Гісторыя беларускай кнігі
У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 436с.
Мінск 2011
падпадалі ў першую чаргу ўдзельнікі сацыялдэмакратычнага і нацыянальнавызваленчага РУху
Асаблівая ўвага ўладамі надавалася складу кніжных збораў бібліятэк. Для кантролю за іх станам адначасова з «Часовымі правіламі аб цэнзуры і друку» 1884 г. былі выдадзены «Алфавітныя спісы твораў друку, якія не павінны быць дапушчаны ў публічныя бібліятэкі і грамадскія чытальні». Своеасаблівая мадэль фонду публічнай бібліятэкі Беларусі таго часу была выкладзена ў праекце стварэння бібліятэкі ў м. Драгічын Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. Ствараемая «для распаўсюджвання чытання рускіх кніг...», яна павінна была ўтрымліваць «...а) некалькі лепшых агульнакарысных кніг у галіне агульнай практычнай і тэарэтычнай гаспадаркі і па розных яе галінах; б) хоць па адным экзэмпляры лепшага агульнакарыснага выкарыстання кожнай неабходнай у штодзённым жыцці навукі пераважна папулярнага выкладання, напрыклад, гісторыі, геаграфіі, фізікі, заалогіі, батанікі, народнай медыцыны, палітычнай эканоміі і інш.; в) некалькі твораў рускіх пісьменнікаў, вершапісцаў і празаікаў, прадстаўнікоў прыгожага пісьменства, якія асабліва характэрна паказваюць народнае рускае жыццё; г) некалькі апісальных твораў, якія добра знаёмяць са становішчам Рускай дзяржавы, таксама з побытам народаў розных краін, іх адукацыяй, прамысловасцю і гандлем; д) адзін або некалькі заканадаўчых зборнікаў, якія знаёмяць з галоўнымі законамі і парадкам судавытворчасці;)... па адным або па два перыядычныя выданні часопісаў і газет для больш адукаваных людзей і асобна для простых людзей»324.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, рух за адкрыццё публічных бібліятэк ахапіў насельніцтва Беларусі. У 1863 г. жыхары Гродна звярнуліся ў Міністэрства народнай асветы з просьбай адкрыць новую публічную бібліятэку, паколькі губернская бібліятэка абслугоўвала толькі прадстаўнікоў дваранства. Але неўзабаве пасля яе адкрыцця, у тым жа годзе, бібліятэка была аб’яднана з губернскай і далей працягвала дзейнічаць на базе агульнага новага статуту.
У 1864 г. на сродкі дабрачыннага таварыства была адкрыта гарадская публічная бібліятэка ў Віцебску, у фондзе якой праз год налічвалася ўжо 400 кніг. У наступныя гады яе кнігазбор значна павялічыўся, ал'е неўзабаве ён быў прададзены325. Аднак у 1874 г. дабрачыннае таварыства зноў адкрывае ў горадзе бібліятэку, у якой праз два гады налічваецца ўжо 906 кніг
156
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
на рускай і 334 кнігі на французскай і нямецкай мовах. У 1868 г. віцебскае дваранства засноўвае сваю бібліятэку, якая да канца стагоддзя становіцца найбагацейшай бібліятэкай горада326.
Пасля закрыцця губернскай бібліятэкі мінчане, не маючы сродкаў на адкрыццё грамадскай публічнай бібліятэкі, адкрылі ў 1869 г. у сваім горадзе бібліятэкучытальню. У яе фондзе пераважала ў асноўным руская літаратура і перыёдыка. На жаль, неўзабаве чытальня прыйшла ў заняпад і звесткі аб ёй губляюцца. У маі 1869 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё публічнай бібліятэкі ў Магілёве, якая размясцілася ў так званым гарадскім доме. Яе аснову склалі аб’яднаныя бібліятэкі дваранскага сходу, статыстычнага камітэта і губернскага праўлення. Да канца стагоддзя ў яе фондзе меўся 4121 экз. кніг і шэраг перыядычных выданняў. Карыстанне бібліятэкай было платнае, што абмяжоўвала доступ у яе прадстаўнікоў ніжэйшых саслоўяў.
3 ініцыятывай аб стварэнні публічнай бібліятэкі ў сваім горадзе ў студзені 1869 г. выступілі жыхары м. Драгічын Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. 3 аналагічнымі просьбамі да ўлад звярнуліся жыхары Ваўкавыска, Глуска, Слуцка, Рэчыцы, Пружан і іншых населеных пунктаў. Сярод розных сацыяльных груп асабліва актыўнымі ў гэтым кірунку былі яўрэйскія суполкі. Клапоцячыся аб маральнасці і асвеце сваіх суграмадзян, яны хадайнічалі аб адкрыцці бібліятэк «рускіх і яўрэйскіх кніг» у сваіх гарадах. 3 такімі просьбамі да ўлад звярнуліся яўрэйскія суполкі Дзятлава, Беразіно, Бабруйска і інш. гарадоў327. He ўсе хадайніцтвы былі падтрыманыя ўладамі, але дзякуючы высілкам і на сродкі мясцовай інтэлігенцыі і гарадскіх самаўпраўленняў у Беларусі ў апошняй трэці XIX ст. у шэрагу гарадоў былі створаны публічныя бібліятэкі.
У Беларусі, дзе, як адзначалі расійскія службоўцы, «...веданне кніжнай і правільнай гутарковай рускай мовы ў мясцовым насельніцтве вельмі нездавальняючае» стварэнне і развіццё бібліятэк, якія змяшчалі пераважна рускамоўныя кнігі, ішло няпроста. Галоўнымі фактарамі, якія стрымлівалі адкрыццё бібліятэк, былі цэнзурныя абмежаванні і адсутнасць сродкаў на іх утрыманне. Тым не менш да 1886 г. на тэрыторыі Беларусі налічвалася ўжо 35 публічных бібліятэк. У іх ліку былі грамадскія і камерцыйныя публічныя бібліятэкі і кабінеты для чытання, прышкольныя народныя бібліятэкі. Напярэдадні стога
довага юбілею з дня нараджэння А.С. Пушкіна грамадскасць шэрагу гарадоў Беларусі звярнулася з хадайніцтвам аб адкрыцці ў іх гарадах публічных бібліятэк. He ўсе прапановы атрымалася рэалізаваць, аднак у 1900 г. гарадскія публічныя бібліятэкі імя А.С. Пушкіна былі адкрыты ў Мінску, Оршы і Бабруйску.
У перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гг., царскі ўрад змушаны быў зняць некаторыя абмежаванні, усталяваныя раней на дзейнасць бібліятэк. У 1907 г. былі скасаваны «Алфавітныя спісы кніг, забароненых да выкарыстання ў публічных бібліятэках і грамадскіх чытальнях», што стварыла больш спрыяльныя ўмовы для камплектавання кніжных фондаў і, несумненна, сыграла станоўчую ролю ў дэмакратызацыі працы бібліятэк, садзейнічала павелічэнню колькасці публічных бібліятэк у губернскіх і павятовых гарадах Беларусі. З’явіліся новыя бібліятэкі ў Мінску, Оршы, Бабруйску, Віцебску, Полацку, Гомелі і іншых гарадах.
29 студзеня 1905 г. адбылося адкрыццё публічнай бібліятэкі ў Віцебску328. Аднак праз 6 гадоў яе заснавальнікі вымушаны былі канстатаваць, што «...яна ледзьве вядзе сваё існаванне...». Фінансавых паступленняў «...бракуе звычайна на пастаянныя расходы...». Бібліятэку ледзьве атрымліваецца «падтрымліваць ... выпіскай перыядычных выданняў, аб выпісцы ж кніг не прыходзіцца зусім і думаць. [...] Пры такім нікчэмным становішчы бібліятэкі, і так надзвычай беднай кнігамі, бо ўсяго маецца 1917 назваў у 4056 т., з якіх маса, якія не маюць ніякай цікавасці, набытых праз ахвяраванне, і лік падпісантаў не можа расці хутка.. ,»329.
Па ініцыятыве дэмакратычнай грамадскасці ў канцы 1911 г. у Мінску была адкрыта бібліятэкачытальня імя Л.М. Талстога, якая ўвекавечвала памяць пісьменніка, a ў лістападзе 1912 г. адкрылася бібліятэкачытальня ў азнаменаванне 100годдзя вайны 1812 г. Яшчэ адна бібліятэкачытальня была створана на ўскраіне горада, населенай беднымі пластамі насельніцтва. У 1911 г. у Гомелі адкрываецца грамадская публічная бібліятэка імя М.В. Гогаля. У тым жа годзе адкрываецца бібліятэкачытальня ў Полацку з першапачатковым фондам у 600 экз. Працягваюць дзейнічаць публічныя бібліятэкі ў Гродне і Магілёве. Такім чынам, дзякуючы сумесным намаганням мясцовых улад і грамадскасці ў пачатку XX ст. публічныя бібліятэкі дзейнічалі ўжо ў большасці гарадоў Беларусі. Так, у 1910 г.
БЕЛАРУСКАЯ КНІГАЎ ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
157
публічныя бібліятэкі працавалі ў 75% гарадоў Мінскай губерні, 82% — Гродзенскай330.
Адной з найбольш буйных і прагрэсіўных публічных бібліятэк на тэрыторыі Беларусі ў пачатку XX ст. была Мінская гарадская публічная бібліятэка імя А.С. Пушкіна, адкрытая 25 снежня 1900 г. у гонар 100годдзя з дня нараджэння паэта. Да адкрыцця бібліятэкі грамадскасць горада ахвяравала ёй каля 2 тыс. кніг, а Камітэт ушанавання 100годдзя А.С. Пушкіна перадаў 1545 руб. У далейшым гарадская дума штогод выдзяляла 555 рублёў на ўтрыманне бібліятэкі. Да канца 1914 г. яе кніжны фонд склаў 15 тыс. экз.
Нягледзячы на шэраг арганізацыйных і фінансавых цяжкасцей, да пачатку Першай сусветнай вайны публічныя бібліятэкі былі створаны ў большасці гарадоў Беларусі, а таксама ў шэрагу сельскіх населеных пунктаў. У 1913 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 851 публічная бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. экз., з іх у гарадах — 83 бібліятэкі з фондам 185 тыс. экз., у сельскай мясцовасці — 768 бібліятэк з фондам 238 тыс. экз. У сілу розных прычын эфектыўнасць іх выкарыстання была невялікая — бібліятэкамі ў гарадах карысталася 30—35 тыс. чытачоў (3—3,5% насельніцтва), а на вёсцы — 15—18 тыс. (0,2—0,3%).
Разам з грамадскімі публічнымі бібліятэкамі ў 30—40я гг. XIX ст. у Беларусі з’яўляюцца камерцыйныя бібліятэкі і кабінеты для чытання пры кніжных крамах і крамах, якія выконвалі ў вядомай меры функцыі публічных бібліятэк. Тут не толькі прадавалі кнігі, але і выдавалі іх для чытання за вызначаную плату. Але такія бібліятэкі тады шырокага распаўсюджання не атрымалі. Іх дзейнасць актывізавалася ў другой палове XIX ст. у сувязі з пашырэннем сферы ўплыву расійскіх кнігавыдаўцоў і кнігагандляроў.
У 1857 г. у Віцебску адкрываецца кніжная крамачытальня Л. Мендэльсона, у 1864 г. — I. Місюры. Да канца стагоддзя ў Віцебску ўжо мелася 7 камерцыйных бібліятэк. Найбуйнейшай сярод іх была бібліятэка П. Чарвінскай — адна з першых камерцыйных бібліятэк, дзе кнігі выдаваліся на дом. У 1870я гг. з’яўляюцца бібліятэкі і ў кнігарнях Гродзенскай губерні, a да канца стагоддзя іх налічваецца ўжо больш за 12331. Толькі за 1871—1897 гг. у Мінскай губерні было адкрыта каля 60 камерцыйных бібліятэк, амаль палова з іх — у Мінску і павятовых гарадах Пінску, Слуцку, Бабруйску, Мазыры, Рэчыцы. Найбуйнейшай з іх да канца стагоддзя ў Мінску стала бібліятэка Чапялінскага. Па меркаванні спецыялістаў,
колькасць камерцыйных бібліятэк і кабінетаў для чытання стала расці і амаль паўсюдна аж да 1917 г. перавышала колькасць грамадскіх публічных бібліятэк. Да пачатку 1914 г. толькі ў Мінскай губерні налічвалася больш за 50 такіх бібліятэк.
Часткова функцыі публічных таксама выконвалі бібліятэкі для народнага чытання (народныя бібліятэкі), якія ствараліся пры школах. Яны разглядаліся адміністрацыяй Віленскай навучальнай акругі, у першую чаргу, у якасці баз для правядзення народных чытанняў і абслугоўвання кнігамі пісьменных сялян. Бібліятэкі для народнага чытання, як аддзелы школьнай бібліятэкі, пачалі стварацца з 1882 г. у Магілёўскай губерні, з 1883 г. — у Віленскай і Гродзенскай, з 1892 г. — у Віцебскай і з 1893 г. — у Мінскай. Ужо праз 10 гадоў — у 1893 г. — толькі ў Гродзенскай губерні дзейнічала 135 такіх бібліятэк з сукупным кніжным фондам каля 20 тыс. экз.