• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя беларускай кнігі У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)

    Гісторыя беларускай кнігі

    У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)

    Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
    Памер: 436с.
    Мінск 2011
    321.41 МБ
    Нягледзячы на ўсе цяжкасці, звязаныя з абмежаваннямі ў матэрыяльнай падтрымцы бібліятэк з боку дзяржавы, 25 кастрычніка 1833 г. у Магілёве адкрылася першая на тэрыторыі Беларусі публічная бібліятэка, якая размяшчалася ў Доме дваранскага сходу. 25 ліпеня 1834 г. Міністэрства народнай асветы дало дазвол на адкрыццё публічнай бібліятэкі ў Гродне. Дакладная дата адкрыцця губернскай публічнай бібліятэкі ў Мінску невядома; прынята лічыць, што яна была створана ў 1842 г.
    Шмат гадоў абмяркоўвалася пытанне аб адкрыцці губернскай публічнай бібліятэкі ў Віцебску. Аднак, як пісалі ў 1840 г. у сваёй дакладной запісцы кіраўнікі вучылішчаў Віцебскай губерні, «нягледзячы на ўсе спосабы, якія былі дастаўлены з боку вучылішча да стварэння ў г. Віцебску губернскай бібліятэкі... дагэтуль не толькі не адкрыта яна, але, як падаецца, існаванне яе аддаляецца на нявызначаны час, бо з боку мясцовага начальства зусім не прымаецца да таго ніякіх мер»304. Такім чынам, зза бюракратычнай цяганіны губернская публічная бібліятэка ў Віцебску так і не была адчынена.
    Асноўнай праблемай і перашкодай у развіцці губернскіх публічных бібліятэк з моманту іх узнікнення стала адсутнасць сталых і надзейных крыніц фінансавання. Крыніца дабрачынных ахвяраванняў была не такой вялікай,
    148
    ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
    каб дазволіць публічным бібліятэкам дастойна развівацца і стаць цэнтрамі кніжнай культуры і славеснасці, як задумвалі іх стваральнікі.
    Пасля вырашэння праблемы з вылучэннем памяшканняў для размяшчэння бібліятэк найбольш востра ўстала пытанне аб камплектаванні іх фондаў. У якасці крыніц паступленняў у фонды бібліятэк выступалі:
    	добраахвотныя ахвяраванні «дваран... з асабістых сваіх лішніх кніг»;
    	падпіска «некаторых аматараў чытання... на рускія і замежныя газеты і іншыя перыядычныя выданні», якія «пасля прачытання іх падпісчыкамі паступалі ў бібліятэку для ўсеагульнага ўжывання»;
    	выданні Вольнага эканамічнага таварыства СанктПецярбурга і іншых арганізацый (перадаваліся ў бібліятэкі бясплатна);
    	кнігі пецярбургскага кнігагандлёўца А. Смірдзіна, які, «жадаючы садзейнічаць установе да пачатковага абзавядзення публічных бібліятэк у губернях», прапаноўваў набыць у яго 543 выданні са скідкай у 70%;
    	пакупка кніг за кошт сродкаў, якія паступілі ў распараджэнне бібліятэк.
    Нягледзячы на вялікую колькасць крыніц, фонды бібліятэк папаўняліся рэдка і без вызначанай сістэмы, у асноўным непапулярнымі выданнямі, і на працягу дзесяцігоддзяў заставаліся нешматлікімі і беднымі. Так, да часу адкрыцця Магілёўскай губернскай публічнай бібліятэкі яе фонд складаўся з 51 экзэмпляра кніг і перыядычных выданняў. Фонд публічнай бібліятэкі ў Гродне праз 6 гадоў пасля яе адкрыцця ў 1840 г. налічваў усяго 304 назвы кніг і перыядычных выданняў у 1161 экзэмпляры. Да 1843 г. ён павялічыўся ўсяго на 380 назваў (да 1427 экзэмпляраў). У асноўным гэта былі старыя афіцыйныя перыядычныя выданні, бясплатна перададзеныя яшчэ ў 1830я гг. некаторымі ведамствамі і прыватнымі асобамі. У наступным дзесяцігоддзі сітуацыя засталася такой жа — у 1857 г. у бібліятэку ніякіх ахвяраванняў не паступала і кнігі не выпісваліся. Бясплатна паступіла толькі некалькі перыядычных і статыстычных часопісаў. Да 1849 г. фонд губернскай публічнай бібліятэкі ў Мінску налічваў ўсяго 758 назваў кніг (1697 экзэмпляраў)305.
    У пачатку 1850х гг. у трох губернскіх публічных бібліятэках, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, налічвалася ўсяго каля 6 тыс. кніг306, г.зн. прыкладна па 2 тыс. на адну бібліятэку. 3 такім патэнцыялам ім цяжка было прэтэндаваць на запаўненне вакууму, які стварыўся ў культурнай прасторы рэгіёна пасля
    ліквідацыі бібліятэк Віленскага універсітэта, Полацкага калегіума, Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, якія налічвалі дзесяткі тысяч тамоў, у т.л. вельмі рэ'дкіх і каштоўных выданняў, якія адлюстроўвалі шматвяковыя дасягненні цывілізацыі ў сферы рэлігіі, філасофіі і навукі.
    Першапачаткова меркавалася, што губернскія публічныя бібліятэкі будуць адкрыты для наведвальнікаў штодня, акрамя нядзелі і святочных дзён. Праўда, прадугледжвалася, што калі гэта зрабіць будзе немагчыма, то бібліятэкі павінны абслугоўваць наведвальнікаў «прынамсі тры або чатыры разы ў тыдзень і не меней як па чатыры гадзіны ў дзень». Такое меркаванне было больш рэалістычным і блізкім да магчымасцей мясцовых улад. Так, Магілёўская публічная бібліятэка была адчынена для наведванняў тры дні ў тыдзень (нядзеля, аўторак і чацвер) з 3 да 8 гадзін апоўдні.
    Акрамя чытання ў памяшканні бібліятэкі, жадаючым «дазвалялася... браць кнігі на дом, але з забеспячэннем захаванасці іх закладам і са спагнаннем за тое некаторай колькасці грошай...». Каб узяць кнігі для чытання на дом, наведвальнікам Магілёўскай бібліятэкі неабходна было прадставіць у заклад 25 рублёў авансам, а таксама для атрымання кніг на працягу месяца заплаціць 2 рублі, за паўгода — 10, а за год — 15 рублёў.
    Платнае абслугоўванне, якое перавышала рублёвы ўзнос, фактычна закрывала ўваход у бібліятэку бедным слаям насельніцтва. Акрамя таго неабходна памятаць, што мовай асветы і культуры, дзелавых зносін у Беларусі таго часу была польская, прасталюдзіны ж размаўлялі пабеларуску. Таму фонды публічных бібліятэк, сфарміраваныя з кніг на рускай мове, былі не надта прывабнымі для мясцовых жыхароў.
    Плата за карыстанне кнігамі, нізкая якасць фондаў, іх неадпаведнасць патэнцыяльным запытам карыстальнікаў сталі асноўнымі фактарамі, якія стрымлівалі ператварэнне бібліятэк у масавыя ўстановы. Так, у Гродзенскай губернскай публічнай бібліятэцы ў 1857 г., г.зн. праз 23 гады пасля яе адкрыцця, налічвалася толькі 37 чытачоў, якім было выдадзена для чытання ўсяго 132 тамы. Сітуацыя ў іншых бібліятэках выглядала не лепш, за што, напрыклад, першая ў Беларусі публічная бібліятэка — Магілёўская — увайшла ў гісторыю як «бібліятэка... якая ніколі не мела чытачоў».
    Бібліятэкар павінен быў «утрымліваць бібліятэку ў належным парадку, рапартаваць губернатару і камітэту аб атрымліваемых кнігах», а таксама весці рэестр наяўных
    БЕЛАРУСКАЯ КНІГАЎ ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
    149
    у фондзе кніг і новых паступленняў, прадстаўляць цэнзарам для праверкі каталогі бібліятэкі і інш. Разам з тым, дадатковая аплата працы бібліятэкара не прадугледжвалася: «...жалаванне бібліятэкарам павінна выплачвацца ў такім толькі выпадку, калі... магчымасці бібліятэкі гэта дазволяць». Але магчымасці, як правіла, гэта дазволіць не маглі, таму што атрымліваемых бібліятэкамі сродкаў бракавала нават для мінімальнага камплектавання фонду, не гаворачы ўжо пра выдзяленне сродкаў на зарплату бібліятэкару. Вялікі круг абавязкаў і адсутнасць аплаты працы вялі да частай змены бібліятэкараў і адсутнасці пераемнасці ў іх працы. Так, першапачаткова «прыняць на сябе званне бібліятэкара» Гродзенскай бібліятэкі пагадзіўся прэфект ксёндз Зялёнка. Аднак, як сведчаць архіўныя матэрыялы, пазней на гэтую пасаду быў прызначаны «архіварыус канцылярыі былога грамадзянскага губернатара Томаш Краскоўскі», які ў 1831 г. «збег да мяцежнікаў і без весткі знік, пакінуўшы наяўныя кнігі, часопісы і газеты, якія паступілі ў бібліятэку, у вялікай бязладзіцы і нават не ў цэласці...»307. Падобныя выпадкі, натуральна, таксама адмоўна адбіваліся на дзейнасці губернскіх бібліятэк.
    Нягледзячы на практычна поўнае самаўхіленне ад фінансавання і матэрыяльнага забеспячэння дзейнасці бібліятэк, царскія ўлады тым не менш пакінулі за сабой права кантраляваць іх дзейнасць. Бібліятэкі разглядаліся імі як праваднікі расійскай палітыкі, мовы і культуры, інструмент барацьбы з уплывам
    польскіх традыцый, сродак русіфікацыі мясцовых жыхароў. Таму адразу, нават нягледзячы на малалікі склад фондаў, іх утрыманне было ўзята пад строгі кантроль. Каталогі кніг, якія паступалі ў бібліятэку і прапаноўваліся наведвальнікам для чытання, павінны былі сістэматычна прадстаўляцца ў Міністэрства ўнутраных спраў для разгляду. 3 мэтай больш пільнага кантролю за дзейнасцю бібліятэк і станам іх фондаў, публічныя бібліятэкі ў 1834 г. былі перападпарадкаваны Міністэрству народнай адукацыі, а дакладней, яго Галоўнаму цэнзурнаму ўпраўленню.
    Такім чынам, у 1й палове XIX ст. на тэрыторыі Беларусі ў трох губернях — Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай — былі адкрыты губернскія публічныя бібліятэкі. Яны былі закліканы стаць цэнтрамі асветы і распаўсюджання сярод жыхароў губерняў расійскай культуры, актыўна супрацьстаяць польскаму ўплыву. Аднак, не маючы матэрыяльнай падтрымкі і неабходных фінансавых сродкаў, яны ледзь трымаліся. Высокая плата за карыстанне кнігамі, беднасць фондаў, адсутнасць прыдатных памяшканняў для захоўвання кніг і арганізацыі чытальных залаў істотна абмяжоўвалі дзейнасць бібліятэк і не дазволілі ім ператварыцца ў масавыя цэнтры культуры і асветы, заняць месца спустошаных і вывезеных з тэрыторыі Беларусі кнігазбораў, якія дзейнічалі раней у буйных навучальных установах, манастырах і прыватных уладаннях і налічвалі ў сваіх калекцыях дзесяткі тысяч тамоў найкаштоўнейшых выданняў.
    150
    ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
    Бібліятэкі Беларусі з сярэдзіны 1860х гг. да 1917 г.
    У 2й палове XIX ст. у Беларусі з’явіліся перадумовы для больш інтэнсіўнага павелічэння колькасці бібліятэк у гарадах і ўзнікнення іх у сельскай мясцовасці. Гэта было выклікана развіццём прамысловасці, што абумовіла ўздым сацыяльнаэканамічнага і культурнага жыцця. Разам з тым, правядзенне рэформ, у т.л. у галіне асветы, супала ў Беларусі з рэакцыяй царызму, якая наступіла пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг., што прывяло да закрыцця шэрагу бібліятэк, запаволення тэмпаў развіцця наяўных і адкрыцця новых бібліятэк. На падставе цыркуляра ад 28 сакавіка 1864 г. у ПаўночнаЗаходнім краі былі закрыты бібліятэкі, аснову фондаў якіх складалі польскія кнігі. Выконваючы загады цыркуляра, мясцовыя ўлады закрылі і тыя бібліятэкі, дзе польская літаратура складала толькі частку фонду. Шэраг бібліятэк быў закрыты за ўдзел іх супрацоўнікаў і апекуноў у палітычных выступленнях.
    У адпаведнасці з законам аб друку 1865 г., распаўсюджаным на паўночназаходнія губерні толькі ў 1869 г., губернатары атрымалі дазвол адкрываць кнігарні, крамы і кабінеты для чытання, для продажу і выдачы чытачам дазволенай рускай і замежнай літаратуры. Фактычна фонды бібліятэк маглі камплектавацца толькі рускамоўнымі выданнямі.