Гісторыя беларускай кнігі
У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.)
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 436с.
Мінск 2011
Вялікую калекцыю, прысвечаную гісторыі напалеонаўскіх войнаў, сабраў барысаўскі памешчык, калекцыянер і бібліяфіл канца XIX — пачатку XX ст., Іван Хрысанфавіч Каладзееў (1859—1914). Яна размяшчалася ў доме калекцыянера ў Новабарысаве (цяпер г. Барысаў, вул. 30 гадоў ВЛКСМ, д. 8) і была не толькі даступнай для даследчыкаў, але і адкрыта для экскурсій. Фактычна дом Каладзеева ператварыўся ў музейбібліятэку. Збор І.Х. Каладзеева пачаў стварацца ў 1890х гг., тут былі сабраны рэдкія, а часам і унікальныя выданні, што трапілі ў Новабарысаў са збораў калекцыянера П.А. Яф
рэмава, пецярбургскага бібліяфіла, этнографа і археолага П.А. Закрэўскага, маскоўскага генералгубернатара А.А. Закрэўскага, а таксама кнігі і дакументы са збораў Э.К. ГутэнЧапскага і Я.Т. Тышкевіча. Акрамя бібліятэкі (больш за 15 тыс. тамоў на 11 мовах), збор І.Х. Каладзеева ўключаў значную калекцыю гравюр, карт, плакатаў, чарцяжоў і малюнкаў (больш за 3 тыс. экзэмпляраў), рукапісаў. У зборы таксама былі розныя віды халоднай і агнястрэльнай зброі, падборкі ордэнаў і медалёў, манеты.
У сувязі з падрыхтоўкай да адкрыцця ў Маскве музея ў памяць 1812 года, 31 ліпеня 1913 г. Каладзееў бязвыплатна перадаў музею звыш 11 тыс. тамоў кніг са сваёй бібліятэкі. Пакінутая самая каштоўная частка збору паступіла ў маскоўскі Гістарычны музей у 1915 г. — ужо пасля смерці калекцыянера. У 1926 г. частка бібліятэкі І.Х. Каладзеева (8 тыс. кніг) была вернута БССР. Кнігі трапілі ў Дзяржаўную бібліятэку БССР (зараз Нацыянальная бібліятэка Беларусі), дзе разышліся па фондах. Часткова гэтая калекцыя была згублена падчас Другой сусветнай вайны. Да цяперашняга часу ў НББ захавалася каля 3 тыс. кніг з калекцыі I. X. Каладзеева. Частка кніг захоўваецца ў Маскве — у Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэцы і Дзяржаўным гістарычным музеі Расійскай Федэрацыі.
Акрамя тытулаванай арыстакратыі хатнія бібліятэкі мелі прадстаўнікі шляхты, якаяўХІХ стагоддзі была даволі разнастайнай па сваім маёмасным статусе. Збіралі кнігі такія заможныя сем’і, як Пуслоўскія ў Косаве (некалькі тысяч тамоў), Нямцэвічы ў Скоках (каля паўтысячы тамоў), Швыкоўскія ў Пружанах (каля 1,5 тыс. тамоў). Даволі часта фарміраванне падобных калекцый з’яўлялася вынікам карпатлівай мэтанакіраванай дзейнасці асобных заўзятых аматараў кнігі. Напрыклад, Вандалін Пуслоўскі цікавіўся гісторыяй, у першую чаргу зямель былога Вялікага Княства Літоўскага, археалогіяй, нумізматыкай, набываў перыядычныя выданні на польскай мове, старыя календары378. Уладзіслаў Трэмбіцкі з Лінова Пружанскага павета быў не толькі бібліяфілам, але і бібліёграфам, яго ўвагу прыцягвала польская літаратура, якой ён сабраў некалькі тысяч тамоў.
Бібліятэку, якая ўключала каля 3 тыс. кніг па гісторыі Беларусі, археалогіі, этнаграфіі і царкоўнай даўніне, сабраў у Магілёве Еўдакім Раманавіч Раманаў. Бібліятэку па гісторыі, археалогіі (пераважна Беларусі) і літаратуры аб’ёмам больш за 1000 тамоў сабраў Аляксандр Іванавіч Мілавідаў379. Бібліятэка генералмаёра
176
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ
Уладзіміра Іванавіча Харкевіча складала каля 900 тамоў твораў, прысвечаных вайне 1812 г. (на рускай, італьянскай і іспанскай мовах). Пасля смерці ўладальніка яна была перададзена ва ўласнасць Камітэта па будаўніцтву ў Маскве музея ў памяць 1812 года.
У назапашванні друкаванай літаратуры была зацікаўлена яшчэ адна сацыяльная праслойка — інтэлігенцыя, якая толькі пачынала фарміравацца і якая існавала за кошт разумовай працы. Пераважна гэта былі настаўнікі, чыноўнікі, дактары, што жылі і працавалі ў невялікіх населеных пунктах. У правінцыі часам жылі пісьменнікі, навукоўцы, былыя прафесары Віленскага універсітэта, як напрыклад Міхаіл Баброўскі, які пасля закрыцця гэтай установы жыў у Шарашове Пружанскага павета380. Кніжныя зборы інтэлігенцыі ў колькасным плане былі пераважна невялікія, але, як правіла, рупліва ўкамплектаваныя і тэматычна звязаныя з прафесіяй381.
Крыніцы, якія змяшчаюць звесткі пра бібліятэкі мяшчанства, духавенства розных канфесій, а таксама сялян, малалікія. Таму цікавым выключэннем з’яўляюцца звесткі пра брэсцкага збіральніка кніг Самуэля Хэфта, які ўсе назапашаныя фінансавыя сродкі выкарыстоўваў на набыццё кніг па філасофіі, гісторыі, літаратуры, краязнаўстве на польскай, лацінскай, французскай, нямецкай і рускай мовах382.
Шляхі камплектавання кніжных калекцый у XIX ст. вылучаліся разнастайнасцю. У даследуемы перыяд у беларускалітоўскай правінцыі развітай сеткі стацыянарнага кніжнага гандлю не існавала. Прапанова кніжнай прадукцыі на мясцовых кірмашах была даволі сціплай. Вядомыя магнацкія і шляхецкія сем’і перадавалі кніжныя калекцыі ў спадчыну (як гэта, напрыклад, было ў Сапегаў), шмат літаратуры прывозілі з замежных падарожжаў. У асяроддзі заможных бібліяфілаў практыкавалася набыццё ўсяго кнігазбору ці яго часткі. Яскравай ілюстрацыяй з’яўляецца факт набыцця Трэмбіцкім бібліятэкі ад свайго суседа Міхаіла Баброўскага383. Некаторыя кнігі папаўнялі паліцы бібліятэк у якасці падарункаў. Вялікая частка гістарычнай і беларусазнаўчай бібліятэкі прафесара СанктПецярбургскай духоўнай акадэміі Міхаіла Каяловіча перайшла ў карыстанне яго вучню, наступніку на пасадзе прафесара акадэміі і земляку Платону Жуковічу. Асобнікі з даравальнымі надпісамі захаваліся ў калекцыі Вандаліна Пуслоўскага384. Вядомы выпадкі, калі неабходныя, але рэдкія кнігі, з’яўляліся прадметам абмену.
Аднак большасць кніг трапляла ў прыватныя кнігазборы з мясцовых і замежных кнігарняў385, што часам пацвярджаюць запісы на захаваных асобніках (напрыклад з калекцыі Пуслоўскага). Найбліжэйшым і самым буйным цэнтрам кніжнага гандлю была Вільня, і толькі ў сярэдзіне XIX ст. ў правінцыі пачалі з’яўляцца стацыянарныя кніжныя крамы, хоць і з абмежаванай прапановай. 3 гэтай прычыны ў XIX ст. актыўна практыкаваўся пісьмовы заказ на кнігі. Рассылка кніг адбывалася на падставе каталогаў буйных кнігарняў са змешчанымі ў іх цэннікамі. Кнігі дасылаліся поштай, прычым сталыя кліенты карысталіся скідкай. Некаторыя кніжныя выданні і часопісы можна было набыць шляхам падпіскі, а імянны паказальнік заказчыкаў часам друкаваўся ў канцы кніг ці часопісаў. Вельмі рэдкай, але цікавай крыніцай з’яўляюцца захаваныя падпісныя лісты. У Аддзеле рэдкіх кніг і старадрукаў Гродзенскага гістарычнаархеалагічнага музея захаваўся падпісны ліст Вандаліна Пуслоўскага на працу Адама Ёхера «Obraz bibliograficznohistoryczny literatury polskiej».
Карыстаючыся дасланымі каталогамі, вядомы бібліяфіл і бібліёграф Уладзіслаў Трэмбіцкі з Лінова рэгулярна замаўляў у Завадскага ў Вільні патрэбныя кнігі, выпісваў часопісы. Часта ў лістах Трэмбіцкага да буйнейшага віленскага кнігавыдаўца сустракаюцца запыты адносна чарговых частак бібліяграфіі Ёхера, якая толькі пачала выходзіць з друку ў 1840 г. Зразумела, што найбольш Трэмбіцкага цікавілі працы па гісторыі літаратуры, якія ён збіраў у Лінове. Свой уласны кнігазбор у адным з лістоў У. Трэмбіцкі характарызуе наступным чынам: «Я валодаю цудоўнаю і багатаю на старыя друкі бібліятэкаю»386, на падставе свайго кнігазбору ён пісаў крытычныя артыкулы з дапаўненнямі працы Ёхера для часопіса «Biblioteka Warszawska».
Дакладны колькаснатэматычны аналіз прыватных кнігазбораў у XIX ст. можна правесці толькі на падставе аналізу захаваных фрагментаў калекцый або адшуканых інвентароў тагачасных бібліятэк. Супастаўленне зместу інвентароў з актуальным станам паасобных збораў схіляе да думкі аб тым, што аніводнай суцэльнай калекцыі кніг не збераглося. У гэтым сэнсе яскравым прыкладам з’яўляецца кнігазбор ПуслоўскіхКрасінскіх, вывучаны на падставе ўладальніцкіх знакаў (захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыкаархеалагічным музеі). Варта заўважыць, што і ён заслугоўвае далейшага, больш грунтоўнага разбору.
БЕААРУСКАЯ КНІГАЎ ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795—1917)
177
Згаданая калекцыя складаецца з дзвюх частак. Першая — гэта кнігі Вандаліна Пуслоўскага, якія першапачаткова збіраліся ў Косаўскім палацы (на кнігах захаваліся і запісы пра «бібліятэку ў Мерачоўшчыне»), Бацькоўскую калекцыю ў спадчыну атрымала дачка Марта Красінская, якая, як можна меркаваць, перавезла яе ў Свіслач, з часам папаўняючы новымі набыткамі. Пазней гэтыя каштоўныя зборы трапілі ў Гародню.
Найбольшыя прыватныя кнігазборы беларускай шляхты ў XIX ст. складаліся з некалькіх тысяч тамоў. Да такіх, бясспрэчна, належала калекцыя Вандаліна Пуслоўскага з Берасцейшчыны, якая налічвала прынамсі 8 тыс. тамоў. Акрамя згаданага збора архіўныя матэрыялы дазваляюць высветліць колькасную характарыстыку бібліятэк Валянціна Швыкоўскага ў Пружанах — 1407 тамоў канфіскавана пасля 1863 г.387, спіс; Караля Нямцэвіча ў маёнтку Скокі —481 том388.
Абапіраючыся на вынікі аналагічных даследаванняў, прысвечаных Гарадзеншчыне, можна дапусціць, што і ў іншых рэгіёнах Беларусі стандартная ўзорная шляхецкая бібліятэка ў XIX ст. налічвала некалькі соцень тамоў, сярод якіх пераважалі кнігі на польскай і французскай мовах, а таксама меліся і на нямецкай і лацінскай. Такімі калекцыямі валодалі асобы адукаваныя, якія мэтанакіравана фарміравалі хатнія бібліятэкі. He выклікае сумнення і той факт, што большасць шляхецкіх кнігазбораў характарызавалася малалікасцю і складалася з некалькіх асобнікаў ці ў лепшым выпадку некалькіх дзесяткаў кніг, якія да таго ж не належалі да літаратуры высокага ўзроўню. Найлепшым сведчаннем гэтай думкі з’яўляюцца выказванні сучаснікаў. Так, напрыклад, Браніслаў Ортык у апісанні шляхты Лідскага павета ў 70я гг. XIX ст. занатаваў: «У доме тыповага шляхціча на стале бывае калода зашмальцаваных карт да гульні ў кікса ці мар’яж, шэраг кніжачак для набажэнства: кантычкі, жыцці святых, і рэдка калі якая свецкая кніжыца, хіба што старая хроніка, Марфей тлумачальнік сноў ці Гісторыя аб Мелузіне»389.
А згаданы вышэй У. Трэмбіцкі пра чытацкія густы сваіх суседзяў з Пружанскага павета выказаўся наступным чынам: «Я пісаў у ваколіцы, якая не абдзелена разумнымі людзьмі [...] бо на некалькі міль навокал у саміх бібліятэках прыватных дамоў можна без цяжкасці налічыць больш за дзесятак тысяч тамоў, якія аднак амаль поўнасцю складаюцца з новых ці замежных прац. [...] Сёння хатнія кнігазборы папаўняюцца пераважна