Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
113.95 МБ
Як паказалі наступныя падзеі, новае перамір’е, якое працягвалася ў 1542, 1549, 1553, 1556 гг., не прадухіліла далейшага напружання ў адносінах паміж дзяржавамі. У канцы 50-х гг. XVI ст. намеціўся новы віток супрацьстаяння, звязаны з лівонскім пытаннем, які прывёў да чарговай вайны.
Такім чынам, асноўная мэта знешняй палітыкі ВКЛ на ўсходнім напрамку захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці і вяртанне страчаных тэрыторый дасягнута не была. Пры гэтым трэба адзначыць, што памежжа з Масковіяй было адрэзкам мяжы, дзе перавага перад дыпламатычнымі сродкамі аддавалася зброі, але і ваенныя сродкі таксама аказаліся не вельмі эфектыўнымі. Увага ж на абарончыя мерапрыемствы, звязаныя з прывядзеннем памежных замкаў у належны стан, была звернута ў асноўным толькі пасля страты Смаленска, які меў выключнае становішча сярод усходніх крэпасцей ВКЛ. Няздольнасць адваяваць Смаленск сведчыла аб канчатковай страце стратэгічнай ініцыятывы ВКЛ і недахопе патэнцыялу для захавання сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці.
ЗАХОДНІ НАПРАМАК ПАЛІТЫКІ
На заходнім напрамку знешняй палітыкі саюзнікам ВКЛ заставалася Польшча, злучаная з Княствам спачатку дынастычнай, а пасля персанальнай уніяй. Нягледзячы на фармальны разрыў персанальнай уніі ў 1492 г., ВКЛ і Польшча ў перыяд існавання асобных уладароў працягвалі актыўнае супрацоўніцтва. Паміж дзяржавамі часта адбываўся абмен пасольствамі. Аднак падчас першай маскоўска-літвінскай вайны 1492-1494 гг. Польшча не аказала ваеннай дагіамогі ВКЛ, ставячы ўмовай яе прадстаўлення аднаўленне рэальнай уніі. Справа уніі ўзнімалася і ў 1496 г., напярэдадні Чарнаморскай антытурэцкай выправы Ягелонаў, што вылілася ў антымалдаўскі паход, у якім ужо ВКЛ не аказала значнай дапамогі Польшчы. Але наступнае пагаршэнне міжнароднага становішча ВКЛ і Польшчы патрабавала іх далейшага збліжэння, якое прывяло да заключэння ў 1499 г. кракаўска-віленскай уніі. Фактычна яна з’яўлялася звычайным ваенна-палітычным саюзам двух раўнапраўных бакоў. У 1501 г. была падпісана польска-літвінская унія ў Мельніку, паводле якой прадугледжвалася спыненне асобных выбараў
вялікага князя літоўскага ў Вільні. Манарх павінен быў выбірацца на агульным сойме дэлегатаў абедзвюх дзяржаў у Петракове. Гэта азначала ліквідацыю спадчыннага трымання велікакняжацкага пасада ў ВКЛ прадстаўнікамі дынастыі Ягелонаў і перадачу лёсу выбараў у рукі польскіх паноў, якія складалі большасць на агульным сойме. Акрамя таго, прадугледжвалася ўстанаўленне адзінай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутранай і знешняй палітыкі. Захоўваліся асобныя дзяржаўныя апараты і суды, але новыя члены Рады і службовыя асобы павінны былі прысягаць каралю. Фактычна Мельніцкая унія вяла да ліквідацыі дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ. Аднак іэта дамова не была ратыфікавана літвінскім бокам. На працягу разглядаемага перыяду формай сувязі паміж краінамі заставалася персанальная унія. Выключэнне складала кароткае праўленне маладога каралевіча Жыгімонта II Аўгуста ў ВКЛ у 1544-1548 гт., калі існавала спецыфічная форма дынастычнай уніі.
Пры ўсім багацці тагачасных літвінска-польскіх адносін дамінуючым элементам у іх з’яўлялася ўзаемнае супрацоўніцтва і дапамога. Разам з тым захаванне персанальнай уніі з заходнім суседам прыводзіла да своеасаблівага самаабмежавання ВКЛ у дыпламатычных адносінах з іншымі дзяржавамі. Гэта было звязана са спробамі польскага боку манапалізаваць адносіны ВКЛ з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, пакідаючы ў вобласці кампетэнцыі велікакняжацкай дыпламатыі толькі стасункі з краінамі Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Важнае значэнне мела ваеннае супрацоўніцтва, прыкладам якога былі бітвы пад Вішняўцом 1512 г., пад Оршай 1514 г., пад Сакалем 1519 г., пад Старадубам 1535 г. і інш. Існаванне агульнага ўладара садзейнічала працэсу інтэграцыі абедзвюх дзяржаў і народаў.
3 другога боку, паміж літвінамі і палякамі існавала шмат спрэчных пытанняў: праблема ўзаемных гвалтаў і грабяжоў, працяглае знаходжанне гаспадара ў Польшчы. Аднак адной з самых складаных праблем была спрэчка, якая датычыла формы уніі паміж абедзвюма дзяржавамі. Пытанне аб тым, існаваць ці не існаваць якой-небудзь сувязі паміж дзяржавамі, не ўзнікала. У справе уніі адрозніваліся пазіцыі Польшчы, ВКЛ і манархаў. Калі польскі бок выступаў за інкарпарацыйную форму уніі, то літвінскі схіляўся да формы простага ваенна-палітычнага саюзу з захаваннем дзяржаўнай асобнасці ВКЛ. Да 1562 г. польскі праект уніі быў непрымальны як для магнатаў, так і для шляхты ВКЛ. Фактычна з іх поглядам супадала пазіцыя манархаў, якія да 1562 г. не дапускалі паглыблення уніі, імкнучыся захаваць просты саюз паміж ВКЛ і Польшчай.
Такім чынам, з аднаго боку, ВКЛ разглядала Польшчу як рэальнага партнёра і саюзніка для сваіх знешнепалііычных акцый. Эфектыўнасць гэтага
супрацоўніцтва асабліва ўзрастала там, дзе супадалі іх дзяржаўныя інтарэсы. Прыкладам можа служыць сталае ўзаемадзеянне пры абароне паўднёва-ўсходніх меж дзяржаў. 3 другога боку, у пастаянных захадах польскага боку да уніі з ВКЛ у форме інкарпарацыі існавала рэальная небяспека дзяржаўнай самастойнасці апошняга. Аднак да канца разглядаемага перыяду ВКЛ яшчэ ўдавалася абараняць свае дзяржаўныя інтарэсы перад націскам заходняга партнёра па уніі.
БАРАЦЬБА 3 КРЫМСКІМ ХАНСТВАМ
У адносінах з Крымскім ханствам асноўнай мэтай знешняй палітыкі ВКЛ з’яўлялася адцягненне яго ад удзелу ў антыягелонскай кааліцыі, створанай пад эгідай Масквы, забеспячэнне паўднёвых меж ад набегаў стэпавікаў і, па магчымасці, перацягненне іх на свой бок у барацьбе з усходнім суседам.
Недальнабачная палітыка ВКЛ апошніх гадоў праўлення вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, накіраваная на збліжэнне з Вялікай Ардой, спрадвечным ворагам Крыма, яшчэ больш садзейнічала ўдзелу Крымскага ханства ў антыягелонскай кааліцыі. He спрыяла добрасуседскім адносінам з Крымам і падтрымка вялікім князем Казімірам братоў крымскага хана Менглі-Гірэя Нур-Даўлата і Хайдэра (Айдара), якія знаходзіліся ў апазіцыі да правячага хана і на момант заключэння маскоўска-крымскага саюзу знайшлі часовы прытулак у ВКЛ. Ажыццяўленню азначанай дамовы спрыяла таксама зацікаўленасць сюзерэна ханства, Асманскай імперыі, у аслабленні пазіцый ВКЛ у рэгіёне. На працягу свайго існавання Крымскае ханства праводзіла палітыку нападаў з мэтай рабаўніцтва на землі сваіх больш развітых суседзяў. Пасля заключэння саюзу паміж Масквой і Крымам асноўным аб’ектам такіх наездаў сталі паўднёвыя землі ВКЛ і Польшчы, якія мелі адносна вялікую шчыльнасць насельніцтва і былі амаль пазбаўлены абароны. Пік актывізацыі нападаў прыпадае на канец XV першыя гады XVI ст. Спробы спынення іх дыпламатычнымі сродкамі, як і намаганні перацягнуць Крымскае ханства на свой бок шляхам прапаноў больш выгадных умоў саюзу з боку дыпламатыі ВКЛ, поспеху не мелі. Выкарыстанне супраць Крыма Вялікай Арды прыносіла карысць толькі да 1502 г., калі апошняя была разбіта войскам крымскага хана Менглі-Гірэя. Ваенная абарона паўднёвай мяжы яшчэ не была наладжана, таму крымчакі дзейнічалі амаль беспакарана аж да бітвы пад Клецкам 5 жніўня 1506 г., якая скончылася перамогай апалчэння ВКЛ над пераўзыходзячымі сіламі крымскіх татар.
Гэтая падзея стала своеасаблівай вехай, якая азнаменавала сабой змены ў развіцці літвінска-крымскіх адносін, што намеціліся раней. У 1507 г.
паміж ВКЛ і Крымскім ханствам быў заключаны саюз, які меў яўную антымаскоўскую накіраванасць. Аднак, як паказалі далейшыя падзеі, ён не прынёс рэальнай дапамогі ў барацьбе з Масквой. He спыніў саюз і наезды крымчакоў, хоць змяніў іх інтэнсіўнасць. Прычына заключалася ў палітыцы двайнога заахвочвання, якую праводзіў крымскі хан у гэтым рэгіёне. Менглі-Гірэй ужо ў пачатку 1508 г. у сувязі з пачаткам мяцяжу князя Міхаіла Львовіча Глінскага зноў паспрабаваў зрабіць стаўку на апошняга, паколькі той паабяцаў перадаць хану яго даўняга ворага хана Вялікай Арды Шыг-Ахмата, які ўтрымліваўся ВКЛ на становішчы напаўпалоннага-напаўзакладніка. У канцы таго ж года Менглі-Гірэй пацвердзіў свой стары саюз з Маскоўскай дзяржавай. «Упамінкі» крымскаму хану, якія выплочваліся рэгулярна, каштавалі значных выдаткаў. Таму кіраўніцтва ВКЛ у адносінах з ханствам зноў узяло курс на ваенныя сродкі. У бітве пад Вішняўцом 28 красавіка 1512 г. крымчакі былі разбіты. У тым жа годзе заключаны новы крымска-літвінскі саюз, які не толькі стварыў часовую бяспеку на паўднёвых межах княства, але і накіраваў татарскія загоны на спусташэнне маскоўскіх зямель. Выключнасць дадзенай знешнепалітычнай акцыі была яшчэ і ў тым, пгго, акрамя звычайнай ратыфікацыі, гэты саюз быў падмацаваны крымскім бокам прысылкай у ВКЛ унука хана Менглі-Гірэя, Джалалдзіна, у якасці закладніка (хоць апошні хутка памёр, так і не сустрэўшыся з вялікім князем Жыгімонтам Казіміравічам). Але літвінскі бок не здолеў скарыстацца гэтым ваенна-палітычным поспехам, бо наезды крымчакоў на маскоўскія землі сталі адной з зачэпак для разрыву вялікім князем маскоўскім Васілём III «вечнага міру» і пачатку ў 1512 г. ваенных дзеянняў супраць ВКЛ.
Вясной 1515 г. пасля смерці хана Менглі-Гірэя літвінская дыпламатыя здолела перацягнуць на свой бок новага хана Мухамед-Гірэя, які аднавіў саюз з ВКЛ у 1516 г. Гэта падзея таксама была непасрэдна звязана з сітуацыяй у рэгіёне, бо пасля захопу ў канцы ліпеня 1514 г. Смаленска маскоўскімі войскамі перавага сіл знаходзілася на баку Масквы. У 1518 г. разлік паставіць крымскага царэвіча на чале Казанскага ханства схіліў МухамедГірэя да саюзу з маскоўскім вялікім князем Васілём III. 1519 год быў адзначаны канчатковым адыходам хана ад саюзу з Жыгімонтам, што выявілася ў спусташальных наездах крымчакоў на Валынь, Кіеўшчыну і Люблін, зробленых па просьбе Васіля III. Калі ж апошні паставіў у Казані сваю марыянетку хана Шэйх-Алея, Мухамед-Гірэй звярнуўся да Жыгімонта Старога з прапановай аднавіць былы саюз. У Крым быў накіраваны Астафей Гарнастай, які ў 1521 г. вярнуўся разам з паслом хана, што прывёз даканчальную грамату на «вечны мір». У тым жа годзе брат хана царэвіч Сахіб-Гірэй захапіў Казань і ў ліпені крымска-казанскае войска, пры ўдзеле чаркаскага старосты Астафія Дашковіча, рушыла на маскоўскія землі.