• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя беларускай кнігі У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)

    Гісторыя беларускай кнігі

    У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)

    Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
    Памер: 436с.
    Мінск 2011
    321.41 МБ
    У заснаваным у 1669 г. кляштары бенедыкцінак (Ordo Monialium Sancti Benedicti) колькасць кніг таксама была нязначная. Візітатар у 1820 г. запісаў: «Кніг навуковых у
    БЕЛАРУСКАЯ КНІГА V ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
    143
    бібліятэцы ніякіх аўтараў няма, апрача жыцій святых і кніг для набажэнства»283.
    Некалькі значных кнігазбораў было ў кляштарах канонікаў рэгулярных. Першыя абіцелі гэтага ордэна былі заснаваны ў Быхаве вялікім гетманам ВКЛ Янам Каралем Хадкевічам у 1619 г. (пасля 1772 г. перанесена ў Азяраны) і ў Крамяніцы (недалёка ад Зэльвы) віцебскім кашталянам Мікалаем Вольскім у 1620 г. У 1650 г. падкаморы ВКЛ Лявон Казімір Сапега заклаў кляштар гэтага ордэна ў Слоніме, а ў 1668 г. віленскі ваявода Міхал Пац — у Вільні, на Антокалі (са славутым касцёлам св. Пятра і Паўла). Віленскаму кляштару належала сядзіба ў Відзах (з 1804 г.). 3 26 мая 1795 г. гэтыя кляштары належалі да літоўскарускай правінцыі ордэна (скасаваны ў 1845 г., віленскі касцёл дзейнічаў да 1864 г.). Асобныя бібліятэчкі меліся для патрэб вучняў і настаўнікаў 4 манастырскіх школ: 2 парафіяльных (у Азяранах і Слоніме) і 2 павятовых (у Слоніме і Відзах). Інфармацыя пра бібліятэку канонікаў у Быхаве захавалася толькі ў «Liber visitationum conventuum 1692— 1697» М. Влашкевіча, якая знаходзіцца зараз у Кракавё284 — на той час яна складалася з 181 назвы ў 196 тамах.
    Вельмі характэрным прыкладам кнігазбору канонікаў служыць бібліятэка канвента ў Вільні: візітацыя 1820 г. падае апісанне збору, якое налічвае 2197 назваў, большасць кніг датаваны XVIII ст. Невялікі збор мелі канонікі ў Крамяніцы, перад скасаваннем кляштара (у 1832 г.) тут было 520 кніг.
    Віленскім канонікам перададзена таксама бібліятэка зачыненай у 1832 г. школы ў Відзах. У 1849 г. ксёндз Ян Пагарэльскі паведамляў, што кнігі ў 1833 г. тагачасны прыёр Тамаш Камінскі аддаў прэфекту павятовай школы ў Свянцянах. Ад 1836 г. захавалася інфармацыя, што дырэктар школы ў Свянцянах адмовіўся прыняць бібліятэку з Відзаў з прычыны адсутнасці месца. Зрэшты кнігазбор свянцянскай школы ў 1873 г. паступіў у Віленскую публічную бібліятэку285.
    У 1847 г. па загаду віленскага ваеннага губернатара адбылася рэвізія манастырскіх кнігазбораў з мэтай выяўлення «палітычна забароненых» і «непрыстойных». Канфіскаваныя ў віленскіх кляштарах кнігі прадпісвалася перадаваць у Віленскую школьную камісію286. Калі за ўдзел манахаў у паўстанні 1863—1864 гг. кляштар быў ліквідаваны, кнігі часткова перададзены ў распараджэнне куратара Віленскай навучальнай акругі, часткова — у дыяцэзіяльную семінарыю. Кнігі канонікаў
    рэгулярных літоўскарускай правінцыі сёння можна знайсці ў правінцыяльнай бібліятэцы гэтага ордэна ў Кракаве, куды яны маглі быць прывезены манахамі, а таксама трапіць як дублеты Віленскай публічнай бібліятэкі (іх лёгка ідэнтыфікаваць дзякуючы адмысловым экслібрысам). Магчыма, іх куплялі паводле друкаваных каталогаў дублетаў за 1880—1883 гг.287
    Пасля пасяджэння сабора рускай праваслаўнай царквы ў Полацку 1839 г., які фактычна дэнансаваў рашэнні Брэсцкай уніі 1596 г. і абвясціў аб зліцці праваслаўнай і грэкакаталіцкай цэркваў, пачаўся новы этап у развіцці царкоўных і манастырскіх бібліятэк Беларусі, працэс складаны па сваім змесце і шмат у чым трагічны. Адным з аспектаў дзейнасці праваслаўнай царквы ў гэтым кірунку стала кампанія па канфіскацыі уніяцкіх богаслужэбных кніг са збораў і манастыроў. Яе ініцыятарам быў мітрапаліт Іосіф (Сямашка), а цэнтрам — Жыровіцкі манастыр, куды з усіх канцоў Беларусі сталі звозіць канфіскаваныя грэкакаталіцкія кнігі. Спачатку яны проста ляжалі без нагляду, але, калі кнігі паступова пачалі расцягваць па хатах, было прынята рашэнне аб іх поўным знішчэнні. Па афіцыйных дадзеных за перыяд з 1841 па 1857 г. было спалена больш 2 тыс. кніг, хоць сам мітрапаліт Іосіф прызнаваў, што на самай справе было знішчана нашмат больш. Да канца 1860х гг. у Беларусі фактычна не засталося бібліятэк, не кранутых царкоўнай цэнзурай288. Аб трагічным лёсе кнігазбораў грэкакаталіцкай царквы сведчыць гісторыя найбуйнейшых з іх — бібліятэк Жыровіцкага, Лаўрышаўскага і Супрасльскага манастыроў.
    Уціск уніятаў стаў падставай для распылення фондаў бібліятэкі Жыровіцкага манастыра, створанай у XVI ст. беларускім праваслаўным магнатам Солтанам. Бібліятэка налічвала на мяжы XVIII—XIX стст. 3867 тамоў друкаваных выданняў і 537 рукапісаў. 3 яе фондаў, як і з фондаў іншых уніяцкіх бібліятэк, царкоўнай цэнзурай былі выключаны і затым спалены шматлікія экзэмпляры кніг. Частку рэдкіх і старажытных кніг з бібліятэкі манастыра мітрапаліт Іосіф перадаў у бібліятэку Расійскай Акадэміі навук у Пецярбургу. Пакінутая частка калекцыі паступова прыйшла ў заняпад, кнігі з яе канфіскаваліся рознымі асобамі, у т.л. з мэтай нажывы.
    У 1840х гг. рэшткі былой бібліятэкі манастыра былі перададзены Жыровіцкай духоўнай семінарыі. У 1845 г. у сувязі з яе пераводам у Вільню, частка кніг была вывезена ў Віленскі СвятаТроіцкі манастыр,
    144
    ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
    40 царкоўнаславянскіх рукапісных кніг з іх ліку ў 1878 г. былі перададзены ў Віленскую публічную бібліятэку. Пакінутыя ў Беларусі экзэмпляры з калекцыі манастыра (каля 300) трапілі ў бібліятэку Жыровіцкага духоўнага вучылішча. Сярод іх асабліва вылучалася калекцыя падручнікаў, а таксама багаты збор энцыклапедычных і лінгвістычных слоўнікаў XVI—XVII стст. Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г. сляды бібліятэкі Жыровіцкага духоўнага вучылішча губляюцца.
    Рознымі шляхамі кнігі з жыровіцкай бібліятэкі апынуліся ў бібліятэках Расіі, Літвы, Польшчы і Украіны. На сённяшні дзень вядомы 52 рукапісныя кнігі з 537 пазначаных у вопісе 1810 г. і больш за 100 друкаваных. Яны знаходзяцца ў бібліятэцы імя Урублеўскага АН Літвы, СанктПецярбургскім філіяле Інстытута расійскай гісторыі РАН, Бібліятэцы РАН у СанктПецярбургу, РГБ у Маскве, РНБ у СанктПецярбургу і інш.289.
    He менш трагічны лёс бібліятэкі Супрасльскага манастыра, заснаванага ў 1498 г. навагрудскім ваяводам, маршалкам ВКЛ А.І. Хадкевічам. У яе фондах захоўваліся вельмі рэдкія выданні. У 1830я гг. пачаўся заняпад манастыра і паступовы адток кніжных каштоўнасцей з бібліятэкі. Вядомая далёка за межамі Рэчы Паспалітай, яна прыцягвае ўвагу буйнейшых славістаў свету, што вядзе да хуткага распылення яе калекцыі. На момант поўнай перадачы рэшты кніг у Віленскую публічную бібліятэку ў 1876 г. значная частка Супрасльскага кнігазбору, самыя старажытныя і каштоўныя кнігі ўжо былі
    вывезены. У Вільню было перададзена толькі 1109 экзэмпляраў, пасля чаго ў бібліятэцы манастыра засталося толькі некалькі дзесяткаў царкоўнаслужэбных кніг новага друку. 3 1880х гг. бібліятэка і архіў пачалі паступова папаўняцца, і на пачатак XX ст. налічвалася ўжо 1000 адзінак захоўвання. Але і гэты збор, куды менш каштоўны, неўзабаве быў страчаны290.
    На працягу стагоддзяў складаўся кнігазбор бібліятэкі Лаўрышаўскага манастыра — аднаго са старажытнейшых на беларускіх землях. У сярэдзіне 1830х гг., як і іншыя грэкакаталіцкія манастыры, ён быў зачынены, a маёмасць канфіскавана. Звестак аб далейшым лёсе бібліятэкі не захавалася.
    Такім чынам, пасля задушэння паўстання 18301831 гг. і ўзмацнення рэакцыі на тэрыторыі Беларусі была спынена дзейнасць грэкакаталіцкай царквы, яе храмаў і манастыроў, навучальных устаноў і друкарняў. У выніку былі спустошаны як шматлікія бібліятэкі невялікіх храмаў, так і кніжныя калекцыі буйнейшых манастыроў Беларусі, якія фарміраваліся на працягу стагоддзяў, у т.л. Жыровіцкага, Лаўрышаўскага, Віленскага і Супрасльскага. Захаваная частка іх калекцый была распылена па свеце.
    Ліквідацыя бібліятэк уніятаў і скарачэнне колькасці бібліятэк і фондаў рымскакаталіцкай царквы, якія займалі вядучае месца ў развіцці бібліятэчнай справы ў Беларусі, дазволіла царскаму ўраду значна скараціць уплыў заходніх канфесій на шырокія колы насельніцтва.
    БЕЛАРУСКАЯ КНІГАЎПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
    145
    Руская школа і руская бібліятэка
    Паралельна з рэарганізацыяй канфесіянальнагаладу натэрыторыі Беларусі будаваліся новыя навучальныя ўстановы, якія працавалі (за малым выключэннем) толькі з рускай кнігай і збіралі рускія бібліятэкі. У 1770я гг. ў дадатак да існуючых было створана больш за 20 рускіх школ у Віцебску, Суражы, Дрысе і іншых гарадах. У 1789—1793 гг. адкрываецца яшчэ 8 галоўных чатырохкласных і малых двухкласных народных вучылішч у Магілёве, Полацку, Віцебску, Оршы, Капылі, Чэрыкаве, Чавусах і Мсціславе. Усяго ў 1й трэці XIX ст. на тэрыторыі Беларусі былі адкрыты 6 новых гімназій і 17 павятовых вучылішч291. Старыя навучальныя ўстановы падвяргаліся паступовай рэарганізацыі. Так, Віцебскае піярскае, Мінскае, Жыровіцкае, Гродзенскае вучылішчы былі ператвораны ў гімназіі, а навучальныя ўстановы былой Эдукацыйнай камісіі — у вучылішчы. У свецкія школы былі таксама ператвораны навучальныя ўстановы езуітаў. У 1828 г. у Віленскай навучальнай акрузе быў прыняты новы школьны статут і скончана школьная рэформа, якая ажыццяўлялася з пачатку стагоддзя. Адным з яе вынікаў стала ператварэнне каталіцкіх навучальных устаноў у свецкія гімназіі і павятовыя вучылішчы292.
    Бібліятэкі, адкрытыя пры створаных вучылішчах, камплектаваліся ў асноўным кнігамі расійскіх аўтараў, што паступалі з СанктПецярбурга. Кніжныя фонды асобных з іх — Полацкага, Віцебскага, Магілёўскага — хутка дасягаюць нават некалькіх соцень тамоў. Так, бібліятэка Полацкага чатырохкласнага вучылішча мела 425 кніг, 80% з якіх складалі выданні свецкага характару. Усяго ж з 1789 па 1794 гг. у вучылішчы Беларусі з Расіі паступіла каля 30 падручнікаў і дапаможнікаў у колькасці 17 тыс. экзэмпляраў.293.
    Павышэнне статуса вучылішч пасля ператварэння іх у гімназіі спрыяла росту фондаў бібліятэк і паляпшэнню іх утрымання. Так, кніжны фонд Віцебскай гімназіі за перыяд з 1808 па 1815 г. павялічыўся з 342 да 745 тамоў294. Разам з тым, рэарганізацыя навучальных устаноў каталіцкай царквы ў свецкія суправаджалася канфіскацыяй з фондаў іх бібліятэк каталіцкіх выданняў. Канфіскаваліся выданні і з бібліятэк іншых навучальных устаноў у адпаведнасці са спісамі забароненых кніг, апублікаванымі Міністэрствам духоўных спраў і народнай асветы.