• Газеты, часопісы і г.д.
  • Голад  Кнут Гамсун

    Голад

    Кнут Гамсун

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 364с.
    Мінск 2017
    97.03 МБ
    ж, яна магла б выявіць, што на мне няма камізэлькі. Таму я адказаў:
    — Ай, не, там папраўдзе няма чаго глядзець, — тут, на шчасце, мне ўдаецца паклікаць на дапамогу рэшткі свайго красамоўства. — Што глядзець у такім маленькім звярынцы? I наогул, я не люблю глядзець звяроў у клетках. Гэтыя звяры ведаюць, што чалавек на іх глядзіць, адчуваюць на сабе сотні цікаўных вачэй, і гэта ўздзейнічае на іх. He, я аддаю перавагу звярам, якія і не падазраюць, што на іх глядзяць; яны стоена сядзяць у сваіх норах: іх зялёныя вочы ляніва свецяцца, яны ліжуць лапы і думаюць. А як вы мяркуеце?
    — Вядома, ваша праўда.
    — Толькі звяры з усімі сваімі дзікімі асаблівасцямі, злыя і лютыя, могуць быць цікавымі. Калі яны бязгучна крадуцца ў начной цемры, цераз вусціш лесу, калі чуюцца птушыныя крыкі, шуміць вецер, і пахне крывёю, і рыканне, і гукі ў паветры, — адным словам, калі звяроў авявае дух дзікай прыроды...
    Але ж я баяўся ёй надакучыць, бо зноў адчуў, што я — толькі варты жалю жабрак, і гэта пачуццё прыгнятала мяне. Калі б на мне быў прыстойны касцюм, я мог бы прапанаваць ёй прыемную праходку ў Тывалі! Як дзіўна: гэтая жанчына магла знаходзіць задавальненне ў тым, што яе па вуліцы Карла Юхана праводзіць нейкі валацуга! Пра што яна сабе думае? I дзеля якой прыгоды я іду каля яе з ідыёцкай, бессэнсоўнай усмешкаю? Якая карысць мне цягнуцца ў такую далеч за гэтай ядвабнаю пташкай? Хіба ж гэта мне лёгка рабіць? Хіба холад не праймае мяне да касцей пры кожным парыве ветру, калі ён дзьме нам у твар? I хіба вар’яцтва ўжо не гарыць у маёй мазгаўні з тае прычыны, што я гэтулькі месяцаў запар недаядаў? Бо праз яе я не мог пайсці дадому і прамачыць горла глытком малака, якое б, мабыць, здолела крыху паправіць мой страўнік. Чаму яна не павярнулася да мяне спінаю, чаму не паслала да д’ябла?..
    Я быў у роспачы; гэта безнадзейная туга штурхнула мяне на крайнасць, і я сказаў:
    — Папраўдзе, нам не варта было б ісці разам, шаноўная паненка: ужо адна мая вопратка ганьбіць вас ва ўсіх на вачах. Праўда, гэта так, я не жартую.
    Яна здрыганулася. Хуценька зірнуўшы ў мой бок, яна нейкую хвілю маўчыць. Потым кажа:
    — Ах, Божа ж мой!
    I больш ні слова.
    — Як загадаеце вас разумець? — спытаў я.
    — Ай, не, не кажыце так... Цяпер ужо недалёка.
    I яна заспяшалася.
    Мы павярнулі на Універсітэцкую і ўжо бачылі ліхтары на плошчы Святога Улафа. Цяпер яна зноў запаволіла хаду.
    — Прабачце мне маю нясціпласць, але, можа, вы назавяце сваё імя, перш чым мы развітаемся? I хоць бы на хвілю прыўзнімеце свой вэлюм, каб я мог зірнуць на вас? Я быў бы вам бясконца ўдзячны.
    Паўза. Я чакаў.
    — Вы ўжо раней бачылі мяне, — кажа яна.
    — Юлаялі! — зноў усклікнуў я.
    — Вы палову дня пераследавалі мяне, ішлі за мною ажно да самага дому. Вы былі п’яны?
    3 яе голасу я зноў зразумеў, што яна ўсміхаецца.
    — Ваша праўда, — сказаўя. — Вядома, на жаль, я быў п’яны.
    — Ах, як гэта брыдка!
    Растаптаны, я прызнаў, што гэта сапраўды брыдка.
    Мы падышлі да фантана: спыняемся і глядзім на асветленыя вокны дома нумар два.
    — Далей вам няможна ісці, — кажа яна. — Дзякуй, што праводзілі мяне.
    Я ўнурыў галаву, не наважваючыся вымавіць ані слова. Я зняў капялюш і стаяў з неакрытай галавою. Ці хоць яна падасць мне руку?
    — А чаму вы не просіце, каб я прайшлася з вамі яшчэ крыху? — жартуе яна, гледзячы на мыскі сваіх чаравікаў.
    — Божа мой! — кажу я. — Калі б вы адно пагадзіліся...
    — Добра, але толькі зусім трошкі.
    I мы павярнулі назад.
    Я зусім разгубіўся, я не ведаў, ісці мне або спыніцца; праз гэтую жанчыну ўсе мае думкі паблыталіся. Я быў у захапленні, у зачараванні, здавалася, я гатовы памерці ад шчасця. Яна сама захацела вярнуцца: гэта не я прапанаваў, гэта было яе
    ўласнае жаданне. Я пазіраю на яе і раблюся ўсё смялейшым; яна заахвочвае, вабіць мяне да сябе кожным словам. На нейкі час я забываюся на сваю бядоту, на нікчэмнасць сваёй асобы, на ўсю бездапаможнасць свайго становішча; я адчуваю, як кроў гарачай хваляю разліваецца па целе, бы ў тыя ранейшыя часы, калі я быў поўны сілы; і тут я ўжываю маленькую хітрасць, каб выпытаць у яе сёе-тое.
    — Зрэшты, я тады пераследаваў не вас, а вашу сястру, — кажуя.
    — Маю сястру? — перапытвае яна ў здзіўленні.
    Яна спыняецца, глядзіць на мяне, чакае адказу. Гэта былі не пустыя словы.
    — Ага, — адказваю я. — Гм! Я хачу сказаць, тую маладзейшую з дзвюх паняў, якія ішлі паперадзе мяне.
    — Маладзейшую? Ого! —яна раптам смяецца гучна, шчыра, як дзіця. — Які вы хітрун! Вы гэта сказалі, каб прымусіць мяне падняць вэлюм. Хіба не? Вось, я вас раскусіла. Але вам гэтага не дачакацца. Вас трэба пакараць.
    Мы пачалі смяяцца і жартаваць, увесь час балбаталі без супыну, і я сам не ведаў, што кажу, — гэтак мне было радасна. Яна расказвала, што неяк, вельмі даўно, бачыла мяне ў тэатры. Я быў з трыма сябрамі і паводзіў сябе як вар’ят; відавочна, я і таго разу быў п’яны.
    — Чаму вы гэтак думаеце?
    — Вы так гучна рагаталі.
    — Вось як! Праўда, я часта смяяўся ў той час.
    — А цяпер не?
    — I цяпер таксама. Але тады жыццё было такім прыгожым!
    Мы дайшлі да вуліцы Карла Юхана. Яна сказала:
    — Ну, годзе!
    Мы павярнулі назад і зноў пайшлі па Універсітэцкай вуліцы. Калі мы наблізіліся да фантана, я крыху запаволіў крокі, ведаючы, што мне нельга будзе праводзіць яе далей.
    — Цяпер вам пара ісці, — сказала яна і спынілася.
    — Ага, пара, — азваўся я.
    Але, падумаўшы, яна вырашыла, што я магу праводзіць яе да самага пад’езда.
    — Божа, у гэтым жа няма нічога дрэннага. Праўда?
    — Вядома, не, — сказаў я.
    Але, калі мы стаялі каля пад’езда, я зноўку востра адчуў сваю галечу. Як такому бяздольнаму чалавеку захаваць бадзёрасць духу? Брудны, змучаны, спанатраны голадам, увесь у лахманах, стаяў я перад гэтай маладою жанчынаю, гатовы праваліцца скрозь зямлю. Я ўвесь апаў, міжволі сагнуўшыся ў спіне, і прамовіў:
    — Ці ж я яшчэ калі ўбачуся з вамі?
    У мяне не было аніякай надзеі, што яна дазволіць убачыцца з ёю зноў; я нават амаль жадаў рашучай адмовы, якая змусіла б мяне даць рады з самім сабою, зноў зрабіцца абыякавым.
    — Напэўна, — сказала яна.
    — Калі ж?
    — He ведаю.
    Паўза.
    — Вы не падымеце вэлюм хоць бы на адно-адзінае імгненне? — папрасіў я. — Дайце мне ўбачыць ваш твар. На адну толькі хвілю! Убачыць ваш твар.
    Паўза.
    — Мы можам сустрэцца тут у аўторак увечары, — кажа яна. — Хочаце?
    — Вядома, даражэнькая, калі толькі гэта магчыма!
    — А восьмай.
    — Добра.
    Я правёў рукой па яе накідцы, змахнуў снег, карыстаючыся нагодаю дакрануцца да яе; мне было ўсцешна адчуваць яе блізкасць.
    — Значыць, вы не станеце думаць пра мяне занадта блага, — сказала яна. I зноў усміхнулася.
    — He...
    Раптам яна рашучым рухам падняла вэлюм; імгненне мы глядзелі адно на аднаго.
    — Юлаялі! — сказаў я.
    Яна прыўзнялася на дыбачкі, абхапіла рукамі маю шыю і пацалавала мяне ў вусны. Адзін-адзіны раз, хутка, галавакружна хутка, проста ў вусны. Я адчуваў, як яе грудзі ўздымаюцца ад парывістага дыхання.
    I тут жа адразу яна вырвалася з маіх рук; задыхаючыся, шапнула мне: «Дабранач!» — потым павярнулася і пабегла да сходаў, не сказаўшы больш ані слова...
    Уваходныя дзверы зачыніліся.
    & "к
    На другі дзень снег узмацніўся: ён падаў на зямлю сырымі, цяжкімі шматкамі, якія тут жа ператвараліся ў гразь. Было мокра і холадна.
    Я прачнуўся вельмі рана, і думкі ў мяне ў галаве зусім зблыталіся пасля ўчорашніх душэўных хваляванняў, а душа была поўная захаплення ад нядаўняга спаткання. Зачараваны, я нейкі час ляжаў з расплюшчанымі вачыма і ўяўляў сабе, быццам Юлаялі побач са мною: я абдымаў самога сябе і цалаваў паветра. Нарэшце я падняўся, выпіў кубак малака, а праз нейкі час з’еў біфштэкс і ўжо больш не адчуваў голаду, але ж нервы мае зноўку былі моцна ўзбуджаныя.
    Я адправіўся да гандляра ў краму гатовага адзення. Мне прыйшло ў галаву, што я, мабыць, мог бы нядорага купіць паношаную камізэльку, абы было што надзець сабе пад куртку. Я падняўся па сходах на базар; там выбраў сабе камізэльку і пачаў яе разглядаць. Пакуль я корпаўся там, побач апынуўся знаёмы; ён кіўнуў і паклікаў мяне, я павесіў камізэльку і скіраваўся да яго. Ён быў тэхнік і ішоў на працу.
    — Хадзем вып’ем піва, — прапанаваў ён. — Але толькі хутчэй, у мяне няма часу... А што гэта за дама, з якой вы гулялі ўчора вечарам?
    — Хіба вы не ведаеце, — сказаў я, прыраўнаваўшы яго за адны ягоныя думкі пра яе, — што гэта мая нарачоная?
    — Ух ты, д’ябал! — сказаў ён.
    — Так, гэта вырашылася ўчора ўвечары.
    Я знішчыў яго на месцы: ён адразу паверыў мне.
    Я зманіў яму, каб адчапіцца; мы выпілі піва і выйшлі на двор.
    — Да пабачэння!.. Ці не, пачакайце... Я ж вам вінен некалькі крон, і мне сорамна, што я да гэтага часу не вярнуў іх. Але вы атрымаеце пазычанае ў найбліжэйшы час.
    — Дзякуй, — сказаў я. Ды ў мяне не было аніякіх сумневаў, што ён ніколі не верне мне гэтых грошай.
    На жаль, піва адразу ўдарыла мне ў галаву, гарачай хваляю разлілося па целе. Я пачаў думаць пра мінулы вечар і захваляваўся. А раптам яна ў аўторак не прыйдзе? Раптам яна адумалася, пачала сумнявацца! Але ў чым такім ёй сумнявацца?.. Думкі мае цяпер круціліся вакол грошай. Я спалохаўся, мне стала вельмі страшна за сябе. Я згадаў здзейсненае мной махлярства ва ўсіх падрабязнасцях; убачыў маленькую крамку, прылавак, сваю худую руку: вось бяру і хаваю грошы... я ўявіў сабе, як паліцыя прыйдзе і схопіць мяне. Кайданы на руках і нагах. He, толькі на руках: можа, толькі на адной руцэ; краты, дзяжурны, які складае пратакол, рыпенне яго пяра, яго позірк, знішчальны позірк. Ну-с, спадар Танген? А потым — адзіночная камера, вечны змрок...
    Гм! Я сціснуў кулакі, паспрабаваў неяк падбадзёрыцца, пайшоў шпарчэй, аж пакуль не апынуўся на Вялікім рынку. Тут я прысеў.
    He, кіньце, я не дзіця, няма чаго мне галаву тлуміць! Хто можа гэта даказаць? I, акрамя таго, прыказчык не наважыцца падняць шум, нават калі і згадае, як яно было ў сапраўднасці: ён занадта даражыць сваім месцам. Зрабіце ласку, не трэба шуму і бурлівых сцэн!
    Але гэтыя грошы ўсё ж прыгняталі мяне, не давалі спакою. Я пачаў капацца ў сабе і, бясспрэчна, вырашыў, што быў шчаслівейшым раней, у тыя дні, калі пакутаваў, маючы, аднак жа, чыстае сумленне. А Юлаялі! Хіба я не зацягнуў яе ў бруд грэшнымі сваімі рукамі? Божа мой! Юлаялі!