Гісторыя беларускай кнігі
У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 436с.
Мінск 2011
Адной з самых буйных у Беларусі ў той час была бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіума, заснаванага яшчэ ў 1580 г. У 1812 г. Аляксандр 1 санкцыяніраваў яго рэарганізацыю ў акадэмію з правамі універсітэта, якая да 1820 г. фактычна з’яўлялася цэнтрам новай навучальнай акругі. Выдатная бібліятэка акадэміі папаўнялася ў т.л. выданнямі Полацкай езуіцкай друкарні. У 1813 г. у фондах налічвалася каля 40 тыс. кніг, значную частку складалі выданні, вывезеныя езуітамі з зачыненых еўрапейскіх кляштараў (у Еўропе ордэн быў забаронены з 1773 г.). Пасля закрыцця Полацкай акадэміі ў 1820 г. уся яе маёмасць была перададзена ў казну: друкарня трапіла ў Кіеў, каштоўныя мастацкія творы былі вывезены ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, бібліятэка — у Пецярбургскі універсітэт (частка трапіла ў Імператарскую публічную бібліятэку). Гісторыкі часам гавораць пра 257 пудоў кніг, што былі вывезены з бібліятэкі акадэміі295, але склад гэтага кнігазбору і яго лёс яшчэ дакладна не вывучаны.
Найбуйнейшай жа бібліятэкай з часоў ВКЛ працягвала заставацца бібліятэка Віленскага універсітэта — цэнтра асветы, навукі і культуры Беларусі і Літвы. Пасля 3га падзелу Рэчы Паспалітай, калі Віленскі універсітэт апынуўся ў складзе Расійскай імперыі (дзе на той час быў толькі адзін універсітэт — Маскоўскі), новапрыдбаную ВНУ расійская ўлада захавала, назваўшы яе Галоўнай Віленскай школай. Статус універсітэта быў вернуты ў 1803 г. За перыяд з 1803 па 1832 г. фонд універсітэцкай бібліятэкі павялічыўся ў 5 разоў і дасягнуў 60 тыс. экз. Змяніўся і склад калекцыі: калі раней 80% кніг мелі тэалагічны характар, то да 1831 г. іх працэнт скараціўся да 20%. Значную частку фондаў складалі выданні па прыродазнаўчых навуках, творы гуманістаў і асветнікаў, мастацкая літаратура. Больш за трэць кніг было на французскай мове, мелася нямала кніг і на іншых заходнееўрапейскіх мовах. У гэты час у бібліятэку прыйшлі таленавітыя выпускнікі універсітэта А. Багаткевіч, Л. Сабалеўскі, 3. Жукоўскі і інш., якія перабудавалі працу бібліятэкі. Была створана сістэма каталогаў (уключала алфавітны і сістэматычны), распрацаваны правілы карыстання бібліятэкай, палепшылася абслугоўванне чытачоў. Бібліятэка стала агульнадаступнай, хоць на дом літаратуру маглі браць толькі прафесары, настаўнікі гімназіі і служачыя навучальнай акругі296.
146
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
Бібліятэкі ў 1й палове XIX ст.
У 1817 г. у Расіі для кіраўніцтва асветай было створана Міністэрства духоўных спраў і народнай асветы, якое ўстанавіла строгі нагляд за навучальнымі ўстановамі і бібліятэкамі. Створаны пры міністэрстве Вучоны камітэт выдаваў спісы кніг, якія не дазвалялася мець у бібліятэках навучальных устаноў. Пасля прыняцця ў 1828 г. школьнага статута колькасць бібліятэк навучальных устаноў павялічылася, умацоўваліся іх фонды, паляпшалася ўтрыманне. Хваля рэакцыі, што захіснула Беларусь пасля паражэння паўстання 1830—1831 гг., пагоршыла сітуацыю. Былі зачынены брацкія школы і іншыя навучальныя ўстановы грэкакатолікаў, фонды бібліятэк каталіцкіх навучальных устаноў падвяргаліся чысткам.
Найбольш адчувальныя страты былі нанесены вышэйшай адукацыі, у той час прадстаўленай адзінай для Беларусі і Літвы навучальнай установай — Віленскім універсітэтам. Да 1830х гг. ён стаў не толькі цэнтрам асветы і культуры краю, але і цэнтрам вальнадумства і распаўсюджання дэмакратычных ідэй. Масавы ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у паўстанні быў прычынай закрыцця універсітэта царскімі ўладамі ў 1832 г. На яго базе былі створаны Медыкахірургічная і Духоўная акадэміі, паміж якімі быў падзелены фонд універсітэцкай бібліятэкі; частка літаратуры перададзена Беларускай навучальнай акрузе. Неўзабаве ў 1842 г. Медыкахірургічная акадэмія разам з бібліятэкай далучана да Кіеўскага універсітэта, а Духоўная акадэмія пераведзена ў Пецярбург2”. Такім чынам, спыніла сваё існаванне найбуйнейшая бібліятэка, якая іграла ключавую ролю ў развіцці асветы, навукі і культуры беларускага народа.
Разам з тым узнікненне і развіццё капіталістычнай эканомікі, якая патрабавала адукаваных спецыялістаў у розных сферах дзейнасці, абумовіла неабходнасць стварэння спецыяльных навучальных устаноў і бібліятэк. Каб кампенсаваць закрыццё Віленскага універсітэта, царскі ўрад прыняў рашэнне аб заснаванні ў 1840 г. у Магілёўскай губерні ГорыГорацкай земляробчай школы, якая ў 1848 г. пераўтворана ў земляробчы інстытут.
Пры школе была адкрыта бібліятэка, якая стала першай сельскагаспадарчай бібліятэкай Беларусі. Яе першапачатковы фонд складалі 165 кніг. Пасля ператварэння школы ў інстытут бібліятэка атрымала большыя магчымасці для развіцця. Дзякуючы клопатам прафесара Ме
хельсона, які ўзначаліў бібліятэку, яе фонд хутка папаўняецца: у 1850 г. кнігазбор налічваў больш за 4 тыс экзэмпляраў, а ў 1860 г. вырас да 6900 тамоў. Да 1863 г. у фундаментальнай бібліятэцы інстытута і яе аддзяленнях у 3 навучальных установах — сярэднім земляробчым вучылішчы, каморніцкатаксатарскіх класах і школе фермераў — налічвалася больш за 10 тыс. тамоў навуковай, навучальнай і мастацкай літаратуры, значная колькасць перыядычных выданняў. Дзякуючы таму, што бібліятэкі вышэйшых навучальных устаноў Расіі мелі магчымасць набываць замежную кніжную прадукцыю, абыходзячы цэнзуру, у фондзе бібліятэкі пераважала літаратура на замежных мовах. Тут меліся таксама поўныя камплекты «Земляробчай газеты», «Прац Вольнага эканамічнага таварыства» і іншыя расійскія выданні. Кіраўніцтва бібліятэкай здзяйснялася адпаведнымі «Правіламі» — гэта быў першы дапаможнік для спецыяльных сельскагаспадарчых бібліятэк Расійскай імперыі298. Пасля паўстання 1863—1864 гг. бібліятэка разам з інстытутам была зачынена і вывезена ў Пецярбург.
Сацыяльнаэканамічныя пераўтварэнні, якія пачаліся ў 1й трэці XIX ст. у Расійскай імперыі, выклікалі аб’ектыўную неабходнасць пашырэння грамадскага карыстання кнігамі. Так, паўстала ідэя «адкрыцця па губернях публічных бібліятэк для чытання», аўтарам якой з’яўляўся прэзідэнт імператарскага Вольнага эканамічнага таварыства адмірал М.С. Мардвінаў. Яго праект па стварэнні сеткі публічных бібліятэк не выходзіў за межы дзяржаўнай палітыкі ў галіне асветы. Напачатку адмірал разлічваў на дзяржаўнае фінансаванне публічных бібліятэк, якое ён лічыў галоўнай умовай паспяховай рэалізацыі сваёй ідэі. Аднак пазней Мардвінаў адмовіўся ад першапачатковай задумы. У красавіку 1830 г. ён вынес на разгляд Міністэрства ўнутраных спраў (пад апекай якога ў той час знаходзіліся бібліятэкі) прапанову аб стварэнні ў Расіі сеткі публічных бібліятэк, забеспячэнне дзейнасці якіх прапаноўвалася здзяйсняць за кошт аплаты за карыстанне імі і добраахвотных ахвяраванняў заможных мецэнатаў299.
Прапанову М.С. Мардвінава падтрымаў міністр унутраных спраў А.А. Закрэўскі, які накіраваў губернатарам 5 ліпеня 1830 г. цыркулярны загад № 777 «Аб арганізацыі ў губернях публічных бібліятэк для чытання». Меркавалася, што акрамя «чытання кніг, якія выходзяць на рускай мове, арганізацыя падобных бібліятэк адродзіць дух грамадскасці, адкрые вялікі збыт
БЕЛАРУСКАЯ КНІГА V ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
147
для добрых сачыненняў...». Прызнаючы «ў поўнай меры ісціну відаў адмірала Мардвінава, якія вылучаюцца любоўю да айчынных выгод і імкненнем да распаўсюджвання ўсіх карысных ведаў...» — міністр асобна падкрэсліваў, што «ўстанова публічных бібліятэк у губернях, акрамя вышэйпрыведзеных добрых наступстваў, распаўсюдзіць у Расіі наогул усе звесткі і адкрыцці як у навуках і мастацтвах, так і ў коле земляробчай, мануфактурнай і гандлёвай прамысловасці і падасць кожнаму лёгкія сродкі да чытання і ўзбагачэння сябе ўсімі карыснымі звесткамі і адкрыццямі». Такім чынам, падкрэслівалася асобая асветніцкая — місія ствараемых публічных бібліятэк, поруч з палітычнымі і эканамічнымі інтарэсамі дзяржавы.
Цыркулярам даручалася губернатарам на нарадзе з губернскім прадвадзіцелем дваранства, дырэктарамі гімназій і іншых навучальных устаноў і іншымі прыхільнікамі «карысных заняткаў з краю дваранства і купецтва» вызначыць для бібліятэкі прыстойны будынак, парадак карыстання ёй і абраць апекуноў300.
Аднак узмацненне цэнзуры і карных мер у сувязі з паўстаннем 1830—1831 гг. затрымалі адкрыццё губернскіх публічных бібліятэк у Беларусі. Са спыненнем «гэтых неспрыяльных акалічнасцей» Міністэрствам унутраных спраў у красавіку 1832 г. губернатарам былі зноў накіраваны цыркулярныя загады аб аднаўленні дзейнасці па арганізацыі губернскіх публічных бібліятэк. Папярэднімі правіламі арганізацыі губернскай бібліятэкі, а таксама іншымі дакументамі, вызначаліся асноўныя падыходы да выдзялення памяшканняў бібліятэкам, іх фінансавання, камплектавання фондаў, арганізацыі абслугоўвання наведвальнікаў, падбору бібліятэкараў і вызначэння іх абавязкаў, а таксама складу апякунскіх саветаў301.
У апякунскі савет губернскай публічнай бібліятэкі павінны былі ўвайсці тыя асобы, якім цыркулярам загадана ўдзельнічаць у нарадзе «аб спосабах да арганізацыі і ўладкавання бібліятэкі». Для ўдзелу ў пасяджэннях савета прапаноўвалася таксама запрашаць «дырэктара гімназіі, гарадскога главу і іншых ганаровых асоб, пераважна вядомых прыязнасцю да навук і славеснасці». Паколькі бібліятэка, «асабліва ў пачатку сваім, патрабуе няспыннай апекі», узначаліць апякунскі савет прапаноўвалася губернатару сумесна з губернскім прадвадзіцелем дваранства (маршалкам шляхты)302.
У сувязі з тым, што «колькасць кніг, ахвяраваных для складання публічнай бібліятэкі, вельмі абмежаваная», то для размяшчэння бібліятэкі спачатку неабходна было не больш аднагодвух пакояў, якія дзеля эканоміі сродкаў рэкамендавалася вылучаць у доме дваранскага сходу або іншым публічным будынку. У якасці асноўных крыніц фінансавання губернскіх публічных бібліятэк улада бачыла перш за ўсё добраахвотныя ахвяраванні дваран і купецтва, а таксама плату за карыстанне бібліятэкай. Выкарыстанне ж дзяржаўных сродкаў строга забаранялася, «бо сумы гэтыя маюць сваё вызначанае прызначэнне».
Абавязкі бібліятэкара да канчатковага добраўпарадкавання бібліятэкі прапаноўвалася ўскладваць на чыноўніка канцылярыі дэпутацкага сходу. Але «па мясцовым меркаванні» гэта пасада магла быць аддадзена і якомунебудзь іншаму чыноўніку, дасведчанаму ў навуках303. Публічныя бібліятэкі першапачаткова задумваліся як агульнадаступныя, таму іх «наведванне дазволена ўсіх класаў і абодвух палоў людзям», выключаючы асоб «у непрыстойным адзенні».