Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Сіслер? Можа быць, гэта знак звыш? Яго імя прыйшло мне ў галаву само сабою; хоць жыве ён далекавата, я наведаюся да яго, я пайду павольна і час ад часу буду рабіць пярэдых. Я ведаю гэтую краму: часцяком бываў там у лепшыя часы, купляў ноты. Што, калі папрасіць у яго паўкроны? Але гэта можа яго збянтэжыць; спытаюся адразу пра адну крону.
Я ўвайшоў у краму і сказаў, што хачу бачыць гаспадара; мне паказалі, ісуды прайсці. У пакоі сядзеў чалавек, апрануты паводле апошняй моды, і праглядаў паперы.
Я прамармытаў словы прабачэння і расказаў яму пра сваю бяду. Бядотнае становішча вымусіла мяне звярнуцца да яго... Я вельмі хутка вярну грошы... як толькі атрымаю ганарар за артыкул... ён зробіць мне найвялікшую ласку...
Я яшчэ не скончыў гаварыць, як ён ужо зноў схіліўся над сталом і працягнуў рабіць сваю справу. Калі я змоўк, ён скоса зірнуў на мяне, кіўнуў сваёю прыгожай галавою і прамовіў:
— He!
Проста «не». Без усялякіх тлумачэнняў. Ніводнага слова болей!
Калені ў мяне дрыжалі, і я прыхінуўся да маленькай паліраванай тумбачкі. Я вырашыў паспрабаваць яшчэ раз. Чаму менавіта яго прозвішча прыйшло мне ў галаву, калі я быў далёка адсюль, у Ватэрлане? У левым баку я раз-пораз адчуваў калаццё і абліваўся потам.
— Гм... Паверце, я вельмі аслаб, — сказаў я. — Цяжкая немач. Але не пазней як праз два дні ў мяне будзе магчымасць вярнуць пазыку. Ці не зрабілі б вы мне ласку?..
— Добры чалавек, а чаму вы прыйшлі менавіта да мяне? — спытаў ён. — Я вас ніколі ў вочы не бачыў, вы для мяне невядомы чалавек з вуліцы. Звярніцеся ў газету, дзе вас ведаюць.
— Але я прашу толькі на адзін вечар! — сказаўя. — Рэдакцыя ўжо зачыненая, а я вельмі галодны.
Ён пакруціў галавою, усё круціў ёй, нават калі я ўзяўся за клямкудзвярэй.
— Бывайце! — сказаў я.
«Гэта не было натхненне звыш, — падумаў я і горка ўсміхнуўся. — Ужо калі на тое пайшло, з такой вышыні я і сам мог бы абдорваць натхненнем». Я паклыпаў далей, праходзіў адзін квартал за адным, раз-пораз крыху спыняючыся перадыхнуць на прыступках перад пад’ездамі дамоў. Толькі б мяне не арыштавалі! Жах перад цёмнаю камерай пераследаваў мяне, не даваў мне ані хвіліны спакою; убачыўшы паліцыянта, я кожны раз зварочваў на бакавую вуліцу, каб пазбегнуць сустрэчы з ім.
— Ну, цяпер адлічым сто крокаў, — сказаў я, — і зноў паспрабуйма шчасця! Калі-небудзь нешта ды атрымаецца...
Гэта была маленькая крамка, у якую я раней ніколі не заходзіў. За прылаўкам стаяў просты на выгляд чалавек, за плячыма ў яго былі дзверы з парцалянавай шыльдай, тавар, раскладзены на доўгіх паліцах і стэлажах. Я дачакаўся, пакуль не адышла з крамы апошняя пакупніца — маладая дама з ямачкамі на шчоках. Які шчаслівы быў у яе выгляд! Я не хацеў звяртаць на сябе яе ўвагу і адвярнуўся.
— Што вам трэба? — спытаў аканом.
— Ці магу я бачыць гаспадара?
— He, ён з’ехаў у горы, у Ютунхеймен, — адказаў ён. — А ў вас важная справа?
— Мне трэба некалькі эрэ на хлеб, — сказаў я з раптоўнай усмешкаю. — Я галодны, і ў кішэнях у мяне пуста.
— У такім выпадку, я не багацейшы за вас, — сказаў ён і пачаў раскладваць скруткі прадзіва.
—Ах, прашу вас, не ганіце мяне ўтакую цяжкую хвіліну! — сказаўя, пахаладзелы. — Паверце, я паміраю з голаду, — вось ужо колькі дзён у мяне аніякага драбочка ў роце не было.
Ён моўчкі, з самым сур’ёзным выглядам, пачаў выварочваць свае кішэні.
Як я не мог паверыць яму на слова?
— Я прашу толькі пяць эрэ, — сказаў я. — А праз два дні вы атрымаеце дзесяць.
— Дарагі, вы хочаце, каб я скраў грошы з касы? — злосна спытаў ён.
— Чаму не? — сказаў я. — Вазьміце пяць эрэ з касы.
— Гэта не ў маёй звычцы, — запярэчыў ён і дадаў: — Дарэчы, мне пара зачыняць краму.
Я пайшоў, змардаваны голадам, згараючы ад сораму. He, даволі! Гэта ўжо занадта. Столькі гадоў я трымаўся, у такія цяжкія гадзіны захоўваў годнасць, а цяпер вось раптам апусціўся да самага прымітыўнага жабрацтва. За адзін дзень я сваёй бессаромнасцю пазбавіў палёту ўсе свае думкі, запэцкаў сваю душу. Гэтак вось, не чырванеючы, я плакаўся і выпрошваў грошы ў нікчэмнага крамніка. А да чаго гэта прывяло? Хіба я ўсё роўна не застаўся без кавалка хлеба? I цяпер я стаў агідны самому сабе. Трэба, трэба пакласці гэтаму канец! Якраз цяпер зачыняюцца дзверы гэтага дома, і мне варта паспяшацца, калія не хачу правесці яшчэ адну ноч у ратушы...
Гэта надало мне сілы: начаваць у ратушы я не хацеў. Скурчыўшыся, трымаючыся за левы бок, каб хоць крыху суняць калаццё, я паклыпаў далей, не зводзячы вачэй з тратуара, каб знаёмым, калі яны трапяцца насустрач, не даводзілася мне кланяцца; я спяшаўся да пажарнай варты. Дзякуй Богу, гадзіннік на храме Збаўцы паказваў толькі сёмую, і ў мяне яшчэ заставалася тры гадзіны, перш чым зачыняць браму. Дарма я так спалохаўся!
Такім чынам, я ўсё выпрабаваў, зрабіўусё магчымае. «Але ж які нешчаслівы дзень, з раніцы да вечара мне ані разу не пашанцавала», — падумаў я. Калі расказаць гэта каму-небудзь, ніхто не паверыць, а калі апісаць, скажуць, што ўсё гэта я прыдумаў. Ніводнага разу! Значыцца, нічога не папішаш; толькі ні за што няможна ўпадаць болып у жаласны тон. Цьху, гэта так прыкра, павер, — ты выклікаў сам у сябе агіду! Раз няма надзеі, значыць, няма. Зрэшты, ці нельга скрасці на стайні якую жменю аўса? Гэтая думка прамільгнула, як праменьчык, як палоска святла, ды я ведаў, што стайня зачыненая.
Мяне гэта не засмуціла, і я павольна пацягнуўся да хаты. На шчасце, мне толькі цяпер захацелася піць, упершыню за цэлы дзень, і я шукаў, дзе б напіцца. Ад базару я быў занадта далёка, а ў прыватны дом мне заходзіць не хацелася;
мабыць, я мог бы пацярпець да вяртання дадому: на гэта спатрэбіцца нейкая чвэрць гадзіны. Яшчэ невядома, як падзейнічае на мяне глыток вады; мой страўнік ужо нічога не прымаў, мяне ванітавала нават ад сліны, якую я глытаў.
А гузікі? Я яшчэ не паспрабаваў шчасця з гузікамі! Тут я ўсміхнуўся. Можа быць, усё ж знойдзецца выйсце! Яшчэ не ўсё страчана! Без сумневу, я атрымаю за іх дзесяць эрэ, а заўтра здабуду дзе-небудзь яшчэ дзесяць, у чацвер жа мне заплацяць за артыкул. Трэба толькі сабрацца з сіламі, і ўсё ўладкуецца! Як я, і праўда, мог забыць пра гузікі! Я дастаў іх з кішэні і разглядаў на хаду; у вачах у мяне рабілася цёмна ад радасці, я кепска бачыў вуліцу, па якой ішоў.
Як добра я ведаў вялікі склеп, дзе часта шукаў паратунку ў цёмныя вечары: ён быў мне сябрам і ў той жа час высмоктваў з мяне кроў! Уся мая маёмасць паступова перавандравала туды, усе гаспадарчыя хатнія драбніцы, усе кнігі да адзінай. У дні распродажу я хадзіў туды глядзець і цешыўся кожны раз, калі мне здавалася, што мае кнігі трапляюць у добрыя рукі. Мой гадзіннік купіў артыст Магельсэн, і я амаль што ганарыўся гэтым; каляндар з першым маім вершам набыў адзін знаёмы, а паліто дасталася фатографу, які даваў яго цяпер напракат у сваім атэлье. Так што ўсё ўладкавалася прыстойна.
Я ўвайшоў, трымаючы гузікі ў руцэ. Ліхвяр сядзеў за сваёй канторкаю і пісаў.
— Я магу пачакаць, мне няма куды спяшацца, — сказаў я, баючыся перашкодзіць яму і раззлаваць яго сваім прыходам. Мой голас гучаў так глуха, я сам не пазнаваў яго, а сэрца грукатала не раўнуючы як молат.
Ён падышоў да мяне са звычайнай сваёй усмешкаю, паклаў на прылавак абедзве рукі і паглядзеў мне ў твар, не кажучы ні слова.
— Я тут сёе-тое прынёс і хацеў бы паказаць: можа быць, яны спатрэбяцца... дома яны мне толькі перашкаджаюць, проста ратунку няма... вось гэтыя гузікі.
— Што ж гэта ў вас за гузікі такія? — I ён паглядзеў на маю далонь.
— Ці нельга мне атрымаць за іх некалькі эрэ? Колькі вы самі знойдзеце магчымым... Як вырашыце, так і будзе.
— За гузікі? — I ён здзіўлена паглядзеў на мяне. — За гэтыя гузікі?
— На цыгару або хоць колькі-небудзь. Я праходзіў побач, вось і зайшоў...
Стары ліхвяр засмяяўся і, не кажучы ні слова, вярнуўся да сваёй канторкі. Я стаяў на месцы. Папраўдзе, я не надта на яго разлічваў, але ўсё ж у мяне была слабая надзея. I гэты яго рогат прагучаўяк смяротны прысуд... А што, калія прапаную яму ў дадатак акуляры?
— Я гатовы аддаць таксама акуляры, гэта само сабою зразумела, — сказаў я і зняў акуляры. — Мне патрэбныя нейкія дзесяць эрэ ці хоць бы пяць.
— Вы самі ведаеце, што я не магу ўзяць вашыя акуляры, — сказаў ліхвяр. — Я вам пра гэта ўжо казаў.
— Але мне патрэбная паштовая марка, — глуха сказаў я. — Я не магу нават адаслаць ліст, а гэта неабходна. Дайце мне марку за дзесяць ці за пяць эрэ.
— Ідзіце адсюль з Богам! — азваўся ён і махнуў на мяне рукою.
«Ну, цяпер хай будзе што будзе!» — сказаўя сам сабе. Я машынальна надзеў акуляры, узяў гузікі і пайшоў, пажадаўшы яму добрай ночы і, як заўсёды, шчыльна зачыніўшы за сабою дзверы. Цяпер ужо нічога не зробіш! На пляцоўцы сходаў я спыніўся і яшчэ раз зірнуў на гузікі.
— Ён зусім не хоча іх браць! — сказаў я. — Хоць гузікі амаль як новыя. Гэта для мяне загадка.
Покуль я стаяў у роздуме, побач прайшоў нейкі чалавек і пачаў спускацца ўніз, у склеп. Спяшаючыся, ён злёгку штурхнуў мяне; мы абодва папрасілі прабачэння адзін у аднаго, я павярнуўся і паглядзеў яму ўслед.
— Паслухай, ці гэта ты? — сказаў ён раптам знізу.
Потым ён зноў падняўся наверх, і я пазнаў яго.
— Божа, які ў цябе выгляд! — сказаў ён. — Што ты тут робіш?
— Ды так, была адна невялікая справа. Але ты, я бачу, ідзеш туды сам.
— Вядома. А ты што яму насіў?
Калені ў мяне дрыжалі, я прыхінуўся да сцяны і паказаў гузікі, якія ляжалі ў мяне на далоні.
— Што за д’ябал! — усклікнуў ён. — He, гэта ўжо занадта!
— Да пабачэння! — сказаў я і хацеў сысці, бо ўваччу ў мяне ўжо стаялі слёзы.
— He, пачакай! — сказаў ён.
Але чаго мне чакаць? Бо ён сам прыйшоў да ліхвяра: мажліва, прынёс свой заручальны пярсцёнак, некалькі дзён галадаў, завінаваціўся гаспадыні.
— Добра, — сказаў я. — Калі ты нядоўга...
— Ну вядома ж, — сказаў ён, беручы мяне за руку. — Але папраўдзе я не надта табе веру, дурань ты гэтакі, так што пойдзем давай лепш разам.
Я зразумеў, пра што ён кажа, і адказаў, адчуваючы сябе крыху абражаным:
— He магу! Я абяцаў а палове восьмай быць на вуліцы Бернта Анкера і...
— А палове восьмай, ага! Але ўжо ж усе восем гадзін. Бачыш, я трымаю гадзіннік у руцэ, і мне трэба толькі занесці яго ў заклад. Хадзем са мною, галодны валацуга! Я здабуду табе не менш за пяць крон.