• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі другой паловы XIX - пачатку XX ст

    Гісторыя Беларусі другой паловы XIX - пачатку XX ст


    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 251с.
    Мінск 2017
    78.67 МБ
    Станаўленне буржуазнага грамадства другой паловы XIX ст. мела ў Беларусі шэраг спецыфічных рыс. Забарона яўрэям сяліцца па-за межамі гарадоў і мястэчак, эканамічная слабасць гарадоў, немагчымасць знайсці ў іх працу для вялікай колькасці беззямельных і малазямельных сялян, стрымліванне разлажэння памешчыцкага землеўладання адмоўна адбіліся на працэсах фарміравання сацыяльнай структуры буржуазнага грамадства, дэфармавалі нацыянальны склад гарадскога насельніцтва і ў канчатковым выніку стрымлівалі станаўленне беларускай нацыі. Прычым беларуская нацыянальная буржуазія знаходзілася яшчэ на стадыі станаўлення і ўяўляла сабой найбольш нязначную частку мясцовай шматнацыянальнай буржуазіі. Асноўныя капіталы края знаходзіліся ў распараджэнні польскіх і рускіх памешчыкаў, яўрэйскіх купцоў і прамыслоўцаў. Беларуская аграрная буржуазія, падзеленая па веравызнанні на праваслаўных і католікаў, да канца не ўсвядоміла свайго нацыянальнага адзінства і часта індыферэнтна ставілася да праяў беларускага нацыянальнага руху.
    Слабасць эканамічнай эліты, буржуазіі і дваранства стала прычынай нешматлікасці і павольнага сталення нацыянальнай інтэлігенцыі. Эліта беларускага грамадства фактычна не дарасла да асэнсавання сваіх уласных дзяржаўна-палітычных ідэалаў. Адна з асаблівасцей працэсаў фарміравання беларускай інтэлігенцыі гэта страта пераемнасці паміж рознымі пакаленнямі з-за прычын перш за ўсё палітычнага
    характару (рэпрэсіі ў сувязі з актыўным удзелам яе прадстаўнікоў у вызваленчых паўстаннях, дзейнасці нелегальных арганізацый і г. д.). Неспрыяльныя ўмовы развіцця нацыянальнай культуры абумовілі наяўнасць яшчэ адной спецыфічнай рысы інтэлігенцыі Беларусі яна стала донарам развіцця культур суседніх народаў, прычым гэта функцыя прывяла фактычна да страты пераважнай часткі ўласнай культурнай эліты, збяднення інтэлектуальнага жыцця. Донарская функцыя інтэлігенцыі гэта шмат у чым нерэалізаваная магчымасць растучай сацыяльнай мабільнасці на радзіме, шанс павысіць свой сацыяльны статус на чужбіне. Беларуская інтэлігенцыя была двух-, а нярэдка і трохмоўнай. Да пачатку XX ст. працы беларускіх даследчыкаў і публіцыстаў выдаваліся перш за ўсё на польскай ці рускай мовах, і толькі ў «нашаніўскі» перыяд з'яўляюцца работы, напісаныя па-беларуску.
    Адным з істотных фактараў станаўлення беларускай нацыі былі міграцыйныя працэсы. У канцы XIX пачатку XX ст. яны ў значнай ступені ахапілі сялянства. Гэта і сезонныя перамяшчэнні з мэтай знайсці заробак, і больш сталая працоўная дзейнасць на прамысловых прадпрыемствах цэнтральнай часткі Расіі, шахтах і рудніках Данбаса, napTax Рыгі і Адэсы і г. д. У працэсе працоўнай дзейнасці ажыццяўляўся пастаянны абмен этнакультурнай інфармацыяй. У канцы XIX ст. за межамі кампактнага рассялення беларусаў пражывала звыш 540 тыс. чалавек. Тут не ўлічаны тыя, хто выехаў для працы на прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Амерыкі, Заходняй Еўропы і Аўстраліі. У Пецярбургу беларусы на мяжы ХІХ-ХХ стст. і пазней складалі найбуйнейшую групу іншаэтнічнага насельніцтва. Звыш 30 тыс. рабочых (без уліку членаў іх сямей) працавалі на прадпрыемствах Масквы і Адэсы. Уплывовай была знешняя міграцыя ў Беларусь. Гэта былі чыноўнікі, ваеннаслужачыя, памешчыкі, прадстаўнікі вольных прафесій і г. д. У канцы XIX ст. яны складалі больш за 2 % насельніцтва і былі выхадцамі пераважна з цэнтральных губерняў Расіі, Прыбалтыкі, Украіны.
    Складванню нацыі аб'ектыўна садзейнічала стварэнне адзінага эканамічнага рэгіёна ў межах этнагенетычных працэсаў. Пашырэнне гандлёва-эканамічных сувязей паміж рознымі часткамі Беларусі дазволіла прадстаўнікам карэннай нацыянальнасці лепш самаўсвядоміць сваю этнічную агульнасць. Паскарэнне тэмпаў эканамічнага развіцця, пашырэнне капіталістычнага прадпрымальніцтва ў прамысловасці, пераарыентацыя памешчыцкіх гаспадарак на рынак, развіццё гандлю і шляхоў зносін, інтэнсіўнае чыгуначнае будаўніцтва спрыялі
    стварэнню на тэрыторыі Беларусі адзінага эканамічнага рэгіёна. Аднак гэты аб'ектыўны працэс стрымліваўся агульным кірункам палітыкі ўрада.
    Сацыяльнай асновай станаўлення беларускай напыі ў сучасным яе разуменні сталі тыя колы грамадства, якія ўзняліся да неабходнасці разумення сваёй саматоеснасці і ўжо разумелі і падкрэслівалі сваю адметнасць ад палякаў, насуперак часам старашляхецкай традыцыі. Гэтыя памкненні ў некаторых выпадках знаходзілі падтрымку з боку асобных расійскіх чыноўнікаў, якія бачылі неабходнасць пашырэння сярод беларусаў разумення асобнасці ад палякаў, але ў якасці сродку вырашэння гэтай задачы разглядалі невысокую эфектыўнасць гвалтоўнай русіфікацыі. На гэта паўплывала таксама і агітацыя з боку мясцовай дэмакратычнай інтэлігенцыі, сацыялістычнай моладзі, якія імкнуліся адасобіць сябе ад старашляхецкай традыцыі. Прыярытэтным шляхам станаўлення беларускай нацыі ў другой палове XIX пачатку XX ст. стаў той, што быў заснаваны на этнапалітычнай эмансіпацыі беларускага сялянства, выкарыстанні традыцыйных пластоў народнай культуры.
    Істотнае ўзмацненне русіфікацыі пасля падаўлення паўстання 1863 г. стала штуршком для пошукаў самаідэнтыфікацыі сярод інтэлігенцыі Беларусі. Нават мясцовыя праваслаўныя чыноўнікі, сутыкнуўшыся з калегамі, якія прыбылі з велікарускіх губерняў, успрымалі сваю этнічную адметнасць. У апошнія дзесяцігоддзі XIX ст. сярод беларускай інтэлігенцыі ішла работа па фарміраванні беларускай нацыянальнай ідэі як асновы развіцця нацыянальна-культурнага руху, ідэалагічнай асновы нацыятворчых працэсаў. У той жа час на мяжы ХІХ-ХХ стст. вызначэнне этнічнай прыналежнасці беларускім сялянствам ускладнялася наяўнасцю некаторых стэрэатыпаў, звязаных з неабходнасцю засваення рускай ці польскай моў, з якімі звязвалася магчымасць сацыяльнага поспеху. Для многіх сялян уяўлялася бясспрэчнай перавага рускай і польскай культур над іх вясковай культурай і простай мовай. Гэта часам выклікала насмешлівае стаўленне да ўсяго свайго вясковага, асабліва сярод тых, хто змог узнянца па сацыяльнай лесвіцы. У той жа час дзеячы беларускага нацыянальнага руху апелявалі да этнічнай культуры, мовы простага народа як важнейшых каштоўнасцей, абгрунтоўвалі неабходнасць адраджэння іх высокага статусу. Нацыянальная агітацыя ўскладнялася таксама недастатковай развітасцю сродкаў камунікацыі.
    Тэрыторыя фарміравання
    беларускай нацыі
    Станаўленне беларускай нацыі адбывалася ў асноўным на тэрыторыі пяці губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай. Паводле даных перапісу насельніцтва 1897 г., у беларускіх губернях 63,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва складалі беларусы, 5,8 % рускія, 5,0 палякі, 14,1 яўрэі, 11,6 % украінцы, літоўцы, латышы і інш. Істотна адрозніваўся нацыянальны склад гарадскіх і сельскіх жыхароў. Прадстаўнікі этнічнай большасці ў гарадскіх паселішчах беларускіх губерняў складалі толькі 13,2 %, рускія 17,8, палякі 11,8, яўрэі 53,2, іншыя 4,0 %. Сярод вясковых жыхароў удзельная вага беларусаў налічвала 70,5 %, рускіх 4,1, палякаў 4,0, яўрэяў 8,7, украінцаў, літоўцаў, латышоў і іншых -12,7 %. Па кожнай з беларускіх губерняў назіралася адчувальная варыятыўнасць паказчыкаў нацыянальнага складу насельніцтва. Удзельная вага беларусаў найбольшай была ў Магілёўскай губерні (82,4 %), найменшай у Гродзенскай (44,0 %). Прычым у гарадах Магілёўскай губерні беларусы мелі параўнальна з іншымі губернямі максімальную ўдзельную вагу 30 %, а мінімальную у гарадах Віленскай.
    Атлас А. Ф. Рыціхіна і складзеная ім «Этнаграфічная карта Еўрапейскай Расіі» акрэслівалі тэрыторыю рассялення беларусаў: «на захадзе ад Сувалак і Беластока далей па рэках Нараў, Ясельда, Прыпяць да яе ўпадзення ў Днепр, на поўнач і ўсход паўночней Вільні, далей на Свянцяны, Люцын, Вялікія Лукі на захад ад Вязьмы і Мгліна, далей па Дняпры да вусця Прыпяці». Я. Ф. Карскі, М. В. Доўнар-Запольскі, члены Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі на аснове этналінгвістычных прыкмет пашыралі этнічную тэрыторыю беларусаў на правабярэжжа Прыпяці, а на ўсходзе да Ржэва і Бранска.
    Галоўным арэалам кансалідацыі беларускай нацыі былі цэнтральная і паўночна-заходняя часткі Беларусі. Тут адзначаўся найвышэйшы працэнт пісьменнага насельніцтва (да 70 % у 1913 г. сярод мужчын) і пражывала каля 70 % карэспандэнтаў газеты «Наша ніва». Марудна этнакансалідацыйны працэс адбываўся ў паўночна-ўсходняй і ўсходняй частках Беларусі. Значнай доля беларусаў была (паводле даных перапісу насельніцтва 1897 г. аб роднай мове) у Веліжскім (87,5 %), Невельскім (84,0 %), Себежскім (47,1 %) паветах Віцебскай губерні, Крас-
    ненскім (90,0 %) павеце Смаленскай губерні, Суражскім (каля 70 %) павеце Чарнігаўскай губерні і некаторых іншых, што знаходзяцца паза межамі тэрыторыі сучаснай беларускай дзяржавы. На прасторы апошняй удзельная вага прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці перавышала 73 %.
    У канцы XIX пачатку XX ст. тэрмін «Беларусь», этнонім «беларусы» замацоўваліся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў і паступова вьшеснілі ўсе іншыя агульныя для Беларусі назвы. Аднак гэты працэс быў супярэчлівым і незавершаным. Саманазва беларусаў не набыла ў той час выразнага агульнанацыянальнага зместу. Поруч з ёй ужываліся канфесіяналізмы «рускія» і «палякі» адпаведна падзелу на праваслаўных і католікаў, а частка насельніцтва Беларусі называла сябе тутэйшымі. Нярэдка ўжываўся тэрмін «ліцвіны», асабліва ў заходніх раёнах Беларусі. У некаторых мясцовасцях існавалі рэгіянальныя назвы, якія адносіліся да значных тэрыторый, «палешукі» для ўсяго Палесся, «пінчукі», «брашчане» для яго асобных частак. Тым не менш адбыліся істотныя зрухі ў этнічнай самасвядомасці беларусаў. Паводле даных перапісу 1897 г. аб роднай мове, 51,8 % агульнай колькасці прадстаўнікоў спадчыннага дваранства прызнавалі сябе беларусамі. 3 ліку асабістых дваран 25,9 % назвалі сваёй роднай мовай беларускую. Каля 20 % урачоў і 21 % настаўнікаў таксама лічылі роднай мовай беларускую. Сялянства, пралетарыят і паўпралетарскія слаі грамадства ў Беларусі складаліся пераважна з прадстаўнікоў карэннага этнасу. Але адной са спецыфічных рыс станаўлення беларускай нацыі з'яўлялася тое, што звыш 90 % яе прадстаўнікоў пражывала ў сельскай мясцовасці. Горад па этнічным складзе жыхароў быў пераважна небеларускім. У другой палове XIX пачатку XX ст. формай этнічнай самасвядомасці некаторай часткі гарадскога насельніцтва, асабліва ва ўсходняй Беларусі, быў «заходнерусізм».