Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун

Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Кнут Гамсун
Гамсун занадта арыгінальны, яго пераймальнікі заўжды будуць смеху вартымі. Ен піша так, як гаворыць, як думае, як марыць.
Аляксандр Купрын
Серыя «Noblesse Oblige»
Кнут Гамсун
ГОЛАД
Збор твораў
Пераклад з нарвежскай
Мінск Выдавец A. М. Янушкевіч 2017
УДК 821.113.5-31
ББК 84 (4Нор)-44
Г18
Серыя заснаванаў 2017 годзе
Рэдактар серыі Сяргей Макарэвіч
Пераклад з нарвежскай
Лявона Баршчэўскага і Лідыі Ёхансэн паводле выданняў:
Knut Hamsun. Sult. Oslo: Gyldendal norsk forlag, 2009.
Knut Hamsun. Pan. Oslo: Gyldendal norsk forlag, 2009.
Knut Hamsun. Victoria. Oslo: Gyldendal norsk forlag, 2009.
У афармленні вокладкі выкарыстаны фрагмент карціны Пітэра Брэйгеля-старэйшага «Трыумф смерці» (1562 г.)
ISBN 978-985-7165-10-0
Гамсун, К.
Г18 Голад : збор твораў / Кнут Гамсун ; пер. з нарв. Лявона Баршчэўскага, Лідыі Ёхансэн. — Мінск : A. М. Янушкевіч, 2017. — 364 с. — (Серыя «Noblesse Oblige»).
ISBN 978-985-7165-10-0.
У кнігу знакамітага нарвежскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1920 года Кнута Гамсуна (1859-1952) увайшлі тры сусветна вядомыя раманы. «Голад» — гісторыя маладога валацугі, чыя свядомасць спазнае страшэнную метамарфозу ад галоднага існавання. Гэты наватарскі твор прынёс аўтару еўрапейскую вядомасць. «Пан» — лірычны аповед пра веліч прыроды і трагедыю неўзаемнага кахання, у якім спалучыліся скандынаўскія сентыментальнасць і нянавісць, дзівацтвы і пакуты, а фонам з’яўляецца суровая прыгажосць паўночнага ўзбярэжжа. «Вікторыя» — праніклівы раман пра чуллівае і пяшчотнае каханне, якое суправаджаюць гонар і годнасць, хвароба і смерць...
УДК 821.113.5-31 ББК 84 (4Нор)-44
© Баршчэўскі Л.П., Ёхансэн Л., пераклад на беларускую мову, 2016
© Выданне на беларускай мове, афармленне.
Выдавец А.М. Янушкевіч, 2017
Голад
Раман
Сцэна першая
Было тое ў часы майго першага галадавання і бадзяння па Хрысціяніі — гэтым дзіўным горадзе, што на кожным пакідае свой адбітак...
Я ляжаў і не спаў на сваім паддашку, чуў, як гадзіннік пада мною прабіў шэсць разоў. Ужо ладна развіднела, і людзі пачалі хадзіць сюды-туды па сходах. Паблізу дзвярэй у маю каморку, наўсуцэль абклееную старымі нумарамі газеты «Моргенбладэ», я мог без цяжкасцяў прачытаць абвестку дырэктара партовага маяка, а крыху лявей — рэкламу свежага хлеба з пякарні Фабіяна Ольсэна.
Расплюшчыўшы вочы, я паводле старой завядзёнкі пачаў думаць, ці мяне ў гэты дзень можа чакаць хоць штосьці прыемнае. Апошнім часам усё ў мяне ішло абы-як, і я мусіў насіць свае рэчы адну за адною ў ламбард «да дзядзькі». Я быў раздражнёны і лёгка губляў кантроль над сабою, а пару разоў нават мусіў застацца на цэлы дзень у ложку: у мяне моцна круцілася ў галаве. Толькі зрэдзьчас мне шэнціла атрымаць якія пяць крон за артыкул, надрукаваны ў той ці іншай газеце.
Дзень усё больш убіраўся ў сілу, і ў мяне ўжо лёгка атрымлівалася чытаць абвесткі на самым нізе дзвярэй — нават самыя здзекліва-драбнюткія літаркі: «Бялізна для нябожчыкаў ад панны Андэрсэн, праваруч ад брамы». Гэта займала маю ўвагу досыць доўга, аж пакуль я не пачуў, што гадзіннік пада мною прабіў восем разоў, і ўжо тады я ўстаў ды апрануўся.
Я расчыніў акно і выглянуў на двор. Я добра бачыў вяроўку ад бялізны і кавалак пустой прасторы; далей можна было ўгледзець чорную пляму рэштак згарэлай кузні, расчысткай якіх займалася некалькі рабочых. Абапёршыся локцямі аб падаконне, я выглянуў на двор. Дзень, відавочна, меўся быць ясны. На дварэ ўжо стаяла восень — цудоўная халаднаватая пара
года, калі ўсё мяняе свае колеры і прамінае. Вулічная гамана, што ўжо добра-такі была чутна, пацягнула мяне з пустога пакоя, падлога ў якім, вельмі падобная да вільготнай, вусцішнай дамавіны, зыбалася, колькі разоў па ёй ні ступі. У гэтым пакоі не было ані сур’ёзнага замка, ані печкі, звычайна я клаў нанач шкарпэткі пад сябе, каб яны да раніцы хоць крыху падсохлі. Адзінай рэччу, што стварала мне тут хоць нейкую прыемнасць, было маленькае старое крэсла-качалка, на якім я драмаў вечарамі ў роздуме пра самыя розныя рэчы. Калі на дварэ дзьмуў моцны вецер, а брама стаяла адчыненая, цераз падлогу і сцены даносіўся дзіўнаваты посвіст, а на газеце, што вісела ўнізе на дзвярах, з’яўляліся разрывы велічынёю не менш як з далонь.
Я ўстаў з месца і падышоў памацаць скрутак у куце пакоя, спадзеючыся знайсці ў ім што-небудзь, каб з’есці на сняданак, але ў скрутку анічога не было, і я вярнуўся да акна.
Бог ведае, падумаў я сабе, ці мне хоць калі-кольвечы пашанцуе ў пошуках сталага занятку! Мне гэтулькі разоў адмаўлялі ці давалі палавіністыя абяцанкі, a то і казалі наўпрост «не», столькі было выгадаваных і марных спадзяванняў, новых спробаў, якія не мелі аніякага выніку, — усё гэта конча пазбавіла мяне ўсялякае адвагі. Апошнім часам я дамагаўся пасады інкасатара, але з гэтым запазніўся і, акрамя таго, не меў чым сплаціць пяцьдзясят крон закладу. Увесь час узнікалі нейкія перашкоды. Я спрабаваў таксама ўладкавацца ў пажарную ахову. Паўсотні мужчын стаяла ў вестыбюлі і напінала грудзі, каб стварыць уражанне велізарнай фізічнай сілы і мужнасці. Упаўнаважаны службовец учыніў агляд прэтэндэнтаў: абмацваў іх цягліцы і задаваў розныя пытанні; ён прайшоў паўз мяне, паківаўшы галавою і сказаўшы, што я не прыдатны да гэтае службы, бо нашу акуляры. Я прыйшоў яшчэ раз, ужо без акуляраў, стаяў там, насупіўшы бровы, імкнуўся ўдаваць, што мае вочы маюць зрок, востры, як нож, службовец ізноў прайшоў паўз мяне, адно толькі ўсміхнуўся, відавочна, угледзеўшы знаёмага. Горш за ўсё было іншае: мая вопратка зрабілася за ўвесь гэты час такой паношанай, што я ўжо анідзе не мог выглядаць прыстойным чалавекам.
Як жа аднастайна і нязменна плыў мой час! Урэшце я застаўся без нічога: у мяне не было нават грэбеня, нават кніжкі,
за якой я мог бы забыцца на свае турботы. Усё лета я выходзіў на розныя могілкі або ў Замкавы парк, дзе сядаў і пісаў артыкулы ў газеты, слупок за слупком, пра самыя разнастайныя рэчы, дзіўныя вынаходніцтвы, прыдумкі, навароты майго неспакойнага розуму; у роспачы я, бывала, звяртаўся да вельмі далёкіх мне тэмаў, што забірала ў мяне доўгія гадзіны высілкаў, але гэтых рэчаў потым ніхто не прымаў. Скончыўшы з адным артыкулам, я браўся за наступны, каб не аказацца ў дэпрэсіі пасля чарговай адмовы рэдактара, я ўгаворваў сябе, што некалі свайго ўсё ж дамагуся. I праўда, здаралася, што мне шэнціла, і я атрымліваў пяць крон за паўдзённую працу.
Я зноў адышоўся ад акна, зачарпнуў крыху вады з мядніцы і пырснуў ёю на зацёртыя калені сваіх штаноў, каб надаць ім хоць крыху навейшы выгляд. Зрабіўшы гэта, я, як звычайна, засунуў паперу і аловак у кішэню і рушыў да выхаду. Каб не прыцягваць увагі гаспадыні дома, я ціхенька саслізнуў уніз па сходах: прайшло ўжо колькі дзён, як я павінен быў заплаціць за кватараванне, а грошай ужо не было.
На гадзінніку была дзявятая. Грукат павозак, людская гамана запаўнялі паветра: гэта быў гучны ранішні хор, у які таксама ўпляталіся крокі пешаходаў, ляскатанне рамізніцкіх пугаў. Уся гэтая несціханая гамана тут жа мяне ажывіла, і я крыху павесялеў. У мяне было ў галаве нешта зусім іншае, як проста прайсціся па свежым паветры. Чым тое паветра магло дапамагчы маім лёгкім? Я ж быў дужы, нібы волат, і мог адным плячом спыніць цэлую павозку. Мяне ахапіла радаснае, дзіўнаватае адчуванне поўнай бесклапотнасці. Я разглядаў людзей, якія праходзілі паўз мяне і паўз якіх праходзіў я, чытаў плакаты на сценах будынкаў, уражваўся ад нечага позірку, знянацку кінутага з трамвая, што праязджаў побач, дазваляўуздзейнічаць на мяне кожнай драбніцы, што траплялася па дарозе, каб неўзабаве знікнуць з віду...
Ах, калі б у гэткі пагодны дзянёк чалавеку было што з’есці! Уражанне ад вясёлага ранку авалодала мною, я адчуў велізарнае задавальненне і неяк сам сабою пачаў напяваць HernTa пад нос. Каля разніцкай крамы стаяла кабета з кошыкам, вытаргоўваючы сабе кілбас на абед; калі я праходзіў каля яе, яна зірнула мне проста ў вочы. Спераду ў яе ў роце тырчаў
адзін-адзіны зуб. Апошнія дні зрабілі мяне знерваваным і моцна ўразлівым, таму твар кабеты выклікаў у мяне агіду: той вялікі жоўты зуб вытыркаўся са сківіцы, не раўнуючы як той мезенец, а позірк, якім яна мяне акінула, зірнуўшы ў мой бок, значыў толькі адное — кілбасы. Я імгненна страціў апетыт, і мяне ледзьве не пацягнула на ваніты. Дайшоўшы да базарчыкаў, я напіўся халоднай вады са студні, а потым зірнуў угару: на вежы царквы Збаўцы была дзясятая.
Я без усялякай мэты рушыў далей, ні з таго ні з сяго прыпыніўся на рагу вуліцы, а потым ад няма чаго рабіць завярнуў у бакавы завулак. Мяне, бесклапотнага, як бы несла хваляю, ускалыханаю вясёлым ранкам, разам са шчасным людам; паветра было празрыстым і светлым, а майго гумору нішто не зацяняла.
Цягам дзесяці хвілін я ішоў услед за кульгавым мужчынам, які пружыўся ўсім сваім целам наперад. У яго ў руцэ быў нейкі клунак, ён намагаўся ісці як мага хутчэй. Я чуў, як ён засопся ад напругі, і мне прыйшло ў галаву, што я мог бы дапамагчы яму паднесці той клунак. На вуліцы Грэнсэн я спаткаў Ханса Паўлі, які павітаўся са мною і заспяшаўся далей. Куды ж ён гэтак ляцеў? Я ж не збіраўся прасіць у яго пазычыць якую крону і меў намер праз пару дзён вярнуць пазычаную колькі тыдняў таму коўдру. Як толькі я выкараскаюся з галечы, я больш не дазволю сабе пазычаць у каго-кольвечы коўдру, можа, нават сёння я сяду пісаць артыкул пра злачынствы будучыні або пра свабоду волі... што-небудзь, вартае чытання, за што я змагу атрымаць сама меней дзесяць крон... Думка пра будучы артыкул надала мяне такога запалу, што я гатовы быў тут жа ўзяцца за яго, карыстаючыся тым, што мая галава перапоўненая рознымі ідэямі; мне трэба было знайсці добрае месцейка ў Замкавым парку і пісаць, не спыняючыся, аж пакуль я не скончу гэты артыкул.
Але той кульгавы чалавек чыкільгаў і чыкільгаў перада мною: нязграбныя рухі гэтага калекі пачалі ўсё болей цвяліць мяне. Мне ўжо здавалася, што гэтай вандроўцы не будзе канца: можа, ён ішоў туды, куды і я, то значыць, я ўвесь час мусіў трываць яго перад вачыма. Раздражнёнаму, мне здавалася, што ён свядома спыняецца на кожным скрыжаванні і гля-