Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Вецер данёс да мяне музыку і спевы студэнтаў, — значыць, ужо была трэцяя гадзіна. Я дастаў аловак і паперу, хацеў напісаць што-небудзь, і раптам з кішэні ў мяне выпала кніжачка з талонамі на галенне. Я палічыўталоны: іх заставалася шэсць.
— Дзякуй Богу! — міжволі выгукнуў я. — Яшчэ тыдзеньдругі я магу галіцца ў цырульніка і мець прыстойны выгляд!
Гэтая маленькая знаходка адразу змусіла мяне акрыяць духам, я старанна разгладзіў талоны і схаваў кніжачку ў кішэню.
Але пісаць я не мог. Напісаў некалькі радкоў, а больш нічога не прыходзіла ў галаву, думкі мае былі недзе далёка, і я не мог засяродзіцца. Усё мяне адцягвала, даймала, з усіх бакоў падступалі новыя ўражанні. Мухі і маленькая заедзь садзіліся на паперу і перашкаджалі мне, я дзьмуў на іх, каб
прагнаць, дзьмуў з усяе моцы, але дарэмна. Гэтая жамяра мітусілася, круцілася, тулілася да паперы, упіралася так, што тонкія лапкі гнуліся. Ад яе проста немагчыма было пазбавіцца. Яна заўсёды знойдзе, за што зачапіцца, яна шукае шурпатасці і няроўнасці на паперы і сядзіць да таго часу, аж пакуль ёй самой не захочацца паляцець прэч.
Пэўны час гэтыя маленькія крывасмокі займалі мяне, я закінуў нагу на нагу і даволі доўга назіраў за імі. А потым да мяне даляцелі гукі кларнета, і ад гэтага думкі мае скіраваліся ў іншы бок. Наракаючы на сябе, што ніяк не атрымліваецца напісаць артыкул, я сунуў паперу ў кішэню і адкінуўся на спінку лаўкі. У такія хвілі мая галава бывае гэткая ясная, што мяне наведваюць самыя цудоўныя думкі, і я, разважаючы, нізвання не стамляюся. Я сяджу, адкінуўшыся назад, пазіраю на свае грудзі, на ногі і бачу, як яны час ад часу кратаюцца суладна з ударамі майго пульсу. Я прыўзнімаю галаву, мяне ахоплівае нейкае дзівоснае, небывалае адчуванне, па маіх нервах прабягае нейкая дзіўная хваля, нібы трапяткі прамень святла раптоўна успыхнуў ува мне. Я гляджу на свае чаравікі і быццам сустракаюся са старым сябрам, быццам нейкая часцінка маёй істоты зноў вяртаецца да мяне, пачуццё яднання захліствае мне душу, вочы напаўняюцца слязьмі, і мае чаравікі нібы аддаюцца ўва мне ціхім звонам. «Гэта слабіна! — сурова кажу я сам сабе і, сціснуўшы кулакі, паўтараю: — Слабіна».
I тут я пачаў смяяцца з гэтых недарэчных пачуццяў; я наўмысна здзекаваўся з сябе; я прамаўляў цвёрдыя і разумныя словы, моцна прыжмурваючыся, каб прагнаць слёзы. I нібыта ніколі раней не бачыўшы сваіх чаравікаў, я пачаў прыглядацца, якія яны на выгляд, як яны мяняюцца пры кожным руху маёй ногі і якая ў іх форма, як пацерлася іхняя скура, і тут я бачу, што складкі і белаватыя швы надаюць ім своеасаблівы выраз, што ў іх як бы ёсць твар. Нейкая часцінка маёй істоты перайшла ў гэтыя чаравікі, ад іх на мяне ішоў подых нечага блізкага, нібы тое было маё ўласнае дыханне...
Я доўга аддаваўся гэтым адчуванням, — пэўна, што не менш за гадзіну. А потым прыйшоў і прысеў на другі канец лаўкі маленькі дзядок; сядаючы, ён цяжка ўздыхнуў і сказаў:
— Але ж-ж-ж, вось як яно ёсць!
Ледзьве толькі я пачуў яго голас, як у галаве ў мяне нібы ўзняўся віхор, я пакінуў чаравікі ў спакоі, і мне нават здалося, што збянтэжаны настрой, якім я толькі што быў апанаваны, належаў да нечага даўняга, з тых часоў, мабыць, прайшоў год ці два, а цяпер ён памалу сцёрся ў маёй памяці. Я, зручна ўладкаваўшыся, глядзеў на старога.
Што мне было да гэтага маленькага чалавечка? Абсалютна нічога! Мяне турбавала толькі тое, што ўруцэ ён трымаў газету, стары нумар са старонкаю абвестак, і ў яе, відаць, было нешта загорнутае. Мною авалодала цікаўнасць, і я не мог адарваць вачэй ад газеты, у галаву мне прыйшла вар’яцкая думка, што гэта выдатная газета, абсалютна ўнікальная, мая цікаўнасць узрастала, і я пачаў соўгацца сюды-туды на лаўцы. Там маглі быць дакументы, небяспечныя паперы, выкрадзеныя з якога-небудзь архіва. I мне пачала мірсціцца патаемная задума, змова.
Дзядок сядзеў ціхенька і пра нешта думаў. Чаму ён не трымае газету як усе, а загарнуў яе так, што не відаць загалоўка? Што гэта за падкопы такія? Ён, відаць, нізавошта на свеце не хацеў выпусціць гэты скрутак з рук. Ён, мабыць, не наважваўся нават пакласці яго ў кішэню. Я гатовы быў даць адсячы сабе галаву, што гэта быў не просты скрутак.
Я глядзеў у паветра. Ужо само тое, што не было аніякае магчымасці пракрасціся ў гэтую таямніцу, да ачмурэння распальвала ўва мне цікаўнасць. Я шнарыў у кішэнях, хацеў прапанаваць што-небудзь гэтаму чалавеку, уступіць з ім у размову, намацаў кніжачку з талонамі, дастаў і тут жа зноў схаваў яе. Раптам я асмялеў, паляпаў сябе па пустой бакавой кішэні і сказаў:
— Ці не магу я прапанаваць вам цыгарэту?
Вядома, дзякуй, але ж ён не курыць: давялося кінуць праз хваробу вачэй, ён амаль аслеп. Зрэшты, вялікі дзякуй!
— А ці даўно ў вас хворыя вочы? Напэўна, вам зусім нельга чытаць? Нават газет?
— На жаль, нават газет!
Дзядок павярнуўся да мяне. На яго хворых вачах былі відны бельмы, з гэтае прычыны вочы, здавалася, ашклянелі, пагляд з-пад белай павалокі быў непрыемны да агіды.
— Вы не тутэйшы? — спытаў ён.
— Але...
Няўжо ж ён не можа прачытаць нават назву газеты, што ў яго руках?
— 3 цяжкасцю...
Зрэшты, ён адразу зразумеў, што я не тутэйшы, здагадаўся з вымаўлення. Гэта так проста, бо ўяго вельмі тонкі слых. Начамі, калі ўсе спяць, ён нават дыханне ў суседнім пакоі чуе...
— Але я вось што хацеў спытаць: вы дзе жывяце?
Мне адразуж захацелася зманіць. Я схлусіў міжволі, сказаў без намеру і згідняе думкі:
— На плошчы Святога Улафа, дом два.
— Праўда?
А ён жа ведае на плошчы Святога Улафа кожны камень. Там ёсць фантан, некалькі ліхтароў, дрэвы, ён усё памятае...
— Каторы, вы сказалі, нумар?
Я, змучаны дакучлівай думкай пра газету, вырашыў пакласці гэтаму канец і ўстаў. Таямніца абавязкова павінна была раскрыцца.
— Раз вам няможна чытаць газеты, навошта ж...
— Вы, здаецца, сказалі, што жывяце ў доме нумар два? — працягваў ён, не заўважаючы майго хвалявання. — Свайго часу я ведаў усіх жыхароў у гэтым доме. Як завуць вашага гаспадара?
Каб адчапіцца ад яго, я сказаў першае, што прыйшло ў галаву: прозвішча прыдумаў тут жа, на месцы, каб гэты назола супакоіўся.
— Хапалаці, — сказаў я.
— Ну так, Хапалаці, — кіўнуў ён і дакладна паўтарыў гэтае цяжкое прозвішча.
Я са здзіўленнем глядзеў на яго: ён сядзеў з вельмі сур’ёзным выглядам, і твар у яго быў задуменны. He паспеў я вымавіць гэтае дурнаватае прозвішча, якое раптоўна прыйшло мне ў галаву, як чалавек асвойтаўся з ім і зрабіў выгляд, што чуў яго раней. Між тым, ён паклаў свой скрутак на лаўку, і я адчуваў, як хваля цікаўнасці захліствае мяне. Я заўважыў, што на газеце былі дзве тлустыя плямы.
— А ваш гаспадар не мараход? — спытаў дзядок, і ў голасе яго не было і ценю кпіны. — Мне памятаецца, нібыта ён матрос!
— Матрос? Прабачце, але, пэўна, вы ведаеце яго брата, а гэты — гандлёвы агент, Ю. А. Хапалаці.
Я думаў на гэтым скончыць размову, але дзядок ахвотна верыў ва ўсё.
— Я чуў, нібыта ён спраўны чалавек? — працягваў ён свае асцярожлівыя роспыты.
— Тое праўда. Кемлівы спадар, выдатны дзялок, — адказаў я. — Агент па продажы ўсялякага ўсяго: брусніцаў з Кітая, пер’я і пуху з Расіі, скуры, драўніны, чарніла...
— Ха-ха, чорт яго бяры! — жвава перапыніў мяне стары.
Гэта рабілася пацешным. Я захапіўся і прыдумляў адну хлусню за другою. Я зноў сеў, забыўся на газету, на таямнічыя паперы, пачаў гарачыцца і перабіваць суразмоўцу. Даверлівасць гэтага маленькага дзядка абудзіла ўва мне нейкае ідыёцкае нахабства: мне нясцерпна хацелася патапіць яго ў хлусні, зламаць ягоны супраціў.
— А ці не даводзілася вам чуць пра электрычны малітоўнік, які вынайшаў Хапалаці?
— Электры... як вы сказалі?
— Пра малітоўнік з электрычнымі літарамі, што свецяцца ў цемры! Гэта грандыёзная справа з абаротным капіталам на шмат мільёнаў крон: там працуюць уласныя ліцейні літараў, велізарная колькасць механікаў з вялікімі заробкамі... ці не семсот чалавек, як я чуў.
— А я што казаў... — ціха прамовіў стары.
I пасля гэтага ён змоўк, ён верыў кожнаму майму слову, не задумваючыся, і прытым не здзіўляўся. Гэта трохі расчаравала мяне: я спадзяваўся, што мае выдумкі адаб’юць у яго ўсялякую ахвоту яшчэ што-кольвечы казаць.
Я роспачна прыдумаў чарговыя дзве байкі, увайшоў у азарт і шапнуў, што Хапалаці цэлыя дзевяць гадоў быў міністрам у Персіі.
— Вы, мабыць, і ўявіць сабе не можаце, што гэта значыць — быць міністрам у Персіі? — спытаў я. — Там міністр важнейшы, чым у нас кароль, гэта амаль усё роўна што султан, калі вы ведаеце, хто гэта такі. Але Хапалаці быў на вышыні і ані разу не схібіў.
I я расказаў пра Юлаялі, яго дачку, чараўніцу, прынцэсу, якая мела трыста рабыняў і спачывала на ложку з жоўтых ружаў; яна была найпрыгажэйшай істотаю, якую я калі-небудзь бачыў, — хай мяне Бог пакарае, — роўнай з ёю я не сустракаў у жыцці!
— Toe значыць, што яна была гэткая прыгожая? — разгублена запытаў стары, апусціўшы вочы.
— Прыгожая? Яна непараўнальная, панадліва салодкая! Вочы ядвабныя, рукі — нібы з бурштыну выштукаваныя!
Адзін позірк яе спакушаў, як пацалунак, і калі яна клікала мяне, яе голас, як струмень віна, п’яніў маю душу. Ды і чаму б ёй не быць гэткай пекнай? Ці ён мяркуе, што яна якая-небудзь пасыльная з касы або служыць у якім-небудзь пажарным ведамстве? Ды яна — проста нябесная істота, нешта казачнае.
— Ага, вядома, — прамовіў ён, крыху агаломшаны.
Яго спакой надакучыў мне, я быў усхваляваны сваім голасам і казаў зусім сур’ёзна. Я не думаў больш пра скрадзеныя паперы, пра змову на карысць якой-небудзь замежнай дзяржавы. Маленькі, пляскаты скрутак ляжаў паміж намі на лаўцы, але ў мяне ўжо не было аніякага жадання зазірнуць у яго і даведацца, што ў ім ляжыць. Я быў захоплены ўласнымі думкамі, перад вачыма ў мяне праносіліся дзівосныя вобразы, кроў ударыла мне ў галаву, і я смяяўся з усяе моцы.
А стары быццам збіраўся сыходзіць. Ён прыпыніўся і, каб не адразу скончыць размову, спытаў:
— Напэўна, у гэтага Хапалаці велізарныя багацці?
Як мог гэты сляпы агідны стары распараджацца чужым прозвішчам, якое я прыдумаў, — так, нібы яго можна было ўбачыць на кожнай шыльдзе ў горадзе? Ён ані разу не запнуўся, не перакрывіў аніводнага гуку, прозвішча адбілася ў яго памяці і трывала ўкаранілася там. Я злаваўся і злаваўся на гэтага чалавека, якога нішто не магло збянтэжыць або выбіць з раўнавагі.