Гісторыя беларускай кнігі
У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 436с.
Мінск 2011
Безумоўна, гэтыя падзеі не спрыялі стабільнаму развіццю бібліятэкі, хоць спробы арганізаваць яе працу прымаліся практычна пры кожнай уладзе. Так, 1 лютага 1919 г.
БЕЛАРУСКАЯ КНІГА Ў ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
165
рашэннем Народнага камісарыята асветы бібліятэка была названа Цэнтральным кнігасховішчам Літвы, стаўшы крыху пазней і галоўнай бібліятэкай ЛітоўскаБеларускай ССР. У гэты перыяд бібліятэка фактычна выконвала функцыі Нацыянальнай бібліятэкі Літвы і Беларусі.
Пасля заняцця горада польскімі войскамі бібліятэка была перададзена універсітэту, адноўленаму ў Вільні 28 жніўня 1919 года ўказам Ю. Пілсудскага, і яе фонды, сабраныя пераважна на землях Беларусі ў апошняй трэці 19 — пачатку 20 ст., ляглі ў аснову адроджанай універсітэцкай бібліятэкі.
Новы этап развіцця бібліятэкі пачаўся 8 лістапада 1920 г. пасля стварэння Сярэдняй Літвы, аднак паўнавартасная яе дзейнасць была адноўлена толькі ў 1924 г. 3 1927 г. ўстанова стала называцца Публічнай універсітэцкай бібліятэкай351. Да 1939 г. яна, разам з іншымі буйнымі бібліятэкамі Польшчы, працягвала служыць цэнтрам збору беларускіх кніг і перыядычных выданняў, якія выходзілі ў свет на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Толькі за 1919—1929 гг. у яе фонды паступіла больш за 90 тыс. экз. кніг і часопісаў352, сярод іх і тыя, якія выйшлі ў свет на этнічных беларускіх землях і зпад пяра беларускіх аўтараў.
Пасля Другой сусветнай вайны бібліятэка была перайменавана ў Навуковую бібліятэку Віленскага дзяржаўнага універсітэта імя В. Капсукаса, а з набыццём Літвой у 1991 г. дзяржаўнай незалежнасці стала звацца Навуковай бібліятэкай Вільнюскага дзяржаўнага універсітэта. Зараз яе фонд налічвае больш за 5,5 млн. экз., сярод якіх кнігі і перыядычныя выданні, у т.л. рэдкія рукапісныя і старадрукаваныя, якія створаны і працяглы час існавалі на беларускіх землях.
Як адзначалася вышэй, частка найбольш каштоўных рукапісаў і выданняў з фондаў Віленскай публічнай бібліятэкі ў 1915 г. была вывезена ў Маскву. У 1930я х гг. польскія ўлады вялі перагаворы аб вяртанні гэтых збораў у Вільню, аднак палітычныя рознагалоссі паміж Польшчай і Савецкім Саюзам не дазволілі ў той час вырашыць гэту праблему станоўча. Увосень 1939 г. Вільню далучылі да Літвы, а ў 1940 г. горад стаў сталіцай Літоўскай ССР — Вільнюсам. Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны зноў пачаліся перамовы аб вяртанні вывезеных раней калекцый. Гэтым разам яны былі больш паспяховымі — у 1945—1946 гг. у Вільнюс была вернута частка калекцый былой Віленскай публічнай бібліятэкі і перададзена
ў Цэнтральную бібліятэку Акадэміі навук Літоўскай ССР, заснаваную ў 1941 г. Зборы Віленскай публічнай бібліятэкі ўваходзяць цяпер у склад фондаў двух буйных бібліятэк Літвы — бібліятэкі Вільнюскага універсітэта і бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. Кнігі з яе калекцый захаваліся таксама ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы.
Развінйё прыватных бібліятэк у Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі
У канцы XVIII — пачатку XX ст. у Беларусі працягвалі існаваць бібліятэкі, створаныя прадстаўнікамі шляхецкіх родаў у часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Найбольш буйнымі з іх заставаліся зборы Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Агінскіх і іншых магнацкіх родаў, але сукупная большасць кніг ужо знаходзілася ў карыстанні дробнай і сярэдняй шляхты ў маёнтках на ўсім абшары краіны. Вывучаны гэтыя бібліятэкі слаба — калі пра Гродзеншчыну і Брэстчыну яшчэ нешта вядома353, то Магілёўшычына, Гомельшчына і Смаленшчына застаюцца terra inkognita — невядомай краінай.
Бібдіятэка Нясвіжскай ардынайыі князёў Радзівілаў
У Нясвіжскім замку пасля канфіскацыі 1772 г., адным з этапаў якой быў вываз у расійскую сталіцу каля 14 тысяч радзівілаўскіх кніг, заставаліся амаль што голыя сцены. Пасля вывазу асноўнай калекцыі ў замку, як сведчыць Г.У. Іваск, засталася толькі «невялікая бібліятэка», якая працягвала папаўняцца аж да 1812 г.354 Разам з тым, пакінутыя на апеку слуг калекцыі пачынаюць раскрадацца чэляддзю. Маюцца звесткі аб тым, што ў 1804— 1810 гг. Каэтанам Квяткоўскім у бытнасць яго бібліятэкарам Нясвіжскага замка было выкрадзена шмат каштоўных кніг, якія пасля вывезлі ў Польшчу, і яны апынуліся ў зборах графа Т. Дзялыньскага і ў прыватнай бібліятэцы Рачыньскіх.
Падчас вайны паміж Францыяй і Расіяй у 1812 г. Дамінік Геранім Радзівіл выступіў на баку Напалеона, таму пасля ўступлення ў Нясвіж расійскага войска маёнтак Радзівілаў зноў быў разрабаваны — у канцы кастрычніка
166
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
Вокладка кнігі
Э. Катлубая «Нясвіжская галерэя партрзтаў Радзівілаў». Вільня. 1857 г.
1812 г. з Нясвіжскага замка ў СанктПецярбург зноў была вывезена значная колькасць каштоўных кніг— астаткі былой бібліятэкі Радзівілаў355. Так фактычна спыніла сваё існаванне самая буйная прыватная бібліятэка Рэчы Паспалітай і самая вялікая для таго часу бібліятэка на беларускіх землях, якая магла прэтэндаваць на ролю нацыянальнай. У замку пасля 1812 г. засталася невялікая колькасць кніг, пазней да іх дадаліся разрозненыя часткі перыферыйных бібліятэк прадстаўнікоў роду Радзівілаў. У 1864 г. у бібліятэку патрапілі кнігі з закрытых у Нясвіжы касцёлаў бернардзінцаў і бенедыкцінак.
У 1813 г. перарываецца старэйшая галіна Радзівілаў і ардынацыя пераходзіць да наступнай па старшынстве лініі роду. Антон і Марыя Радзівілы — прадстаўнікі нямецкай галіны фаміліі, якія атрымалі права распараджацца Нясвіжскім замкам, прыступаюць да яго аднаўлення і ўзнаўлення бібліятэкі. У 1880 г. яны перавозяць у Нясвіж з Берліна сваю бібліятэку, якая склала аснову новай кніжнай калекцыі замка — так званай другой бібліятэкі Радзівілаў. Цікавы экзэмпляр Брэсцкай бібліі 1563 г. з пячаткай Антона Радзівіла ў шыкоўным пераплёце берлінскай работы XIX ст. зараз знаходзіцца ў Архіве ваеннамарскога флоту Расіі ў СанктПецярбургу, куды ён трапіў у складзе асабістага фонду адмірала Дубасава356.
3 гэтага часу аж да канца 1930х гг. Нясвіжская бібліятэка рэгулярна папаўняецца новымі матэрыяламі. На жаль, пакуль няма дадзеных аб аб’ёме фондаў другой Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў, хоць часткі калекцыі, якія дайшлі да нас, сведчаць аб багатым яе змесціве. Нават ацалелая частка бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў XIX ст. — 1939 г. па сваім складзе, храналогіі і тэматычнай структуры універсальная. Яна ахоплівае ўсе галіны ведаў як гуманітарнага, так і прыродазнаўчага навуковага характару. Кнігі з дастатковай ступенню паўнаты прадстаўляюць еўрапейскую кніжную культуру XV—XX стст., шмат матэрыялаў датычыць Беларусі357, большасць французскіх выданняў можна смела аднесці да бібліяфільскіх: яны служылі эталонам еўрапейскага кніжнага мастацтва.
У XX ст. для Нясвіжскай бібліятэкі зноў наступае чорная паласа, якая завяршаецца яе знішчэннем. Нягледзячы на тое, што падчас Першай сусветнай вайны ў замку знаходзіўся вайсковы шпіталь, яго зборы ў той час засталіся практычна некранутымі. Пэўная частка калекцыі загінула крыху пазней — у па
чатку 1919 г. — калі з адступленнем польскіх войскаў там усталявалася савецкая ўлада і замак быў разрабаваны358.
Паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. Нясвіж апынуўся ў складзе Польшчы, і Радзівілы працягвалі валодаць ім да 1939 г. Пакінутая ў замку бібліятэка ў міжваенны перыяд працягвала папаўняцца. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г., маёмасць Радзівілаў была нацыяналізавана і бібліятэку разам з архівам у пачатку 1941 г. вывезлі з Нясвіжа ў Мінск і перадалі ў распараджэнне Акадэміі навук БССР. Супрацоўнікі Бібліятэкі Акадэміі навук прыступілі да апрацоўкі калекцыі — частка кніг была нават прамаркіравана штампамі Бібліятэкі, але акупацыя Мінска ў чэрвені 1941 г. нямецкімі войскамі перашкодзіла завяршыць працу. У 1944 г. нямецкія акупацыйныя ўлады, адыходзячы, вывезлі з Мінска архіў і бібліятэку Радзівілаў
Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны ў 1946 г. ацалелыя кнігі з другой Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў былі вернуты ў Беларусь. Асноўную іх частку — тыя, якія мелі даваенныя пячаткі або іншыя меткі Акадэміі навук — перадалі Бібліятэцы Акадэміі навук БССР. Астатнія былі падзелены паміж Дзяржаўнай бібліятэкай БССР імя У.І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі) і Урадавай бібліятэкай імя М. Горкага (цяпер Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь). У 1960я гг. некаторыя найбольш каштоўныя кнігі з Урадавай бібліятэкі ў Мінску былі забраныя ў Ленінград, у бібліятэку Акадэміі навук. Так над Нявой сустрэліся рарытэты з першай і другой бібліятэк Радзівілаў. Аднак значная частка другога радзівілаўскага кнігазбору засталася на радзіме. Зараз больш за 3,5 тыс. экз. захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі, каля 260 экз. — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і больш за 100 экз. — у Прэзідэнцкай бібліятэцы.
Асноўная ж маса кніг з першай бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў знаходзіцца за межамі Беларусі — у бібліятэках Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы і Фінляндыі. Большасць з іх — каля 11 тыс. адзінак захоўвання знаходзяцца цяпер у розных фондах Бібліятэкі Расійскай АН (значная колькасць страчана падчас пажару БАН 1988 г.). Каля 1500 адзінак захоўвання знаходзяцца ў Навуковай бібліятэцы Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта.
Каля 800 кніг з першай Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў знаходзіцца цяпер у Фінляндыі ў фондах бібліятэкі Хельсінскага
GALERJA NIESWIEZSKA
1» <) R T R E T 6 W
RADZIWIUOWSKICH.
OFISANA HISTORYCZNIE
I’ R Z E Z
E DM ARDA KOTtU B A J A.
Z D R Z E W O R Y T A M I M 1 C H A L A S T A R K M A N A
W 1 L N O.
1857.
168
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
універсітэта. Матэрыялы з першай бібліятэкі і архіва Радзівілаў захоўваюцца таксама ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільнюсе і Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Кіеве. Нязначная частка кніг з Нясвіжскай калекцыі воляю лёсу патрапіла таксама ў іншыя бібліятэкі, архівы і музеі Расіі, Польшчы, Беларусі і іншых краін.
Аб’ём і склад фондаў Бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў зрабілі яе унікальным кніжным зборам сусветнага значэння, які ўяўляе каштоўнасць не толькі для беларускай, але і еўрапейскай культуры ў цэлым. У пасляваенны перыяд арганізацыітрымальнікі матэрыялаў з Нясвіжскай калекцыі рабілі спробы па іх апісанні і ўпарадкаванні. Аднак актыўная праца ў гэтым кірунку пачалася толькі пасля распаду СССР і набыцця Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці, што дазволіла пашырыць кола навуковых даследаванняў і наладзіць эфектыўнае супрацоўніцтва з замежнымі калегамі.