Гісторыя беларускай кнігі
У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 436с.
Мінск 2011
Для папаўнення фондаў Віленскай бібліятэкі ўладамі рыхтаваліся экспедыцыі ў бібліятэкі і архівы краю, якія нароўні з забароненымі канфіскавалі таксама старадрукаваныя кнігі і рукапісы і перадавалі іх у бібліятэку. Так, у 1866 г. фонды бібліятэкі папоўніліся больш чым 14 тыс. назваў кніг і рукапісаў, выключаных з Віленскага музея старажытнасцей. Гэта была адна са значных і каштоўных калекцый, якая лягла ў аснову яе фондаў345. У 1876 г. фонд Віленскай публічнай бібліятэкі папоўніўся кнігамі і рукапісамі з бібліятэкі зачыненага Супрасльскага манастыра — з Супрасля ў Вільню было аддадзена 1109 ацалелых да таго часу кніг і 191 рукапіс. У бібліятэку таксама перадаваліся кнігі, канфіскаваныя царскімі ўладамі з бібліятэк навучальных устаноў.
Амаль усе канфіскаваныя кнігі і рукапісы былі напісаны на заходнееўрапейскіх мовах, у першую чаргу на польскай, і адлюстроўвалі сістэму заходнееўрапейскіх каштоўнасцей.
БЕЛАРУСКАЯ КНІГА Ў ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫI (1 795—1917)
163
А.П. Уладзіміраў, які займаўся арганізацыяй бібліятэкі, лічыў, што з такім фондам «...бібліятэка карысці, у сэнсе асветы, прынесці не магла, але затое магла добра сілкаваць лацінапольскі фанатызм». Для ўхілення гэтага недахопу ўрад штогод, нават яшчэ да адкрыцця бібліятэкі, вылучаў па 8—9 тыс. рублёў на папаўненне яе фондаў расійскімі выданнямі. Рускія кнігі выпісваліся са сталічных кнігарняў і набываліся ў віленскай краме кнігапрадаўца Сянкоўскага.
He вельмі шматлікай крыніцай папаўнення фондаў бібліятэкі, але вельмі каштоўнай, асабліва з пазіцый сучаснай нацыянальнай беларускай бібліяграфіі, з’яўляўся абавязковы рэгіянальны экзэмпляр друкаванай прадукцыі. Бачачы ў Віленскай публічнай бібліятэцы найбагацейшае кнігасховішча краю, царскія ўлады загадалі ўсім выдаўцам дастаўляць у бібліятэку «...па адным экзэмпляры ўсіх выданняў, якія выходзяць у свет у межах ПаўночнаЗаходняга краю».
Да студзеня 1867 г. перабудова вылучанага бібліятэцы будынка былога Віленскага універсітэта была завершана. Тут і размясцілася Віленская публічная бібліятэка, урачыстае адкрыццё якой адбылося 24 мая. Аснову яе фонду склалі кнігі і рукапісы 26 рымакаталіцкіх манастыроў, віленскага епархіяльнага капітула, 7 праваслаўных манастыроў, 22 сярэдніх навучальных ўстаноў, 26 павятовых і прыходскіх вучылішчаў, 2 дырэкцый, 12 прыватных і грамадскіх бібліятэк, Віленскага музея, а таксама матэрыялы, ахвяраваныя ўрадавымі ўстановамі і прыватнымі асобамі.
Такім чынам, у канцы 60х гг. XIX ст. у Вільні была створана бібліятэка, якая аб’яднала ў сваіх фондах кніжныя каштоўнасці, якія захаваліся да таго часу на тэрыторыі ПаўночнаЗаходняга краю (асноўную частку якога складалі этнічныя беларускія землі). Акрамя таго, яе калекцыі пачалі папаўняцца друкаванымі творамі, якія выдаваліся ў краі, і гэта дазволіла Віленскай публічнай бібліятэцы амаль адразу пасля яе заснавання атрымаць статус самай значнай з правінцыйных бібліятэк Расійскай імперыі. У 1880 г. у інвентарных кнігах бібліятэкі былі зарэгістраваны 61 652 назвы кніг у 86 768 вокладках і каля 1000 рукапісаў346. Аднак гэтыя лічбы не адлюстроўваюць усяго аб’ёму фондаў бібліятэкі, г.зн. да таго часу не былі яшчэ разабраны і ўлічаны ўсе матэрыялы, якія паступілі ў бібліятэку ў папярэднія дзесяцігоддзі. Праз 10 гадоў яе фонд дасягнуў ужо 100 000 экз. кніг. Акрамя таго, «...у ёй
меўся прыстойны збор рукапісаў...». Да пачатку XX ст. аб’ём фондаў Віленскай публічнай бібліятэкі, па дадзеных А. Мілавідава, дасягнуў 200 тыс. тамоў (125 тыс. назваў) кніг. Да гэтага ліку, відавочна, неабходна дадаць яшчэ каля 130 тыс. рукапісных матэрыялаў.
Фонд Віленскай публічнай бібліятэкі складаўся з 4х аддзяленняў: замежнага, рускага, рукапіснага і старадрукаванага. Як адзначае А. Мілавідаў, «рускае аддзяленне пры адкрыцці бібліятэкі ў 1867 г. было вельмі бедным: у ім было ўсяго 1252 выданні ў 1854 тамах», але да 1903 г. у ім захоўвалася ўжо больш за 23 тыс. назваў кніг у 42 910 экз. У аддзяленні меўся гістарычны аддзел, у якім даволі поўна былі сабраны выданні па гісторыі ПаўночнаЗаходняга краю.
У замежным аддзяленні бібліятэкі ў пачатку XX ст. знаходзілася каля 125 тыс. тамоў, прыкладна 76 тыс. назваў. Тут захоўваліся каштоўныя кнігі і рукапісы, канфіскаваныя з бібліятэк каталіцкіх манастыроў, «...рэдкія выданні святых кніг старога і новага друку на розных мовах, з каментарыямі і ілюстрацыямі».
Але найбольш каштоўныя выданні захоўваліся ў рукапісным і старадрукаваным аддзяленнях бібліятэкі. У аддзяленні рукапісаў захоўвалася больш за 130 тыс. рукапісных дакументаў, сярод якіх 329 царкоўнаславянскіх і 575 рускіх і лацінскіх пергаментных грамат, старажытныя царкоўнаславянскія рукапісы, у т.л.. Тураўскае евангелле XI ст., лацінскія рукапісы XII ст., творы заходнееўрапейскай семіяграфіі XII—XIV стст.
Аддзяленне старадрукаваных кніг падзялялася на дзве часткі: руская і замежная. У рускім аддзеле старадрукаваных кніг захоўваліся такія каштоўнасці, як першае віленскае выданне Апостала 1525 г. і іншыя выданні XVI ст., творы праваслаўных і уніяцкіх друкарняў, урывак рускай кнігі, надрукаванай у Ватыкане ў 1596 г. У замежным аддзеле налічваліся 1032 назвы ў 781 вокладцы, у т.л. творы друку еўрапейскіх друкарняў 1473 г., Радзівілаўская Біблія 1563 г. Тут захоўвалася 165 замежных інкунабулаў, надрукаваных да 1500 г., і 583 кнігі, надрукаваныя з 1500 да 1550 г.
Выконваючы ўскладзеныя на яе задачы, бібліятэка штогод папаўняла свой фонд як выданнямі мінулых гадоў, так і новымі публікацыямі, якія выйшлі ў свет на тэрыторыі краю і за яго межамі. Як сведчаць справаздачы бібліятэкі, у пачатку 20 ст. у яе фонды штогод паступала каля 2 тыс. экз. розных відаў выданняў, а ў выключных выпадках і да 8 тыс. экз. Асноўную частку сярод новых
164
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
паступленняў складалі добраахвотныя ахвяраванні арганізацый і прыватных асоб (уключаючы абавязковыя экзэмпляры друкаванай прадукцыі друкарняў краю). Сярод паступленняў у фонды бібліятэкі былі як рэдкія выданні і рукапісы мінулых стагоддзяў, так і новая прадукцыя друкарняў краю, у т.л., напрыклад, першыя выпускі беларускіх газет «Наша доля» і «Наша ніва». Кнігі, набытыя бібліятэкай за кошт уласных сродкаў, складалі ўсяго толькі 100—300 экз. у год. Бібліятэкары вымушаны былі канстатаваць, што «сціплыя сродкі, якія адпускаюцца на ўтрыманне Бібліятэкі, не даюць магчымасці набываць новыя кнігі ў жаданай колькасці». Дзякуючы хоць і недастаткова вялікай, але тым не менш стабільнай крыніцы новых паступленняў фонд бібліятэкі стала павялічваўся і да верасня 1915 г. дасягнуў 310 тыс. тамоў347.
Вільня на працягу стагоддзяў з’яўлялася адукацыйнай і культурнай сталіцай краю, у якой былі сканцэнтраваны асноўныя навуковыя, адукацыйныя і культурныя ўстановы, дзейнічаў шэраг грамадскіх арганізацый, вучыліся і тварылі лепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Усё гэта забяспечыла высокую запатрабаванасць багатых кніжных фондаў бібліятэкі. У 1907 г. колькасць падпісчыкаў бібліятэкі дасягнула 1738 чалавек. Асноўную масу сярод іх — каля 70% — складалі маладыя людзі — навучэнцы розных навучальных устаноў. На працягу года яны болып за 20 тыс. разоў наведалі бібліятэку і запатрабавалі амаль 26 тыс. кніг і іншых матэрыялаў. Усё гэта сведчыць аб вялікай папулярнасці Віленскай публічнай бібліятэкі сярод насельніцтва, што не ідзе ні ў якое параўнанне з дзейнасцю публічных бібліятэк у іншых губернскіх гарадах краю.
Неардынарнасць Віленскай публічнай бібліятэкі прызнавалася як палітыкамі348, так і бібліятэказнаўцамі. Несучы «...вядучую культурнагістарычную місію...», яна з’яўлялася «...найбагацейшым кнігасховішчам з шматлікімі неацэннымі самымі старажытнымі выданнямі і рукапісамі...», што дазваляла лічыць яе не толькі самай буйной бібліятэкай ПаўночнаЗаходняга краю, але найбуйнейшай публічнай бібліятэкай Расійскай імперыі, якая саступала па сваіх кніжных багаццях толькі Імператарскай у Пецярбургу і Румянцаўскай у Маскве34’.
У сувязі з тым, што беларуская мова падчас уваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі знаходзілася не проста пад забаронай, як, напрыклад, польская, а яе,
з пункту погляду афіцыйных улад, наогул не існавала, як і Беларусі, то, адпаведна, справаздачы аб дзейнасці Віленскай бібліятэкі не ўтрымліваюць статыстычных дадзеных аб наяўнасці ў яе фондзе беларускіх выданняў. Разам з тым, інфармацыя, якая змяшчаецца ў публікацыях і архіўных дакументах, што адлюстроўваюць этапы стварэння і функцыянавання бібліятэкі, дазваляе зрабіць выснову аб тым, што значную частку фондаў бібліятэкі складалі матэрыялы, якія па месцы іх стварэння, аўтарскай прыналежнасці, мове і зместу адносяцца да Беларусі і могуць быць класіфікаваныя як нацыянальныя. Фонды бібліятэкі ўтрымлівалі таксама вялікую колькасць замежных выданняў і рукапісаў, якія працяглы час існавалі на беларускіх землях і аказалі значны ўплыў на развіццё духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Гэта дае падставу вызначыць Віленскую публічную бібліятэку як бібліятэку, якая ў перыяд з 1867 па 1915 г. выконвала ў дачыненні да Беларусі функцыі нацыянальнай, што дазваляе лічыць яе адной з папярэдніц сучаснай Нацыянальнай бібліятэкі краіны — НББ.
3 пачаткам Першай сусветнай вайны і шэрагам рэвалюцый і войнаў, якія адбываліся пасля яе, у лёс бібліятэкі зноў умяшалася высокая палітыка — Вільня стала франтавым горадам і неаднаразова пераходзіла з рук у рукі. Са зменай статусу горада змянялася і становішча бібліятэкі. Улетку 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту пачалася эвакуацыя ўстановы ў глыб Расіі. У гэты час некаторыя найбольш каштоўныя рукапісы і старадрукаваныя выданні былі вывезены ў бібліятэку Румянцаўскага музея ў Маскве (сёння — РДБ). 3 верасня 1915 г. бібліятэкай кіравалі немцы. Пры гэтым фонд, які захаваўся ў Вільні, не папаўняўся і доступ карыстальнікаў да яго быў практычна закрыты — зборамі бібліятэкі карысталіся толькі супрацоўнікі нямецкай віленскай адміністрацыі. Адступаючы, немцы 24 снежня 1918 г. перадалі бібліятэку ў рукі часовых літоўскіх савецкіх улад350. 3 гэтага часу Вільня на працягу двух гадоў пераходзіла з рук у рукі, пакуль 9 кастрычніка 1920 г. польскія воінскія фарміраванні пад кіраўніцтвам генерала Л. Жалігоўскага не занялі Вільню і не абвясцілі яе сталіцай Сярэдняй Літвы, якая ў лютым— сакавіку 1922 г. увайшла ў склад Полыпчы.