Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Я стаю каля прылаўка ў дурнаватым здзіўленні, уражаны, знішчаны; потым я раблю крок да дзвярэй і зноў застаюся на месцы. Я пільна гляджу на сцяну; там на скураным шнурку вісіць званочак, а пад ім — жмут вяровак. I я стаю і гляджу на ўсё гэта.
Бачачы, як доўга я маруджу, прадавец думае, што я хачу завязаць размову і, ссоўваючы на прылаўку скруткі абгортачнай паперы, заўважае:
— Падобна на тое, што хутка будзе зіма.
— Гм... ага... — адказваю я. — Падобна на тое, што хутка будзе зіма. Падобна на тое. — I праз хвілю дадаю: — Што ж, яно як бы пара. Падобна, што зіма блізка. Зрэшты, ужо даўно пара.
Я прыслухоўваюся да сваёй балбатні, нібыта гэта не я, а нехта іншы кажа пра ўсё гэта.
— Вы так мяркуеце? — кажа прадавец.
Запхнуўшы грошы ў кішэню, я адчыніў дзверы і пайшоў; я чуў, як я сказаў прадаўцу «дабранач» і як ён мне адказаў.
He паспеў я зрабіць і двух крокаў, як дзверы адчыніліся і прыказчык паклікаў мяне. Я павярнуўся без здзіўлення, без ценю страху: я толькі згарнуў грошы ў жменю і гатовы быў аддаць іх назад.
— Вы забылі свечку, — кажа прадавец.
— Ах, дзякую вам! — спакойна адказваю я. — Вялікі дзякуй!
I я далей пайшоў па вуліцы, трымаючы свечку ў руцэ.
Мая першая ўцямная думка была пра грошы. Я падышоў да ліхтара і зноў пералічыў іх, узважыў на далоні і ўсміхнуўся. Бо гэта ж цэлае багацце: яго хопіць надоўга, вельмі надоўга! Я зноў запхнуў грошы ў кішэню і пайшоў далей.
Каля сталоўкі на Стургатэн я спыніўся, дбайна, стрымана разважаючы, ці можна мне зараз трохі паесці; знутры чуўся звон талерак, лясканне нажоў; спакуса была занадта вялікаю, і я ўвайшоў.
— Біфштэкс! — прамовіў я.
— Адзін біфштэкс! — крыкнула афіцыянтка ў акенца.
Я сеў за асобны маленькі столік каля дзвярэй і пачаў чакаць. У гэтым куце панаваў паўзмрок, мне тут было спакойна, і я аддаўся развагам. Час ад часу афіцыянтка з цікавасцю пазірала на мяне.
Такім чынам, я здзейсніў першы сапраўды ганебны ўчынак, першы крадзеж, у параўнанні з чым усе мае ранейшыя выхадкі былі драбязою; першае маленькае і ў той жа час вялікае падзенне... Ну што ж! Цяпер ужо нічога не зробіш. Зрэшты, усё залежыць ад мяне, бо я магу расплаціцца з прадаўцом потым, пры выпадку. I гэта зусім не значыць, што я павінен і далей ісці гэткім шляхам; да таго ж, я не абавязаны жыць болып сумленна, чым іншыя: я гэткай прысягі нікому не даваў...
— Як вы думаеце, біфштэкс хутка будзе гатовы?
— Зараз.
Афіцыянтка адчыняе акенца і зазірае ў кухню.
Але калі раптам гэта справа выплыве? Калі ў прыказчыка ўзнікне падазрэнне, калі ён пачне прыгадваць гісторыю з хлебам, з пяццю кронамі, з рэштаю, якую атрымала тая жанчына? Бо цалкам верагодна, што ён схамянецца самы першы раз, яктолькі я зноўзайду ўкраму. Божа мой, ну і што з таго?.. Я сцепануў плячыма.
— Калі ласка! — ветліва кажа афіцыянтка і ставіць талерку з біфштэксам на стол. — Але ці не лепш вам перайсці ў суседняе памяшканне? Тут так цёмна.
— He, дзякуй, дазвольце мне застацца тут, — адказваю я.
Яе ветлівасць кранула мяне, я адразу ж плачу за біфштэкс, даю ёй наўздагад, колькі трапілася ў кішэні, і заціскаю яе руку. Яна ўсміхаецца, а я жартам, але з вільготнымі вачыма кажу:
— За рэшту купіце сабе дом... Ах, няма за што дзякаваць!
Узяўшыся за біфштэкс, я ем усё болып прагна, глытаю вялікія кавалкі, не разжоўваючы. Ірвуялавічынузубамі,яктойлюдажэр.
Афіцыянтка зноўку падыходзіць да мяне.
— Вы не хочаце чаго-небудзь выпіць? — пытаецца яна, злёгку нагнуўшыся да мяне.
Я глянуў на яе: яна казала вельмі ціха, амаль што сарамліва; пад маім позіркам яна апусціла вочы.
— Скажам, паўбутэлькі піва ці яшчэ што-небудзь... ад мяне... ужо ўлічана... і яшчэ, можа, што...
— He, дзякуй! — адказаў я. — Як-небудзь іншым разам. Я яшчэ зайду да вас.
Яна адышла і села за стойкаю; цяпер я бачыў толькі яе галаву. Якая яна дзіўная!
Скончыўшы есці, я адразу ж пайшоў да дзвярэй. Мне ўжо пачынала рабіцца млосна. Афіцыянтка ўстала. Я баяўся выходзіць на святло, баяўся занадта блізка падысці да гэтай маладой дзяўчыны, якая і не падазравала пра маю галечу, а таму паспешліва пажадаў ёй добрай ночы, пакланіўся і выйшаў.
Ежа пачынала давацца ў знакі, я не мог ператравіць тое мяса, і мяне моцна цягнула на ваніты. Я ішоў, адрыгваючы патроху ў кожным цёмным куце, шукаючы палёгкі; імкнуўся перамагчы млосць, ад якой зноўку пусцеў мой страўнік; сціскаў кулакі, рабіў над сабою высілак, тупаў нагамі і ў шаленстве глытаў тое, што гатова было вырвацца з рота, — але ўсё дарма! Нарэшце
я забег пад нейкую браму, скурчыўшыся, аслепшы ад слёз, што засцілі мне вочы, і дарэшты выпаражніў свой страўнік.
Я быў у роспачы: ішоў па вуліцы і плакаў, праклінаючы тыя жахлівыя сілы, якія б яны ні былі, за тое, што яны так бязлітасна пераследуюць мяне; я наклікаў на іх праклён пекла і вечныя пакуты за іх жорсткасць. Вядома, гэтыя сілы не вызначаюцца шляхетнасцю, напраўду не вызначаюцца—ужо гэта дакл адна!.. Я падышоў да нейкага чалавека, які стаяў і пазіраў на вітрыну, і хуценька запытаўся ў яго, што, на яго думку, трэба спажываць пэўнаму чалавеку, які перад тым доўга быў галодны. Маўляў, гэта пытанне жыцця і смерці: ён не можа ператравіць біфштэкс.
—Я чуў, што вельмі карыснае малако, гатаванае малако, — адказаў ён, моцна здзіўлены. — А ці не можна пацікавіцца, пра каго ідзе гаворка?
— Дзякуй! Дзякуй! — сказаў я. — Можа, і ваша праўда: гатаванае малако вельмі карыснае.
I я ідудалей.
Зайшоўшы ў першую-лепшую кавярню, я пытаюся гатаванага малака. Мне даюць гарачае малако, і я п’ю яго, прагна глытаю кожную кроплю, расплачваюся і адыходжу. Я накіроўваюся дадому.
I тут адбываецца нешта дзіўнае. Я бачу, што каля маёй брамы, прыхінуўшыся да ліхтарнага слупа, на самым асветленым месцы, нехта стаіць: гэта зноўку дама ў чорным. Тая самая дама ў чорным, што ўжо прыходзіла сюды. Памылкі быць не можа: яна прыйшла на тое самае месца чацвёрты раз. Яна стаіць абсалютна нерухома.
Мне гэта здаецца такім дзіўным, што я міжволі запавольваю крокі; думкі мае зусім ясныя, але я вельмі ўсхваляваны, нервы пасля з’едзенай стравы напятыя. Я, як звычайна, праходжу паўз яе, даходжу амаль да брамы і ўжо збіраюся зайсці ў двор. Але раптам спыняюся, прыглядаюся да жанчыны, гляджу ёй проста ў твар і кланяюся:
— Добры вечар, спадарыня!
— Добры вечар! — адказвае яна.
— Прашу прабачэння, але вы каго-небудзь шукаеце? Я вас ужо даўно заўважыў — ці не магу быць чым-небудзь карысны? Зрэшты, прашу, калі што, мне прабачыць...
— Я, папраўдзе, не ведаю...
— У гэтым двары ніхто не жыве, апроч мяне ды яшчэ трох-чатырох коней: тут толькі стайня і майстэрня бляхара. Калі вы каго-небудзь тут шукаеце, гэта, напэўна, памылка.
Яна адварочваецца і кажа:
— Я нікога не шукаю, я стаю тут проста так.
Ага, яна проста так стаіць тут, і ўжо не першы вечар, з нічога-ніякага. Гэта трохі незразумела; чым больш я думаў пра гэта, тым мацней здзіўляўся. Нарэшце я зрабіўся смялейшым. Я пабразгаў грашыма ў кішэні і, не доўга думаючы, прапанаваў ёй пайсці куды-небудзь выпіць шклянку віна... бо ўжо ідзе зіма, надыходзяць халады, ха-ха... і гэта ж зусім ненадоўга... вядома ж, калі яна згодная.
Ай, не, дзякуй, гэта немагчыма. He, ёй аніяк няможна пагадзіцца. Але калі б я быў такі ласкавы і праводзіў яе трохі, тады... Ужо цёмна, у гэткі позні час няёмка ісці адной па вуліцы Карла Юхана.
— 3 вялікім задавальненнем.
I мы рушылі; яна ішла праваруч ад мяне. Мною авалодала прыемнае, непаўторнае адчуванне — адчуванне блізкасці маладой жанчыны. Я не адрываючыся глядзеў на яе. Водар парфумы ад яе валасоў, цяпло, што ішло ад яе цела, прыемны пах жанчыны, салодкі подых, што сыходзіў на мяне, авяваў мяне кожнага разу, калі яна паварочвалася да мяне тварам,—усё гэта прабірала, прасвечвала мяне да глыбіні душы. Я толькі ледзьве разгледзеў пад вэлюмам поўны, бледнаваты твар, а пад накідкаю — высокія грудзі. Гэтая дзівосная спакуса, што стаілася пад покрывам, бянтэжыла мяне, і ў той жа час я адчуваў беспрычыннае шчасце; не вытрымаўшы, я дакрануўся да яе рукою, дакрануўся да яе пляча і бязглузда ўсміхнуўся. Я чуў, як білася маё сэрца.
— Якая вы дзіўная! — сказаў я.
— To чаму ж?
— Па-першае, таму што ў вас ёсць звычка нерухома стаяць вечарамі каля брамы стайні без найменшай патрэбы толькі таму, што гэта прыйшло вам у галаву...
— Ну, на гэта могуць быць свае прычыны. Акрамя таго, так прыемна гуляць да позняе начы: гэта мне заўсёды вельмі падабалася. А хіба вы кладзяцеся раней за дванаццатую?
— Я? Больш за ўсё на свеце ненавіджу класціся раней за дванаццатую. Ха-ха!
— Ха-ха, вось бачыце! А я раблю гэтыя вечаровыя шпацыры, бо мне ўсё адно няма чаго рабіць. Я жыву на плошчы СвятогаУлафа...
— Юлаялі! — усклікнуў я.
— Як вы сказалі?
— Я проста сказаў— Юлаялі... але кажыце далей!
— Я жыву на плошчы Святога Улафа разам з маці, але з ёй немагчыма размаўляць, бо яна глухая. Хіба тое дзіўна, што я люблю рабіць праходкі?
— Ды не, абсалютна! — адказаўя.
— Добра, а што вы тады маеце на ўвазе?
3 яе голасу я зразумеў, што яна ўсміхаецца.
— А хіба ў вас няма сясцёр?
— Ага, ёсць сястра, старэйшая за мяне, — але адкуль вы пра гэта даведаліся? Яна цяпер з’ехала ў Гамбург.
— Нядаўна?
— Нядаўна, пяць тыдняў таму. А адкуль вы ведаеце, што ў мяне ёсць сястра?
— He, я зусім не ведаў: проста так спытаў.
Мы маўчалі. Побач прайшоў нейкі чалавек, несучы пад пахай пару чаравікаў, далей, наколькі сягала вока, вуліца была пустая. У Тывалі ўдалечыні свяціўся доўгі шэраг рознакаляровых ліхтарыкаў. Снег прайшоў, неба было яснае.
— Божачкі, а ці ж вам не холадна без паліто? — кажа раптам дама і глядзіць на мяне.
Расказаць ёй, чаму ў мяне няма паліто? Адразу ж адкрыць ёй сваё становішча: няхай лепш палохаецца цяпер, чым потым? Але мне было так соладка ісці побач з ёю і трымаць яе ў няведанні. Я зманіў:
— He, зусім не холадна. — I, каб скіраваць размову на іншае: — Ці бачылі вы звярынец у Тывалі?
— He, — адказала яна. — А што, гэта вельмі цікава?
Вось калі б яна пагадзілася пайсці туды! Там так светла і людна! Але не, ёй давялося б адчуць сорам, давялося б сысці адтуль, саромеючыся маёй паношанай вопраткі, майго змучанага твару, які я ўжо два дні як не мыў; да таго