Гісторыя беларускай кнігі
У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 436с.
Мінск 2011
Іерархічная пабудова дзяржаўных інстытутаў Расійскай імперыі не абмінала і бібліятэчнай справы. Першай па значнасці і багаццю фондаў фактычна была Імператарская публічная бібліятэка ў СанктПецярбургу. Яе кіраўніцтва (М. Аленін, М. Корф і інш.) сфармулявала палажэнні, паводле якіх галоўная бібліятэка краіны павінна была мець акрамя абавязковага экзэмпляра кніг, што выдаваліся ва ўсёй імперыі (гэта зацвярджалася спецыяльным царскім загадам 1810 г.), яшчэ і ўсе кнігі ў межах імперыі, што датычыліся Расіі, на замежных мовах (так званая Rossica). Таксама лічылася неабходным імкнуцца да як мага больш поўнага рэпертуару сусветнай друкаванай прадукцыі. Імператарскую бібліятэку папаўнялі ўсімі магчымымі спосабамі, уключаючы канфіскацыю з адабраных маёнткаў і зачыненых манастыроў на тэрыторыі Беларусі.Прыгэтымбібліятэкабылааднолькава даступнай для ўсіх наведвальнікаў, у т.л. з Беларусі270, тут складаліся бібліяграфічныя даведнікі, якія ахоплівалі Беларусь, сярод супрацоўнікаў былі такія вядомыя дзеячы беларускай культуры, як санскрытолаг Каэтан Касовіч, браты Віктар і Кастусь Каліноўскія. Імператарская публічная бібліятэка захоўвала незлічоную колькасць звязаных з Беларуссю
дакументаў; значная частка іх была вывезена ў Польшчу пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 г. і пазней загінула ў Варшаве ў час Другой сусветнай вайны. Аднак і тое, што засталося — 105 кніг з бібліятэкі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, сотні кніг з сапегаўскіх збораў у Кодэні, Брэсце і Слоніме, тры пергаменныя Полацкія Евангеллі (XII і XIV ст.), частка бібліятэкі Полацкай іезуіцкай акадэміі, картаграфічныя, музычныя, рукапісныя матэрыялы — робяць яе фонды багацейшай крыніцай беларускіх кніжных каштоўнасцей.
Другой па велічыні сталічнай бібліятэкай была бібліятэка Акадэміі навук. Пасля паступлення сюды ў 1772 г. радзівілаўскай бібліятэкі з Нясвіжскага замка, а ў канцы XIX ст. і архіва Жыровіцкага манастыра (фонд Дабрахотава) і збору ў Славянскім фондзе беларускіх адраджэнскіх выданняў, яна стала другім важным месцам захоўвання першакрыніц беларускай культуры. Трэцім з’яўляецца Дзяржаўны гістарычны архіў Расіі, дзе поруч з вялізнай колькасцю дакументаў, што фіксуюць жыццё заходніх губерняў у часы імперыі, знаходзяцца вывезены з Беларусі архіў уніяцкіх мітрапалітаў і калекцыя рукапісных і старадрукаваных кніг беларускага паходжання.
БЕЛАРУСКАЯ КНІГАЎ ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
139
Спалчына папярэдняй эпохі: манастырскія бібліятэкі
На абшарах Беларусі ў канцы XVIII — 1й палове XIX ст. працягвалі функцыяніраваць некалькі мужчынскіх і жаночых праваслаўных манастыроў, грэкакаталіцкія (уніяцкія) абіцелі св. Васіля Вялікага, кляштары ордэнаў, што прадстаўлялі ўсе віды заходніх манаскіх згуртаванняў: медыканцкія (аўгусцінцы, дамініканцы, кармеліты і францысканцы розных накірункаў), манаскія (бенедыкцінцы, цыстэрцыянцы, картэзіянцы), кананічныя (норбертане, трынітарыі), клерыкальныя (езуіты і піяры) і інш. 3 жаночых каталіцкіх ордэнаў найбольшае распаўсюджанне мелі суполкі бенедыкцінак, бернардзінак і брыгітак. Арганізацыя і склад кнігазбораў праваслаўных манастыроў пакуль што застаюцца для нас terra incognita, хаця вялікія бібліятэкі ў Слуцку і Магілёве доўгі час былі бесперапынным транслятарам усходняй кніжнай традыцыі. Шматлікія базыльянскія манастырскія бібліятэкі пасля адміністрацыйных рэформ у ордэне, здзейсненых пад уплывам езуітаў, сканцэнтравалі гістарычную частку сваіх фондаў у трох буйнейшых кляштарах: Жыровіцкім, Віленскім і Супрасльскім, пакінуўшы для астатніх невялікія падручныя зборы. У нарматыўных тэкстах каталіцкіх ордэнаў арганізацыя бібліятэк абумоўлівалася спецыяльна (а езуіты выпрацавалі для гэтага асобныя правілы). На характар кнігазбораў уплывалі ордэнская адукацыя, душпастырская і адміністрацыйная праца і навуковая дзейнасць. «Monasterium sine armario est quasi castrum sine armamentario» («Манастыр без бібліятэкі — як армія без зброі») — гэта сентэнцыя дакладна адпавядае значэнню, якое надавалася чытанню манахаў. Бібліятэка часцей за ўсё прызначалася для ўжытку ўсёй манаскай супольнасці і называлася bibliotheca magna, conventii, communis («вялікая», «канвенцкая», «супольная»), і да т.п.; таксама арганізоўваліся спецыяльныя і падручныя кнігазборы: у навіцыяце, інфірмерыі, аптэцы, сакрыстыі, на патрэбы капеланаў, прапаведнікаў, прафесараў, студэнтаў (напрыклад, bibliotheca praefecti, nowicjackie, libri chorale), y т.л. вылучаліся «забароненыя кнігі» libri prohibiti. За бібліятэку адказваў «найвучонейшы» манах (armarius) альбо прэфект. У езуітаў для яго была распрацавана інструкцыя з 12 пунктаў, дзе рэгламентавалася арганізацыя памяшкання для захавання кніг, праца з забароненымі
выданнямі, спосабы камплектавання і каталагізацыі бібліятэкі, вядзенне інвентара, стварэнне падручных бібліятэк і да т.п.
Уся бібліятэка як цэлае, а таксама кожная паасобку захаваная манастырская кніга, вызначаюць узровень і характар інтэлектуальнай культуры канкрэтнага кляштара, якія вынікаюць з прыналежнасці да пэўнага ордэна, адметнасці яго духоўнай традыцыі і спецыфікі размяшчэння ў межах правінцыі, да якой кляштар належаў, а таксама навуковай, адукацыйнай і харытатыўнай дзейнасці манахаў. Бібліятэкі і скрыпторыі Беларусі дакументуюць не толькі гісторыю манаскага асяроддзя, але таксама адлюстроўваюць духоўную культуру дадзенай эпохі ў цэлым, зберагаюць памяць і тоеснасць гістарычнай культуры царквы, рэгіёна і дзяржавы.
Пасля 1га падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння ўсходняй часткі Беларусі да імперыі Расія не канфіскавала маёмасць каталіцкіх манастыроў (як гэта зрабілі Аўстрыя і Прусія), але сітуацыя змянілася пасля Венскага кангрэса 1819 г. У 1820 г. былі забаронены арганізацыі езуітаў. 3 дапамогай афіцэраў Генеральнага штаба збіраліся звесткі аб існуючых кляштарах іншых ордэнаў. Пры гэтым «танальнасць адсылаемых губернатарам карэспандэнцый была больш падобнай на зводкі рэзідэнтаў, якія працуюць у чужой краіне і збіраюць разведдадзеныя на варожай тэрыторыі»271. Усяго на працягу 1830—1835 гг. былі абследаваны і зачынены 132 кляштары (з улікам Брэста), што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з пераходам іх маёмасці ў казну272. Пад касацыю не трапілі жаночыя ордэны, базыльяне, бенедыкцінцы і баніфратры, але іх лёс вызначыўся ў час наступных этапаў гэтай кампаніі, рэалізаваных у 1836—1860 гг.273 Пасля заключэння Расіяй дамовы з папскім дваром за перыяд 1850— 1856 гг. на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі зачынены 22 кляштары274, а пасля 1863 г. пачалася ліквідацыя тых, прадстаўнікі якіх прымалі ўдзел у паўстанні. У выніку каталіцкае манаства было ліквідавана больш як на 90%. Паколькі практычна кожны кляштар меў свой кнігазбор (бібліятэку), а часта і школу, працэс скасавання прывёў да перамяшчэння велізарнага масіву кніг. Сталічныя бібліятэкі хутка папаўняліся рарытэтамі, рэшта кніг перадавалася ў існуючыя навучальныя ўстановы і публічныя бібліятэкі, часцей за ўсё мясцовыя. Так, у 1840 г. у Гродзенскай губерні створаны камітэт па падзелах кніг з маёмасці 15 зачыненых каталіцкіх манастыроў. Духавен
140
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
ству перададзены 3623 кнігі, школам — 2328, у т.л. 1897 атласаў і 28 карт275. Спецыяльны «Коммтет для распределення бнблнотек н учебных пособнй нз упразднённых рнмскокатолнческнх монастырей» дзейнічаў у Віцебскай губерні276. Канфіскацыі зведалі таксама беларускія праваслаўныя храмы і манастыры. Рукапісы, кнігі, літургічныя прадметы, абразы і іншыя свяшчэнныя старажытнасці былі ўзяты з Аршанскага Куцеінскага, Магілёўскага Багаяўленскага і іншых манастыроў277.
Рэканструяваць лёсы манастырскіх кнігазбораў магчыма дзякуючы захаваным інвентарам (вопісам маёмасці)278. Напрыклад, каля 60 такіх дакументаў пацвярджаюць існаванне 20 бібліятэк розных манастыроў Брэсцкай зямлі. Найбольш захавалася інвентароў базыльянскіх кляштараў: у Брэсце Літоўскім (2), Антопалі (5), Хомску (1), Кобрыне (7), Навасёлках (1), Пінску (1), a таксама кляштараў бернардзінцаў у Брэсце (4), Пінску (8) і марыян у Раснай (9). Бібліятэчныя інвентары захаваліся ад картэзіянцаў у Бярозе Картузскай (6), кармелітаў абутых у Крупчыцах (3), баніфратраў у Высокім Літоўскім (2), езуітаў у Брэсце і Кодэні (2). Па адным інвентары засталося ад бібліятэк аўгусцінцаў, дамініканцаў і трынітарыяў у Брэсце, бенедыкцінцаўу Гарадзішчы, атаксама базыльянак, францысканцаў і кармелітаў босых у Пінску279. Далейшыя пошукі ў архівах, бібліятэках і музеях, напэўна, павялічаць гэтыя лічбы. Колькасць кніг у інвентарных запісах паказвалася ў тамах, экзэмплярах, штуках, паслядоўнасць запісаў сведчыць аб прынцыпах расстаноўкі кніжных фондаў.
У самім Брэсце Літоўскім дзейнічалі кляштары 6 ордэнаў. Сёння вядомы інвентары і спісы кніг з бібліятэк аўгусцінцаў, базыльян, бернардзінцаў, дамініканцаў, езуітаў і трынітарыяў. Пра бібліятэку брэсцкіх аўгусцінцаў згадвае ў пратаколе візітацыі кляштара 1820 г. ксёндз Францішак Клімашэўскі — ён знайшоў спісаны ў 1794 г. рэестр бібліятэчных кніг, які ўключае 700 пазіцый. У бернардзінцаў найстарэйшым спісам быў Index librorum 1790 г., наступным — Catalogus librorum, складзены ў 1799 г. У інвентары гэтага кляштара за 1820 г. падаецца лічба 439 штук кніг, спісаных у прадметным парадку. Ксёндз Францішак Клімашэўскі візітаваў таксама кляштар дамініканцаў у Брэсце. У 1822 г. ён налічыў у іх бібліятэцы 14 назваў у 20 тамах, і тлумачыцца гэта лічба проста: «Больш бібліятэкі ніякай няма, а то з прычыны пажару ў 1801 годзе ...».
Люстрацыя брэсцкага калегіума езуітаў, якая пачалася ў лістападзе 1773 г. і была скончана ў студзені наступнага года, ахапіла і бібліятэку. Знайшлося там 1732 валюмінаў. Да пратаколу люстрацыі далучаны звесткі аб 180 валюмінах, а таксама 32 творы ў 33 тамах «кніжак аптэчных значнейшых», сабраных у кодэньскай рэзідэнцыі езуітаў.
Базыльяне літоўскай правінцыі мелі на Брэстчыне 6 манастырскіх сядзіб. Спіс маёмасці царквы і манастыра архімандрыі ў Кобрыне, складзены пасля візітацыі Юстына Касовіча ў снежні 1741 г., называе 14 царкоўных кніг і 220 твораў славянскіх, лацінскіх, італьянскіх і грэчаскіх аўтараў, у вялікіх і малых фарматах, якія знаходзіліся ў бібліятэцы манастыра. У 1804 г. свяшчэннік Ян Кургановіч адзначыў у пратаколе візітацыі: «Аглядаў таксама бібліятэку, якая складаецца з каля чатырохсот кніг у значнай колькасці пісаных і мала ужытачных...». У бібліятэку пасля 1804 г. уключаны кнігазбор далучанага да манастыра ў Кобрыне «былога навасельскага базыльянскага манастыра». Апошні вядомы інвентар яго ў Кобрыне з’явіўся ў кастрычніку 1836 г. У ім запісана некалькі дзесяткаў царкоўных кніг, а таксама «Рэестр кніг, што знаходзяцца ў бібліятэцы Кобрынскага Манастыра OSBM», у якім было запісана 2070 твораў у тэматычным падзеле. Кнігазбор гэты распылены пасля ліквідацыі базыльян у 1839 г.