Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
— Ну, а што ж было далей? — спытаў я, і ў мяне заняло дых.
— Далей? Ах, не будзем пра гэта! Усё ж такі яна жанчына.
На хвілю мы абодва змоўклі.
— Чорт пабірай, дык гэта Герцаг! Вось ён, значыцца, які! — дадаў Паненка задуменна. — Раз яна пайшла з гэтым спадаром, тады я не магу ручацца за яе.
А я ўсё маўчаў. Ну, зразумела, Герцаг яе звабіць! Вось і выдатна! Мне дык што за бяда? Я пажадаў ёй і яе вабнотам усяго найлепшага, усяго найлепшага! I тут жа паспрабаваў суцешыць сябе, думаючы пра яе найгоршае: я з асалодай затоптваўяе ў бруд. Мяне раздражняла толькі тое, што я зняў перад гэтаю парачкай капялюш, калі гэта сапраўды так. Навошта мне было здымаць капялюш перад такімі людзьмі? А пра яе я больш не шкадаваў, ані трохі не шкадаваў: яна ўжо не была ранейшаю прыгажуняй, прывяла, — д’ябал, як моцна яна прывяла! Цалкам магчыма, што яна глядзела толькі на мяне; тут няма нічога дзіўнага: магчыма, ёй захацелася раскаяцца. Але толькі з гэтае нагоды я не павалюся да яе ног, не буду кланяцца ёй, як вар’ят, — асабліва з тае прычыны, што яна гэтак падазрона за апошні час пабрыдчэла. Няхай той Герцаг бярэ яе сабе, на здароўе! Можа быць, настане дзень, калі я ганарліва прайду паўз яе, нават не зірнуўшы ў яе бок. Можа здарыцца, я дазволю сабе зрабіць гэта нават у тым выпадку, калі яна стане глядзець на мяне ва ўпор і будзе ў чырвонай сукенцы. Гэткае вельмі нават можа здарыцца! Ха-ха, вось бу-
дзе трыумф дык трыумф! Наколькі я сябе ведаю, я, мабыць, здолею скончыць п’есу яшчэ сёння ўночы, і дзён праз восем гэтая панначка будзе кленчыць перада мною! 3 усімі сваімі вабнотамі, ха-ха, з усімі вабнотамі!..
— Бывайце! — выразна сказаў я знаёмцу.
Але Паненка затрымаў мяне. Ён спытаўся:
— А чым жа вы заняты цяпер?
— Што я раблю? Пішу, зразумела. Чым жа мне яшчэ займацца? Бо я толькі гэтым і жыву. Цяпер вось я працую над вялікаю драмай — «Знак крыжа» з сярэднявечнага жыцця.
— Чорт пабірай! — са шчырым захапленнем сказаў Паненка. — Ну, калі вам пашэнціць, тады...
— Мяне гэта не надта турбуе! — адказаў я. — Але дзён праз восем, спадзяюся, вы пра мяне пачуеце.
I я пайшоў.
Вярнуўшыся дадому, я адразу ж звярнуўся да гаспадыні і папрасіў лямпу. Мне была вельмі патрэбная лямпа; я збіраўся не класціся ў тую ноч: п’еса віравала ў мяне ў галаве, і я цвёрда разлічваў напісаць да раніцы ладную частку. Я выклаў гаспадыні сваю просьбу вельмі пакорліва, бо запрыкмеціў у яе на твары незадаволенасць тым, што я зноў вярнуўся. Я амаль што скончыў сваю выдатную п’есу, сказаў я, застаецца дапісаць нейкія дзве сцэны. I я намякнуў, што п’есу можа паставіць які-небудзь тэатр яшчэ раней, чым я сам пра гэта папрашу. I калі яна зробіць мне гэтую ласку, тады я...
Але ў гаспадыні не было лямпы. Яна доўга думала, але ніяк не магла ўспомніць, каб у яе дзе-небудзь была лямпа. Калі я гатовы пачакаць да дванаццаці, тады, мабыць, можна будзе ўзяць лямпу з кухні. А чаму я не куплю сабе свечку?
Я змоўк. У мяне не было дзесяці эрэ на свечку, і яна гэта выдатна ведала. На жаль, мае планы зноў руйнаваліся! Пакаёўка сядзела тут жа, унізе: на кухні яе не было — значыцца, лямпу нават не запальвалі. Я падумаў пра гэта, але не сказаў больш нічога.
Раптам пакаёўка кажа:
— Я, здаецца, нядаўна бачыла, як вы выходзілі з палаца. Вы што, былі там на абедзе? — і яна гучна засмяялася з уласнага жарту.
Я сеў, дастаў свае паперы і хацеў паспрабаваць працаваць, седзячы тут. Я трымаў паперу на каленях і пільна глядзеў у падлогу, каб не траціць увагі, але гэта не дапамагала; анічога не дапамагала мне: я не мог выціснуць з сябе ніводнага радка. Увайшлі дзве гаспадарскія дзяўчынкі і пачалі галасліва гуляць з катом, а кот гэты быў на здзіў вялікі і амаль без поўсці; калі дзяўчынкі пачыналі дзьмухаць яму ў вочы, у іх з’яўляліся слёзы і сцякалі па ягоным носе. Гаспадар і яшчэ двое гасцей гулялі за сталом у карты. Толькі гаспадыня, як заўсёды, займалася справаю: яна шыла. Яна добра бачыла, што я не магу пісаць сярод такой гаманы, але зусім ужо не лічылася са мной; яна нават усміхнулася, калі пакаёўка спытала, ці не запрасілі мяне ўпалац на абед. Усе ў доме ставіліся да мяне варожа; здавалася, пасля таго як я вымушаны быў з ганьбаю саступіць свой пакой іншаму, гэта дало ўсім у доме падставу абыходзіцца са мною як з старонняй рэччу. I нават пакаёўка, гэтая маленькая, каравокая шлёндрачка, у якой быў нізкі лоб і зусім пляскатыя грудзі, здзекліва паглядала на мяне па вечарах, калі я атрымліваў бутэрброды. Яна часта пыталася ў мяне, дзе я звычайна ем: нешта яна ніколі не бачыла, каб я калупаўся ў зубах, выходзячы з «Гранда». Было зразумела, што яна ведае пра маё бядотнае становішча і адчувае задавальненне, калі нагадвае мне пра гэта.
Усе гэтыя думкі лезуць мне ў галаву, і я не ў змозе прыдумаць аніводнае рэплікі для сваёй п’есы. Усе мае спробы марныя; у мяне пачынае гудзець у галаве, і я нарэшце вымушаны кінуць працу. Я кладу аркушы ў кішэню і ўздымаю вочы. Пакаёўка сядзіць проста перада мною, я гляджу на яе, гляджу на яе вузкую спіну і нахіленыя плечы, якія яшчэ нават не падужэлі як след. Навошта ёй нападаць на мяне? Хай бы я выйшаў нават з палаца, што з гэтага? А ёй што за бяда? Парудзён таму яна нахабна кпіла з мяне, калі я спатыкаўся на сходах ці, зачапіўшыся за цвік, рваў куртку. He пазней як учора яна падабрала мае чарнавікі, якія я выкінуў у пярэдні пакой, скрала гэтыя накіды да маёй п’есы і потым чытала іх у пакоі голасна ўсім, здзекліва пасмейваючыся. Я ж ні разу не пакрыўдзіў яе і, памятаецца, ані разу не прасіў яе зрабіць мне хоць якую паслугу. Наадварот, увечары я сам рабіў сабе пасцель на падлозе, не хочучы яе турбаваць. Яна смяялася з мяне яшчэ і таму, што ў мяне вы-
падалі валасы. Па раніцах ва ўмывалцы плавалі валасы, і гэта яе смяшыла. Чаравікі ў мяне былі дзіравыя, асабліва той, што трапіў пад хлебны фургон: яна і з гэтага кпіла. «Вось дык чаравікі, даруй Божа! — казала яна. — Глядзіце, кожны — што тая сабачая будка!» Вядома, мае чаравікі і сапраўды былі моцна паношаныя, але я не мог пакуль што набыць сабе іншыя.
Я прыгадваю ўсё гэта і дзіўлюся адкрытай варожасці з боку пакаёўкі, а дзяўчаткі пачынаюць тым часам цвяліць старога, які ляжыць на ложку. Яны скакалі вакол яго і цалкам аддаліся гэтым заняткам. Потым яны сталі казытаць у яго ў вушах саломінкамі. Спачатку я не ўмешваўся. Стары і пальцам не варухнуў, каб ад іх пазбавіцца; ён толькі глядзеў на тых, хто яго катаваў, лютым поглядам, калі яны пачыналі яго казытаць, ды матляў галавою, каб вызваліцца ад саломінак, што ўжо былі яму ўторкнутыя ў вушы.
Гэта відовішча рабілася для мяне невыносным, але я не мог адвесці вачэй. Бацька часам уздымаў галаву ад картаў, смяяўся з выхадак дзяўчатак і нават звяртаў на гэта ўвагу сваіх партнёраў. Чаму стары не паварухнецца? Чаму не прагоніць дзяўчатак? Я зрабіў крок да ложка.
— Хай іх! Няхай! У яго паралюш! — крыкнуў мне гаспадар.
I я, спалохаўшыся яго незадавальнення, баючыся апынуцца за дзвярыма, на ноч гледзячы, моўчкі вярнуўся на ранейшае месца і сядзеў сабе ціхенька. Навошта мне рызыкаваць сваім начлегам і бутэрбродамі, улазячы ў сямейныя сваркі? Няма чаго высільвацца дзеля гэтага ўжо ледзьве жывога старога. I я адчуў, што зрабіўся цвёрды як крэмень.
Дзяўчаткі ж працягвалі даймаць дзеда. Іх забаўляла, што ён не можа варухнуць галавою, і яны совалі яму саломіны ў вочы, у ноздры. Ён глядзеў на іх з нянавісцю, але не здольны быў ані вымавіць слова, ані паварушыць рукою. Раптам ён падняўся ўсім сваім тулавам і плюнуў адной дзяўчынцы проста ў твар; потым прыўзняўся яшчэ і плюнуў у іншую, але не трапіў. Я бачыў, як гаспадар кінуў карты і падскочыў да ложка. Ён увесь пачырванеў і крыкнуў:
— Як ты смееш пляваць малым у вочы, старая свіння!
— Але ж яны ж не давалі яму спакою! — усклікнуў я, страціўшы цярпенне.
Толькі ж я ўвесь час баяўся, як бы мяне не выгналі, і крыкнуў не тое каб надта абурана; я адно дрыжаў усім сваім целам.
Гаспадар павярнуўся да мяне.
— He, ну вы паслухайце яго! Чаго вы лезеце не ў свае справы, чорт вас пабірай? Заткніцеся, чуеце? To вам лепей будзе...
Але тут узняла голас гаспадыня, і па ўсім доме разнеслася лаянка.
— Ды вы ўсе, мабыць, пашалелі! — крычала яна. — Сядзіце абодва ціха, а не тое выкіну вон, зразумела? Ха, мала таго, што я прыгрэла гэтую гадзіну і карміла яе, дык на табе, яшчэ трывацьмеш у доме гарлапанства, нахабства і Суд Божы! Я гэтага не пацярплю, чуеце? Ціха! Змоўкніце, дрэні, ды вытрыце насы, а то я сама за вас вазьмуся. Ці чуў хто гэткае?! Завальваюцца проста з вуліцы, без адзінага эрэ ў кішэні, нават шмаравідла ад вошай купіць няма на што, ды падымаюць галас сярод ночы, улазяць у сваркі. Я гэтага не дапушчу, і няхай чужыя вымятаюцца вон. Каб у хаце было ціха, уцямілі вы ці не!
Я нічога не адказаў, нават рота не раскрыў: толькі зноўку сеў каля дзвярэй і слухаў лямант. Крычалі ўсе, нават дзеці і пакаёўка, якая абавязкова хацела ўсім растлумачыць, з чаго пачалася сварка. Калі б я маўчаў, то ўсё б адразу і скончылася, мне б толькі было варта прытрымаць свой язык, і тады б не дайшло да скрайнасцяў. А хіба я не прытрымліваў свой язык? На дварэ хіба не была зіма і хіба не насоўвалася ноч? Ці мог я стукнуць кулаком па стале і пастаяць за сябе? He ўжо, без глупства! Тамуя сядзеў ціха і, хоць мне ўжо амаль адмовілі ў прытулку, усё адно не пайшоў ад тых гаспадароў. Я не зводзіў вачэй са сцяны, дзе вісеў алейны абраз з выяваю Збаўцы, і ўпарта адмоўчваўся, нягледзячы на ўсе выпады гаспадыні.
— Калі вам заўгодна пазбавіцца ад мяне, шаноўная спадарыня, то няма нічога прасцейшага, — сказаў адзін з гульцоў.
Ён устаў. Другі гулец устаў таксама.
— Ды не, размова ж не пра цябе. I не пра цябе, — запэўніла іх гаспадыня. — Ужо калі на тое пайшло, я магу сказаць, пра каго размова. Калі на тое пайшло. Вось жа! Тады будзе ясна, каго гэта датычыць...
Яна гаварыла, робячы выразныя паўзы паміж словамі, наносіла мне ўдары з кароткімі пярэрвамі і знарок марудзіла,
даючы мне зразумець, што яна мае на ўвазе мяне. «Спакойна! — сказаў я сам сабе. — Толькі спакойна!» Яна не выганяла мяне, не казала гэтага адкрыта, адназначнымі словамі. Каб жа мне толькі не выказаць фанабэрыстасці: трэба адмовіцца ад ганарлівасці, цяпер не час на гэта! Будзь пільны!.. А ўХрыста на алейным абразе такія дзіўныя зялёныя валасы... Яны вельмі падобныя да зялёнай травіцы або, выказваючыся з вытанчанай дакладнасцю, да густой травы на поплаве. Да чаго ж тонка я гэта вызначыў — менавіта да густой травы на поплаве... I адразу ў галаве ў мяне адна думка пацягнула за сабою іншую: зялёная трава прымушае мяне згадваць тыя месцы ў Святым Пісьме, дзе сказана, што дні чалавека — як трава, якая мае быць падпаленая; потым я пачынаю думаць пра Судны дзень, калі ўсё загіне ў полымі; тут у мяне мільгае думка пра землятрус у Лісабоне; а вось я бачу перад сабою масянжовую іспанскую плявальніцу і пісьмовы прыбор з чорнага дрэва, які быў у Юлаялі. Ах, усё на свеце — марнасць! Як тая зялёная трава, што пайшла з дымам! Усё скончыцца адным — труною з чатырох дошак і пахавальным саянам ад панны Андэрсэн, той, што праваруч ад брамы...