Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Усё гэта прамільгнула ў мяне ў галаве ў тое роспачнае імгненне, калі гаспадыня збіралася выставіць мяне за дзверы.
— Ён нават не слухае! — крыкнула яна. — Кажу вам, пакіньце мой дом, зразумела? Пакарай мяне Бог, ды гэты чалавек звар’яцеў! Вымятайцеся на ўсе чатыры бакі, проста зараз!
Я зірнуў на дзверы, але не дзеля таго, каб сысці, зусім не дзеля таго, каб сысці; у галаву мне прыйшла нахабная думка: калі б у дзвярах быў ключ, я павярнуў бы яго, зачыніўся б тут разам з усімі, толькі каб застацца. Думка пра тое, што цяпер я зноў апынуся на вуліцы, прыводзіла мяне ў жах. Але ў дзвярах не было ключа, і я ўстаў; спадзявацца не было на што.
I раптам скрозь крык гаспадыні чуецца голас яе мужа. Я спыняюся ў здзіўленні. Чалавек, які толькі што мне пагражаў, цяпер нечакана прымае мой бок. Ён кажа:
— He ведаеш хіба, што нельга выганяць людзей з дома ў начную пару? Гэта караецца законам.
Я не быў упэўнены, ці напраўду гэта караецца законам: наўрад ці так магло быць — хоць, вядома, усё магчыма, —
але гаспадыня адразу апамяталася, прыціхла і пакінула мяне ў спакоі. Яна нават прапанавала мне на вячэру два бутэрброды, але я іх не ўзяў, — з чыстае ўдзячнасці да яе мужа я не ўзяў іх, патлумачыўшы, што ўжо раней пад’еў у горадзе.
Калі я нарэшце пайшоў у пярэдні пакой і стаў класціся, гаспадыня рушыла ўслед за мною, спынілася на парозе і, засцячы святло сваім вялізным цяжарным жыватом, гучна прамовіла:
— Але вы начуеце тут апошні раз, так і ведайце.
— Ну што ж!.. — адказаў я.
Заўтра ў мяне, мабыць, атрымаецца знайсці начлег, калі я добра паруплюся. Дзе-небудзь ды знойдзецца якое жытло. А пакуль што я радаваўся, што не застаўся без прытулку на сённяшнюю ноч.
* * *
Прачнуўся я а пятай ці шостай гадзіне раніцы. Яшчэ не развіднела, але ўсё роўна я адразу ж устаў; холад змушаў мяне спаць у вопратцы, і мне не трэба было апранацца. Выпіўшы вады, я ціхенька адчыніў дзверы і незаўважна выйшаў, каб пазбегнуць сустрэчы з гаспадыняю.
На дварэ не было нікога, толькі паліцыянт, які дзяжурыў на вуліцы ўсю ноч; неўзабаве з’явіліся два ліхтарнікі і пачалі тушыць газавыя ліхтары. Я блукаў без мэты, выйшаў на Кіркегатэн і пайшоў да фартэцыі. Хацелася спаць і есці; я змёрз і праз нейкі час, прысеўшы на лаўку, задрамаў. Тры тыдні я харчаваўся бутэрбродамі, якія гаспадыня давала мне раніцай і ўвечары; цяпер вось спіна і ногі ў мяне нылі ад доўгай хады; якраз прайшло ўжо 24 гадзіны, як я нічога не еў: голад ізноў даймаў мяне, і трэба было як мага хутчэй шукаць якога-небудзь выйсця. 3 гэтай думкаю я зноў задрамаў, седзячы на лаўцы...
Мяне абудзілі нечыя галасы, я агледзеўся і ўбачыў, што ўжо зусім развіднелася і горад прачнуўся. Я ўстаў і пайшоў прэч. Над пагоркамі ўзыходзіла сонца, неба набыло пяшчотнае светлае адценне, пагодлівая раніца пасля некалькіх пахмурных тыдняў несла мне радасць: я забыўся на свае нягоды, і цяпер мне здавалася, што шмат разоў са мною бывала куды як горш. Я стукнуў сябе ў грудзі і ціхенька заспяваў песеньку.
Мой голас гучаў так сумна, так слаба, што гэта кранула мяне да слёз. Акрамя таго, цудоўны дзень, светлае, яснае неба дзейнічалі на мяне занадта моцна, і я ледзьве не зарыдаў.
— Што з вамі? — спытаў нейкі прахожы.
Я паспяшаўся прэч, ужо не адказваючы, затуліўшы твар рукамі.
Я прыйшоў на прыстань. 3 вялікай баркі пад расійскім сцягам выгружалі вугаль; я пачаў па літарах разбіраць назву: «Капэгара». Нейкі час я забаўляўся тым, што назіраў за гэтым замежным суднам. Відавочна, яно было ўжо амаль разгружанае, і, нягледзячы на баласт, рыса ватэрлініі на борце стаяла ўжо на дзевяць футаў над вадою; і калі цяжкія боты грузчыкаў грукаталі па палубе, карабель адгукаўся глухім і працяглым гулам.
Сонца, святло, салёны подых мора, вясёлы рух навокал зноў моцна ўзбадзёрылі мяне і змусілі віраваць кроў у маіх жылах. Раптам мне прыйшло ў галаву, што я, мабыць, мог бы акурат тут скласці некалькі сцэн для сваёй п’есы. I я выцягнуў паперкі з кішэні.
Я пачаў прыдумляць словы, якія хацеў укласці ў вусны манаха, — словы, якія б палыхалі лютай нецярпімасцю, — але мне гэта не ўдавалася. Тады я пакінуў манаха і пачаў складаць прамову, з якой суддзя звяртаецца да ганьбавальніцы святыні, напісаў паўстаронкі і кінуў. Сапраўдны дух ніяк не выліваўся ў словы. Людзі вакол мяне працавалі, чуліся прыпевы, грукаталі лябёдкі, безупынна ляскалі ланцугі, і ўсё гэта ніяк не адпавядала змрочнай, прапахлай тлом атмасферы сярэднявечча, якая панавала ў маёй п’есе. Згарнуўшы аркушы, я ўстаў.
Але ўсё ж такі мне ўдалося зрушыцца з мёртвай кропкі, і я быў цалкам упэўнены, што, калі нічога не здарыцца, справа пойдзе на лад. Толькі каб недзе знайсці які прытулак! На гэтай думцы я спыніўся пасярод вуліцы, але не здолеў прыпомніць ніводнага спакойнага месца ва ўсім горадзе, дзе мне можна было б уладкавацца хоць на нейкі час. He было іншага выйсця, акрамя як вярнуцца ў «Пансіянат для прыезджых». Ад аднае гэтае думкі мяне перасмыкала; я паўтараў сабе, што так не выпадае рабіць, але сунуўся далей і далей, туды, куды шлях мне быў забаронены. Вядома, гэта было ганебна, прызнаваўся я сабе, гэта зневажальна; але нішто не дзейнічала. Праўда, я чалавек
не ганарысты, я павінен спакойна канстатаваць, што на свеце няма істоты, пакорлівейшай ад мяне. I я пайшоў далей.
Каля дзвярэй я спыніўся і яшчэ раз усё ўзважыў. Хай будзе, што будзе. Па-першае, мне патрэбен прытулак толькі на некалькі гадзін, а па-другое, хай мяне Бог пакарае, калі я яшчэ калі-небудзь пераступлю парог гэтага дома. Я зайшоў у двор. Ідучы па няроўным бруку, я ўсё яшчэ вагаўся і ледзьве не завярнуў назад ужо ад самых дзвярэй. Я сцяў зубы. Не-не, ніякай недарэчнай ганарлівасці! У найгоршым выпадкуя папрашу прабачэння, скажу, што прыйшоў развітацца, як таго патрабуе ветлівасць, і дамовіцца, калі я аддам тое, што завінаваціўся за кватэру. Я адчыніў дзверы ў пярэдні пакой.
Увайшоўшы, я застыў на месцы. Проста перада мною, за два крокі, стаяў сам гаспадар, без шапкі і без курткі, і падглядаў у замочную шчыліну за тым, што адбывалася ў пакоі. Ён зрабіў мне знак рукою, каб я стаяў ціха, і зноў пачаў зазіраць у замочную шчыліну. Пры гэтым ён смяяўся.
— Хадзіце сюды! — сказаў ён шэптам.
Я падышоў на дыбачках.
— Глядзіце! — сказаў ён, дрыжучы ад маўклівага смеху. — Зазірніце вунь туды! Хі-хі! Бачыце, ляжаць! Зірніце на старога! Вам відаць старога?
У пакоі, на ложку, акурат насупраць мяне, пад алейным абразом, які паказваў Хрыста, я ўбачыў дваіх — гаспадыню і прыезджага кандыдата ў штурманы; на цёмнай коўдры бялелі іх ногі. А на ложку каля другой сцяны сядзеў яе бацька, разбіты паралюшам, і глядзеў, абапіраючыся на рукі, скурчыўшыся, як заўсёды, не ў змозе паварушыцца...
Я павярнуўся да гаспадара. Ён з цяжкасцю стрымліваўся, каб не зарагатаць. Двума пальцамі ён заціскаў сабе нос.
— Ці бачылі вы старога? — шапнуў ён. — О Божа, вы бачылі яго? Сядзіць і глядзіць на іх! — I ён зноў нагнуўся да замочнай шчыліны.
Я адышоў да акна і сеў. Гэта жорсткае відовішча бязлітасна пераблытала ўсе мае думкі і знішчыла ўвесь мой добры настрой. Што мне да таго? Калі ўжо сам муж мірыцца і нават цешыцца з гэтага, то ў мяне няма аніякай падставы абурацца. Што ж да дзеда, то ён жа быў стары. Ён, мабыць, бачыў гэта
ўжо не раз; магчыма, ён папросту спаў седзячы або нават ужо памёр, Бог яго ведае. Я нават зусім не здзівіўся б, калі б даведаўся, што ён мёртвы. I маё сумленне змірылася.
Я зноў дастаў рукапіс і паспрабаваў адагнаць усё пабочнае. Фраза ў прамове суддзі была абарваная на сярэдзіне: «Так наказваюць мне Бог і закон, так настаўляе мяне рада мудрых мужоў, так загадвае мне маё сумленне...» Я глядзеў у акно, прыдумляючы, што ж такое можа дазволіць яму сумленне. 3 пакоя пачуўся нягучны шум. Ну, гэта мяне не датычыла, нізвання не датычыла; а стары, магчыма, памёр, ён памёр сёння а чацвёртай раніцы; значыцца, мне ўсё адно, што там за шум. Але навошта ж я, чорт пабірай, думаю пра гэта? Спакойна, ша!
«Маё сумленне наказвае мне, каб...»
Але ўсё нібыта было ў змове супраць мяне. Гаспадар, падглядаючы ў замочную шчыліну, не мог стрымацца: час ад часу я чуў яго здушаны смех і бачыў, як ён увесь трасецца; і яшчэ мяне адцягвала тое, што адбывалася на вуліцы. На іншым яе баку гуляе на сонцы маленькі хлопчык; спакойна і бесклапотна ён нешта майструе, скручваючы дзве палоскі паперы. I раптам ён ускоквае, пачынае лаяцца. Ён адступае на сярэдзіну вуліцы і глядзіць на чалавека з рудой барадою, які высунуўся з акна другога паверха і проста плюнуў яму на галаву. Малое плача ад злосці і бездапаможна лаецца, а рудабароды рагоча ў акне: так праходзіць хвілін пяць. Я адварочваюся, каб не бачыць хлапечых слёз.
«Маё сумленне наказвае мне, каб...»
Я ніяк не мог скрануцца з месца. Урэшце ўсё пачало блытацца і мільгацець у мяне перад вачыма; мне здавалася, што усё, напісанае мной перад тым, нічога не вартае, што ўся мая задума — суцэльнае глупства. Нельга казаць пра сумленне ў сярэднія вякі, сумленне ўпершыню вынайшаў настаўнік танцаў Шэкспір — гэткім чынам, уся прамова суддзі няслушная. Значыцца, мае паперкі можна выкінуць? Я зноў прабегся па іх вачыма, і мае сумневы адразу ж развеяліся; я знайшоў цудоўныя месцы, прыстойныя кавалкі выключна добрай якасці. I ў маіх грудзях яшчэ раз уздымаецца хваля захапляльнага жадання зноўку ўзяцца за працу ды скончыць п’есу.
Я ўстаў і пайшоў да дзвярэй, не зважаючы на раз’юшаныя жэсты гаспадара. Перапоўнены непахіснай рашучасцю,
я выйшаў з пярэдняга пакоя, падняўся сходамі на другі паверх і ўвайшоў у свой ранейшы пакой. Бо матроса там не было — хто ж мог перашкодзіць мне трохі пабыць тут? Я не дакрануся да яго рэчаў, не скарыстаюся нават сталом, а проста пасяджу на крэсле каля дзвярэй, мне і гэтага досыць. Я хутка раскладаю паперы ў сябе на каленях.
Некалькі хвілін усё ідзе гладка. У маёй галаве адна за адною ўзнікаюць дасканалыя гатовыя фразы, і я пішу не адрываючыся. Я спісваю адну старонку за другою, імкліва рухаюся наперад, часам ціхенька ўскрыкваю, захапляючыся сваім настроем, і амаль цалкам забываюся. Я чую ў гэтыя імгненні толькі ўласныя радасныя воклічы. I вось мне прыходзіць у галаву цудоўная ідэя пра царкоўны звон, які павінен прагучаць у пэўным месцы маёй п’есы. Усё ішло як найлепей.