Гісторык з Віцебска
(жыццяпіс Аляксея Сапупова)
Людміла Хмяльніцкая
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 256с.
Мінск 2001
100 НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.38.
XVII ст. Асобны раздзел у «Гістарычна-статыстычным нарысе г.Віцебска», якім заканчваецца кніжка, Сапуноў прысвяціў гісторыі замкаў. У якасці ілюстрацыі да тэксту ён зрабіў нават «Прыблізны план Віцебскага замка да канца XVI ст.», дзе на тэрыторыі Замкавай гары лакалізаваў месцы размяшчэння царквы Архангела Міхаіла і палатаў князя. У чацвёртым гоме «Даўніны» гісторык змясціў надзвычай цікавыя дакументы, знойдзеныя ім у архівах міністэрства юстыцыі і міністэрства замежных справаў у Маскве — «Каштарыснуто кнігу» г.Віцебска 1655—1666 г., дзе былі падрабязна апісаны выгляд і канструкцыя вежаў Верхняга і Ніжняга замкаў.
Такім чынам, мы бачым, што Сапуноў як ніхто іншы валодаў рознабаковай інфармацыяй па азначанай праблеме і менавіта ад яго можна было б чакаць актыўнай пазіцыі ў абароне гістарычнай і навуковай каштоўнасці Замкавай гары. Аднак гэтага, на наша здзіўленне, чамусьці не адбылося. У сваім надзвычай сціплым па памерах рапарце на імя дырэктара гімназіі Аляксей Сапуноў абмежаваўся толькі вытрымкамі з прац Стрыйкоўскага і Гваньіні, a таксама згадкай пра віцебскія замкі ў «Пісцовых кнігах часоў цара А\яксея Міхайлавіча»101. Яшчэ большае здзіўленне выклікае тое, што практычна меўшы ў саюзніках віцебскага віцэгубернатара, Сапуноў у сваім рапарце цалкам устрымаўся ад выказвання ўсялякіх высноў і ўласных думак наконт гістарычнай каштоўнасці
Замкавай гары, чым практычна развязаў рукі дырэктару гімназіі. Апошні быў асобай, зацікаўленай у хутчэйшым скасаванні ўсіх перашкод у знішчэнні гары, таму высновы для начальства з рапарта Сапунова ён зрабіў сам. У ягоным адказе папячыцелю навучальнай акругі ад 11 верасня 1896 г., у прыватнасці, гаварылася: «Месца, якое займаюць рэшткі Замкавай гары і якое належыць цяпер гімназіі, мела некаторае гістарычнае значэнне ў мінулым горада Віцебска <„.> Ці былі тут якіянебудзь пабудовы, накшталт царквы Архангела Міхаіла, ці стаяў тут замак заснавальніка горада Віцебска <...> — цалкам нічога ні адмоўна, ні станоўча сказаць нельга»102. У сваім лісце дырэктар гімназіі згадваў і раскапаныя ў 1895 г. «рэшткі мураванай пабудовы», аднак зусім не акцэнтаваў увагу на гэтай знаходцы, ды і ўвогуле, каб зняць пытанне, акрэсліў узрост будыніны «не раней мінулага стагоддзя». Узгадваў спадар І.Увядзенскі таксама і пра тое, што летам 1896 г. ім разам з Сапуновым «была зроблена ў адным месцы невялікая павярхоўная раскопка, якая паказала даволі выразна і ясна, што тут па храбту гары ішла мураваная сцяна ў прамым напрамку. Аднак больш нічога не знойдзена, ды, здаецца, і не можа быць знойдзена».
Гэтае безапеляцыйнае сцвярджэнне дырэктара гімназіі яшчэ не паставіла апошнюю кропку ў справе канчатковага вырашэння лёсу
102 НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.41.
Замкавай гары. У лістападзе 1896 г. І.Увядзенскі зноў атрымаў патрабаванне правесці даследаванні, «якія маглі б паслужыць болып дакладнаму тлумачэнню пытання пра гістарычнае значэнне участка Замкавай гары, што належыць Віцебскай гімназіі»103. Адказ на гэтае патрабаванне быў накіраваны ў Вільню толькі ў лютым наступнага года. Хутчэй за ўсё, ніякай дадатковай «экспертызы» за прамінулыя тры з паловай месяцы праведзена не было. У сваім адказе дырэктар зноў настойліва праводзіў думку, што Замкавая гара ніякай гістарычнай каштоўнасці не мае, а ў сувязі з тым, што яна з'яўляецца ўласнасцю гімназіі, то можа быць выкарыстана апошняй цалкам паводле ўласнага меркавання. Адзінае, з чым не мог не пагадзіцца І.Увядзенскі — наяўнасць на гары земляных умацаванняў, якія, тым не менш, паводле аргументацыі дырэктара, «бесперашкодна зносіліся і бурыліся не толькі ў нас у Расіі, але і за мяжой»104.
У апошняй інстанцыі пытанне пра знішчэнне Замкавай гары ў Віцебску вырашалася на ўзроўні міністра народнай асветы І.Д.Дзялянава і міністра ўнутраных спраў І.А.Гарамыкіна. Менавіта гэтую перапіску знайшоў у архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута археалогіі даследчык Л.В.Аляксееў, пра што і напісаў у сваім артыкуле «Да гісторыі і тапаграфіі найстаражытнейшага Віцебска» («Советская археологня», 1964. №1). Пастановай вы-
103 НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.43.
104 Тамсама, арк.44 адв.
сокай улады Замкавую гару, зрэшты, было дазволена скапаць, аднак пры гэтым па рэкамендацыі Пецярбургскай археалагічнай камісіі ў Віцебску павінна была быць створана асобная камісія з мясцовых сіл для назірання за раскопкамі і захавання ўсіх старажытных рэчаў, якія будуць знойдзены пры вядзенні прац. У склад камісіі ўвайшлі дырэктар гімназіі І.Увядзенскі, выкладчык гісторыі і геаграфіі гімназіі І.Сабін-Гус і сакратар Віцебскага губернскага статкамітэта С.Гарскі (Аляксей Сапуноў на той час ужо рыхтаваўся пакінуць Віцебск, збіраючыся на часовае жыхарства ў Маскву).
Ніякіх дакументальных звестак пра плён дзейнасці гэтай камісіі мы сёння не маем. Аднак пэўнае ўяўленне пра метады яе дзейнасці можна скласці на падставе азнаямлення з дакументамі гаспадарчага камітэта гімназіі, які здаў з падраду земляныя працы па скопванню гары. У двух пунктах «Кандыцый» (умоў дагавору) закраналіся пытанні археалогіі: «...8). Падрадчык, па меры магчымасці, павінен садзейнічаць мэтам археалагічнай камісіі, прызначанай па раскопцы гары. 9) Калі пры раскопцы Замкавай гары будуць знойдзены косткі, усялякія старажытныя рэчы, а таксама манеты, камяні і інш. прадметы, то косткі павінны быць закапаны ў зямлю ў месцы, якое пакажа дырэктар гімназіі, а ўсе іншыя прадметы і манеты паступаюць на карысць гімназіі»105. Зразумела, што пры такім падыходзе да справы
105 НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.101—102.
цяжка было чакаць ад яе выканання нейкіх сур'ёзных у навуковым сэнсе вынікаў.
Археалагічныя доследы А.Ляўданскага 1928 г. сталі практычна адзінымі навуковымі доследамі Замкавай гары за ўсе гады яе існаваыня. Аднак праведзены яны былі занадта позна, калі ад унікальнага помніка археалогіі ўжо практычна нічога не засталося. Ляўданскаму давялося даследаваць ужо толькі змяшаны культурны пласт таўшчынёй каля метра.
У XX ст. рэшткі гары працягвалі метадычна знішчацца. У 1957 г. Саветам Міністраў БССР была прынята пастанова аб узяцці пад ахову дзяржавы ўсёй тэрыторыі Верхняга замка ў Віцебску як помніка археалогіі рэспубліканскага значэння. Аднак ужо праз два гады гэтая пастанова была парушана будаўніцтвам новага памяшкання для драматычнага тэатра, а пазней, у 1984 г.— і падземнай кавярні пры ім. Апошняй кропкай у гісторыі Замкавай гары стала ўзвядзенне на яе месцы ў 1974 і 1980 г. двух вялікіх сучасных будынкаў праектных арганізацый, у выніку чаго гістарычны ландшафт старажытнага замчышча быў цалкам знішчаны.
Цяжка сёння недасведчанаму чалавеку ўявіць сабе сярод амаль спрэс сучаснай забудовы цэнтра гістарычнае аблічча Віцебска, a дасведчанаму — асэнсаваць усю трагедыю знішчэння нацыянальнай культуры.
Віцебскае старажытнасховішча
Вернемся ў Віцебск 1893 г. — час, калі ў культурным жыцці тутэйшага грамадства наспявала значная падзея. Ёю было адкрыццё новага музея — мясцовага царкоўна-археалагічнага старажытнасховішча.
Царкоўна-археалагічныя музеі пачалі з'яўляцца на Беларусі ў 1890—1910-х г. Утвараліся яны як епархіяльныя музеі духоўнага ведамства праваслаўнага веравызнання з мэтаю збірання і захавання прадметаў мясцовай рэлігійнай даўніны. Такія музеі раней ці пазней былі створаны ва ўсіх епархіяльных гарадах тагачаснага Паўночна-Заходняга краю: Віцебску, Магілёве, Гародні, Мінску і Вільні. Першае старажытнасховішча было адчынена ў Віцебску.
Першымі сховішчамі царкоўных старажытнасцяў варта, відаць, лічыць касцельныя і царкоўныя рызніцы, што існавалі практычна пры кожным храме і ўтрымлівалі рэчы, узрост якіх вызначаўся часам не адной сотняй гадоў. Пры кляштарах і парафіяльных цэрквах, як правіла, існавалі архівы, дзе захоўваліся старадаўнія метрычныя кнігі і рознага кшталту юрыдычныя дакументы. Асобныя царкоўныя музеі пачалі стварацца толькі ў другой палове XIX ст., з канца 1870-х г. Геаграфія іх з'яўлення ахапіла значную тэрыторыю Расійскай імперыі — ад Каўказа (Тыфліс, Сухумі) да
Ўкраіны (Жытомір, Уладзімір-Валынскі, Чарнігаў). Аднак пераважная большасць музеяў была створана ў цэнтральных раёнах Расіі — Уладзіміры, Яраслаўлі, Растове, Прылуках, Падольску, Туле, Арле і іншых гарадах. Адчыніліся старажытнасховішчы і пры духоўных акадэміях у Маскве, Пецярбургу і Кіеве106. Гэтыя музеі былі творам панавальнай у дзяржаве праваслаўнай царквы і звычайна адчыняліся пры духоўных семінарыях, царкоўных брацтвах або архірэйскіх дамах.
У Беларусі пасля далучэння да Расійскай імперыі праблема захавання прадметаў старасветчыны стаяла вельмі востра. Дзяржава не выконвала ахоўнай функцыі ў дачыненні да помнікаў даўніны, асабліва тых, што належалі раней уніяцкай канфесіі. Становішча ўскладнялася і гістарычным невуцтвам грамадства, зарыентаванага перш за ўсё на ўсведамленне культурных набыткаў суседняй Расіі, a не сваіх уласных. Неразуменне гістарычнай і мастацкай каштоўнасці мясцовых старажытных актавых матэрыялаў, кніг, абразоў, роспісаў і г.д. часта можна было сустрэць і з боку святароў, у рукі якіх гэтыя рэчы траплялі. У нататках Аляксея Сапунова знаходзім апісанне наступнага акта вандалізму, учыненага настаяцелем аднаго з беларускіх манастыроў у 1850-я г. Пасля выхаду загада Сінода наконт дастаўкі звестак пра манастырскія архівы з падрабязным апісаннем усіх дакументаў, што
106 Энцнклопеднческнй словарь Брокгауза н Ефрона. Т.ХХ. С.-Петербург, 1897. C.120.
захоўваліся ў іх, згаданы настаяцель, які з цяжкасцю разбіраў друкаваныя тэксты, быў вельмі засмучаны, бо ў архіве манастыра з даўніх часоў захоўвалася вялізная скрыня, напакаваная старажытнымі рукапісамі. Святар абвясціў сябе хворым, зачыніўся ў келлі і за два тыдні папаліў там увесь манастырскі архіў, пасля чаго з чыстым сумленнем паведаміў у Сінод, што ў давераным яму манастыры ніякіх старажытных актаў не захоўваецца107. Гэтае здарэнне, на жаль, не было адзінкавым і выпадковым.
3 ініцыятывай стварэння царкоўна-археалагічнага музея ў Віцебску выступіў інспектар народных вучылішчаў Еўдакім Раманаў. У чэрвені 1892 г. ён накіраваў архіепіскапу Полацкаму і Віцебскаму Антаніну спецыяльную запіску, у якой выказаў думку наконт неабходнасці збірання па цэрквах епархіі помнікаў царкоўнай даўніны, якія ўжо не ўжываліся пад час набажэнстваў, аднак уяўлялі «не толькі мясцовы, але і агульны царкоўна-археалагічны інтарэс». На ўвазе мелася старажытнае царкоўнае адзенне, начынне, абразы, старадрукі і рукапісныя кнігі, званы, старадаўнія планы ўжо не існуючых храмаў — усё тое, што, на думку Раманава, заслугоўвала «руплівага захавання ад знішчэння часам і нявопытнасцю асобаў, бліжэйшаму назіранню якіх яны былі давераны»108.