Гісторыя беларускай кнігі
У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 436с.
Мінск 2011
Тым не менш імкненне да пабудовы пэўнай старонкі як адзінага цэлага, што аб’ядноўвала б тэкст і клішэ, атрымлівала ўсё большае распаўсюджанне. Асаблівая ўвага ў гэтым кірунку надавалася афармленню выданняў гістарычнакраязнаўчага характару. Так, па заказу апекуна Віленскай навучальнай акругі Івана Карнілава мясцовыя мастакі і настаўнікі прыступілі да замалёвак помнікаў старажытнасцей. I ўжо ў 1868 г. у Вільні выходзяць такія зборнікі, як «Адметнасці ПаўночнаЗаходняга краю» і «Помнікі заходнерускай даўніны», у якіх былі змешчаны высокапрафесійныя малюнкі мастакоў I. Трутнева, I. Пятрова і настаўніка Кудраўцава. Праўда, ілюстрацыі,
вырабленыя ў Берліне, а таксама ў Пецярбургскай друкарні А. Траншэля, выконвалі задачу сцвярджэння «правоты русского дела» ў Заходнім краі252.
Значную цікавасць з пункту гледжання мастацкага афармлення ўяўляе і такое мясцовае выданне, як «ПаўночнаЗаходні каляндар», два выданні якога ў 1892 і 1893 гг. з’явіліся ў Мінску дзякуючы А. Слупскаму. На вокладцы календара пазначаны аўтар малюнка — А. Харламповіч. Якасць мастацкага аздаблення выдання адзначыў у свой час Р. Зямкевіч: «Каляндар выдадзены вельмі прыгожа: вокладка літаграфаваная з тыпам беларускага селяніна, які злажыўшы рукі і апёршыся на кіёк, курыць люльку і як бы іранічна пазірае на ворагаў яго мовы...»!Я. Гэта выданне, якое акрамя ілюстраванай вокладкі ў тэксце змяшчала застаўкі і ініцыялы, выкананыя (?) Ланавым і 1. Гіянам, Р. Зямкевіч называе чыста беларускім паводле зместу і мастацкага ўвасаблення.
Багата ілюстравана была праца «Рака Заходняя Дзвіна: гісторыкагеаграфічны агляд» (Віцебск, 1893 г.) вядомага беларускага гісторыка і краязнаўца Віцебшчыны Аляксея Сапунова, якая атрымала шырокі водгук у тагачасным друку дзякуючы ў тым ліку высакаякасным ілюстрацыям, што адпаведна павялічыла каштоўнасць і цікавасць да яе254. У афармленні выдання выкарыстаны чырвоны колер (на тытульным аркушы), вялікая колькасць ксілаграфій і літаграфій відарысаў мясцовасці Віцебшчыны, што былі выкананы па фатаграфічных здымках (у асноўным — інжынера Шэлюты і самога А. Сапунова). Ксілаграфічныя работы зроблены ў СанктПецярбургу гравёрам К. Веерманам у друкарні Е. Еўдакімава, а літаграфічныя — у Віцебску гравёрам Швейцарам у друкарні Г. Малкіна. У выданні змешчаны таксама карты і планы мясцовасці Заходняй Дзвіны, некаторыя з якіх былі запазычаны аўтарам са сваіх ранейшых выданняў. Узорам выдання высокіх эстэтычных вартасцей з’яўляецца друкаваны каталог мастацкай выстаўкі, якая адбылася ў Віцебску ў 1899 г. Кніга мае альбомны фармат, змест складаецца не толькі са спіса прадстаўленых на выстаўцы карцін, але і з мастацтвазнаўчых нарысаў, прысвечаных мастаку Ю. Пэну, калекцыі беларускіх эцюдаў прафесара Клевера і інш.
132
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІП
Старонка з кнігі «На памяць пра Віцебскую мастацкую выстаўку 1899 г.».
Віцебск, 1899 г.
Яскравы і даволі тыповы ўзор афармлення вокладкі ўяўляюць «Памятныя кніжкі» той ці іншай губерні (Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай), якія апраўляліся ў каленкоравыя пераплёты з арнаментаваным цісненнем і выкарыстаннем чырвонай, зялёнай, залатой фарбаў. Надаць кнізе ўрачысты і вытанчаны выгляд, а таксама забяспечыць яе захаванасць у канцы XIX — пачатку XX ст. у Мінску дапамагалі пераплётныя майстэрні (М. Хаськіна, С. Някрасава), цынкаграфіі і фотацынкаграфіі (Л. А. Розенберга), фотатыпіі (братоў Берманаў), гравёрныя майстэрні (Ю. Фрумкіна, С. Слабодскага, I. 3. Ізакава).
Ілюстраваліся і некаторыя арыгінальныя мясцовыя выданні па сельскай гаспадарцы,
тэхніцы, ваеннай гісторыі, матэрыялы прыкладнога характару, якія выдаваліся як у дзяржаўных друкарнях, так і ў прыватных друкалітаграфіях.
Неабходна звярнуць таксама ўвагу на афармленне перыёдыкі, у якім прымалі актыўны ўдзел не толькі мясцовыя паліграфічныя прадпрыемствы, але і прафесійныя мастакі. У канцы XIX — пачатку XX ст. беларускія мастакі былі задзейнічаны ў выданні і афармленні некаторых польскіх і расійскіх выданняў, у якіх адлюстроўвалі жыццё і побыт мясцовага насельніцтва. Так, А. Ромер супрацоўнічаў з «Тыгоднікам Віленьскім», «Ілюстраваным Тыгоднікам», варшаўскай «Віслай». М. Мікешын рэдагаваў і выдаваў літаратурнамастацкі рускі часопіс «Пчала», а таксама ілюстраваў творы М. Гогаля, Т. Шаўчэнкі і інш. У 1898 г. на штогадовым конкурсе часопіса «Ілюстраваны Тыгоднік» першую ўзнагароду за працу «Свіцязь» атрымаў Казімір Альхімовіч, які займаўся ілюстраваннем гераічнарамантычных твораў Ю. Крашэўскага, А. Міцкевіча, У Сыракомлі, Ю. Славацкага, Ф. Бернатовіч, Э. Ажэшкі. Пейзажысту Генрыху Вейсенгофу належаць ілюстрацыі да паляўнічых апавяданняў яго брата Юзафа Вейсенгофа, дзе мастак праявіў сябе выдатным анімалістам255. Відавочна, што названых мастакоў і пісьменнікаў у значнай ступені ядналі «тутэйшыя» тыпы, сюжэты і вобразы, родныя па духу жыцця і творчасці.
Шматлікую колькасць гравюр, ілюстрацый і малюнкаў для перыядычных выданняў Вільні, Варшавы, Кракава зрабіў Фердынанд Рушчыц. Дзякуючы таленавітай працы мастака друкі Ф. Завадскага ў Вільні мелі высокі мастацкапаліграфічны ўзровень. У асобных аўтарскіх графічных творах, якімі з’яўляліся застаўкі, канцоўкі для кніг, мастак шырока выкарыстоўваў матывы беларускага арнаменту, слуцкіх паясоў. Арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы вызначаецца аформленая ім вокладка часопіса «Журавы» («Zurawce»): «Высока над зямлёй лунае чарада журавоў. Цень іх адбіўся ў люстраной гладзі возера. Мастак падае сюжэт як бы з вышыні птушынага палёту. Таму глядач быццам сам з’яўляецца яго ўдзельнікам. Дасканалы малюнак, тонкая, дакладная штрыхоўка — характэрныя рысы гэтай работы»256. Пад кіраўніцтвам Ф.Рушчыца выходзілі «Дзённік Віленьскі» і «Тыгоднік Віленьскі», якія друкаваліся ў друкарні «Зніч», закладзенай А. Жукоўскім. Есць таксама звесткі, што Ф. Рушчыц прымаў удзел у афармленні беларускіх календароў.
БЕЛАРУСКАЯ КНІГАЎПЕРЫЯДРАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
133
Старонкі з кнігі «На памяць пра Віцебскую мастацкую выстаўку 1899 г.».
Віцебск, 1899 г.
Тытульны ліст аформленай Ф. Рушчыцам кнігі «Immortele Slowackiego» з аўтографам 1921 г. Вільня, 1910 г.
134
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
СІМВАЛЫ ТУТЭЙШАСШ I МАТЫВЫ БЕЛАРУСКАСНІ (1905—1917 ГГ.)
У працэс адраджэння беларускага кнігадрукавання і фарміравання новага вобраза беларускай кнігі ўключыліся такія выдатныя мастакі, як С. БогушСестранцэвіч, К. Каганец, Я. Драздовіч і інш., якія прынялі ўдзел у стварэнні ўзораў кніжнага мастацтва першых беларускіх выданняў пачатку XX ст. Нават загаловак «Нашай Нівы» (пачала выходзіць у 1906 г.) абвяшчаў, што гэта — «першая беларуская газета з рысункамі». Справа беларускамоўнага друку аказалася не такой простай і вымагала значных фінансавых сродкаў, таму не заўсёды выдаўцам удавалася вытрымліваць адзінства матэрыяльнага, духоўнага і мастацкага ў сваіх выданнях. Часцей за ўсё ім даводзілася ахвяраваць менавіта эстэтыкай мастацкага афармлення.
«Першай цаглінай у будынак наладжанага беларускага выдавецкага дзела» стала, як адзначыў 3. Жылуновіч257, «Вязанка» Я. Лучыны, выдадзеная пецярбургскімі студэнтамі з Беларусі ў 1903 г. Брашура ў 22 старонкі ў 16ю долю аркуша панесла ў свет сімвалічны вобраз беларускай кніжнай культуры. «Шэрая хвароба вокладкі адбівае шэрасьць у выдавецкай справе, матэр’яльную ўбогасьць сяброў організацыі — студэнтаў і невялікі ўзровень беларускае культуры»2”. Сапраўды, большасць беларускіх выданняў пачатку XX ст. пазбаўлены мастацкага афармлення і маюць выгляд брашур з разнароднымі шрыфтамі і даволі невысокай тэхнікай набору друку. Аднак беларускія пісьменнікі ў супрацоўніцтве з мастакамі і выдаўцамі прыкладалі ўсе намаганні, каб выправіць такое складанае становішча.
Адным з іх быў Карусь Каганец (Казімір Карлавіч Кастравіцкі), імя якога засталося ў гісторыі беларускай выдавецкай справы. Яго пачынальніцкая праца ў справе афармлення першых беларускіх кніжных выданняў была звязана з дзейнасцю пецярбургскай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», па прапанове якой К. Каганец прыняў удзел у падрыхтоўцы школьнай чытанкі, збіраў матэрыялы да слоўніка роднай мовы, пісаў беларускую граматыку, займаўся перакладамі. Так, у 1906 г. з’яўляецца «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» — першы вопыт беларускага падручніка. Хоць суполка наладзіла сувязі з друкарняй К. Пянткоўскага, атрымала крэдыт на свае работы і ўзбагаціла набор беларускіх
шрыфтоў, «Беларускі лемантар» выйшаў без вокладкі, на газетнай паперы, праўда, на кірыліцы і лацініцы, што адначасова рабіла яго даступным для розных пластоў беларускага грамадства. На тытульным аркушы не было прозвішча аўтара, аднак паводле Ю. Туронка вядома, што гэта была сумесная праца К. Каганца і В. Іваноўскага. Што тычыцца ілюстрацыйнага матэрыялу, то ўсяго ў выданні (на кірыліцы — 30 нумараваных і 2 ненумараваныя старонкі; на лацініцы — 23 і 2 адпаведна) 21 невялікі па памерах малюнак. Хоць малюнкі таксама не вызначаюцца высокай якасцю клішэ, аднак задача даць чытачу ўяўленне пра прадмет, які вывучаецца, была дасягнута. Напрыклад, літару «Н» падтрымлівае намаляваны тын; літару «Ш» — груша; літару «Ў» — воўк; літару «Ь» конь259. Можна заўважыць, што ў кірылічным варыянце ў тэксце выкарыстоўваецца літара «н» з рускай мовы. У канцы лемантара змешчаны алфавіт лацініцай і кірыліцай, даводзіцца, як яго трэба чытаць. Праз год выйшла яшчэ адно выданне — навуковапапулярная брашура «Гутаркі аб небі і зямлі» (у 16ю долю аркуша), у якім К. Каганец ізноў выступаў у якасці перакладчыка і мастака. Даступную форму гутаркі пра астранамічныя з’явы падмацоўвалі адпаведныя малюнкі. Апынуўшыся ў мінскай турме за ўдзел у рэвалюцыйным руху, ён не пераставаў маляваць, ствараў ілюстрацыі да твораў Я. Коласа. На жаль, 12 зробленых ім у Пішчалаўскім замку малюнкаў не захаваліся. У 1910 г. К. Каганец распрацаваў вокладку для кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа, якую замовіла мастаку выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» яшчэ ў 1906 г. Пры ўсёй прастаце задумы малюнка, які ўяўляў зімовы краявід з засыпанымі снегам хатамі і вясковым хлапчуком з кнігай, у працы К. Каганца адчуваюцца пранікненне ў сутнасць з’явы, сімпатыя да маленькага героя, любоў да беларускага пейзажу260. Вядома, што К. Каганец супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», займаўся таксама афармленнем беларускіх календароў, распрацаваў вокладку да ўласнай кнігі, выкарыстоўваючы матывы народнага ткацтва і разьбы па дрэве.