Голад
Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
Але я не мог заснуць: сон не ішоў да мяне. Пэўны час я ляжаў, гледзячы ў цемру — густую, непранікальную, бяздонную і недасяжную. Мая думка не магла яе ахапіць. Змрок быў занадта густы, ён ціснуў на мяне. Я зажмурыўся і стаў напаўголаса напяваць, я круціўся на ложку, каб развеяць цяжкія пачуцці, але ўсё было марна. Змрок паглынаў усе мае думкі і ні на хвілю не адступаўся. А раптам сам я ўвесь растваруся ў гэтай цемры, зліюся з ёю ў адно? Я падскокваю з ложка і пачынаю размахваць рукамі.
Нервовае ўзбуджэнне цалкам авалодала мною, і як я ні намагаўся пазбавіцца ад яго, нічога не дапамагала. I вось я сядзеў, ахоплены вельмі дзіўнымі фантазіямі, заспакойваў сябе, напяваў калыханку, сіліўся сябе ўтаймаваць, увесь спацелы ад гэтых высілкаў. Я пільна ўзіраўся ў змрок, такі глыбокі, якога я ў жыцці не бачыў. У мяне не было аніякага сумневу, што гэта зусім асаблівая цемра, пагрозлівая стыхія, з якою яшчэ ніхто на свеце не сутыкаўся. Мне прыходзілі ў галаву самыя недарэчныя думкі, усё вакол пужала мяне. Вось у сцяне над ложкам невялікая адтуліна, яна забрала маю пільную ўвагу. Гэтая дзірка ад цвіка, думаю я, — знак, пакінуты на сцяне. Я абмацваю адтуліну, дзьму ў яе. Імкнуся вызначыць яе глыбіню. He, гэта не простая адтуліна, куды там, гэта вельмі хітрая і таямнічая адтуліна — яе варта асцерагацца. Паглынуты гэтай думкаю, ахоплены пякучаю цікаўнасцю і страхам, я нарэшце ўстаў з ложка, знайшоў у кішэні сцізорык і вымераў глыбіню адтуліны, каб пераканацца, што яна не выходзіць у суседнюю камеру.
Потым я зноў прылёг і паспрабаваў заснуць, але замест гэтага зноўку пачаў змагацца з цемраю. Дождж на двары суняўся, і не было чуваць ані гуку. Я доўга прыслухоўваўся і не мог супакоіцца, аж пакуль не пачуў крокаў на вуліцы — па ўсім відаць, гэта прайшоў паліцыянт. Пасля я пачаў пстрыкаць пальцамі і смяяцца. Ха-ха! Чорт пабірай! У галаву мне прыйшло новае, небывалае слова. Я прыўздымаюся на ложку
і кажу: «кубоа», — такога слова няма ў мове, я сам яго прыдумаў. Як і кожнае слова, яно складаецца з літар... мілы Божа!.. ага, чалавеча, ты стварыў слова... «кубоа»... яно мае вялікае значэнне для граматыкі.
Гэтае слова выразна паўставала перад маімі вачыма ў змроку.
Цяпер я сяджу на ложку, шырока расплюшчыўшы вочы, дзіўлюся сваёй знаходцы і смяюся ад радасці. Я кажу шэптам: мяне ж могуць падслухаць, а я хачу захаваць сваё вынаходніцтва ў таямніцы. Ад голаду мною авалодала трыумфальнае вар’яцтва: боль ужо не меў улады нада мною, думкі зусім парасцугляліся. Я пачынаю разважаць над значэннем новага слова; думкі дзівосна паскакалі наперад.... He, яно зусім не значыць «Бог» або «Тывалі», і з якой нагоды яно павінна абазначаць «звярынец»? Сашчапіўшы пальцы ў кулакі, я паўтараю: «3 якой нагоды яно павінна абазначаць звярынец?» Калі ўдумацца, яно не можа значыць «вісячы замок» або «ўзыход сонца». Але сэнс яго выявіць не так ужо складана. Я пачакаю, гэта справа часу. А пакуль можна паспаць.
Я ляжу на ложку і ўсміхаюся моўчкі, нічога не кажучы ані «за», ані «супраць». Але праз некалькі хвілін я пачынаю хвалявацца: новае слова не дае мне спакою, яно раз-пораз вяртаецца і нарэшце цалкам авалодвае маімі думкамі, праз што я раблюся вельмі сур’ёзны. Я ўжо цвёрда вырашыў, чаго яно не павінна абазначаць, але не вызначыў, што ж яно ўсё-такі значыць. «Гэта неістотнае пытанне!» — гучна кажу я сабе, ушчаперваюся сам сабе ў руку і паўтараю, што гэта — неістотнае пытанне. Слова, з Божай дапамогаю, знойдзенае, і гэта — галоўнае. Але думка пра тое, што яно можа значыць, не пакідае мяне, перашкаджае заснуць: перад гэткім выключным словам я бяззбройны. Нарэшце я зноў сядаю на ложак, сціскаю абедзвюма рукамі галаву і кажу: «Не, напэўна ж немагчыма, каб яно значыла «эміграцыя» або «тытунёвая фабрыка»! Калі б яно магло значыць што-небудзь такога кшталту, я даўно б ужо спыніўся на гэтым і зрабіў бы адпаведныя высновы. He, гэтае слова папраўдзе народжанае для абазначэння чагосьці духоўнага: пачуцця, душэўнага стану... як жа я да гэтага часу таго не зразумеў? Я капаюся ў памяці, шукаю якое-небудзь духоўнае паняцце, і раптам мне здаецца, быццам я чую нечы
голас, быццам нехта ўмешваецца ў мае развагі, і я кажу злосна: «Гэта яшчэ што такое? Вось ідыёт, якіх свет не бачыў! Як жа яно можа значыць «прадзіва»? Да д’ябла!» 3 якой такой нагоды мне пагаджацца, што яно значыць «прадзіва», калі я з самага пачатку быў супраць гэтага? Бо слова прыдумаў я, і я маю поўнае права надаць яму той сэнс, які пажадаю. А я, здаецца, яшчэ не выказаў свайго меркавання...
Але думкі мае рабіліся ўсё больш бязладнымі. Нарэшце я саскочыў з ложка і стаў шукаць водаправодны кран. Піць мне не хацелася, але галава была гарачаю, і мяне цягнула да вады. Напіўшыся, я зноў лёг і вырашыў так ці гэтак, але заснуць. Заплюшчыўшы вочы, я прымусіў сябе супакоіцца. Пасля гэтага я праляжаў некалькі хвілін, не зварухнуўшыся. Я заліваўся потам і адчуваў у сваіх жылах шалёныя штуршкі крыві. He, падумаць толькі, як выдатна гэта атрымалася, што ён стаў шукаць грошы ў тым папяровым скрутку! Ён кашлянуў разок. Пэўна, што ён да гэтага часу там блукае? Сядзіць на маёй лаўцы?.. Перламутравая сінеча... Караблі...
Я расплюшчыў вочы. Якая была карысць заплюшчваць іх, раз я не мог заснуць! Усё той жа змрок атачаў мяне, усё тая ж бяздонная чорная вечнасць, праз якую не магла прабіцца мая думка. 3 чым бы яго параўнаць? Я зрабіў адчайнае намаганне, каб вышукаць самае чорнае слова для абазначэння гэтага змроку, гэткае жахліва чорнае слова, каб мой рот пачарнеў, прамаўляючы яго. Божа мой, як жа цёмна! I я зноў пачынаю думаць пра гавані, пра караблі, пра чорных пачвар, што пільнуюць мяне. Яны хацелі прывабіць мяне, схапіць і звезці за моры і землі, у чорныя, нікім не бачаныя краіны. Мне здаецца, быццам я на караблі; вось я паплыўу моры, узняўся да аблокаў і падаю, падаю... Я выдаю роспачны крык і сціскаю рукамі край ложка: гэта быў небяспечны палёт, я са свістам ляцеў долу, не раўнуючы як той мех з камянямі. I калі рукі мае адчулі цвёрды бераг ложка, я зусім не адчуў, што я ўратаваны. «Вось яна, смерць, — сказаў я сам сабе. — Цяпер ты памрэш!» Пэўны час я разважаў пра сваю непазбежную смерць. Потым прыўзняўся на ложку і сурова спытаў: «А хто сказаў, што ты павінен памерці? » Раз я сам прыдумаў слова, то маю поўнае права вырашыць, што яно павінна значыць... Я чуў свой голас, чуў свае ўласныя
фантазіі. Гэта было вар’яцтва, трызненне, спароджанае слабасцю і выпетранасцю, але я не страціў прытомнасці. I раптам мяне скаланула думка, што я звар’яцеў. Ахоплены страхам, я саскочыў з ложка. Хістаючыся, пайшоў да дзвярэй, паспрабаваў іх адчыніць, некалькі разоў стукнуўся аб іх усім целам, каб выбіць, потым уткнуўся лбом у сцяну, гучна застагнаў, кусаючы сабе пальцы; я плакаў, мармытаў праклёны...
Усё было ціха, адно мой голас кідаўся сюды-туды ў камеры, бяссільны пераадолець тоўстыя муры. Усё, ногі больш не трымаюць мяне, і я падаю на падлогу. Высока над сабою я ўжо цьмяна бачу ў сцяне шэры квадрат, ён набывае белаватае адценне, і ўва мне ўспыхвае прадчуванне: гэта ж дзённае святло. Ах, з якою палёгкаю я тады ўздыхнуў! Я распасцёрся на падлозе і плакаў, радуючыся пробліску святла, гэта былі слёзы ўдзячнасці, я пасылаў з акна паветраныя пацалункі і паводзіў сябе як вар’ят. Але і ў гэтай хвілі я разумеў, што раблю. Уся мая прыгнечанасць адразу знікла, роспач і боль прайшлі, мне нічога больш не было трэба, я не мог згадаць аніводнага няспраўджанага жадання. Я сеў на падлогу, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і цярпліва чакаў надыходу дня.
«Якая жахлівая была ноч! Дзіўна, што ніхто не пачуў галасу», — са здзіўленнем думаў я. Але ж я быў у рэзервовай камеры, размешчанай нашмат вышэй за ўсе астатнія. Беспрытульны дзяржаўны радца, калі можна так сказаць. Цяпер у мяне быў выдатны, нічым не азмрочаны настрой, я пільна ўглядаўся ў акно, за якім усё мацней бралася на дзень, і забаўляўся, уяўляючы, нібыта я важная асоба, я называў сябе фон Тангенам і намагаўся выказвацца так, як належыць высокаму чыноўніку. Фантазія мая па-ранейшаму працавала, але я стаў нашмат спакайнейшым. Праклятая безуважлівасць: праз яе я забыўся дома мой кашалёк. Ці не зробіць мне спадар дзяржаўны радца вялікі гонар, ці не дазволіць ён прапанаваць яму ложак? 3 надзвычайнай важнасцю, вельмі цырымонна, я падышоў да ложка і лёг.
Зрабілася ўжо гэтак светла, што я мог выразна бачыць сцены камеры, а праз пэўны час разгледзеў на дзвярах цяжкую клямку. Гэта супакойвала мяне: аднастайны змрок, такі раздражняльна шчыльны, што я не бачыў самога сябе, рассыпаў-
ся, кроў у маіх жылах цякла павольней, і неўзабаве я адчуў, як у мяне зліпаюцца павекі.
Мяне разбудзіў стук у дзверы. Я ўскочыў і хуценька апрануўся; мая вопратка яшчэ не высахла з учорашняга вечара.
— Калі ласка, уніз, да дзяжурнага, — сказаў паліцыянт.
«Значыць, мяне зноў чакаюць усякія фармальнасці!» — з жахам падумаў я.
Я спусціўся ўніз, у вялікі пакой, дзе сядзелі трыццаць або сорак бяздомных людзей. Паводле запісу ў пратаколе іх па чарзе'выклікалі і давалі ім талоны на абед. Дзяжурны, які стаяў побач з паліцыянтам, раз-пораз пытаўся ў яго:
— Талон выдадзены? He забывайце выдаваць талоны. Бо яны, як відаць, галодныя.
Я глядзеў на ўсе гэтыя талоны і марыў таксама займець адзін.
— Андрэас Танген, журналіст!
Я выйшаў наперад і пакланіўся.
— Паслухайце, а вы якім чынам сюды трапілі?
Я растлумачыў, як яно ўсё было, расказаў тую ж гісторыю, што і ўчора, я хлусіў, не павёўшы вокам, хлусіў цалкам шчыра: заседзеўся ў кавярні, згубіў ключ...
— Ах, так, — сказаў ён і ўсміхнуўся. — Вунь яно што! Ці добра вам удалося ў нас выспацца?
— Як дзяржаўнаму радцу, — адказаў я. — Як дзяржаўнаму радцу!
— Вельмі рады! — сказаў ён, устаючы. — Да пабачэння!
Я пайшоў.
Каб жа і мне, каб жа і мне талончык! Я не еў доўгія тры дні і тры ночы! Хоць бы адзін кавалачак хлеба! Але ніхто не прапанаваў мне талона, а папрасіць я не наважыўся. Гэта адразу выклікала б падазрэнне. Яны б пачалі капацца ў маіх асабістых справах і шукаць, хто я такі ў сапраўднасці, і арыштавалі б мяне за фальшывыя паказанні. Высока падняўшы галаву і засунуўшы рукі ў кішэні, я выйшаў з ратушы ганарліва, нібы мільянер.