Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
— Але вам, далібог, няма чаго сядзець каля дзвярэй, — кажа яна.
Мы сталі падымацца сходамі.
У пярэднім пакоі было цёмна, яна ўзяла мяне за руку і павяла за сабою. He трэба ўвесь час маўчаць, сказала яна, можна размаўляць не саромеючыся. Мы ўвайшлі. Запальваючы свечку, — не лямпу, а менавіта свечку, — запальваючы гэтую свечку, яна сказала, лёгка ўсміхнуўшыся:
— Толькі вы не павінны глядзець на мяне. Ах, як мне сорамна! Але я ніколі больш не зраблю гэтага.
— Чаго вы больш не зробіце?
— Я ніколі не... Божа барані... я ніколі больш не буду вас цалаваць.
— He хочаце? — сказаў я, і мы абое засмяяліся.
Я працягнуў да яе рукі, а яна ўхілілася, выслізнула, прашмыгнула на другі бок стала. Нейкую хвілю мы глядзелі адно на аднаго, і свечка стаяла паміж намі.
Потым яна стала здымаць вэлюм і капялюшык, а яе бліскучыя вочы былі скіраваныя на мяне, сачылі за кожным маім рухам, — яна баялася, каб я не схапіў яе ў абдымкі. Я зноў паспрабаваў яе дагнаць, спатыкнуўся аб дыван і ўпаў; я болып не мог ступіць на хворую нагу. Ад збянтэжанасці я ўстаў.
— Божа, як вы пачырванелі! — сказала яна. — Нехлямяжа выйшла?
— Ага, сапраўды.
I мы зноў пачалі хуценька пасоўвацца вакол стала.
— Вы, здаецца, кульгаеце?
— Так, я накульгваю, але зусім крыху.
— У мінулы раз у вас балеў палец на руцэ, а цяпер баліць нага. Колькі ж у вас усялякіх бедаў!
— Колькі дзён таму мяне ледзьве не расціснуў фургон.
— Ледзьве не расціснуў? Вы, пэўна, зноў былі п’яным? Божухна, што за жыццё вы ведзяце, малады чалавек! — Яна пагразіла мне пальцам і зрабілася сур’ёзнаю.—Давайце сядзем! —
сказала яна. — He, толькі не каля дзвярэй; вы занадта сарамлівы, сядзьце вунь там. Вы там, ая тут, вось так... Ах, якгэта сумна, калі чалавек сарамлівы! Усё даводзіцца гаварыць і рабіць самой, а ад вас ніякай дапамогі. Вось, да прыкладу, вы маглі б спакойна пакласці руку на спінку майго крэсла, цалкам маглі б самі здагадацца гэта зрабіць. А калі я вам гэта скажу, вы талопіцеся на мяне, быццам не верыце сваім вушам. Вось, вось, я ўжо не раз гэта заўважала, і цяпер тое самае. Але не спрабуйце мяне пераканаць, быццам вы заўсёды такі сціплы: часам вы шмат што сабе дазваляеце. Вы былівельмідзёрзкімутойдзень, калі, падпіўшы, ішлі за мною да самага дома і падганялі мяне сваімі жартачкамі: «Паненка, вы згубіце сваю кніжку, вы абавязкова згубіце кніжку, паненка!» Ха-ха-ха! Фу, гэта было так брыдка з вашага боку!
Я збянтэжана глядзеў на яе. Сэрца маё моцна грукала, кроў гарачай хваляю разлівалася па целе. Якая асалода зноў сядзець у чалавечым жытле, слухаць ціканне гадзінніка і размаўляць з юнай, вясёлай дзяўчынаю, а не мармытаць нешта сабе пад нос.
— Чаму вы маўчыце?
— Якая вы чароўная! — сказаў я. — Вы мяне скарылі, зусім скарылі, я забіты на месцы. Гэтаму ніяк не дасі рады. Вы — самая дзівосная з усіх... Часам вашы вочы гэтак зіхцяць... я ніколі не бачыў такога цудоўнага ззяння, яны падобныя да красак. A? He, я нават параўнаў бы іх не з краскамі, але... Я па вушы закаханы ў вас і нічога з сабою не магу зрабіць. Як вас завуць? Вы абавязкова павінны мне сказаць, як вас завуць...
— А вас як завуць? Божа, я зноў ледзь не забылася! Учора я цэлы дзень думала, што трэба будзе спытацца ў вас. He, зусім не цэлы дзень, я не думала пра вас цэлы дзень.
— Ведаеце, якую я тады вам даў мянушку? Я даў вам мянушку Юлаялі. Як вам гэта падаецца? Тут ёсць няўлоўнае перагуканне...
— Юлаялі?
— Ага.
— Гэта на якой-небудзь замежнай мове?
— Гм!.. He, зусім не.
— Праўда, гучыць няблага.
Пасля доўгіх перамоў мы назвалі адно аднаму свае імёны. Яна села побач са мною на канапу, адсунуўшы крэсла нагою. I мы зноў пачалі размаўляць.
— Вы нават пагаліліся сёння, — сказала яна. — I наогул вы трохі лепш выглядаеце, чым мінулым разам; праўда, толькі трохі, вы там не падумайце... He, мінулым разам у вас быўсапраўды несамавіты выгляд. Да таго ж палец вы тады перавязалі нейкай агіднай анучай. I ў гэткім выглядзе вы абавязкова хацелі пайсці куды-небудзь, каб выпіць са мною віна. He ўжо, дзякуй.
— Значыць, вы не хацелі пайсці са мною, бо я меў нікчэмны выгляд? — спытаў я.
— He, — сказала яна і апусціла вочы. — He, Бог сведка, не таму! Я пра гэта нават не думала.
— Паслухайце, — сказаў я. — Вы, вядома, лічыце, што я Ma­ry жыць святым духам і апранацца, як мне захочацца? Але я не магу: я вельмі, вельмі бедны.
Яна паглядзела на мяне.
— Вы бедны? — перапытала яна.
— Напраўду бедны.
Паўза.
— Божа, але ж я таксама бедная, — сказала яна і з лёгкасцю ўскінула галаву.
Кожнае яе слова ап’яняла мяне, пранікала мне ў душу, нібы тыя кроплі віна, хоць гэта была досыць звычайная дзяўчына з Хрысціяніі, якая гаварыла на жаргоне, досыць трывіяльная і балбатлівая. Яна захапляла мяне сваёй звычкаю схіляць галаву ўбок і ўважліва слухаць, калі я казаў што-небудзь. Пры гэтым я адчуваў яе дыханне на сваім твары.
— Вы ведаеце, рэч у тым... але толькі вы не злуйцеся... Калі я лёг ўчора спаць, я працягнуў да вас руку... вось так... быццам вы ляжалі побач. I гэтак потым я заснуў.
— Вось як? Вельмі міла. — Паўза. — Але вы маглі зрабіць гэта толькі на адлегласці, бо інакш...
— Вы думаеце, інакш я не мог бы зрабіць гэтага?
— Думаю, што не.
— Ну ўжо, ад мяне вы можаце ўсяго чакаць, — сказаў я, хітравата зірнуўшы на яе.
I абняўяе за талію.
— I толькі таго? — перапытала яна.
Яна лічыла мяне занадта ўжо прыстойным чалавекам, гэта мяне злавала і абражала; я падсунуўся да яе, набраўся смела-
сці і ўзяў яе за руку. Але яна вельмі спакойна адняла руку і трохі адсунулася ад мяне. Гэта зноў пазбавіла мяне смеласці, я засаромеўся і пачаў глядзець у акно. Усё адно я быў пануры, мне не варта было мець вялікіх спадзеваў. Іншая рэч, калі б я спаткаў яе раней, калі яшчэ быў чалавекам, у лепшыя дні, покуль справы сяк-так ішлі. Я адчуў сябе моцна прыгнечаным.
— Вось бачыце! — сказала яна. — Бачыце, як лёгка з вамі даць рады, досыць ледзьве прыкметна нахмурыць лоб, ледзьледзь ад вас адсунуцца, і вы адразу так збянтэжыліся.
Яна гулліва засмяялася і моцна заплюшчыла вочы, быццам не магла трываць таго, што на яе глядзяць...
— Божа ласкавы! — усклікнуў я. — Вось зараз я вам пакажу!
I я моцна абняў яе за плечы. Яна з глузду з’ехала ці што? Лічыць мяне за неспрактыкаванага юнака! Ха, мы яшчэ паглядзім... Ніхто не скажа, што ў такіх справах я горшы за іншых. Ды я сам д’ябал, а не чалавек! Ужо калі на тое пайшло...
Нібыта я ні на што на свеце не быў здатны!
Яна сядзела спакойна, не расплюшчваючы вачэй, і мы абое маўчалі. Я рашуча прыцягнуў яе да сябе, прыціснуў да грудзей, а яна не вымавіла ні слова. Я чуў біццё нашых сэрцаў, гучнае, як пошчак капытоў.
Я пацалаваўяе.
Больш я не памятаў сябе, я казаў нейкія глупствы, з якіх яна смяялася, шаптаў ёй далікатныя словы, прыціскаючыся вуснамі да яе вуснаў, гладзіў яе па твары і цалаваў, цалаваў. Я расшпіліў гузік на яе блузцы, потым другі, і агаліліся грудзі — яны выглядалі з-пад кашулі, белыя, круглявыя, цуд з цудаў.
— Ах, дазвольце зірнуць! — сказаў я, імкнучыся расшпіліць іншыя гузікі, яшчэ больш агаліць яе цела; але я занадта распаліўся і не мог даць рады ніжнім гузікам, а станік быў занадта тугі. — Я зірну трошкі... зусім трошкі...
Тутяна абвівае рукой маю шыю, вельмі павольна і далікатна; я адчуваю подых, які ідзе з ружовых, трапяткіх ноздраў, авявае мне твар; другой рукою яна пачынае сама расшпільваць гузікі, яшчэ і яшчэ. Яна збянтэжана, адрывіста смяецца і паглядае на мяне, хоча зразумець, ці заўважыў я яе страх. Яна развязвае стужкі, расшпільвае гарсэт, яна прасякнутая
пяшчотай і трывогаю. I я сваімі грубымі рукамі таксама дакранаюся да гэтых гузікаў і стужак...
Каб адцягнуць увагу, яна праводзіць леваю рукой па маіх плячах і кажа:
— Але ж колькі ў вас павыпадала валасоў!
— Ага, — шапчу я, імкнучыся прытуліцца вуснамі да яе грудзей.
Яна ўжо ляжыць побач са мною, і сукенка яе ўся расшпіленая. Але раптам яна, нібыта апамятаўшыся, вырашае, што справа зайшла занадта далёка. Яна імкнецца акрыць сваё голае цела і прыўздымаецца. Прыхоўваючы свой сорам, яна зноў пачынае гаварыць пра тое, як шмат у мяне валасоў насыпалася на плечы.
— А чаму ў вас так выпадаюць валасы?
— He ведаю.
— Ну, вядома, вы занадта шмат п’яце, напэўна, прычына ў гэтым... Фу, нават сказаць няёмка! Саромцеся! Далібог, ад вас я гэтага не чакала. Вы такі малады — і ўжо лысееце!.. А цяпер, калі ласка, раскажыце пра сваё жыццё. Я ўпэўненая, што яно проста жудаснае! Але толькі кажыце праўду, разумееце, усё як ёсць! Зрэшты, калі вы што-небудзь захочаце прыхаваць, я ўбачу гэта па вас. Ну, расказвайце!
Ах, да чаго ж я стаміўся! 3 якою б радасцю я проста спакойна пасядзеў, адно гледзячы на яе, замест таго каб нешта з сябе ўдаваць і марнаваць сілы на гэтую гульню. Я быў ні на што не здатны, зрабіўся анучаю.
— Пачынайце ж! — запатрабавала яна.
Я скарыстаўся выпадкам і расказаў ёй усё, расказаў шчырую праўду. Я не спрабаваўпаказаць справуўбольш змрочным святле, чым было ў сапраўднасці, не імкнуўся абудзіць у ёй спагаду; я не прыхаваў ад яе тое, што аднойчы прыўлашчыў сабе пяць крон.
Яна слухала, прыадкрыўшы рот, бледная, перапалоханая, і ў яе бліскучых вачах была збянтэжанасць. Я хацеў выправіць свой промах, рассеяць тое кепскае ўражанне, якое зрабіў на яе, і ўзяў сябе ў рукі.
—Але гэта — справа мінулага, болып такое ніколі не паўторыцца: цяпер я выратаваны...
Але яна была ў поўнай разгубленасці.
— Божа барані! — сказала яна і змоўкла. Потым паўтарыла яшчэ і яшчэ раз: — Божа барані!
Я паспрабаваў жартаваць, паказытаў яе падпахі, прыцягнуў яе да сябе. Яна ж паспела ўжо зашпіліць блузку, і гэта мяне раззлавала. Навошта яна яе зашпіліла? Хіба цяпер у яе вачах я стаяў ніжэй, чым яно было б у тым выпадку, калі б я пацвердзіў, што валасы ў мяне выпадаюць ад распуснага жыцця? Няўжо б я падабаўся ёй больш, калі б пачаў удаваць з сябе юрліўца? Досыць балбатні. Трэба дзейнічаць рашуча. А там, дзе трэба дзейнічаць рашуча, я не схіблю.
Надышла пара пачаць нанова.
I я без лішніх слоў паклаў яе на канапу. Яна супраціўлялася, зрэшты, не занадта моцна, і была быццам здзіўленая.
— Што вы робіце?.. He трэба... — сказала яна.
— Што я раблю?