Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
113.95 МБ
Распрацоўнікі Статута 1529 г. упершыню вырашылі шэраг складаных задач і выпрацавалі сістэму размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместа, улічылі тыпавыя і абагульняючыя нормы. У адпаведнасці з духам эпохі былі замацаваны прынцыпы суверэннасці дзяржавы насуперак сярэднявечнаму касмапалітызму, адзінства права і прыярытэт пісаных законаў. Яго складальнікі не прытрымліваліся сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, а выпрацавалі сваю. Таму Статут з’яўляўся не кодэксам законаў, а заканадаўчым актам, у якім былі сістэматызаваны і выкладзены нормы права па кожнай галіне. Больш за тое, ён утрымліваў агульныя і спецыяльныя нормы, якія забяспечвалі прывілеі асобным групам пануючага саслоўя, у чым быў яго недахоп.
Статут 1529 г. складаўся з 13 раздзелаў, 244 артыкулаў. Пазней у яго былі ўнесены дапаўненні, і колькасць артыкулаў павялічылася да 283. Статут не друкаваўся і распаўсюджваўся ў шматлікіх спісах. Таму яго першапачатковая рэдакцыя не дайшла да сённяшняга часу. Захаваліся спісы: Слуцкі (гэты рукапіс захоўваўся ў бібліятэцы езуіцкага калегіума да Kan­na XVIII ст., а потым трапіў у Вільню, затым адтуль у Санкт-Пецярбург), Фірлееўскі і Дзялынскага (назвы паходзілі ад імён яго ўладальнікаў). Найбольш старажытным з’яўляўся Фірлееўскі, які быў складзены адразу пасля 1529 г., але яго страцілі ў час Першай сусветнай вайны па тэрыторыі Польшчы. Спісы Дзялынскага (60-я гг. XVI ст.) і Слуцкі (80-90-я гг. XVI ст.) захоўваюцца ў Расіі. Упершыню Статут 1529 г. пасля аіірацоўкі з улікам трох рэдакцый прафесарам Віленскага ўніверсітэта I. М. Даніловічам быў надрукаваны лацініцай у 1841 г. у Познані, а кірыліцай у 1854 г. у Маскве.
Статут 1529 г. юрыдычна замацаваў асновы грамадзянскага і дзяржаўнага ладу ВКЛ, вызначыў прававое становішча ўсіх саслоўяў. У ім абвяшчалася, што ўсе асобы, «як убогія, так і багатыя». павінны былі судзіцца, што па тым часе было новай ідэяй, якая з’явілася пад уплывам Рэнесансу.
Статут дзейнічаў непрацяглы час, бо ў жыцці ВКЛ у 30—50-я гг. XVI ст. адбыліся вялікія змены. У 1557 г. была праведзена першая аграрная рэформа. Узвысіліся новыя магнацкія роды: Радзівілы, Сапегі, Пацы, Кішкі, Хадкевічы. Шляхта ўсё часцей і часцей патрабавала ўраўнення не толькі ў палітычных, але і ў судовых правах з магнатамі. Таму, калі пачалася Лівонская вайна і цэнтральная ўлада была вымушана пастаянна звяртацца па дапамогу да шляхты, праблема стала вырашацца. Ужо на Віленскім соймс 1559 г. вялікі князь вызваліў шляхту ад уплаты мыта за гандаль ляснымі і сельскагаспадарчымі таварамі, што з’явілася буйным падарункам за кошт скарачэння мытных паступленняў у дзяржаўны скарб. На сойме 1563 г. гэты прывілей быў пашыраны вызваленнем шляхты ад уплаты «грэбельнага», якое бралася пры праходзе суднаў праз млынавыя плаціны і загародкі. На тым жа сойме праваслаўныя былі ўраўнаваны ў палітычных правах з католікамі. Пагаршэнне становішча каталіцкай царквы ў сувязі з Рэфармацыяй, збліжэнне шляхты розных зямель і веравызнанняў, якая пачала асэнсоўваць сябе як адзінае саслоўе, садзейнічала прыняццю такога рашэння.
Асабліва настойліва шляхта дамагалася ўвядзення павятовага земскага суда, які быў бы аддзелены ад адміністрацыі, стаў выбарным, ураўняў бы шляхту ў судовых правах з князямі, панамі, магнатамі. Пытанне аб такіх судах ужо неаднойчы ўзнімалася на вальных соймах, але велікакняжацкая адміністрацыя яго адкладала, спасылаючыся на тое, што ідзе праца над праектам новага Статута.
Вялікі князь улічваў, што пры ўвядзенні земскіх судоў паменшацца прыбыткі ваяводаў, старостаў, дзяржаўцаў, якія мелі грошы за кошт судовых спраў, а магнаты ўраўнуюцца ў правах са шляхтай. Але Лівонская вайна прымусіла абодва бакі саступіць у гэтай праблеме. I калі на Бельскім сойме 1564 г. было абвешчана, што новы Статут падрыхтаваны, радныя паны, якія дагэтуль чынілі суд, прыйшлі да гаспадара і заявілі, што, «мілуючы дзяржаву, а в ней брацью сваю малодшую, народ шляхецкі і рыцарскі», яны адступаюцца ад сваёй судовай улады, якой карысталіся паводле старога Статута і звычая, і ўсіх «пажыткаў» (пользаў) і выказаліся за ўвядзенне новага суда без перашкод.
Вялікі князь выканаў гэту заяву і выдаў прывілей 1 ліпеня 1564 г., які зацвярджаў новы Статут. Планавалася, што ён пачне дзейнічаць з 11 лістапада 1564 г. Аднак на практыцы ўзніклі цяжкасці, бо, па-першае, не былі вызначаны межы судовых акруг, а па-друтое, шляхта была незадаволена зместам асобных артыкулаў Статута. Таму праца над гэтым дакументам працягвалася і на Віленскім сойме 1565-1566 гг. Шляхта папрасіла вялікага князя пры ўвядзенні новых судовых акруг ураўняць некаторыя вялікія паветы і як мага хутчэй правесці абранне кандыдатаў на замяшчэнне земскага суда. Разам
з тым была ўнесена прапанова аб утварэнні выбарнага падкаморскага суда для вырашэння «спраў гранічных і земленых» па польскім узоры. Князь пагадзіўся, у сувязі з чым новы Статут быў зацверджаны і пачаў дзейнічаць з 26 студзеня 1566 г.
Пачалося афармленне земскага суда, які складаўся з суддзі, падсудка і земскага пісара. Пасады былі выбарныя і на кожную з іх на павятовых сойміках пры ўдзеле ўсіх землеўладальнікаў абіраліся па чатыры асобы, з ліку якіх гаспадар зацвярджаў тых, хто яму прыглянуўся. Кандыдатамі маглі стаць толькі шляхціцы, якія мелі зямельную ўласнасць у вызначаным павеце і не займалі іншых пасад.
Земскі суд атрымаў права судзіць землеўладальнікаў сваёй акругі па ўсіх справах, за выключэннем гвалтоўных наездаў на шляхецкія дамы; падпалаў, разбояў на праезджых; гвалтавання жанчын; крадзяжоў, падлогаў, забойстваў шляхціцаў. Усе гэтыя справы заставаліся пад юрысдыкцыяй замкавага, або гродскага, суда.
Сесіі земскага суда праходзілі тры разы ў год: пасля Троіцы, 30 верасня і Хрышчэння. Тэрміны іх склікання маглі быць зменены толькі ў час вайны, работы вальнага сойма, або паморку. Усе службовыя асобы павінны былі з’яўляцца на яго пасяджэнні пад страхам страты сваёй пасады. Калі хто хварэў, або ў судзе разглядалася яго асабістая справа, то ён меў права пасадзіць на свае месца шляхціца і чалавека добрага, годнай веры, з мясцовых землеўладальнікаў і дасведчага ў законах.
Сесіі маглі працягвацца да двух тыдняў, калі было шмат спраў, судзілі ад раніцы да вечара. Пісар, які мог замяняцца падпіскам, але за ўсе справы адказваў сам, адразу заносіў прынятыя пастановы ў земскія кнігі, якія захоўваліся ў спецыяльна ўзведзеных будынках, ключы ад якіх былі толькі ў трох службовых асоб. Адчыняліся будынкі за тры дні да пачатку сесій для ўнясення «позваў» павестак і зачыняліся праз тры дні пасля іх завяршэння, каб даць магчымасць зацікаўленым асобам атрымаць неабходныя пастановы. Апеляцыі адразу маглі ісці ў вышэйшую судовую інстанцыю велікакняжацкі суд, а з 1581 г. у Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.
У выніку рэформы ў параўнанні з папярэднімі часамі істотна скараціліся судовыя выдаткі. Статут 1566 г. увёў насіупныя нормы: пісару земскага і гродскага суда: за запіс судовых «позваў»1 гр.; за выпіс суцовых «позваў»1 гр.; за складанне заявы аб «крыўдзе» 1 гр.; за судовыя лісты і выпісы прынятых рашэнняў 2 гр.; за выпісы на пергаментных лістах 12 гр.; за паездкі «возным» (следчым) 1 гр. за мілю ў адзін канец; за агляд месца злачынства1 гр.; за ўвод ва ўладанне 1 гр. з сялянскай службы і ‘/г гр. з пусташы і г. д.
Вялікія судовыя выдаткі раней тлумачыліся тым, што стары суд знаходзіўся ў руках ваявод, старостаў і дзяржаўцаў. Цяпер жа, калі шляхта 268
дамаглася саслоўнага і выбарнага суда, яна звяла судовыя пошліны да звычайнай узнагароды за працу, пазбавіўшы іх былога сэнсу, крыніцы ўзбагачэння.
Паралельна з земскімі судамі для шляхты захаваліся суды замкавыя або дворныя, якія атрымалі назву гродскіх па адным на кожны судовы павет. Гродскаму суду, як і земскаму, былі падсудны ўсе землеўладальнікі пры разглядзе крымінальных злачынстваў. Акрамя іх, сюды ўключаліся неаселыя шляхціцы і «госці» іншаземцы. Склад гродскага суда застаўся ранейшым. Судзілі ваявода, староста або дзяржаўца, а пры іх адсутнасці намеснікі разам з гродскім суддзёй, які не абіраўся, а прызначаўся. Справаводства вёў гродскі пісар. Суд дзейнічаў пастаянна «па гарачых справах», да тых, хто ўхіляўся, прымянялася права «баніцыі», абвяшчэнне па-за законам да той пары, пакуль не будзе задаволены пацярпелы бок.
Статут 1566 г. замацаваў прынцыпы суверэннасці, адзінства права для ўсіх грамадзян, прыярытэту пісаных законаў. Захаваўшы папярэднюю структуру, ён складаўся з 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. Болып поўна ў ім была вызначана кампетэнцыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання, планавалася аддзяліць ад іх суд. Але на практыцы гэта было здзейснена ў адносінах да земскага і падкаморскага судоў. Статут унёс некаторыя папраўкі ў крымінальнае права: непаўналетнія маглі быць пакараны толькі пасля 14 гадоў, абвяшчалася прэзумпцыя невінаватасці, пакаранне за крымінальнае злачынства магло ажыццяўляцца толькі па рашэнні суда. У Статуце захаваліся і састарэлыя нормы, якія ўжо не адпавядалі патрабаванням часу. Напрыклад, яўрэям і татарам не далі права быць сведкамі ў судзе і інш.
Статут 1566 г. быў напісаны на беларускай мове і да 1855 г. таксама не друкаваўся. Зацверджаны ў даволі складаны перыяд, ён захаваў ідэю дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ, бо менавіта праз яго артыкулы ўдалося яе аднавіць і захаваць пасля Люблінскага сойма, што мела вялікае значэнне.
Зацверджаны на Варшаўскім сойме ў студзені 1581 г. Галоўны Літоўскі Трыбунал стаў вышэйшай судовай інстанцыяй, пастановы якой атрымалі моц пастаноў сойма. Трыбунал складаўся з 46 суддзяў, якія абіраліся на павятовых сойміках тэрмінам на адзін год. У яго кампетэнцыю ўваходзілі апеляцыйныя справы на рашэнні гродскіх, земскіх і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на мясцовую адміністрацыю. Да яго юрысдыкцыі адносіліся і справы духоўных асоб, пры разглядзе якіх прысутнічалі прадстаўнікі духавенства. Сесіі Трыбунала адбываліся пад старшынствам выбарнага маршалка і праходзілі штогод у Вільні, праз год у Менску, Новагародку і да 1588 г. у Троках. Увядзенне Галоўнага Літоўскага Трыбунала істотна абмежавала судовую ўладу вялікага князя і паноў-рады і падкрэсліла яшчэ адзін крок наперад у адваёве незалежнасці.