• Газеты, часопісы і г.д.
  • Голад  Кнут Гамсун

    Голад

    Кнут Гамсун

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 364с.
    Мінск 2017
    97.03 МБ
    —Я прыйшоў зусім не дзеля таго, каб балбатаць пра надвор’е.
    Мая запальчывасць бянтэжыць яго: гэты мізэрны гандляр нічога не можа ўцяміць; яму і ў галаву не прыходзіць, што я скраў у яго пяць крон.
    — Хіба вы не ведаеце, што я вас быў ашукаў? — раздражнёна кажу я і ўвесь дрыжу, задыхаюся, гатовы прымусіць яго дзейнічаць, калі ён пачне марудзіць далей.
    Але ён, небарака, ні пра што не падазрае.
    Ах, ты ж Божа мой, сярод якіх дурняў даводзіцца жыць! Аблаяўшы яго, я пачынаю падрабязна тлумачыць, як яно ўсё было, паказваю яму, дзе я стаяў і дзе стаяў ён, калі гэта адбылося; дзе ляжалі грошы, як я іх узяў і заціснуў у кулаку, — і да яго нарэшце даходзіць, але ён усё роўна не робіць нічога. Ён толькі круціць галавой, прыслухоўваецца да крокаў за сцяною, робіць мне знакі, каб я казаў цішэй, і нарэшце вымаўляе:
    — Вядома, вы гэта ўчынілі нядобра!
    — He, пачакайце! — крычу я, ахоплены адчуваннем супярэчнасці, імкнучыся вывесці яго з сябе. — Вы нікчэмны гандляр, дзе вам зразумець, але я ўчыніў не так ужо і подла! He думайце, што я прысабечыў гэтыя грошы, не, я не збіраўся імі скарыстацца, бо я сумленны чалавек, і мне гэта брыдка...
    — Што ж вы з імі зрабілі?
    — Хай будзе вам вядома, што я аддаў іх беднай старой, усё, да апошняй манеткі. Такі ўжо я чалавек, у мяне сэрца не каменнае, я шкадую беднякоў...
    Ён задумаўся, у яго, відавочна, не было ўпэўненасці ў тым, што я сумленны чалавек. Нарэшце ён пытаецца:
    — А ці не было б лепш, калі б вы вярнулі тыя грошы?
    — Ды зразумейце ж, — нахабна адказваю я. — Мне не хацелася рабіць вам непрыемнасці, і я вырашыў пашкадаваць вас. I, калі ласка, вось мая ўзнагароду за высакароднасць. Я прыйшоў сюды, і вось ужо колькі часу тлумачу вам, як усё было ў сапраўднасці, а вы, як той сабака, не маеце аніякага сораму і не думаеце зводзіць са мной рахункі. Таму я ўмываю рукі. I наогул, ну вас да д’ябла! Бывайце!
    Я пайшоў, гучна ляснуўшы дзвярыма.
    Але калі я вярнуўся ў сваё жытло, у гэтую змрочную дзірку, увесь прамоклы ад вільготнага снегу, мая ваяўнічасць раптам знікла, і я зноў страціў усялякі імпэт. Я пашкадаваў, што так нападаў на беднага прадаўца; я плакаў, хапаў сябе за горла, каб пакараць за падступную выхадку, і быў раз’юшаны. Ён жа, вядома, да смерці перапалохаўся за сваё месца і не наважыўся ўсчынаць лямант праз адсутнасць тых пяці крон. Ая скарыстаўся яго страхам, крычаў на яго, кпіў з яго ў кожнай сваёй фразе. Сам жа гаспадар, мабыць, быў за сцяною і кожную
    хвіліну мог выйсці паглядзець, што здарылася. He, проста неверагодна, на якую падступнасць я ўжо быў здольны!
    Але ж чаму мяне пры гэтым не затрымалі? Тады б усё было скончана. Я сам даў бы надзець на сябе кайданы. He ўчыніў бы ніякага супраціву, — наадварот, дапамог бы сябе арыштаваць. Божа ўсёмагутны, я жыццё гатовы аддаць за адзінае імгненне шчасця! Усё сваё жыццё — за сачавічную поліўку! Пачуй, пачуй жа мяне хоць бы гэтым разам!..
    Я лёг спаць у мокрай вопратцы; у галаве мільганула невыразная думка, што ўначы я магу памерці, і, сабраўшы апошнія сілы, я прывёў у парадак сваю пасцель, каб раніцай яна выглядала прыстойна. Я лёг, сашчапіўшы рукі на грудзях.
    I раптам мне згадалася Юлаялі. Як мог я не ўспамінаць пра яе цэлы вечар! У маёй душы зноў слабенька запальваецца сонечны праменьчык, ад якога мне робіцца гэтак дабратворна цёпла. Сонца свеціць усё ярчэй; гэтае ціхае, далікатнае, ласкавае ззянне соладка ап’яняе мяне. А потым сонца пачынае пячы, апальвае мае скроні, спапяляе лютым полымем мае спакутаваныя мазгі. I вось ужо ў мяне перад вачыма шугае вогнішча; неба і зямля ахопленыя пажарам, перада мною — вогненныя людзі і звяры, вогненныя горы, вогненныя д’яблы, прорва, пустэльня; увесь свет палыхае дымным, крывавым полымем Суднага дня.
    Больш я нічога не бачыў і не чуў...
    Назаўтра я прачнуўся ўвесь мокры ад поту; мяне моцна праняла страшэнная гарачка. Спачатку я нават не мог як след уцяміць, што гэта са мною здарылася: са здзіўленнем азіраўся, адчуваючы ў сабе нейкі пералом, зусім не пазнаючы сябе. Я абмацваў свае рукі і ногі, дзівудаваўся, што акно знаходзіцца ў гэтай сцяне, а не ў процілеглай; на дварэ чуўся пошчак конскіх капытоў, а мне здавалася, быццам гэтыя гукі даносяцца аднекуль зверху. I да таго ж мне было млосна...
    Вільготныя, халодныя валасы спадалі мне на лоб; я прыўзняўся на локці і паглядзеў на падушку: мокрыя валасы невялікімі шматкамі ляжалі і тут. Ногі, абутыя ў чаравікі, за ноч распухлі, я з цяжкасцю мог варушыць пальцамі.
    Бралася на вечар, пачало ўжо сутонець, таму я ўстаў з ложка і пачаў ціха перасоўвацца ў пакоі. Я рухаўся асцярожнымі кро-
    камі, каб не страціць раўнавагі і засцерагчыся ад болю ў нагах. Я не так каб моцна пакутаваў, і мне не хацелася плакаць: наогул, я не быў засмучаны, а наадварот, хутчэй, вельмі ўсцешаны, бо ўжо не ўяўляў сабе, што ўсё можа быць неяк іначай.
    Потым я выйшаў з дому.
    Адзінае, што мяне ўсё ж мучыла, нягледзячы на агіду да ежы, быў голад. Я зноў пачаў адчуваць ганебны апетыт, непераадольнае смактанне ў жываце, якое ўсё мацнела. Боль неміласэрна рваў мае грудзі: там ішла нейкая маўклівая, дзіўная валтузня. Здавалася, з дзясятак маленькіх звяркоў грызлі іх то з аднаго, то з другога боку, потым сціхалі і зноўку браліся за сваё, бясшумна ўцінаючыся ў мяне, выгрызаючы з мяне цэлыя кавалкі...
    Я не захварэў, але быў знясілены і абліваўся потам. Я спадзяваўся адпачыць на Вялікім рынку, але дарога да яго была доўгаю і цяжкою; і ўсё ж я дабраўся туды, спыніўся на рагу рынку, дзе пачынаецца Торвгатэн. Пот заліваў мае вочы, шкельцы акуляраў, сляпіў мяне, і я спыніўся, каб выцерці твар. Я не бачыў, дзе стаяў, не думаў пра гэта; навокал быў страшэнны галас.
    Раптам чуецца папераджальны вокліч, гучны, адрывісты. Я чую гэты вокліч, я надта добра яго чую і кідаюся ўбок; потым раблю хуткія крокі, наколькі мне дазваляюць мае аслаблыя ногі. Хлебны фургон, нібы лютая пачвара, праносіцца побач, колам чапляе крысо маёй курткі; калі б я быў крыху спрытнейшым, усё б скончылася добра. Я, мабыць, мог бы быць жвавейшым, зусім крыху жвавейшым і зрабіць яшчэ невялікае намаганне, але цяпер было ўжо запозна: кола праехала па маёй назе; я адчуваў, што некалькі адціснутых пальцаў як бы скурчылася ў маім чаравіку.
    Фурман на ўсім хаду запыняе коней; ён абарочваецца і спалохана пытаецца, што са мною. О, магло быць куды горай... Вялікае небяспекі няма... не думаю, каб быўпералом... ах, зрабіце ласку...
    Я як мага хутчэй паклыпаў да лаўкі: натоўп, што высалапіўся на мяне, быў мне непрыемны. Бо мяне ж не задушыла насмерць, і раз ужо гэтага не было як пазбегнуць, я абышоўся досыць лёгка. Найболей мяне турбавала тое, што мой чаравік
    быў моцна падобны да разяўленай пашчы: падэшва зусім адстала ад верху. Я падняў нагу і ўбачыў у гэтай пашчы кроў. Што ж, ніхто з нас не вінаваты, фурман зусім не хацеў пагаршаць майго і без таго кепскага становішча. Але я мог бы папрасіць у яго невялікі кавалак хлеба, і ён, мабыць, мне б не адмовіў. Ён бы ахвотна зрабіў мне гэткую паслугу. Ды няхай яму Бог заплаціць!
    Голад нясцерпна мучыў мяне, і я не ведаў, як пазбавіцца ад свайго ганебнага апетыту. Я круціўся на лаўцы, потым падцягнуў калені да грудзей. Калі сцямнела, я пацягнуўся да ратушы — Бог ведае, як я дабраўся туды, — і сеў каля балюстрады. Я выдраў кішэню са сваёй курткі і пачаў жаваць яе, зрэшты, зусім несвядома, нявесела, скіраваўшы вочы ў пустэчу і нічога перад сабою не бачачы. Я чуў крыкі дзяцей, якія гулялі каля мяне, і час ад часу імкнуўся зразумець прахожых; больш я не ўспрымаў нічога.
    Потым мне раптам прыйшло ў галаву пайсці на рынак і здабыць кавалак сырога мяса. Я ўстаў, прайшоў уздоўж балюстрады да далёкага канца крытага рынку і пачаў спускацца сходамі. Крыху не даходзячы да мясных шэрагаў, я павярнуўся назад і злосна прыкрыкнуў на ўяўнага сабаку, нібы загадваючы яму спыніцца на месцы, а потым смела звярнуўся да першага, які трапіў, разніка.
    — Ці не зробіце мне ласку і не дасце костку майму сабаку? — сказаўя. — Толькі костку, без мяса: проста сабаку трэба што-небудзь трымаць у зубах.
    Мне далі костку, цудоўную костачку, на якой яшчэ заставалася трохі мяса, і я схаваў яе пад курткаю. Я так горача дзякаваў мясніку, што ён паглядзеў на мяне са здзіўленнем.
    — Няма за што дзякаваць, — сказаў ён.
    — Ах, не кажыце, — прамармытаў я. — Гэта так міла з вашага боку.
    I я пачаў падымацца сходамі. Сэрца маё калацілася.
    Я павярнуў у глухі завулак і спыніўся каля нейкай разваленай брамы. Туг было зусім цёмна, і я, радуючыся гэтай непрагляднай цемры, пачаў грызці костку.
    Яна не мела аніякага смаку; ад яе ішоў агідны пах запечанай крыві, і мяне хутка званітавала. Потым я зноў паспраба-
    ваў узяцца за костку; калі б я мог затрымаць хоць кавалачак у страўніку, гэта б, вядома, мела сваё дзеянне, трэба было толькі ўтрымаць. Але мяне зноў званітавала. Я раззлаваўся, рашуча адарваў зубамі кавалачак мяса і пракаўтнуў яго. Але ўсё было марна, як толькі кавалачкі мяса саграваліся ў страўніку, іх адразу адтуль выштурхоўвала. Я ў шаленстве сціскаў кулакі, плакаў ад бяссілля і люта грыз костку; ад слёз костка зрабілася бруднай і мокраю; мяне ванітавала; я выкрыкваў праклёны; зноў грыз костку і плакаў у роспачы, і мяне зноў ванітавала. Я голасна праклінаў увесь Божы свет.
    Цішыня. Навокал ні душы; усюды цемра і ніводнага гуку. Мая душа ў жудасным стане; я цяжка і шумна дыхаю, абліваючыся слязьмі, і, скрыгочучы зубамі, вывяргаю з сябе адзін за адным кавалачкі мяса, што маглі б хоць трохі мяне насыціць. Як я ні намагаюся, зрабіць нічога не атрымліваецца, і ў бяссільнай злосці я, ахоплены нянавісцю, шпурляю костку пад браму, дзіка крычу; я пасылаю праклёны небу; ахрыплым голасам здзекуюся з імя Божага, уздымаю рукі з загнутымі, нібы тыя кіпцюры, пальцамі... Гэй ты, святы Ваал нябёсаў, цябе няма, але калі б ты быў, я пракляў бы цябе гэтак жудасна, што ў небе тваім зашугала б пякельнае полымя! Гэй ты, я гатовы быў служыць табе, але ты пакінуў мяне, і цяпер я навекі ад цябе адвярнуўся, бо ты не выкарыстаў сваю часіну літасці! Гэй ты, я ведаю, што хутка памру, і цяпер, на краі магілы, я ўсё адно плюю на цябе, нябесны Апіс! Ты хацеў падпарадкаваць мяне гвалтам, не ведаючы, што мяне немагчыма зламаць. Няўжо ты не ведаеш гэтага? ІДі ты ствараў маё сэрца ў сне? Гэй ты, усёй сваёй істотаю, усімі часцінкамі душы я пагарджаю табою і з радасцю плюю на тваю ласку! 3 гэтага часу я выракаюся твайго промыслу і тваёй сутнасці — я пракляну самую сваю думку, калі яна раптам зноў звернецца да цябе, і раздзяру свае вусны, калі яны зноў прамовяць імя тваё! Гэй ты, калі ты ёсць, вось табе маё апошняе слова, — цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя я кажу табе: бывай! Я замаўкаю, і адварочваюся ад цябе, і пайду далей сваёй дарогаю...