Гісторыя беларускай кнігі
У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 436с.
Мінск 2011
Напрыклад, друкарня П. Вілейшыса, якая мясцілася на Антокалі, у доме 24а, цесна супрацоўнічала з мінскім і віленскім выдаўцом і кнігагандляром В. Макоўскім. Звярнуўшыся ў малую друкарню, можна было ўласным коштам выдаць свае крытычныя заўвагі на кнігу вядомага аўтара, што выйшла ў вялікім выдавецкім доме, як гэта зрабіў Я. Чачот, надрукаваўшы ў 1846 г. брашуру «Некаторыя заўвагі, найбольш стылістычныя, на трэцюю песню Anafielas пана Крашэўскага «Вітаўтавы баі», выдадзеную ў 1845 г. у Завадскага» (гэта праца Чачота выйшла ў Вільні «ў друкарні М. Зымелёвіча тыпографа»),
3 «малых» віленскіх друкарняў выходзіла шмат «прынагодных» выданняў, якія яшчэ патрабуюць збірання і вывучэння. Прыкладамі могуць быць два недатаваныя і ненумараваныя аркушы пад назвай «Міёры», на якіх міёрскі ксёндз С. Грынеўскі выкладае праблемы рамонту касцельнага будынка (выйшлі з друкарні ксяндза А. Руткоўскага); два ненумараваныя аркушы з друкарні Э. Навіцкага, што змяшчаюць праграму арганізацыі «Круг жанчын на Літве і Белай Русі» (датаваны 12 лістапада 1906 г.); зборнік «Шомерс пінкас» — некалькі старонак на мове ідыш, што выйшлі з друкарні Розэнкранца і Шрыфтзэтцэра ў Лідскім завулку, № 1598—13, і інш.
He заўсёды прадукцыя дробных выдаўцоў была задавальняючай па якасці, прычынай часцей за ўсё была эканомія. Аўтары з гэтым змагаліся як маглі — як прыклад можна прыгадаць кнігу У. Сыракомлі «Нёман ад вытокаў да вусця», якая выйшла ў 1861 г. накладам А. Аса ў віленскай друкарні Блюмовіча, што па вуліцы Рудніцкай. Цікавейшую манаграфію пра адну з галоўных рэк Беларусі і Літвы заканчвае «Алфавітны спіс рэк, што ўпадаюць у Нёман, і значнейшых мясцовасцей, міма якіх Нёман плыве»; да яго Сыракомля зрабіў іранічную анатацыю: «Каб замяніць неабходную тут геаграфічную карту, на якую ашчадны наш выдавец выдаткаў рабіць не схацеў, падаём агульны алфавітны рэестр мясцовасцей, што ўспамінаюцца ў кніжцы». Але гэта было не ўсё. У канцы кнігі, ніжэй зместу, надрукавана наступнае: «Увага. У манаграфіі пару разоў, гаворачы аб упадзенні рэчак у Нёман, надрукавана з правага боку, замест з левага, і наадварот. Абачны чытач лёгка можа гэта паправіць».
На вокладцы кніжкі В. Жукоўскага «Палякі і беларусы» (Вільня, 1907 г.) паведамляецца, што надрукавана яна ў друкарні Э. Навіцкага на вуліцы Палацавай, 11, а на тытульным
БЕЛАРУСКАЯ КНІГА Ў ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
81
аркушы — на вуліцы Вакзальнай, 11. Ці гэта наўмысны гумар (бо папольску «Вакзальная» гучыць як «Дворцова», што стварае алюзію да рускага «дворец», папольску — «палац»), ці няўвага выдаўца — цяпер цяжка сказаць.
У 1785 г. па запрашэнні А. Тызенгаўза для працы ў яго друкарні ў Гродна пераехаў з Галіцыі вядомы словалітчык Нахім, пасля смерці якога справу прадоўжыў яго сын Зымель Нахімовіч. Разам з лацінскімі шрыфтамі сям’я Нахімовічаў адлівала і старажытнаяўрэйскія, дзякуючы чаму ў 1787 г. у Гродне выйшлі дзве кнігі на іўрыце. Выпушчаны яны былі Нахімовічамі ці Б. Ромам — невядома. Апошні ў 1788—1792 гг. выконваў абавязкі ўпраўляючага (ці арандатара) друкарні А. Тызенгаўза. У 1791 г. ён атрымлівае ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага прывілей на адкрыццё друкарні, а ў 1797 г. перамяшчае сваё прадпрыемства ў Вільню. Пасля смерці заснавальніка друкарні ў 1803 г. яна пераходзіць да яго сына Манэса. Увесь час супрацоўніцтва паміж Ромамі і Нахімовічамі ў выдавецкай сферы падтрымліваецца. Так, на пачатку XIX ст. яны выступілі як кампаньёны па выданні старажытнаяўрэйскіх кніг (напрыклад, «Талдот гадфус...»), якія надрукавалі ў Азёрскай друкарні (у 15 км ад Гродна, дзе знаходзілася словалітня 3. Нахімовіча)147. На карысць
іх супрацоўніцтва сведчыць інфармацыя, змешчаная Ю. Завадскім у «Kaledarzy adresowym ... na rok 1807» (Wilno, 1806. S.133), y якой упамінаецца загадчык Гродзенскай друкарні Манэс Борухавіч.
У 1803 г. 3. Нахімовіч адкрывае ў Гродне сваю ўласную друкарню з правам друку на польскай, рускай і старажытнаяўрэйскай мовах, якая праіснавала ў горадзе да 1838 г.148, калі была канфіскавана ў сувязі з забаронай яўрэйскамоўнага друку. Друкарня, абсталяваная трыма варштатамі, і адзіная словалітня на тэрыторыі Беларусі і Літвы павінны былі прынесці не толькі вядомасць, але і прыбытак яе ўладальніку. Сапраўды, майстэрства Нахімовіча, які залічваў сябе ў шэрагі мастакоў, высока ацаніў Ю. Завадскі і наладзіў з ім супрацоўніцтва. У 1808 г., каб матэрыяльна яго падтрымаць, Ю. Завадскі становіцца саўладальнікам гродзенскага прадпрыемства Нахімовіча і накіроўвае ў Гродна загадчыка сваёй друкарні А. Ланткевіча149 — ён спрыяе распаўсюджанню шрыфтоў гродзенскага майстра, якія ні ў чым не саступалі лепшым еўрапейскім Дзідораўскім гатункам150. Гродзенская друкарня 3. Нахімовіча выпусціла 103 кнігі, або 48% ад агульнай колькасці кніг, надрукаваных прыватнымі выдаўцамі Беларусі ў 1й трэці XIX ст.ы Вядома адно выданне гэтага часу, надрукаванае паралельна на рускай і польскай мовах, — «Положенне о размежеваннн ЛнтовскоВнленской губерннн» (1811). У 1807 г. у Гродне дзейнічала «Новая друкарня Тамашэўскага і кампаньёна Гісера»152. «Гісер» у дадзеным выпадку хутчэй за ўсё той жа самы Зымель Нахімовіч, які пазней падпісваў свае выданні наступным чынам: «Друкавана ў Гродне ў Зымеля ШрыфтГісера»153, г.зн. у «Зымеля, ліцейшчыка шрыфту». Як распаўсюджваліся выданні гродзенскай друкарні, паказвае, між іншым, пералік падпісчыкаў, змешчаны ў канцы перакладзенай М. Тамашэўскім з рускай мовы драмы В. Фёдарава «Samobojstwo czyli skutki wynioslosci i uwiedzenia». Спіс падзелены на тры часткі і ўключае прозвішчы (часам і пасады) 64 падпісчыкаў. У канцы выдавец заўважае, што не ўсе падпісчыкі названы, бо не ўсе аплочаныя табелі вярнуліся ў друкарню, і ў такім выпадку працяг паведамлення аб падпісчыках будзе друкавацца ў наступных кніжках.
У 1820 г. пасля адкрыцця ў Гродне губернскай друкарні, 3. Нахімовіч вырашае частку свайго абсталявання перавезці ў Вільню, дзе ён спадзяваўся здабыць сабе большы заробак. У 1821 г. ён атрымаў дазвол на адкрыццё
Вокладка кнігі
В. Жукоўскага «Палякі і беларусы». Вільня, 1907 г.
82
ПСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
друкарні ў Вільні. Прадбачлівасць Нахімовіча апраўдалася пазней і з таго пункту гледжання, што з 1837 г. дзейнасць яўрэйскіх друкарняў на тэрыторыі Расіі забаранялася (забарона была знята ў 1862 г.154). Выключэнне складалі тэрыторыі БеларусіЛітвы і Украіны, дзе дазвалялася мець адпаведна па адной друкарні. Так, з красавіка 1837 г. за 3. Нахімовічам і М. Ромам было замацавана права ўтрымліваць у Вільні адну з дазволеных яўрэйскіх друкарняў. Пэўныя прыцягнутыя імі ў арганізацыю друку капіталаўкладанні паспрыялі яго пашырэнню: пад друкарню быў узведзены спецыяльны будынак, куды перавезена друкарня з Азёраў (відаць, у 1837 г.). Друкарня ў Вільні была абсталявана 25 варштатамі, працавала каля 200 рабочых. Яна стала самым буйным у Беларусі і Літве прадпрыемствам. Прадукцыя, якая вывозілася ў некаторыя замежныя краіны, была універсальнага зместу: рэлігійная, мастацкая, вучэбная, навуковая, навуковапапулярная і інш., у асноўным на польскай і яўрэйскай мовах. У 1835 г. М. Ром і 3. Нахімовіч ажыццявілі адзін з буйнейшых сваіх праектаў па друку Талмуда, які выйшаў у Вільні ў 30 тамах155.
У 1851 г. памёр М. Ром, у 1854 г. — 3. Нахімовіч (апошнія гады жыцця ён правёў у Гродне), а іх друкарскую справу прадоўжылі нашчадкі. Сыны Нахімовіча Хацкель і Моўша таксама працавалі ў Гродне, Азёрах (да 1837 г.) і Вільні. Друкарня Моўшы Зымелевіча дзейнічала ў Вільні да 1864 г., выконваючы толькі друкарскія заказы156.
У 1807 г. адкрываюцца і першыя прыватныя друкарні ў Мінску. Аднак стабільнасць прыватнае кнігадрукаванне ў горадзе набыло толькі ў 1820я гг., калі былі адкрыты прыватныя друкарні Зымеля Прэса (1818— 1835) і Івана Стафановіча (1819—1850). Асноўную частку прадукцыі першых мінскіх друкарняў складалі рэлігійныя выданні: у 3. Прэса — малітоўнікі, чытанкі, песеннікі; у I. Стафановіча — служэбнікі, казанні. Выступаючы ў кнігавыдавецкім працэсе ў асноўным у якасці друкароў і выканаўцаў заказаў іншых выдаўцоў (прыватных I. Легатовіча, Я. Бернарда; дзяржаўных і грамадскіх — Мінскай гімназіі, Таварыства дабрачыннасці), яны прынялі ўдзел у выданні вучэбнай, літаратурнамастацкай і афіцыйнай літаратуры (2 выданні на рускай мове, 17 — на польскай, 8 — на латыні). У мінскай літаграфіі Ф. Фалька былі выкананы ілюстрацыі да «Гапона» В. ДунінаМарцінкевіча. Асноўнай заслугай літаграфіі Ф. Фалька ў кнігавыданні стаў яго ілюстраваны буквар — «Абэцадла»,
які выдаваўся ў Мінску на польскай, нямецкай і расійскай мовах у 1852, 1854, 1856 і 1858 гг.
У пачатку 1850 г. у Мінску пачаў кнігавыдавецкую дзейнасць віленскі тыпограф Ёкель Дворац. які набыў друкарню ў I. Стафановіча. 3 1851 г. Дворац (Ілья Янкель Абрамаў Дворжац) пераязджае на сталае месцажыхарства ў Мінск. Яго накладам, менавіта як выдаўца, выйшлі творы В. ДунінаМарцінкевіча: у 1855 г.— «Вечарніцы і заварожаны», у 1857 г. — «Дудар беларускі». Сумесна з мінскімі кнігарамі братамі Бейлінымі ў тым жа годзе выдадзены «Гапон» В. ДунінаМарціневіча і «Аб маральным удасканаленні» Герандэ. Актыўна супрацоўнічаў Ё. Дворац з аўтарамівыдаўцамі А. Прушынскай (1852), В. ДунінымМарцінкевічам (1859), Л. Вечарам (Шчарбовічам; у 1860 г.) М. Лойкам (1860, 1866), Ф. Чапялінскім (1861) і інш.
Выдавецкатыпаграфская прадукцыя Ё. Двораца вызначаецца разнастайнай тэматыкай: рэлігійная, мастацкая, адукацыйнапедагагічная, мовазнаўчая, сельскагаспадарчая. Першынство належыць мастацкай літаратуры. Па словах У. Сыракомлі можна меркаваць аб стане мінскага кнігавыдання ў гэты час: «Віншуем горад Мінск з тым, што ў ім абуджаецца літаратурны рух. Браты Бейлінавы і Ё. Дворац варушацца над выданнем кніг; увогуле някепская друкарня апошняга адпавядае мясцовым літаратурным патрэбам [...]»157.
1855—1860я гг. у прыватным кнігавыданні адзначаны дзейнасцю мінскай друкалітаграфіі Эмерыка Леапольдавіча Адамовіча (1855— 1874). Сярод яго выданняў вылучаюцца літаратурнамастацкія («Канкурэнты: камедыяаперэтка» М. Лапіцкага, 1861 г.), нотнамузычныя («Для Міхася і Ясі: паланез на чатыры рукі» Ф. Міладоўскага, 1860 г.) і вучэбныя («Лемантар насценны», 1862 г.). Вядома, што Э. Адамовіч займаўся вырабам глобусаў, друкам школьных геаграфічных карт, узораў каліграфічнага пісьма, партрэтаў. Супрацоўніцтва з А. Валіцкім адкрыла яшчэ адзін кірунак яго дзейнасці — нотадрукаванне.