім, планаваная царкоўная унія і роля ў ёй Гедымінавічаў; пераўтварэнні ў самім уладкаванні ВКЛ (цэнтралізацыя апарату кіравання), хуткая вестэрнізацыя палітычнай культуры і культуры эліты грамадства усё патрабавала кардынальных змен, якія не былі праведзены за час кіравання Вітаўта. Відавочна, што для стабільнасці ўнутранага жыцця на замену харызматычнаму гаспадару патрабавалася не менш моцная і аўтарытэтная асоба. У 1430 г. гаспадаром стаў малодшы брат польскага караля Ягайлы — Баляслаў-Свідрыгайла Альгердавіч.
У аснову ўнутрыпалітычнай барацьбы ў 30^40-я гг. XV ст. была пакладзена нявырашанасць пытання землекарыстання, яго статусу для ўсіх катэгорый феадалаў ВКЛ. Вялікія зрухі ў бок афармлення праў феадалаў на зямлю (маёмасць) адбываліся дзякуючы прывілею караля Уладзіслава-
Ягайлы 1387 г. для феадалаў-католікоў. Але пытанне так і не было вырашана на агульнадзяржаўным узроўні.
Віленскі прывілей 1387 г. закранаў толькі асобную катэгорыю феадалаў ВКЛ «новую арыстакратыю». Ён не тычыўся правоў тытулаванай знаці князёў рускіх зямель ВКЛ. Іх маёмасныя правы былі забяспечаны на земскім узроўні «старнной». Прывілей не тычыўся пануючай дынастыі Гедымінавічаў, прадстаўнікі якой знаходзіліся ў спецыфічным становішчы ў адносінах да манарха ВКЛ і астатняй часткі феадалаў дзяржавы. Яшчэ М. К. Любаўскі адзначыў, што за права кіраваць княствамі-ўдзеламі на тэрыторыі рускіх зямель дзяржавы (зямель прыслухаючых), прадстаўнікі велікакняжацкага роду пазбаўляліся права спадчыннасці на ўладанні і маглі спадзявацца на іх перадачу сваім нашчадкам толькі пры ўмове «ласкі гаспадарскай».
Прадстаўнікі баярства мелі розныя правы, абмежаваныя і звязаныя са службай, валодалі маёмасцю «да жывата» ці «да ласкі гаспадара». Маёмаснае становішча рознілася не толькі ў залежнасці ад тэрытарыяльнаадміністрацыйных адзінак дзяржавы, але і ад статусу службы баярына. Увядзенне намесніцтваў прывяло да змен у баярскім асяродку. Мянялася не толькі сістэма службы баяр, але і іх статус, ішло ўзвышэнне новых радоў, канцэнтрацыя ў іх руках улады пры намесніку вялікага князя (напрыклад, узвышэнне ў Полацкай зямлі роду Корсакаў) і маёмасныя наданні за службу.
Размежаванне падданых дзяржавы па канфесійнай прыналежнасці з’яўляецца досыць штучным ва ўмовах панавання цярпімасці вернікаў і ўлад да іншаверцаў ВКЛ, а таксама рэгіянальных асаблівасцей размяшчэння прыхадской сеткі хрысціянскіх канфесій.
Другой праблемай унутранай палітыкі ВКЛ з’яўлялася афармленне сістэмы кіравання. Яна не была канчаткова вырашана ні шляхам захавання права даўніны для рускіх зямель ВКЛ, ні скасаваннем буйных удзелаў прадстаўнікоў пануючай дынастыі, ні правядзеннем цэнтралізацыі дзяржавы шляхам пабудовы велікакняжацкай вертыкалі ўлады ў час праўлення вялікага князя Вітаўта, ні пачаткамі афармлення заканадаўчай сістэмы дзяржавы праз наданне абласных (земскіх) прывілеяў, прывілеяў на магдэбургскае права (Вільня, Трокі, Берасце), вызначэнне статусу царквы і г. д. Функцыянаванне гэтай сістэмы вымагала прыцягнення новых людзей, новых родаў. Узнікла кадравая праблема, абумоўленая канфесійнымі і этнічнымі складнікамі. На земскім узроўні гэта баярства ВКЛ, на агульнадзяржаўным арыстакратыя. Але ўзнікла розніца паміж прадстаўнікамі асобных зямель ВКЛ (аддаленасць ад рэзідэнцый манарха, залежнасць ад
ваеннай запатрабаванасці ў рэгіёне, сувязь з мясцовай элітай). На ўзроўні велікакняжацкага двара і Рады пры вялікім князі па ступені вымірання дьінастыі Гедымінавічаў ішло станаўленне і кар’ерны (а таксама і маёмасны) рост прадстаўнікоў мясцовай віленскай і трокскай знаці. I, адпаведна, выцісканне знаці іншых зямель ВКЛ. У «Летапісцы» сітуацыя атрымала сваё інтэлектуальнае вымярэнне ладзел дзяржавы на Вялікае Княства Літоўскае і Вялікае Княства Рускае.
Праблемай, якая патрабавала тэрміновага вырашэння, з’яўляўся статус дзяржавы. Прыняўшы каралеўскую пасаду і не жадаючы губляць кантроль над сваёй вотчынай Вялікім Княствам Літоўскім, Уладзіслаў-Ягайла змяніў статус дзяржавы. Вялікі князь Іван-Скіргайла (1386-1392) кіраваў ад імя Ягайлы і з’яўляўся намеснікам і васалам манархаў Каралеўства Польскага, а не суверэнам ВКЛ. Статус вялікага князя Вітаўта пацвярджаўся неаднаразова, але статус Ягайлы вызначаўся формулай «найвышэйшы князь». Такім чынам, менш чым за 40 гадоў заходнееўрапейская тытулатура манарха ВКЛ была нівеліравана ад вялікага князя, роўнага ў статусе заходнееўрапейскаму каралю, да вялікага герцага, васала іншага гаспадара. Стаяла задача выпраўлення тытулатурнага казусу. Выйсце было прапанавана ў 1429 г. у выглядзе каранацыі вялікага князя Вітаўта і стварэння такім чынам новай дзяржаўнай адзінкі. Статус каралеўства для ВКЛ быў прынцыповы, бо толькі ён дазваляў не быць інкарпараваным у склад Полывчы. Вітаўт не дачакаўся сваёй кароны, але сама ідэя заставалася актуальнай. Таму і з імем Свідрыгайлы, і з імем Жыгімонта Кейстутавіча звязаны перамовы аб узвышэнні манарха ВКЛ шляхам атрымання каралеўскай кароны ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Сацыяльны склад удзельнікаў унутрыпалітычнай барацьбы быў досыць разнастайны. У падзеях 30-40-х гг. XV ст. бралі ўдзел усе феадалы дзяржавы, бо іх абавязак служыць свайму сюзерэну. На баку абодвух прэтэндэнтаў яны фарміравалі так званыя партыі. Арыстакратыя (і «старая», і «новая») рабіла выбар на карысць ці Свідрыгайлы, ці Жыгімонта. Знаходзячыся пры тым ці іншым двары, яна забяспечвала сабе кар’ерны рост і новыя маёмасныя наданні (часам замест тых, што былі ўжо згублены ў зоне кантролю саперніка). Што тычыцца баярства, то яно пераходзіла на бок моцнага разам з акупаванымі абласцямі. Адсюль узмацненне партыі Жыгімонта Кейстутавіча па меры ўзрастання кантролю над большай часткай тэрыторыі.