Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Адносіны з Крымскім ханствам пагоршыліся, калі пасля забойства ў 1523 г. хана Мухамед-Гірэя і кароткатэрміновага праўлення яіо сына Газы-Гірэя, у 1524 г. трон захапіў хан Сеадзет-Гірэй. У адказ на наезды крымчакоў літвінскі бок прыняў меры супрацьдзеяння з дапамогай як ваенных сродкаў (напрыклад, наезд казакаў Астафея Дашковіча на крымскія ўлусы ў 1524 г., перамога літвінскага апалчэння над значнымі сіламі татар у бітве на р. Алыпаніцы 5 лютага 1527 г.), так і сродкаў палітычных. Ужо ў 1525 г. у Крыме пачаліся ўдала арганізаваныя літвінскай дыпламатыяй унутраныя ўскладненні, перарослыя ў адкрытую ўсобіцу паміж ханам Сеадзет-Гірэем і яго пляменнікам Іслам-Гірэем, якога спачатку і падтрымліваў літвінскі бок. Акрамя таго, быў нарэшце выпушчаны з няволі даўні вораг Гірэяў хан Шыг-Ахмат, і таму зноў узрасла пагроза крымчакам ад рэшткаў Рялікай Арды. Вынікам гэтых акцый было часовае заспакаенне на паўднёвых межах ВКЛ, але адначасова змяншалася магчымасць выкарыстання татар супраць Маскоўскай дзяржавы.
У 1526 г. Сеадзет-Гірэй і Іслам-Гірэй-салтан заключылі паміж сабой пагадненне, падзяліўшы Перакопскую Арду, пасля чаго літвінская дыпламатыя стала на шлях наладжвання прыязных кантактаў з Сеадзет-Гірэем. Калі ў тым жа годзе Сеадзет-Гірэй і Іслам-салтан запатрабавалі «ўпамінкаў», якія плаціліся хану Мухамед-Гірэю і яго сыну Багатыр-салтану, то атрымалі фармальную згоду пры ўмове, што ханы будуць саюзнікамі супраць усіх непрыяцеляў і вернуць захоплены да таго часу палон. Аднак, відаць, літвінскі бок не спяшаўся плаціць хану «ўпамінкі», а апошні вяртаць палонных.
У 1532 г. у Крыме аднавілася барацьба паміж Сеадзет-Гірэем і Ісламсалтанам. У тым жа годзе адбыўся і паход Сеадзет-Гірэя на паўднёвыя землі ВКЛ, які такім чынам дамагаўся выплаты «ўпамінкаў». Літвінскі бок схіліўся да іх выплаты толькі пасля паведамлення аб прымірэнні паміж ханамі. Але стаўку зноў пачалі рабіць на Іслам-салтана, які ў наступным годзе паведамляў, што застаўся адзіным ханам у Перакопскай Ардзе. Да яго адразу ж накіравалася пасольства з «упамінкамі» і прапановай заключыць саюзную дамову. Аднак хутка чарговая смута ў Крыме зноў змяніла сітуацыю. У 1534 г. Перакопская Арда ў чарговы раз распалася на два ханствы. Сапернікам Іслам-Гірэя стаў Сахіб-Гірэй, з якім у 1534 г. і заключыў саюзную дамову літвінскі пасол Анікей Гарнастай. Няўстойлівае становішча хана паўплывала на тое, што «ўпамінкі» былі значна зменшаны і склалі 260 паставаў сукна «луньскага» для абодвух ханаў: 200 Сахіб-Гірэю і 60 Іслам-Гірэю. У 1537 г. Іслам-Гірэй быў забіты, а Сахіб-Гірэй пачаў адмаўляцца прыняць меншыя «ўпамінкі». Высланае ў 1538 г. літвінскае пасольства, якое мела мэтай пераканаць хана застацца на ўмовах пагаднення 1534 г., было затрымана ў Крыме. Нацягнутасць у адносінах спала толькі ў 1540 г., калі было заключана новае «даканчан-
не» на ўмовах літвінска-крымскага дагавора 1512 г. Адначасова пагоршыліся маскоўска-крымскія стасункі. Магчыма, гэта паўплывала на вынік маскоўска-літвінскіх псрамоў 1542 г., якія завяршыліся сямігадовым перамір’ем самым доўгім з усіх заключаных. Аднак у гэты ж час на літвінска-крымскія адносіны пачаў аказваць уплыў «казацкі фактар», часам уносячы ў іх большае напружаннс.
У 1551 г. у выніку чарговага перавароту ў Крыме да ўлады прыйшоў пляменнік Сахіб-Гірэя Дэўлет-Гірэй, які адразу ж заключыў з Жыгімонтам Аўгустам «даканчанне» на ўмовах выплаты 15 тыс. залатых «упамінкаў»: на 13 тысяч залатых сукна «луньскага» і на 2 тысячы «готовнзной». Але гэта не перашкодзіла хану ў тым жа годзе захапіць і спаліць Брацлаў, а пазней і патрабаваць такіх «упамінкаў», якія даваліся Мухамед-Гірэю: на 7,5 тыс. залатых грашамі і на 7,5 тыс. залатых сукнамі.
Кантакты з Крымскім ханствам актывізаваліся напярэдадні Лівонскай вайны. Аснову іх складалі праблемы, звязаныя з дробнымі наездамі крымчакоў і дзейнасцю казакаў. Аднак у 1558 г. адбыўся новы вялікі наезд на паўднёвыя землі ВКЛ. Пад націскам султана, да якога звярнуўся Жыгімонт Аўгуст, справу ўрэгулявалі і нават былі вернуты палонныя. А ў 1560 г. было заключана чарговае літвінска-крымскае саюзнае «даканчанне» на ўмовах дамовы 1512 г. Тым самым, уступаючы ў чарговую вайну з Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ гарантавала сабе адносную бяспеку паўднёвага фланга і саюзніка ў будучай барацьбе.
Такім чынам, у канцы XV першай палове XVI ст. кантакты паміж ВКЛ і Крымам эвалюцыянавалі ад адкрыта варож х да нейтральных і нават добрасуседскіх, пасля чаго зноў пагоршыліся. Асноўнай прычынай гэтага можна лічыць аслабленнне міжнароднага прэстыжу ВКЛ у выніку шэрагу няўдач у войнах з Масквой. 3 другой паловы 30-х гг. XVI ст. адносіны паміж дзяржавамі ўступілі ў новую стадыю і да сярэдзіны стагоддзя характарызаваліся пэўнай стабільнасцю.
Пры ажыццяўленні знешняй палітыкі ВКЛ выкарыстоўваўся значны арсенал сродкаў, форм і метадаў рэалізацыі міжнародных акцый, якія мелі на мэце забеспячэнне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Але пры гэтым не заўсёды ўдавалася дасягнуць станоўчых вынікаў, якія адпавядалі б інтарэсам ВКЛ, віной чаму былі нерашучасць, прамаруджванні, збег розных неспрыяльных акалічнасцей, a то і проста легкадумнасць кіраўніцтва дзяржавы ў дачыненні да ўзятых на сябе абавязацельстваў. У выніку не ўдалося пазбегнуць значных тэрытарыяльных страт на ўсходзе, а для рэваншу ўжо не хапала сілы. Пэўныя поспехі на іншых напрамках не маглі кампенсаваць правалы на ўсходнім напрамку. У цэлым знешняя палітыка ВКЛ у канцы XV першай палове XVI ст. мела толькі часовы і частковы поспех.
ЗМЕНЫ ВА УНУТРЫПАЛІТЫЧНЫМ ЖЫЦЦІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў 20-60-я гг. XVI ст.
• Мяцеж Міхаіла Глінскага
• Арганізацыя вайсковай справы і фінансавыя мерапрыемствы па забеспячэнні патрэб вайны
МЯЦЕЖ МІХАІЛА ГЛІНСКАГА
Пачатак XVI ст. для Вялікага Княства Літоўскага быў багаты не толькі на войны і сутыкненні з Маскоўскай дзяржавай і татарамі, але і на ўнутраныя канфлікты. Апафеозам унутрыдзяржаўнага супрацьстаяння ў гэты час стала выступленне ў 1508 г. князя Міхаіла Глінскага, што адыграла неадназначную ролю ў айчыннай гісторыі.
На рубяжы XV-XVI стст. у палітычных колах ВКЛ не існавала выразна акрэсленых магнацка-княжацкіх груповак, падзеленых па этнаканфесійнай прыкмеце. Тым не менш частымі былі спрэчкі, канфлікты, судовыя разбіральніцтвы паміж прадстаўнікамі кіруючай эліты, што вынікала з некалькіх працэсаў. Па-першае, гэта фарміраванне буйных зямельных уладанняў і барацьба за кантроль над імі. Па-другое, абмежаванне ўлады манарха ў ВКЛ і афармленне саслоўных органаў дзяржаўнай улады (паны-рада, сойм) і адміністрацыйнага апарату. Рознае бачанне знешнепалітычных перспектыў дзяржавы таксама ўплывала на непаразуменні паміж асобнымі прадстаўнікамі пануючага саслоўя. У рэчышчы ўзгаданых з’яў узнік унутрыпалітычны канфлікт, які ператварыўся ў антыдзяржаўнае выступленне пад кіраўніцтвам М. Глінскага.
Галоўнай прычынай, якая прывяла да мяцяжу ў 1508 г., быў канфлікт паміж трокскім ваяводам Янам Забярэзінскім і дворным маршалкам Міхаілам Глінскім. Гэта супрацьстаянне мела шэраг аспектаў. Абодва паны сапернічалі за велікакняжацкія зямельныя пажалаванні на Падляшшы, паміж імі таксама ішла барацьба за ўплыў на вялікага князя Аляксандра, а пасля і Жыгімонта. Акрамя таго, Забярэзінскі і Глінскі займалі розныя пазіцыі адносна заключэння уніі з Польшчай першы быў яе прыхільнікам, а другі падтрымаў Ягелонаў у справе зрыву уніі і захавання спадчынных праў дынастыі на трон ВКЛ. Канфлікт выліўся ва ўзаемныя абвінавачванні ў спробах забойства і дзяржаўнай здрады. Жыгімонт Стары пасля каранацыі імкнуўся пазбавіцца ад уплыву магнатаў і адхіліў братоў Глінскіх ад дзяржаўных пасад, а вырашаць спрэчку Глінскага з Забярэзінскім у судовым парадку не жадаў. Гэта справакавала М. Глінскага на самавольныя дзеянні.
Ва ўмовах вострага супрацьстаяння ВКЛ з Вялікім Княствам Маскоўскім і Крымскім ханствам у пачатку XVI ст. актуальным стала пытанне заключэння уніі з Польшчай з мэтай атрымання вайсковай дапамогі ад палякаў. Аднак польскі бок настойваў на заключэнні дзяржаўнай (рэальнай) уніі, а не на простым пацвярджэнні уніі дынастычнай. Вялікі князь Аляксандр вымушаны быў пайсці на гэты крок і тым самым згубіць для дома Ягелонаў спадчынныя правы на трон ВКЛ. Аднак сканчэнне вайны 1500-1503 гг. змяніла планы дынастыі адносна ратыфікацыі Пётркаўска-Мельніцкай уніі 1501 г. з Польшчай. Венгерскі і чэшскі кароль Уладзіслаў Ягелончык і польскі кароль і вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык вырашылі перадаць трон ВКЛ свайму малодшаму брату глогаўскаму князю Жыгімонту. Перамовы з Жыгімонтам адносна дадзенага плана, а таксама падрыхтоўка прадстаўнікоў велікапольскай і велікакняжацкай магнатэрыі да гэтай акцыі ажыццяўляліся М. Глінскім.
Стаўшы вялікім князем літоўскім, Жыгімонт спрабаваў прытрымлівацца нейтралітэту ў адносінах да магнацкіх спрэчак у ВКЛ, каб не трапіць пад большы ўплыў знаці. У сувязі з гэтым М. Глінскі і яго браты паступова страцілі статус давераных асоб манарха, згубіўшы многія дзяржаўныя пасады. Так, у 1506 г. М. Глінскі быў пазбаўлены пасады дворнага маршалка, а ў наступным годзе мусіў скласці з сябе паўнамоцтвы бельскага намесніка і кіраўніка віленскага манетнага двара. Яго брат Васіль Глінскі страціў у 1507 г. берасцейскае староства і васілішскае намесніцтва. Іван Глінскі хоць і атрымаў пасаду новагародскага намесніка, але толькі пасля пазбаўлення пасады кіеўскага намесніка. Гэта дазволіла іх праціўніку Я. Забярэзінскаму беспадстаўна абвінаваціць М. Глінскага ў забойстве Аляксандра Ягелончыка і намеры ўзурпіраваць уладу ў ВКЛ. М. Глінскі неаднаразова патрабаваў
судовага вырашэння дадзенай справы і апеляваў не толькі да вялікага князя літоўскага як вярхоўнага суддзі ў дзяржаве, але і да замежных уплывовых асоб караля Чэхіі і Венгрыі Уладзіслава Ягелончыка, былога каралеўскага сакратара Эразма Цёлка, познаньскага ваяводы, якім была вядома роля М. Глінскага ў справе абрання Жыгімонта на трон.
Аднак судовае разбіральніцтва Жыгімонтам не было прызначана, Вялікі князь імкнуўся адцягнуць вырашэнне дадзенай справы і, магчыма, улагодзіць канфлікт іншымі метадамі. Але вынікам такой пазіцыі манарха стаў наезд М. Глінскага на ўладанні Я. Забярэзінскага і самасуд над ім.