Гісторыя Беларусі другой паловы XIX - пачатку XX ст
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 251с.
Мінск 2017
Падзел саслоўяў на падатковыя і прывілеяваныя быў галоўнай рысай саслоўнай сістэмы Расійскай імперыі. Акрамя таго, саслоўнае паходжанне, вызначэнне праў і абавязкаў, а ў вялікай ступені з'яўленне саміх саслоўяў цалкам залежалі ад дзяржавы. Згодна з расійскім заканадаўствам насельніцгва дзяржавы падзялялася на прыродных абывацеляў, іншародцаў і іншаземцаў, якія адрозніваліся паміж сабой правамі стану. Падданыя Расійскай імперыі, за выключэннем асобных груп іншародцаў, раздзяляліся на чатыры «галоўныя роды людзей» (саслоўі): дваранства, духавенства, гарадскіх і сельскіх абывацеляў. Кожнае з саслоўяў не ўяўляла сабой кансалідаваную групу, а падзялялася на асобныя разрады, якія былі дастаткова рознымі па прававым становішчы. Напрыклад, спадчыннае і асабістае дваранства вельмі мала мела паміж сабой агульнага; духавенства адрознівалася ў залежнасці ад веравызнання і не ўяўляла сабой асобнага саслоўя. Сярод гарадскіх абывацеляў вылучаліся чатыры групы: ганаровыя грамадзяне, купцы, мяшчане і цэхавыя. Акрамя таго, прыналежнасць да некаторых саслоўных груп не перадавалася ў спадчыну і часам не была пажыццёвай. Правамі купецтва карысталіся тыя, хто ўплаціў пэўную гільдзейскую пошліну.
Разбурэнню ранейшых саслоўных інстытутаў, пашырэнню ўніфікацыйных працэсаў і ў канчатковым выніку пераходу да адкрытай грамадскай структуры, якая не стрымлівала сацыяльную мабільнасць насельніцтва, перашкаджалі сфарміраваныя на працягу стагоддзяў традыцыі ў сацыяльна-псіхалагічнай сферы, маральныя каштоўнасці. Апошнія былі падмацаваны настальгічнымі настроямі шляхты па страчанай дзяржаўнасці Рэчы Паспалітай, разгортваннем нацыянальнавызваленчай барацьбы пад лозунгамі аднаўлення былых вольнасцей і краіны. Шляхта ў Расійскай імперыі захавала свае эканамічныя і сацыяльныя пазіцыі, частка нават умацавала іх. Але да падзелаў Рэчы Паспалітай у параўнанні з дваранствам іншых краін і народаў Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы яна валодала значна большымі палітычнымі правамі і мела адпаведныя традыцыі. Атрымаўшы мен-
шыя магчымасііі для выяўлення сацыяльнай актыўнасці, шляхта праявіла цікавасць да нацыянальна-вызваленчага руху. Гэты фактар аказваў значны ўплыў на трансфармацыю шляхты ў дваранскае саслоўе Расійскай імперыі. Нават працэсы маргіналізацыі шляхты, пераводу часткі яе ў падатковыя саслоўі закранулі перш за ўсё сацыяльна-эканамічную сферу, маёмаснае і прававое становішча. Акрамя таго, трываласць саслоўна-групавога складу насельніцтва Беларусі, які сфарміраваўся ў часы Рэчы Паспалітай, падмацоўвалася існаваннем пэўнай структуры эканамічных адносін.
Нівеліроўка саслоўных абмежаванняў адбывалася перш за ўсё праз гандлёва-прамысловае расійскае заканадаўства, якое ў другой палове XIX пачатку XX ст. насіла шмат у чым усесаслоўны характар. Пацвярджэннем дадзенай тэндэнцыі стала выданне Палажэнняў ад 1 студзеня 1863 г. і 9 лютага 1865 г. «Аб пошлінах за права гандлю і іншых промыслаў» і інш. Гандлёвы статут 1893 г., Статут аб прамысловасці 1893 г. дазвалялі займацца гандлем і засноўваць прамысловыя прадпрыемствы расійскім грамадзянам незалежна ад саслоўнай прыналежнасці. Гэта значна паўплывала на дынаміку колькасці купецкага саслоўя ў пачатку XX ст., зрабіла менш прывабным выкуп гільдзейскіх пасведчанняў. Тым не менш прыналежнасць да купецкага саслоўя заставалася прыцягальнай для яўрэяў беларускіх губерняў, якія ў выніку набыцця адпаведных дакументаў маглі пражываць паза межамі рысы аседласці. Мяшчане і сяляне часам прылічалі сябе да складу купецтва і тым самым атрымлівалі права на валоданне бестэрміновымі пашпартамі, вольнае перамяшчэнне па тэрыторыі краіны. Купецтва было адзіным саслоўем, уступленне ў шэрагі якога цалкам залежала ад штогадовай уплаты пэўнага грашовага ўзносу. Кошт гільдзейскіх дакументаў разам з прамысловымі пасведчаннямі і іншымі зборамі дасягаў дастаткова значнай сумы і быў даступны толькі заможным асобам.
Эвалюцыя саслоўнага заканадаўства Расійскай імперыі сведчыла аб паступовым фарміраванні грамадзянскай супольнасці і пераходзе да грамадзянскай роўнасці. Асновай станаўлення такой супольнасці выступала саслоўе мяшчан. У прававым сэнсе праналежнасць да яго не вызначалася пэўнымі ўмовамі. Кожны, хто не належаў да якоганебудзь саслоўя, адпаведна расійскаму заканадаўству абавязкова прылічаўся да мяшчанства. У той жа час прыпісацца да сялянства можна было толькі са згоды сельскай грамады. Прыналежнасць да мяшчан-
скага саслоўя была пажыццёвай і перадавалася ў спадчыну, а таксама выключала магчымасць адначасова знаходзіцца ў іншым саслоўным званні. Пераход у мяшчанскае саслоўе адбываўся толькі праз прыпіску да грамады якога-небудзь горада.
Адпаведна заканадаўству Расійскай імперыі дваране ў залежнасці ад іх паходжання, заслуг і пасады на вайсковай ці грамадзянскай службе падзяляліся на спадчынных (дваранскі тытул якіх перадаваўся з пакалення ўпакаленне) і асабістых (пажыццёвае дваранства). Спадчыннае дваранства ўключала шэсць разрадаў: нададзенае; вайсковае; дваранства, атрыманае ў выніку выслугі пэўнага чыну на грамадзянскай службе ці ўзнагароджання ордэнам; замежныя дваранскія роды; тытулаванае дваранства; старажытныя шляхецкія роды. Першыя тры разрады складалі роды, якія атрымлівалі дваранства дзякуючы якім-небудзь заслугам (асноўная крыніца папаўнення родаў дваранства ў Расійскай імперыі). Сярод 1371 дваранскага роду Магілёўскай губерні ў пачатку XX ст. налічвалася 273 фаміліі (19,9 %) нададзенага дваранства, 170 фамілій (12,4 %), якія набылі тытул у выніку адзнакі на вайсковай службе, 270 (19,7 %) якія атрымалі дваранства за заслугі на грамадзянскай службе ці праз узнагароджанне ордэнам, 3 (0,2 %) замежныя роды, 14 (1 %) тытулаванае дваранства, 691 (46,8 %) старажытныя роды.
За чатыры парэформенныя дзесяцігоддзі ў беларускіх губернях колькасць асабістага дваранства і класных чыноўнікаў павялічылася амаль на 150 % з 22,6 тыс. у 1863 г. да 36 тыс. у 1897 г. Пасля падаўлення паўстання 1863 г. асобам каталіцкага веравызнання было вельмі цяжка трапіць на дзяржаўную службу, каб мець магчымасць праз пэўную выслугу атрымаць асабістае дваранства. У сувязі з гэтым інстытут асабістага дваранства выкарыстоўваўся ў Беларусі для ўзмацнення пазіцый рускага элемента ў вышэйшым саслоўі за кошт прызыву на службу прысланых з унутраных губерняў Расіі чыноўнікаў і вайскоўцаў.
У пачатку 60-х гг. XIX ст. асноўную частку дваран Беларусі складалі тыя, хто фігураваў ва ўрадавых дакументах таго часу як шляхта. Яна вызначалася тым, што не валодала зямельнай уласнасцю ці мела зямлю, не населеную сялянамі. Сродкі свайго існавання шляхта часта вымушана была здабываць арэндай зямлі, прадпрыемстваў у памешчыкаў, службай, працай па найме. Па эканамічным становішчы беззямельная і малазямельная (да 20 дзесяцін) яе часткі істотна не адрозніваліся ад
асноўнай масы сельскага насельніцтва. Характарызуючы дробнае дваранства Гродзенскай губерні, афіцэр Генеральнага штаба П. Баброўскі пісаў, што яно расселена «па гарадах, мястэчках і сёлах. Некаторыя трымаюць у арэндзе фермы, памешчыцкія маёнткі і розныя чыншавыя стацці; іншыя служаць у памешчыкаў, займаючы пасады эканомаў, кіраўнікоў, канторшчыкаў, пісараў і г. д.; нарэшце, трэція, і бадай што гэта ці не найбольшая колькасць дваран, займаюцца сельскай гаспадаркай, утвараючы цэлыя дваранскія аколіцы, і сваім бытам і спосабам жыцця стаяць на адной прыступцы з сялянамі». Аднак сацыяльныя ўстаноўкі, арыентацыя, псіхалагічны бар'ер у стасунках з навакольным вясковым насельніцтвам, звязаныя з асэнсаваннем сваёй прыналежнасці да вышэйшага саслоўя, перашкаджалі размыванню шляхты сярод іншых катэгорый жыхароў. 3 гэтай нагоды магілёўскі губернатар A. С. Дэмбавецкі адзначаў: «У характары шляхціца адметныя рысы: запал і выхвальства ў адносінах да роўных, уніжэнне і рабалепства перад вышэйшымі. Запал і выхвальства выяўляюцца ў шляхты не толькі перад сялянамі, але і адзін перад друтім, што часта даводзіла шляхту да судовых разбораў».
Адной з галоўных характарыстык дваранства як сацыяльнай групы з'яўляецца яго нацыянальны склад. Пасля паўстання 1863 г. нацыянальна-канфесійная прыналежнасць адыгрывала значную ролю ў вызначэнні сацыяльнай іерархіі ўнутры вышэйшага саслоўя ў Беларусі: рускія займалі безумоўна больш высокую страту, абмежаванні ў дачыненні да католікаў і палякаў прывялі да прыніжэння іх становішча ўнутры вышэйшага саслоўя. Сярод спадчынных дваран 51,8 % прызнавалі роднай мовай беларускую, 11,7 рускую, 32,9 % польскую. Болыпасць асоб, якія мелі асабістае дваранства, складалі рускія 50,8 %, 25,6 % былі беларусамі, 18,7 % палякамі. У другой палове XIX ст. у беларускіх губернях, паводле сведчання мясцовых чыноўнікаў, адчувалася значнае сацыяльнае раз'яднанне дваранскага саслоўя: «...палякі трымаюцца асобна і не сыходзяцца з рускімі дваранамі. Прычынай гэтага з'яўляецца, з аднаго боку, адсутнасць дваранскіх сходаў... а з другога боку, розніца павялічваецца праз абмежаванне праў палякаў, якім забаронены доступ на службу».
Духавенства Беларусі ў другой палове XIX пачатку XX ст. было прадстаўлена пераважна праваслаўным, каталіцкім і іўдзейскім. Астатнія яго групы евангелісцка-лютэранскае, евангелісцка-рэфарматарскае, мусульманскае былі нешматлікімі. У 1866 г. у Беларусі налічвалася 18 593 прадстаўнікі праваслаўнага святарства, 679 каталіцкага,
1713 іўдзейскага, 89 адзінаверніцкага, 55 мусульманскага, 47 евангелісцка-рэфарматарскага, 15евангеліснка-лютэранскага, усяго -21 193. Апублікаваныя матэрыялы перапісу насельніцтва 1897 г. не дазваляюць дэталізаваць саслоўна-групавы склад духавенства беларускіх губерняў. Аднак, напрыклад, у Віленскай губерні ў 1912 г. налічвалася 1609 прадстаўнікоў белага праваслаўнага духавенства, 198 праваслаўных манахаў, 484 каталіцкія святары, 35 евангелісцкалютэранскіх, 2 евангелісцка-рэфармацкія, 1876 іўдзейскіх, 19 мусульманскіх, 10 караімскіх, 17 стараверніцкіх. Рост колькасці праваслаўных вернікаў выклікаў павелічэнне штату праваслаўных святароў. Калі ў Магілёўскай епархіі ў 1877 г. налічвалася 567 свяшчэннаслужыцеляў, у 1892 г. 590, то ў 1904 г. іх было 672. Пасля выдання Закона 26 мая 1869 г., які адмяніў спадчыннасць і замкнёнасць духавенства, у яго складзе павялічылася ўдзельная вага выхадцаў з падатных саслоўяў. Каталіцкія святары Беларусі значна ўступалі праваслаўным па сацыяльным статусе ў сувязі з абмежавальнымі мерапрыемствамі ў нацыянальна-канфесійнай сферы пасля паўстання 1863 г. Яўрэйскія святары рабіны карысталіся саслоўнымі правамі купецтва першай гільдыі, аднак гандлёва-прамысловай дзейнасцю займаліся на агульнай аснове.