Голад
Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
Юханэс сказаў:
— Бачу, што вы ўсім задаволеныя.
— Большага і не жадаю. Слухайце, адчувайце і глядзіце! Хіба штормы суровых турбот зламалі мяне? Я адзеты, абуты, мне ёсць дзе прытуліць голаў, у мяне жонка, дзеці, дакладней, адзін, пасынак. А што да маёй паэзіі, то я вам так скажу. О мой дарагі калега, я старэйшы за вас і, мусіць, крыху больш шчодра адораны прыродай. Mae вершы ляжаць у стале. Яны будуць выдадзеныя пасля маёй смерці. Значыць, яны вам аніякай асалоды не прыносяць, запярэчыце вы. I зноў памыляецеся, пакуль я цешу імі сваіх сямейнікаў. Увечары, калі запальваецца лямпа, я адчыняю свой стол, дастаю вершы і ўголас чытаю жонцы і пасынку. Жонцы сорак гадоў, пасынку дванаццаць, абое ў захапленні. Можа, вы калі-небудзь да нас у госці прыйдзеце, вас пачастуюць вячэрай і грогам. Запрашаем. Хай Бог вас бароніць.
Ён падаў Юханэсу руку і раптам спытаў:
— Вы чулі, што здарылася з Вікторыяй?
— 3 Вікторыяй? He. Хоць, пачакайце, нядаўна чуў...
— Вы не бачылі, як яна марнее, як у яе пад вачыма робіцца зусім чорна?
— Я бачыў яе мінулай вясной, калі ездзіў дадому. Яна да гэтай пары хварэе?
Гувернант адказаў ненатуральна жорстка і тупнуў нагой:
— Так.
— Мне толькі што расказвалі... А так я не бачыў, як яна марнее, я з ёю не сустракаўся. А яна дужа хворая?
— Дужа. Як бы вам так сказаць, яна памерла.
Ашаломлены Юханэс перавёў позірк з гувернёра на браму, нібыта вагаючыся, ці то ісці адсюль, ці то яшчэ пастаяць, зноў паглядзеў на гувернёра, на яго доўгі фрак, капялюш; усміхнуўся разгублена і горка, нібы пакутнік.
Стары гувернёр са злосцю працягваў:
— Вось вам яшчэ адзін прыклад; што вы скажаце? I яна не выйшла замуж за таго, за каго хацела, за свайго каханага, абранага яшчэ з малалецтва, маладога прыгожага лейтэнанта. Ідзе ён аднойчы ўвечары на паляванне, куля трапляе яму проста ў лоб, і галава разлятаецца на кавалкі. Так і памёр, ахвяра зменлівага лёсу, пасланага яму Богам. Вікторыя, яго нявеста, праз тое захварэла, яе грыз чарвяк, тачыў ёй сэрца, ператвараючы яго ў рэшата; мы, яе сябры, бачылі гэта. А некалькі дзён таму яна паехала да Сэераў; яна мне, дарэчы, казала, што вы таксама меліся прыйсці, але не прыйіплі. Дык вось, на той вечарыне яна танцуе, нягледзячы на свае пакуты, успаміны пра каханага захлынаюць яе і прыбаўляюць ёй сіл, яна танцуе, танцуе цэлы вечар, нібы апантаная. Пасля падае, падлогу ля яе залівае крывёю; яе падымаюць, выносяць, вязуць дадому. I неўзабаве яна памерла.
Гувернёр усутыч падыходзіць да Юханэса і жорстка гаворыць:
— Вікторыя памерла.
Нібы сляпы, Юханэс пачынае вадзіць перад сабою рукамі.
— Памерла? Калі яна памерла? Няўжо праўда, няўжо Вікторыя памерла?
— Памерла, — адказвае гувернёр. — Памерла сёння ўранку, як толькі развіднела. — Ён засунуў руку ў кішэню і выцягнуў тоўсты канверт. А гэты канверт яна даручыла перадаць вам. Вось ён. Пасля маёй смерці, сказала яна. Яна памерла. Я перадаю вам гэты ліст. Мая місія выкананая.
I, не развітваючыся, нічога больш не гаворачы, гувернёр павярнуўся, паволі пайшоў па вуліцы і знік.
Юханэс застаўся стаяць з лістом у руцэ. Вікторыя памерла. Ён раз-пораз уголас называў яе імя нейкім сухім, амаль
надтрэснутым голасам. Ён паглядзеў на ліст і пазнаў почырк; літары то вялікія, то малыя, радкі роўныя, а той, што іх пісала, больш няма!
I ён уваходзіць у браму, падымаецца па лесвіцы, шукае патрэбны ключ, устаўляе яго ў замочную шчыліну і адчыняе дзверы. У пакоі холадна і цёмна. Ён сядае каля акна і ў апошніх промнях сонца чытае ліст ад Вікторыі.
«Любы Юханэс! — пісала яна. — Калі Вы будзеце чытаць гэты ліст, мяне не будзе ў жывых. Мне ўсё бачыцца цяпер такім незвычайным, мне больш перад Вамі не сорамна, і я зноў Вам пішу, быццам аніякага разладу між намі не было. Раней, яшчэ да хваробы, я б лепш мучылася дзень і ноч, чым села Вам пісаць, але цяпер, калі сілы пакідаюць мяне, я пачынаю думаць інакш. Людзі бачылі, што ў мяне пайшла кроў, доктар паслухаў мяне і сказаў, што цэлая ў мяне толькі частка аднаго лёгкага, дык чаго мне цяпер саромецца?
Я ляжу ў ложку і думаю пра апошнія словы, якія Вам сказала. Тым вечарам у лесе. Тады я і не здагадвалася, што гэта будуць мае апошнія словы, інакш я б з Вамі развіталася і падзякавала Вам. Але я ўжо Вас болей не пабачу, таму шкада, што я не кінулася да Вашых ног і не пацалавала іх і зямлю, па якой Вы хадзілі, і не паказала, як бязмежна я Вас кахаю. Цяпер я прыкутая да ложка, але ўчора, як і сёння, адзіным маім жаданнем было мець хоць самую крыху сіл, каб ізноў пабываць дома, і схадзіць у лес, і знайсці тое месца, дзе мы з Вамі некалі сядзелі разам і Вы трымалі мае рукі ў сваіх; я магла б легчы там на дзірван і шукаць рэшткі Вашых слядоў, і цалаваць там кожны верасок. Але я не магу ехаць дадому, прынамсі, пакуль крыху не папраўлюся, мяркуе мама.
Любы Юханэс! Дзіўна ўсведамляць, што я прыйшла на гэты свет адно каб пакахаць Вас і неўзабаве назаўсёды з Вамі развітацца. Паверце, як неверагодна ляжаць цяпер і чакаць свайго дня і гадзіны. Я пакідаю пакрысе жыццё, і людзей на вуліцы, і грукат калясак; вясну мне болей не сустрэць, а гэтыя дамы, і вуліцы, і дрэвы ў парку застануцца пасля мяне. Сёння я здолела падняцца ў ложку і зазірнуць у акно. Унізе, на рагу вуліцы, спаткаліся двое, павіталіся, і ўзяліся за рукі, і смяяліся з таго, што гаварылі; і такім неверагодным здалося мне,
што я, якая ляжыць і глядзіць на гэта, хутка памру. Я падумала яшчэ: а гэтыя двое на рагу вуліцы не ведаюць, што я ляжу і чакаю свайго часу; а калі б і ведалі, усё роўна яны б віталіся і гаварылі адно з адным, як цяпер. Учора ўночы, калі добра сцямнела, я думала, што настаў мой апошні момант, маё сэрца раптам спынілася, і здавалася, што я ўжо чую гукі вечнасці, якія даносяцца да мяне здалёк. Але ў наступнае імгненне я зноў вярнулася назад і зноў пачала дыхаць. Гэтае адчуванне вельмі цяжка перадаць. Але мама гаворыць, што гэта мне ўспамінаюцца гукі ракі і вадаспада, якія былі ў нашых краях.
Вялікі Божа, каб толькі Вы ведалі, як я Вас кахаю, Юханэс. Я ніколі не паказвала Вам сваіх пачуццяў, багата што гэтаму доўгі час замінала, але найперш — мая ўласная натура. Тата быў надзвычай бязлітасны да сябе, а я яго дачка. Але panep, калі я паміраю і нічога ўжо не зменіш, я пішу да Вас, каб расказаць пра гэта. Я сама не разумею, навошта я гэта раблю, бо для Вас ніякага значэння гэта не мае, асабліва калі мяне больш не будзе; але мне хочацца хаця б у думках быць з Вамі побач да апошняга, прынамсі, каб не адчуваць сябе яшчэ болып самотнай, чым раней. Вы чытаеце гэтыя радкі, а я нібы гляджу на Вашы плечы і рукі, і бачу, як Вы перагортваеце старонкі ліста, як трымаеце іх перад вачамі, як чытаеце. I мне здаецца, што мы не так далёка адно ад аднаго. Я не магу паслаць па Вас, таму што не маю на гэта ніякага права. Мама хацела паслаць па Вас яшчэ два дні таму, але я лепш напішу. Мне хочацца таксама, каб Вы памяталі мяне такой, якой я была да таго, як захварэла. Мне помніцца, што Вы... (тут прапушчана некалькі слоў)... мае вочы і бровы; але нават яны не такія, як раней. Таму і з гэтай прычыны я не хачу, каб Вы прыходзілі. I прашу Вас, не глядзіце на мяне ў труне. Я амаль такая самая, хіба крыху бледнаватая, і ляжу ў жоўтай сукенцы; усё ж Вы пашкадуеце, калі прыйдзеце на мяне паглядзець.
Я столькі разоў за сённяшні дзень бралася за гэты ліст, аднак жа не здолела сказаць Вам нават тысячнай долі таго, што хацела. Паміраць так жахліва, я не хачу, я ўсё яшчэ ў душы спадзяюся, што Бог збавіць мяне ад смерці, што я крыху папраўлюся, пражыву хаця б да вясны. Вясною дні даўжэйшыя і на дрэвах лісце. Калі б я паправілася, то ніколі больш
не зняважыла б Вас, Юханэс. Я так наплакалася, думаючы пра гэта! О, я б выйшла на вуліцу і пагладзіла б кожны каменьчык на брукаванцы, і спынялася б, і дзякавала кожнай прыступачцы на лесвіцы, па якой ішла б, і да ўсіх была б добраю. Хай мне будзе нясцерпна цяжка, абы толькі жыць. Я б ніколі ні на што болей не наракала, ніколі, я б усміхалася таму, хто зневажае і б’е мяне, і дзякавала б Богу за адну толькі магчымасць жыць. Маё кволае жыццё толькі пачалося, я яшчэ нікому нічога не зрабіла, а яно ўжо падыходзіць да канца. Калі б Вы толькі зналі, як мне не хочацца паміраць, можа, Вы б нешта зрабілі, зрабілі б усё, што ў Вашых сілах. Безумоўна, Вы нічога зрабіць не ў стане; але я падумала: калі Вы і ўсе людзі памаліліся б за мяне і не адпускалі, то, можа, Бог даў бы мне яшчэ пажыць. О, тады я была б такая ўдзячная, і ніколі нікога болей не зняважыла б, і з усмешкай прымала б усё, што мне паслана, толькі каб мне далі яшчэ пажыць.
Мама сядзіць ля мяне і плача. Яна праседзела і праплакала нада мною цэлую ноч. Ад гэтага мне лягчэй, ад гэтага менее горыч ад расставання. Сёння мне яшчэ вось што падумалася: а што б Вы сказалі, калі б аднойчы пабачылі мяне перад сабою на вуліцы, прыгожа апранутую, калі б я не гаварыла Вам абразлівыя рэчы, а падарыла б Вам ружу, купленую для Вас. Пасля мне адразу ж падумалася, што мне больш ніколі не зрабіць тое, што мне хочацца, бо мне ніколі не ачуняць, пакуль я не памру. Я так часта плачу, ціха ляжу і безупынна, безуцешна плачу; калі не ўсхліпваць, то ў грудзях і не баліць. Юханэс, любы, любы мой сябра, мой самы каханы на зямлі, прыйдзі да мяне і пабудзь крыху са мною, калі я пачну згасаць. Я тады не буду плакаць, я буду ўсміхацца так шчыра, як толькі змагу, ад шчасця, што Вы прыйшлі.
I куды падзеліся мой гонар і мая смеласць? Я болей не дачка свайго бацькі, але сілы пакідаюць мяне. Я доўгі час пакутавала, Юханэс, задоўга да гэтых апошніх дзён. Я пакутавала, калі Вы былі за мяжой, а з той пары, як мінулай вясной я вярнулася ў горад, я пакутавала кожны дзень. Раней я нават не здагадвалася, як бясконца доўга можа цягнуцца ноч. За гэты час я два разы бачыла Вас на вуліцы; першы раз Вы прайшлі паўз мяне, нешта напяваючы, але мяне Вы не бачылі.
Я спадзявалася пабачыць Вас у Сэераў, а Вы не прыйшлі. Я б ні слова Вам не сказала, нават не прайшла б паўз Вас, абы толькі здалёк Вас пабачыць. А Вы не прыйшлі. Мне падумалася, можа, гэта праз мяне Вы не прыйшлі. Аб адзінаццатай я пачала танчыць, бо не здолела больш чакаць. Так, Юханэс, я Вас кахаю, я нікога ў сваім жыцці так не кахала. Гэта піша Вікторыя, а Бог чытае, схіліўшыся над маёй галавой.