Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Цяпер я здаваўся сабе агіднаю пачварай; я раптам ускочыў і пайшоў проста да гандляркі піражкамі, якая сядзела каля аптэкі «Пад сланом». Яшчэ не позна было змыць ганьбу, паказаць усяму свету, на што я здатны! На хаду я падрыхтаваў грошы, трымаў іх усе, да апошняе манеткі, у руцэ, а потым схіліўся над латком, нібы хацеў нешта купіць і, не доўга думаючы, сунуў грошы гандлярцы ў руку. Пры гэтым я не сказаў ні слова і адразу ж сышоў.
Якая гэта дзівосная ўцеха — зноўку стаць сумленным чалавекам! Пустыя кішэні давалі мне адчуванне лёгкасці: як
цудоўна было зноўку зрабіцца чыстым. Бо калі разабрацца, гэтыя грошы, па сутнасці, узбуджалі ўва мне нямала патаемнай горычы; падумаўшы пра іх, я кожны раз уздрыгваў, бо душа ў мяне не закаснела: мая сумленнасць была абражаная гэтым нізкім учынкам, так, так! Дзякуй Богу, я апраўдаў сябе ў сваіх вачах.
— Бярыце з мяне прыклад! — сказаў я, акідваючы позіркам плошчу, на якой віраваў людскі натоўп. — Бярыце з мяне прыклад! Я ашчаслівіў старую бедную гандлярку, вось гэта справа! Бо яна была ў бязвыхадным становішчы. Сёння ўвечары яе дзеці не лягуць спаць галоднымі...
Я суцяшаў сябе такімі думкамі і знаходзіў, што мае паводзіны вышэйшыя за ўсялякую пахвалу. Дзякуй Богу, я пазбавіўся ад гэтых грошай!
Усхваляваны, п’яны, я ішоў па вуліцы, горда падняўшы галаву. Я цешыўся ад адной думкі, што пайду да Юлаялі чыстым і сумленным, змагу глядзець ёй проста ў вочы; анішто больш мяне не мучыла, думкі паяснелі, не адчувалася ніякага цяжару ў галаве, якая, здавалася, была цяпер адлітая з празрыстага святла. Мне хацелася жартаваць, вырабляць небывалыя штукі, перавярнуць дагары ўвесь горад, узняць страшэнны шум. Я ішоў вуліцай Грэнсэн як вар’ят; у вушах у мяне злёгку шумела, п’янкая радасць напаўняла душу. Ахоплены безразважнай смеласцю, я спыніў нейкага служку, што сустрэўся мне па дарозе, паведаміў яму, колькі мне гадоў; зрэшты, ён нічога не адказаў, а я схапіў яго за руку, пільна паглядзеў яму ў вочы і пайшоў далей, аніяк не патлумачыўшы свайго ўчынку. Я прыслухоўваўся да галасоў і смеху прахожых, разглядаў птушак, што гойсалі па тратуары, прыглядаўся да бруку ходніка і знаходзіў у размяшчэнні камянёў розныя знакі і дзіўныя фігуры. Нарэшце я выйшаў да стортынга.
Раптоўна спыніўшыся, я гляджу на рамізнікаў. Яны ходзяць па плошчы і перагаворваюцца, а коні стаяць, панурыўшы галовы, прыгнечаныя непагодаю. «Ну, наперад!» — сказаў я сабе і падштурхнуў сябе локцямі. Я хутка падышоў да першай брычкі і сеў.
— Улевольсвеен, трыццаць сем! — выгукнуў я.
I мы паехалі.
Па дарозе рамізнік пачаў абарочвацца, паглядаць у бок сядзення, на якім я сядзеў пад прасмоленым палатном. Няўжо ён нешта западозрыў? He было ніякага сумневу, што мая паношаная вопратка забрала яго ўвагу.
— Мне трэба наведаць аднаго чалавека! — крыкнуў я яму, каб папярэдзіць ягоныя роспыты. I я пераканаўча растлумачыў, як мне неабходна наведаць гэтага спадара.
Мы спыняемся каля дома нумар трыццаць сем, я выскокваю, узбягаю сходамі на чацвёрты паверх і тузаю за вяровачку званка, які адчайна бразгоча.
Дзяўчына-пакаёўка адчыняе дзверы; я звяртаю ўвагу на тое, што ў вушах у яе залатыя завушніцы, а на шэрай блузцы чорныя гузікі. Яна спалохана глядзіць на мяне.
Я пытаюся Х’ерульфа, Ёакіма Х’ерульфа, ну, таго, які гандлюе воўнаю... адным словам, яго ні з кім не зблытаеш...
Пакаёўка адмоўна ківае галавою.
— Х’ерульф тут не жыве, — кажа яна.
Зірнуўшы на мяне, пакаёўка хоча зачыніць дзверы. Яна прамовіла гэтае прозвішча лёгка, без найменшай запінкі, нібы сапраўды ведае чалавека, якога я шукаю, адно што яна лянуецца ўспамінаць. Раз’юшаны, я павярнуўся да яе спінаю і тут жа збег сходамі долу.
— Яго тут няма! — крыкнуў я рамізніку.
— Няма?
— He. Едзьма на Томтэгатэн, нумар адзінаццаць.
Маё хваляванне збольшага перадалося фурману; ён, відаць, падумаў, што трэба ратаваць чалавечае жыццё, і адразу ж ірвануў з месца. Ён гучна прыкрыкнуў на коней.
— А як прозвішча гэтага спадара? — спытаў ён, павярнуўшыся на козлах.
— Х’ерульф, той, што гандлюе воўнай. Х’ерульф.
Рамізніку таксама падалося, што ён ведае гэтага чалавека. А ці не носіць ён светлы касцюм?
—Як вы сказалі? — усклікнуў я. — Светлы касцюм? Ды ў вас усё ў парадку з галавою? Што я, па-вашаму, філіжанку шукаю?
Гэты светлы касцюм сапсаваў мне ўсю радасць, бо я ўяўляў сабе Х’ерульфа зусім не гэткім.
— Вы сказалі... якяго прозвішча? Х’ерульф?
— Ну, так, — адказаў я. — А што тут дзіўнага? Прозвішча ж нікога не ганьбіць.
— А ён часам не руды?
Цалкам магчыма, што ён руды, і калі рамізнік згадаў пра гэта, я раптам цвёрда вырашыў, што так яно і ёсць. Я быў удзячны рамізніку і сказаў, што ён адразу зразумеў, каго я шукаю, бо ўсё менавіта так і ёсць, як ён казаў.
— Было б вельмі дзіўна, — заўважыў я, — калі б такі чалавек не быў рудым.
— Відаць, якраз яго я і вазіў разы два, — сказаў фурман. — У яго яшчэ ў рутдэ кіёк такі сукаваты быў.
Гэты чалавек у маіх вачах рабіўся рэальнай асобаю, і я сказаў:
— Ха-ха, ніхто яшчэ не бачыў гэтага спадара без сукаватага кійка ў руцэ. Ужо на гэты конт будзьце спакойны, будзьце абсалютна спакойны.
Без ніякага сумневу, гэта быў той самы чалавек, якога ён вазіў. Ён пазнаўяго...
Мы ехалі так хутка, што з-пад падкоў сыпаліся іскры.
Хоць я быў вельмі ўсхваляваны, я ні на хвілю не губляў прысутнасці духу. Мы праехалі паўз паставога паліцыянта, і я звярнуў увагу, што ў яго бляха з нумарам 69. Гэты лік дзівіць мяне да глыбіні душы, утыкаецца мне ў мазгі, нібы тая стрэмка. 69, дакладна 69, я ўжо не забуду!
Я адкінуўся на спінку сядзення, ва ўладзе дзікіх фантазій, увесь схаваўся пад прасмоленым палатном — каб нікому не было відаць, як я варушу вуснамі, — і пачаў самым недарэчным чынам размаўляць сам з сабою. Вар’яцтва бушавала ў маіх мазгах, і я даў яму волю, цалкам усведамляючы, што зрабіўся ахвяраю ўплываў, супрацьстаяць якім я не ў змозе. Я пачаў смяяцца, моўчкі і апантана, без найменшай да таго нагоды, вясёлы і п’яны ад двух куфляў піва. Паступова мая ўзбуджанасць праходзіць, я ўсё болып супакойваюся. Я адчуваю, як смыліць мой палец, і засоўваю яго за каўнер кашулі, каб крыху сагрэць. Але вось мы на Томтэгатэн. Рамізнік спыняе брычку.
Я вылажу з яе павольна, ні пра што не думаючы, я ўвесь знясілены, з галавою, як быццам налітаю волавам. Я праходжу цераз пад’езд, адтуль — на двор, перасякаю яго наўскос,
апынаюся перад дзвярыма, адчыняю іх і бачу перад сабой як бы пярэдні пакой з двума вокнамі. У куце стаяць, адзін на адным, два куфры, а каля сцяны, пад покрывам, — старая нефарбаваная ляжанка. Справа, у суседнім пакоі, чуюцца галасы і дзіцячыя крыкі, а нада мною, на другім паверсе, — удары малатка па жалезнай пліце. На ўсё гэта я звяртаю ўвагу адразу, як толькі ўваходжу.
Я спакойна іду цераз усю кватэру да іншых дзвярэй, не спяшаючыся, не думаючы пра ўцёкі, адчыняю іх і выходжу на суседнюю вуліцу. Я гляджу на дом, цераз які толькі што прайшоў, і чытаю шыльду: «Пансіянат для прыезджых».
У мяне няма намеру ўцякаць, схавацца ад рамізніка, які мяне чакае; я спакойна іду па вуліцы, без усялякага страху, не адчуваючы за сабой нічога дрэннага. Х’ерульф, гандляр воўнаю, так доўга займаў мае думкі, чалавек, у існаванне якога я верыў і якога мне абавязкова трэба было знайсці, раптам знік, выпарыўся разам з іншымі вар’яцкімі выдумкамі, што з’яўляліся, а потым знікалі; цяпер ён паўставаў перада мною толькі як цьмяны вобраз, як далёкая згадка.
Чым далей я ішоў, тым больш разважлівым рабіўся; я адчуваў цяжар і стомленасць, ледзьве перастаўляў ногі. А снег усё падаў і падаў на зямлю вялікімі мокрымі шматкамі. Нарэшце я выйшаў на Грэнлан, да самай царквы, і там сеў на лаўку адпачыць. Прахожыя са здзіўленнем глядзелі на мяне. Я задумаўся.
Божа-божа, які ж я няшчасны! Усё маё вартае жалю жыццё так мне ўстыла, я так бясконца стаміўся, што больш не трэба траціць высілкі на змаганне, не трэба падтрымліваць яго. Нягоды даканалі мяне: яны былі занадта суровыя. Я адчуваў сябе абсалютна разбітым, зрабіўся ценем сябе самога. Плечы мае апусціліся, я хадзіў пахіліўшыся наперад, каб хоць крыху суняць боль у грудзях. Два дні таму, у сябе дома, я агледзеў сваё цела — і не мог стрымаць слёз. Некалькі тыдняўя не мяняў кашулі — яна ўся задубела ад поту і да крыві націрала мне пупок; з расшарпанай ранкі сачылася вадзяністая кроў, і хоць я не адчуваў болю, мне было так маркотна хадзіць з гэткаю ранай. Я не мог яе залячыць, і сама сабою яна не загойвалася; я прамыў яе, асцярожна выцер і зноў надзеў тую самую кашулю. Іначай не было як...
Я сяджу на лаўцы, думаю пра ўсё гэта, і мне вельмі маркотна. Я агідны сам сабе, нават рукі мае здаюцца мне агіднымі. Гэтыя слабыя, да непрыстойнасці нямоглыя рукі выклікаюць у мяне прыкрасць; я злуюся, гледзячы на свае тонкія пальцы, ненавіджу сваё кволае цела, уздрыгваю ад думкі, што павінен гэтак гібець, адчуваць на сабе гэтую нікчэмную абалонку. Божухна, хоць бы ўсё гэта хутчэй скончылася! Якя хачу памерці!
Цалкам растаптаны, апаганены і зганьбаваны ва ўласных вачах, я напалову машынальна ўстаў і пайшоў дадому. Па дарозе я ўбачыў шыльду над брамай: «Бялізна для нябожчыкаў ад панны Андэрсэн, праваруч ад брамы». «Якія ўспаміны!» — сказаў я сам сабе, і мне згадалася маё гарышча на вуліцы Хамерсборг, малое крэсла-качалка, газетныя шпалеры вакол дзвярэй, аб’явы наглядчыка за маяком і свежы хлеб ад булачніка Фабіяна Ольсэна. Ах, у той час мне жылося куды лепш, чым цяпер; аднойчы ўначы я напісаў нарыс, за які мне заплацілі дзесяць крон; цяпер жа я больш нічога не мог напісаць, зусім нічога: варта было мне ўзяцца за справу, і ўсе думкі знікалі ў мяне з галавы. Што ж, гэтаму трэба было пакласці канец! Я ішоў і ішоў далей.
3 кожным крокам, калі я набліжаўся да тае крамы, мною ўсё больш і больш авалодвала цьмянае адчуванне небяспекі; але я быў цвёрды ў сваім рашэнні добраахвотна прызнацца ў сваім учынку. Вось я спакойна падымаюся прыступкамі, у дзвярах сутыкаюся з маленькай дзяўчынкаю, якая нясе кубак, прапускаю яе і зачыняю за сабою дзверы. Прыказчык і я зноў апынаемся сам-насам.
— Брыдкае надвор’е, праўда? — кажа ён.
Да чаго гэтыя выкрунтасы? Чаму ён не схапіў мяне адразу? Раззлаваўіпыся, я кажу: