Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Раптам я чую крокі на сходах. Я пачынаю дрыжаць і ледзь стрымліваюся, я сяджу як на іголках, гатовы да ўсяго; мяне ўсё палохае; мае нервы напружаныя ад голаду; я ўсхвалявана прыслухоўваюся, заціснуўшы ў руцэ аловак, і не магу больш напісаць ні слова. Дзверы адчыняюцца; уваходзяць двое, якіх я нядаўна бачыў унізе ў замочную шчыліну.
He паспяваю я папрасіць прабачэння за сваё ўварванне, як гаспадыня крычыць, здзіўленая, як з неба зваліўшыся:
— О, Божа ты мой, ды ён зноў тут!
— Прабачце! — кажу я і хачу сёе-тое дадаць да гэтага, але мне не даюць працягваць.
Гаспадыня разнасцежвае дзверы і крычыць:
— Ідзіце прэч, не тое, Бог бачыць, я выклічу паліцыю!
Я ўстаў.
— Але ж я хацеў толькі развітацца з вамі, — мармычу я. — I мне давялося пачакаць. Я нічога не крануў, я проста пасядзеў тут на крэсле...
— Гэта не бяда, — кажа штурман. — Якога д’ябла? Пакіньце яго ў спакоі!
Калі я пайшоў сходамі ўніз, мною раптам авалодала шалёная нянавісць да тоўстай, распухлай жанчыны, што пераследавала мяне, спяшаючыся як найхутчэй прагнаць; я на хвілю застыў у нерухомасці; на языку ў мяне круціліся самыя жудасныя словы лаянкі, якія я гатовы быў выказаць ёй проста ў твар.
Але я своечасова схамянуўся і прамаўчаў, прамаўчаў з простай удзячнасці да незнаёмага чалавека, які ішоў за ёю і мог пачуць гэта. Гаспадыня насядала на мяне ззаду і няспынна лаялася, праз што лютасць мая нарастала з кожным крокам.
Мы выйшлі на двор, я ішоў павольна, усё яшчэ вагаючыся, ці варта ўступаць у разборкі з гаспадыняю. Шаленства душыла мяне, самыя крыважэрныя думкі лезлі ў галаву, я гатовы быў забіць яе на месцы, садануць нагою ў жывот. У браме я сутыкаюся з пасыльным, ён кланяецца мне, але я не адказваю; ён звяртаецца да гаспадыні, і я чую, што ён пытаецца пра мяне; але я не азіраюся.
Ледзь я выходжу за браму, як пасыльны даганяе мяне, зноў кланяецца і просіць пачакаць. Ён перадае мне ліст. Я рэзкімі рухамі разрываю канверт, і адтуль выпадае купюра ў дзесяць крон, але ліста ніякага там няма.
Я гляджу на пасыльнага і пытаюся:
— Што гэта за жарты? Ад каго ліст?
— Далібог, не ведаю, — адказвае ён. — Нейкая дама загадала занесці гэта вам.
Я аслупянеў. Пасыльны сыходзіць сваёй дарогаю. Тады я кладу паперку назад у канверт, перагінаю яго, паварочваю назад, падыходжу да гаспадыні, якая ўсё яшчэ глядзіць на мяне з дзвярэй, і шпурляю канверт ёй у твар. Я нічога не кажу, не выдаю ні гуку, толькі, павярнуўшыся цераз плячо, бачу, як яна разгортвае скамечаную паперку...
Вось гэта—годныя паводзіны! Ніякіх размоў, ні слова да гэтай дрэні; вось так — спакойна скамечыць буйную купюру і шпурнуць у твар сваім пераследнікам. Вось гэта называецца паводзіць сябе з годнасцю! Тактрэба абыходзіцца з гэтым быдлам!..
Калі я выйшаў на рог Вакзальнай плошчы і Томтэгатэн, вуліца раптам закруцілася перад маімі вачыма, у галаве ў мяне загуло, і я, ледзьве не зваліўшыся, прыхінуўся да сцяны. Я ніяк не мог ісці далей, не мог нават выпрастацца і заставаўся скурчаным; як я прываліўся да сцяны, так і застаўся, адчуваючы, што пачынаю траціць прытомнасць. Гэтая нямогласць толькі ўзмацняла маю вар’яцкую раз’юшанасць, і я тупаў нагамі. Чаго я толькі не рабіў, каб неяк ачомацца, — сціскаў зубы, моршчыў лоб, лыпаў вачыма — і гэта ўрэшце быццам дапамагло.
Mae думкі праясніліся: я зразумеў, што вось-вось магу спруцянець. Я адштурхнуўся рукамі ад сцяны; вуліца па-ранейшаму скакала вакол мяне. Я пачаў рыдаць ад шаленства; з усяе сілы я змагаўся з гэтай пошасцю, адважна трымаючыся на нагах: я не хацеў падаць, я хацеў сканаць стоячы. Побач праязджае фурманка. Я бачу, што ў павозцы вязуць бульбу, але ў шаленстве, праз сваю ўпартасць, я ўбіваю сабе ў галаву, што гэта не бульба, а качаны капусты, і я з лютасцю клянуся, што гэта — капуста. Я выдатна чуў свой уласны голас і свядома працягваў бажыцца, запэўніваючы, што гэтая недарэчнасць — шчырая праўда; я рабіў гэта дзеля недарэчнага задавальнення ад фальшывай прысягі. Ап’янелы ад гэтай жахлівай хлусні, я ўзняў угору тры пальцы і дрыготкімі вуснамі прысягнуў у імя Айца, і Сына, і Духа Святога, што там была капуста.
Час ішоў. Я ўзваліўся на бліжэйшую прыступку, выцер пот з ілба і шыі, глыбока ўздыхнуў, каб супакоіцца. Сонца зайшло, дзень хіліўся да вечара. Я зноў пачаў разважаць пра сваё становішча; голад неміласэрна мучыў мяне, а праз некалькі гадзін зноў надыдзе ноч; трэба прыдумаць што-небудзь, покуль яшчэ ёсць час. Думка мая зноў скіравалася да мэбляваных пакояў, адкуль мяне выгналі; я зусім не хацеў вяртацца туды, але ўсё ж не мог адагнаць гэтую думку. Па сутнасці, гаспадыня зрабіла абсалютна слушна, калі выкінула мяне з дома. Як я мог чакаць, што мне дадуць прытулак, калі я не плаціў грошай? А да таго ж, мяне яшчэ і кармілі: нават учора ўвечары, калі гаспадыня на мяне раззлавалася, яна прапанавала мне два бутэрброды, прапанавала ад сваёй ласкі, ведаючы, што я маю патрэбу ў іх. Так што мне не было чаго наракаць; седзячы на прыступках, я пачаў пакорліва маліць яе дараваць мне мае паводзіны. Асабліва горка я раскайваўся ў тым, што паказаў сваю няўдзячнасць і шпурнуў грошы ёй проста ў твар...
Дзесяць крон! Ад нечаканасці я нават свіснуў. Ад каго ж, аднак, быў той ліст, што прынёс мне пасыльны? Толькі ў гэтую хвілю я ўцямна задумаўся пра гэта і адразу здагадаўся, адкуль былі тыя грошы. Я скурчыўся ад смутку і сораму, хрыпла прашаптаў некалькі разоў «Юлаялі» і патрос галавою. Ці ж гэта не я сам не раней як учора ўвечары вырашыў, напаткаўшы яе, ганарліва прайсці міма і выказаць ёй сваю глыбокую абыякавасць?
А замест гэтага я толькі ўзбудзіў у ёй жаль і вымантачыў у яе падачку. He, не, не, маё прыніжэнне проста бязмежнае! Нават у яе вачах я не здолеў застацца прыстойным чалавекам; я ўлез па калена, па пояс, улез у ганьбу і больш ужо не ў змозе быў выбрацца, не, ніколі! Гэта мяжа! Прыняць дзесяць крон, нібы міласціну, і не мець магчымасці шпурнуць іх назад таямнічамудабрадзею; учапіцца ў грошы абедзвюма рукамі і не вярнуць — заплаціць імі зажытло, нягледзячы на глыбокую ўнутраную агіду!..
Ці не можна як-небудзь атрымаць гэтыя дзесяць крон назад? Пайсці да гаспадыні і запатрабаваць вярнуць грошы, відаць што, не выпадала; трэба знайсці іншае выйсце, трэба толькі падумаць, трэба толькі зрабіць над сабой надзвычайныя высілкі. Бог сведка, тут мала проста падумаць пра тое, як здабыць гэтыя дзесяць крон: тут трэба падумаць, напружыўшыся ўсёй сваёй істотай. I я пачаў рабіць такія высілкі, каб нешта надумаць.
Была недзе чацвёртая: гадзіны праз дзве я мог бы, магчыма, пайсці да дырэктара тэатра, калі б мая п’еса была гатовая. Я выцягваю рукапіс і прымушаю сябе пісаць тыя колькі апошніх сцэн; я думаю, пацею, перачытваю ўсё ад самага пачатку, але не пасоўваюся наперад. «Досыць рабіць глупствы, — кажу я сам сабе. — Перастань упарціцца!» I я пачынаю пісаць, пісаць: занатоўваю ўсё, што прыходзіць у галаву, абы хутчэй скончыць і адкараскацца ад гэтай справы. Я спрабую пераканаць сябе, што мяне зноў апанавала натхненне, я маню, груба ашукваю сябе і пішу далей, быццам мне зусім не трэба падбіраць словы. «Цудоўна! Бліскучая знаходка! — раз-пораз шапчу я. — Толькі запісаць, запісаць!»
Урэшце, аднак, апошнія фразы пачалі здавацца мне падазронымі; яны гэтак рэзка адрозніваліся ад рэплік першых сцэн; акрамя таго, словы гэтага манаха мала стасаваліся з сярэднявеччам. Я перагрызаю свой аловак, падскокваю з месца, пачынаю рваць рукапіс; раздзіраю на шматкі кожны аркуш, кідаю капялюш на зямлю і тапчу яго. «Я загінуў! — шапчу я сам сабе. — Шаноўныя спадарыні і спадары, я загінуў!» Акрамя гэтых слоў, я нічога не магу вымавіць і адно працягваю таптаць свой капялюш.
За некалькі крокаў ад мяне стаіць паліцыянт і назірае за мною; ён стаіць пасярод вуліцы, не спускаючы з мяне вачэй.
Калі я падымаю галаву, нашы вочы сустракаюцца; магчыма, ён ужо даўно так стаіць і пільна глядзіць на мяне. Я падбіраю свой капялюш, надзяваю яго і падыходжу да паліцыянта.
— Вы не ведаеце, колькі часу? — пытаюся я.
Счакаўшы трохі, ён дастае гадзіннік і пры гэтым усё глядзіць на мяне.
— Роўна чатыры, — адказвае ён.
— Праўда! — кажуя. — Менавіта чатыры, абсалютна слушна! Бачу, вы сваю справу ведаеце, і я пра вас не забуду.
I я пайшоў. Ён аслупянеў ад здзіўлення і, разявіўшы рот, глядзеў мне ўслед, усё яшчэ трымаючы гадзіннік у руцэ. Падышоўшы да «Рояля», я павярнуўся і паглядзеў назад: ён усё яшчэ стаяў на месцы, уталопіўшыся ў мяне.
Ха-ха, вось гэтак і трэба абыходзіцца з быдлам! Без усялякага сумневу! Гэта выклікае ў быдла павагу, змушае яго трапятаць... Я быў вельмі задаволены сабою і зноў пачаў напяваць пад нос. У моцным хваляванні, зусім забыўшыся пра боль, не маючы нават ніякіх непрыемных адчуванняў, перапоўнены дзіўнай лёгкасцю, я прайшоў цераз усю плошчу, павярнуў каля рынку да царквы Збаўцы і сеў на лаўку.
Зрэшты, ці не ўсё роўна, вярну я гэтыя дзесяць крон або не вярну! Калі ўжо іх мне даслалі, значыцца, яны мае, і той, ад каго прыйшлі гэтыя грошы, відавочна, не цярпіць ад бядоты. Іх хацелі перадаць менавіта мне, і таму мне давялося іх узяць; не пакідаць жа было іх пасыльнаму. I глупствам было б цяпер адаслаць назад дзесяць крон іншай купюраю — зусім не тою, што я атрымаў. А калі так, дык тут ужо нічога не зробіш.
Я паспрабаваў засяродзіць усю сваю ўвагу на шматлюднай, ажыўленай плошчы і думаць пра абыякавыя мне рэчы, але гэта ў мяне кепска атрымлівалася: тыя дзесяць крон ніяк не выходзілі з галавы. Урэшце я раззлаваўся і моцна сціснуў кулакі. «Калі б я адаслаў грошы назад, гэта абразіла б яе, — сказаў я сам сабе. — Дык у чым жа справа?» Я заўсёды быў вельмі пераборлівым, адмаўляўся ад падачак, толькі напышліва круціў галавою і казаў: «Не ўжо, дзякую пакорліва». I вось да чаго гэта прывяло: я зноў апынуўся на вуліцы. Я не застаўся ў сваім цёплым, утульным жытле, хоць меў для гэтага найлепшую магчымасць; ува мне сядзела ўпартасць — пры першым жа
слове, якое мне не спадабалася, я раз’юшыўся, нікому не даў літасці; я параскідаў паперкі па дзесяць крон направа і налева, а потым пайшоў за вачыма... Я пачаў сябе дакараць за тое, што пакінуў сваё жытло і вось зноўку трапіў у цяжкое становішча.