Гісторык з Віцебска
(жыццяпіс Аляксея Сапупова)
Людміла Хмяльніцкая
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 256с.
Мінск 2001
надзвычай грунтоўнай і складалася з чатырох раздзелаў: 1) «Гістарычны нарыс», які ахопліваў не толькі гісторыю самой гімназіі, але і ўвогуле гісторыю асветы Беларусі з аглядам навучальных устаноў, якія ўтрымлівалі духоўныя ордэны; 2) «Статыстычны нарыс», у якім можна знайсці звесткі не толькі пра выкладчыкаў і выпускнікоў гімназіі, але нават і тых, хто інспектаваў гімназію ў 1803—1884 г., а таксама спісы міністраў народнай асветы і папячыцеляў навучальнай акругі; 3) «Заўвагі»; 4) «Дадаткі». Апошні раздзел можна лічыць найбольш каштоўным, бо ў ім былі змешчаны тэксты дакументаў з тых крыніц, якімі карыстаўся Сапуноў пры падрыхтоўцы выдання.
12 сакавіка 1882 г. па прапанове віцебскага губернатара настаўнік мужчынскай гімназіі Аляксей Сапуноў быў абраны правадзейным сябрам Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. І хоць установа гэтая была афіцыйная, займалася зборам статыстычных звестак пра губерню, яе паветы, гарады, насельніцтва, прамысловасць і іншыя вельмі канкрэтныя рэчы, яна адыгрывала належную ролю ў культурным жыцці рэгіёна. Яшчэ ў 1868 г. пры статкамітэце быў створаны музей старажытнасцяў; вакол установы ўвесь час гуртаваліся даследчыкі і аматары мясцовай даўніны, якія друкавалі свае матэрыялы на старонках яе перыядычных выданняў. Паводле «Палажэння пра губернскія статыстычныя камітэты», у правадзейныя сябры абіраліся асобы, «якія могуць
сваімі ведамі і вопытнасцю прынесці карысць камітэту»67, за што яны атрымлівалі дыплом вызначанага ўзору, а таксама права голасу на ўсіх
пасяджэннях.
Адным з кірункаў дзейнасці статкамітэта на той час быў збор звестак для складання археалагічнай карты Віцебскай губерні. Сябры камітэта распаўсюджвалі апытальныя лісты і збіралі паведамленні пра гарадзішчы, курганы ды могільнікі. Цесныя сувязі падтрымліваліся з Пецярбургскай археалагічнай камісіяй (якая кіравала раскопкамі на ўсіх казённых землях), а таксама Маскоўскім археалагічным таварыствам,
Аляксей Сапуноў. Фота 1890-х г. (?). Здымак ласкава прапанаваны В.М.Кучарэнкай, за што аўтар выказвае ўладальніцы шчырую падзяку.
якія неаднойчы дапа-
магалі сябрам Віцебскага статкамітэта кансультацыямі, перш за ўсё ў дачыненні да атрыбуцыі прадметаў старажытнасці, што траплялі ў ягоны музей.
У 1886 г. у Віцебск пераехаў Еўдакім Раманаў і пачаў працаваць інспектарам народных
67 НГАБ, ф.2502. воп.1, спр.797, арк.іадв.
вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губерняў. Трэба думаць, што амаль аднолькавы ўзрост ды сур'ёзнасць зацікаўлення старажытнасцямі сталі падставай для збліжэння двух маладых людзей. He пакідаючы працы над сваім асноўным фальклорна-этнаграфічным дзевяцітомавым «Беларускім зборнікам», Еўдакім Раманаў паралельна праводзіў археалагічныя раскопкі ды разведкі, і ў год пераезду ў Віцебск быў абраны сябрам-карэспандэнтам Маскоўскага археалагічнага таварыства. У гэты ж час да заняткаў археалогіяй далучаецца і Аляксей Сапуноў.
На пачатку 1890 г. Раманаў разам з Сапуновым на старонках мясцовых перыёдыкаў «Віцебскія Губернскія Ведамасці» (1890, №5) і «Полацкія Епархіяльныя Ведамасці» (1890, №3—4) друкуюць «Спіс пытанняў для складання археалагічнай карты Віцебскай губерні».
У большай ступені маючы схільнасць не да практычнай археалогіі, а да апісання помнікаў старажытнасці, Аляксей Сапуноў у 1890 г. выпусціў у свет сваю першую «археалагічную» кніжку пад назвай «Дзвінскія або Барысавы камяні». Барысавы камяні, гэтыя надзвычай цікавыя манументальныя помнікі эпіграфікі XII ст., здаўна прыцягвалі да сябе ўвагу шматлікіх навукоўцаў і аматараў. Сапуноў у сваёй працы апісаў усе вядомыя на той час камяні і іх гістарычныя лёсы. Псторык узгадаў тры Барысавы камяні, якія знаходзіліся
ў рэчышчы Заходняй Дзвіны недалёка ад вёскі Зяленшчына каля Полацка, а таксама ля вёсак Балоткі і Накоўнікі непадалёк ад Дзісны. Яшчэ адзін камень з вёскі Балоткі ў 1879 г. быў выцягнуты з ракі М.Ф.Кусцінскім па даручэнні кіраўніка Маскоўскага археалагічнага таварыства графа А.С.Уварава і перавезены ў Маскву (цяпер ён захоўваецца ў музеізапаведніку «Каломенскае»). Праз некалькі гадоў Аляксею Сапунову самому ўдалося адшукаць яшчэ два невядомыя раней Барысавы камяні, пра што ён змясціў невялікую нататку ў «Віцебскіх Губернскіх Ведамасцях» (1894, №81).
Апроч Барысавых у сваёй кнізе Сапуноў апісаў яшчэ некалькі культавых камянёў, шанаваных у народзе. Адным з самых цікавых з іх уяўляецца камень з Віцебска, што некалі ляжаў ля падножжа Лысай (або Прачысценскай) гары, дзе, як вядома, у 1623 г. быў забіты Полацкі уніяцкі архіепіскап Язафат Кунцэвіч. Пра яго ў кнізе чытаем наступнае: «Яшчэ адзін камень (цяпер яго няма) знаходзіўся насупраць Успенскага сабора, кроках у 25 ад падэшвы стромага берага Заходняй Дзвіны; на камені гэтым змешчана выява глыбока высечанага шасціканцовага крыжа. Камень гэты называлі Язафатавым»68.
Да зацікаўлення Аляксея Сапунова археалогіяй прыхільна ставілася кіраўніцтва
68 Сапунов А.П. Двшіскне нлн Борнсовы камнн. Внтебск, 1890. С.26.
губернскага статыстычнага камітэта. Сведчаннем было хоць бы выдаткаванне 20 казённых рублёў са сродкаў камітэта на брашуроўку кнігі пра Дзвінскія камяні, якія былі выплачаны, як гэта ні дзіўна, віцебскай турме (дзе, відаць, сярод зняволеных знаходзіліся адмыслоўцы ў пераплётнай справе)69.
Правёўшы дзяцінства ў напаўсялянскім асяроддзі, Аляксей Сапуноў меў да працы на зямлі асаблівае замілаванне і, як адзначаў ягоны сучаснік Мікалай Багародзкі, некалькі разоў «на мізэрныя зберажэнні прыдабываў кавалачкі зямлі, цікавіўся ёю пакуль не адбудоўваў на ёй дом і ня выросліваў сад; а потым прадаваў іншы раз з убыткам і купляў другі, але заўсёды каля возера і ва ўзгорыстай мясцовасці»70. Так, недзе ў канцы 1880-х г. ён набыў і маёнтак Кахоўку ў Вярхоўскай воласці Віцебскага павета на адлегласці 11 вёрст ад горада. Маёнтак памерам у 40 дзесяцінаў зямлі, частка з якіх была занятая лесам, знаходзіўся на беразе ракі Лужаснянкі71. Аднак найбольшай адметнасцю ўладання было тое, што на ягонай тэрыторыі на вялікім узгорку, парослым бярозавым гаем, размяшчаўся курганны могільнік крывічоў, які захаваўся да нашага часу. Яшчэ і сёння могільнік ва ўрочышчы
69 Отчет о действнях Внтебского губернского статнстнческого комнтета за 1891 год. Внтебск, 1892. С.6.
70 Багародзкі М. Аляксей Парфенавіч Сапуноў і значэньне яго прац па дасьледаваныпо Віцебшчыны // Віцебшчына. Т.1. С.76.
71 НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.782, арк.77адв.
Кахоўка каля вёскі Сакольнікі Віцебскага раёна налічвае 57 насыпаў вышынёй 1 —1,5 метра і дыяметрам 5—7 метраў і ахоўваецца дзяржавай як археалагічны помнік рэспубліканскага значэння.
На пачатак 1891 г. прыпадае пачатак дзейнасці Папярэдняга камітэта па падрыхтоўцы IX археалагічнага з'езда, месцам правядзення якога была прызначана Вільня, і тэматыка, адпаведна, звязвалася з вывучэннем беларуска-літоўскіх старажытнасцяў. Камітэтам быў выпрацаваны план дзеянняў, які прадугледжваў неабходнасць за бліжэйшыя два гады праверыць звесткі пра археалагічныя помнікі ў рэгіёне, правесці шэраг праверачных раскопак, выявіць падрабязныя звесткі пра прыватныя калекцыі і інш.
5 студзеня 1891 г. у Маскве на Берсянёўскай набярэжнай у сядзібе Маскоўскага археалагічнага таварыства — толькі што адрэстаўраваных палатах XVII ст. думнага дзяка Аверкія Кірылава, уратаваных дзякуючы намаганням сяброў таварыства ад знішчэння — сабраўся на сваё першае пасяджэнне Папярэдні камітэт IX археалагічнага з'езда. На ім прысутнічаў і Еўдакім Раманаў, які ў сваім выступленні, у прыватнасці, казаў пра неабходнасць інтэнсіфікаваць археалагічныя доследы на Беларусі. Сам Раманаў у археалагічны сезон 1891 г., як, прынамсі, і папярэднім летам, займаўся раскопкамі выяўленага на ўскраіне Люцына знакамітага латгальскага
могільніка. Тым не менш, у жніўні таго ж года ён знайшоў час яшчэ і на вывучэнне курганоў у маёнтку Сапунова, які, не маючы вопыту палявых даследаванняў, лічыў сябе дылетантам у гэтай справе, але меў да яе вялікую цікавасць. 3 дапамогай рабочых, выкарыстоўваючы ўласны метад раскопвання курганоў, Раманаў раскрыў у Кахоўцы тры з іх, а таксама даследаваў дзве каменныя магілы, што знаходзіліся паміж насыпамі. Паслойна здымаючы грунт, выкарыстоўваючы метад «саскрабання» (калі зямля бралася рыдлёўкай не ў вертыкальным, а ў гарызантальным напрамку таўшчынёй каля 1 вяршка) і прасейвання выпрацаванай зямлі, у адным кургане Раманавым былі выяўлены рэшткі трупаспалення, а ў двух іншых — некалькі шкілетаў з прадметамі побыту пры іх. Знойдзеныя рэчы яшчэ і сёння захоўваюцца ў Дзяржаўным Гістарычным музеі ў Маскве72. Самога ж Еўдакіма Раманава найбольш зацікавілі знаходкі з каменных магіл, якія ён даследаваў упершыню, і пахаванні ў якіх лічыў прыналежнымі да фінскіх плямёнаў. У сваёй справаздачы, пададзенай Маскоўскаму археалагічнаму таварыству, даследчык пісаў, што кахоўскі могільнік «патрабуе самага руплівага вывучэння. На шчасце, уладальнік яго, наш сябра А.П.Сапуноў, цалкам перакананы ў неабходнасці руплівага яго захавання
72 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць. Мінск, 1985. C.196.
ад дылетанцкіх і да т.п. раскопак, і навука, такім чынам, не будзе пазбаўлена магчымасці далейшага ягонага вывучэння»73.
У апошняй занатоўцы Раманаў, безумоўна, меў рацыю. Думаецца, што калі б Кахоўка ў свой час трапіла ў рукі да каго іншага, ад некалькіх дзесяткаў яе курганаў застаўся б, хутчэй за ўсё, толькі ўспамін. І тады б ужо не мелі ніякай магчымасці прыступіцца да іх вывучэння даследчыкі нашых дзён (у 1972 г. курганы даследваў Г.Штыхаў, у 1981 г. — Л.Калядзінскі).
Хоць раскопкі кахоўскага могільніка ў 1891 г. рабіў Раманаў, у ваколіцах маёнтка аўтарства іх першаадкрывальніка замацавалася за Сапуновым. У справах Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці аднойчы мне сустрэўся дакумент, датаваны 1927 г., што быў складзены загадчыкам суседняй з Кахоўкай Хмарскай школы Мітрафанам Цітовым, які разам з вучнямі-краязнаўцамі аглядаў курганы. У пісьмовай справаздачы настаўніка пасля кароткага апісання могільніка было напісана наступнае: «Сялянамі расказаны паданьні, што калісьці пры раскопках знаходзілі цесакі, гаршкі і косьці