• Газеты, часопісы і г.д.
  • Голад  Кнут Гамсун

    Голад

    Кнут Гамсун

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 364с.
    Мінск 2017
    97.03 МБ
    Зіма, і на дварэ холадна, смуга, пыл і вецер. Юханэс зноў у горадзе, у сваім старым пакоі, дзе чутно, як стукае па драўлянай сцяне таполя, і з акна відаць, як узыходзіць сонца. Цяпер сонца не было.
    Яго ўвесь час займала работа, вялікія стосы спісанай паперы множыліся з кожным днём зімы. Гэта былі казкі са свету яго фантазіі, адна бясконцая, асветленая чырвоным сонцам ноч.
    Але дні былі не падобныя адзін да аднаго, добрыя чаргаваліся з благімі, і часам, калі ён з галавою ўлягаў у работу, нейкая думка, нечы погляд, даўно пачутае слова маглі растрывожаць яго і ўміг заглушыць настрой. Тады ён уставаў і пачынаў хадзіць туды-сюды па пакоі, ад адной сцяны да другой; здаралася такое часта, на падлозе працерлася белаватая дарожка і з кожным днём рабілася ўсё бялейшай...
    Сёння, калі я не ў стане ні працаваць, ні думаць, ні знайсці супакаенне ад успамінаў, я пачынаю запісваць тое, што перажыў неяк уночы. Дарагі чытач, у мяне сёння неверагодна благі дзень. На дварэ ідзе снег, на вуліцы амаль нікога, усё панура, і на душы пуста. Я хадзіў па вуліцы, а цяпер гадзінамі хаджу па пакоі, намагаючыся хоць неяк уціхамірыцца; але ўжо вечарэе, а мне ніяк не палепшала. Мне варта было б палымнець, а я халодны і бледны, нібы затухлы дзень. Дарагі чытач, у гэтым стане я пастараюся напісаць пра светлую і цікавую ноч. Можа, праца суцешыць мяне, і праз некалькі гадзін я зноў павесялею...
    У дзверы стукаюць, і ўваходзіць Каміла Сэер, яго маладая нявеста, з якою ёй патаемна заручаны. Ён адкладае пяро ўбок і ўстае ёй насустрач. Яны ўсміхаюцца адно аднаму і вітаюцца.
    — Ты не пытаешся пра баль? — адразу пачынае яна і ўладкоўваецца ў крэсле. —Я танцавала кожны танец. Разыходзіцца пачалі толькі а трэцяй. Я танцавала з Рычмандам.
    — Дзякую, што ты прыйшла, Каміла. Я быў засумаваў, а ты такая радасная — мне і лягчэй. А цяпер раскажы, што за ўбранне было на табе на балі?
    — Канечне, чырвонае. О Божа, ужо і не прыпомню, але ж я і нагаварылася, і насмяялася. Было так цудоўна. Так, я была ў чырвонай сукенцы, без рукавоў, зусім без рукавоў. Рычманд служыць у дыпламатычнай місіі ў Лондане.
    — Вось як.
    — Яго бацькі ангельцы, але ён нарадзіўся тут. Што здарылася з тваімі вачамі? Яны такія чырвоныя. Ты плакаў?
    — He, — адказвае ён і смяецца, — проста ўсе вочы праглядзеў, калі ўглядаўся ў свае казкі, а там так сонечна. Каміла, будзь добрай дзяўчынкай, адкладзі і не шматуй больш гэты аркуш.
    — О Божа, я так загаварылася, што і не заўважыла. Прабач, Юханэс.
    — Нічога страшнага, там толькі некалькі нататак. А цяпер скажы мяне, а ружу на валасы ты прыкалола?
    — А як жа. Чырвоную ружу, амаль чорную. А ведаеш што, Юханэс, мы маглі б паехаць у Лондан у вясельнае падарожжа. Там зусім не так жудасна, як расказваюць, і ўсё гэта выдумкі, што там адзін толькі туман.
    — Хто гэта сказаў?
    — Рычманд. Ён сказаў гэта на балі, а ён, мусіць, ведае. Ты хіба не ведаеш Рычманда?
    — He, з ім я не знаёмы. Ён неяк прамаўляў у мой гонар; у яго яшчэ дыяментавыя гузікі былі на кашулі. Толькі гэта я і помню.
    — Ён незвычайна цудоўны. Падышоў да мяне, і пакланіўся, і сказаў: «Вы, напэўна, мяне не помніце...» А ведаеш, я аддала яму сваю ружу.
    — Аддала сваю ружу? Якую ружу?
    — Тўю, што была ў валасах. Яе і аддала.
    — Ты, пэўна, дужа захапілася Рычмандам.
    Яна чырванее і пачынае заўзята апраўдвацца:
    — I зусім я не захапілася. Хіба нельга некага ўпадабаць, думаць пра яго добра без таго, каб... Фу, Юханэс, ты здурэў! Я больш ніколі не згадаю яго імя.
    — Бог з табою, Каміла, я не хацеў... табе не варта думаць, што я... Зусім наадварот, я падзякую яму за тое, што ён цябе пазабаўляў.
    — А як жа, ты б падзякаваў, толькі пасмей! Мне з ім ужо і самой больш ніколі гаварыць не захочацца.
    Паўза.
    — Ну-ну, не будзем пра гэта, — гаворыць ён. — Ты ўжо пойдзеш?
    — Так, мне трэба ісці. Як твая праца? Мама цікавілася. Падумаць толькі, я не бачыла Вікторыю некалькі тыдняў, а толькі што з ёй сустрэлася.
    — Толькі што?
    — Калі ішла сюды. Яна ўсміхнулася. He, падумаць толькі, яна так змарнела! Слухай, калі ты нарэшце вернешся дадому?
    — Хутка, — адказвае ён і падскоквае. Чырвань разліваецца па яго твары. — Можа, у найбліжэйшыя дні. Спярша мне трэба дарабіць адну рэч, заканчэнне маіх казак. О, калі б ты ведала, што я напішу! Уяві толькі, калі паглядзець на зямлю зверху, яна выглядае, нібы папская мантыя дзіўнай прыгажосці. Паўсюль у яе складках ходзяць людзі, яны ходзяць парамі, вечарэе, і на дварэ ціха, настае час кахання. Я назаву гэта «Род зямны». Упэўнены, гэта будзе грандыёзна; я насіў гэта ў сабе так доўга, мае грудзі аж распірала, і я нібы мог абняць зямлю. Там ходзяць людзі і звяры, і лётаюць птушкі, і ва ўсіх свой час кахання, Каміла. Набліжаецца хваля асалоды, позірк гарачэе, грудзі ўздымаюцца. I зямля сочыць прыемную чырвань; гэта чырвань сарамлівасці ўсіх аголеных сэрцаў, і ноч убіраецца ў ружовае. А недзе далёка дрэмлюць высокія горы; яны нічога не бачылі і нічога не чулі. I ўранку Бог ахінае ўсё сонечным цяплом. Я назаву твор «Род зямны».
    — Вось як.
    — Так. I я вярнуся дадому, калі дапішу. Шчыры дзякуй, што ты зайшла, Каміла. I не думай больш пра тое, што я сказаў. Я нічога благога не меў на ўвазе.
    — I зусім я не думаю пра гэта. Але яго імя я ніколі больш не згадаю. Ніколі-ніколі.
    Наступнага дня зноў прыходзіць Каміла. Спалатнелая і надзвычайна расхваляваная.
    — Што з табой? — пытае ён.
    — Са мной? Нічога, — паспешліва адказвае яна. — Я кахаю аднаго цябе. Ты нават не думай, што са мною нешта здарылася і я цябе больш не кахаю. He, паслухай, я вось што думаю: ні ў які Лондан мы не паедзем. Што нам там рабіць? Ён зусім не ведаў, пра што гаварыў, гэты чалавек, там нашмат больш туманаў, чым ён мяркуе. Чаму ты так на мяне глядзіш? Я ж не назвала яго імя. Падумаць толькі, які хлус, ані слова праўды не сказаў; у Лондан мы не паедзем.
    Ён глядзіць на яе, насцярожваецца.
    —Добра, у Лондан не паедзем, — згаджаецца ён задуменна.
    — Вось і цудоўна! Вырашана, мы туды не едзем. Ты скончыў пісаць пра людскі род? Бог ты мой, як гэта цікава. Зусім хутка ты яго скончыш і вернешся да нас, Юханэс. Пра час кахання, праўда? I пра цудоўную папскую мантыю ў складках, ружовую ноч, Божа, гэта ж трэба, я ўсё яшчэ помню, пра што ты расказваў. Раней я не так часта цябе наведвала, але надалей буду прыходзіць кожны дзень і спраўляцца, ці скончыў ты твор.
    — Нядоўга засталося, — гаворыць ён, не зводзячы з яе вачэй.
    — Сёння я сабрала твае кнігі і аднесла ў свой пакой. Хачу іх перачытаць; і зусім гэта не нудна, адно задавальненне. Паслухай, Юханэс, не мог бы ты правесці мяне дадому, як той раз; бо я, прызнацца, не ведаю, ці бяспечна мне вяртацца дадому адной. Проста не ведаю. Можа, нехта стаіць на вуліцы і пільнуе мяне, ходзіць кругамі і чакае. Я амаль... — раптам яна пачынае плакаць і праз слёзы гаворыць: — Я назвала яго хлусам, мне не варта было гэта рабіць. Мне так прыкра за тое, што я зрабіла. I зусім ён мне не хлусіў, наадварот, ён увесь час... У аўторак да нас у госці прыходзяць замежнікі, але ён не прыйдзе, а вось ты павінен прыйсці, чуеш? Ты абя-
    цаеш? Усё ж мне не варта было блага адзывацца пра яго. Нават не ведаю, што ты пра мяне падумаеш...
    Ён адказаў:
    — Я пачынаю цябе разумець.
    Яна кідаецца яму на шыю, хавае твар у яго грудзях, трымціць і хвалюецца.
    — Так, але я цябе таксама кахаю, — вырываецца ў яе. — Інакш і быць не можа. Я не аднаго яго кахаю, гэта зусім не так. Калі ты летась папрасіў маёй рукі, я была такою шчасліваю; але цяпер вось ён. Я і сама не разумею, як так. Гэта насамрэч так жахліва з майго боку, Юханэс? Я, мусіць, кахаю яго самую крышачку больш за цябе; нічога не магу з сабою зрабіць, гэта мацнейшае за мяне. О Божа, з таго часу, як я яго ўбачыла, я часта начамі не спала, і кахаю я яго ўсё болей. Што мне рабіць? Ты нашмат старэйшы за мяне, ты лепей ведаеш. Сёння ён мяне праводзіў сюды, ён стаіць на дварэ і чакае мяне, каб праводзіць назад дадому, і цяпер яму, напэўна, холадна. Ты мною пагарджаеш, Юханэс? Я яго не цалавала, не, ні разу не цалавала, вер мне; я толькі ружу сваю аддала яму. Чаму ты маўчыш, Юханэс? Скажы, што мне цяпер рабіць, бо я так болып не магу.
    Юханэс маўчаў і слухаў яе.
    — Мне няма чаго табе сказаць.
    — Дзякую, дзякую, мілы Юханэс, гэта так міласціва, што ты не гневаешся на мяне, — вымавіла яна, выціраючы слёзы. — Але ты не вер, што я цябе не кахаю. Далібог, я буду прыходзіць да цябе нашмат часцей, чым раней, і рабіць усё, што ты захочаш. Але справа ў тым, што болып за ўсё я кахаю менавіта яго. Я нічога не магу з сабою зрабіць. Гэта не мая віна.
    He гаворачы ні слова, ён устаў, надзеў капялюш і сказаў: — Пойдзем?
    Яны спусціліся ўніз па лесвіцы.
    На дварэ стаяў Рычманд. Гэта быў чарнявы малады чалавек з карымі вачамі, якія выпраменьвалі маладосць і жыццё. Ад холаду шчокі ў яго пачырванелі.
    — Вам холадна? — спытала Каміла і кінулася да яго.
    Яе голас дрыжаў ад хвалявання. Раптам яна кінулася назад да Юханэса, узяла яго пад руку і сказала:
    — Прабач, што я не спытала, ці холадна табе. Ты не надзеў паліто; мне схадзіць па яго? He? Добра, але прынамсі зашпілі каўнер на кашулі.
    Яна зашпіліла яму каўнер.
    Юханэс падаў Рычманду руку. Ён адчуваў сябе так, нібы тое, што адбываецца, адбываецца не з ім, нібы ўсё гэта насамрэч не мае да яго ніякага дачынення. Ён слаба і невыразна ўсміхнуўся і прамармытаў:
    — Прыемна зноў з вамі сустрэцца.
    На твары Рычманда не было ні віны, ні крывадушнасці. Калі ён вітаўся, а пасля, зняўшы капялюш, нізка кланяўся, яго твар свяціўся радасцю ад сустрэчы.
    — Я нядаўна бачыў адну з вашых кніг на вітрыне кнігарні ў Лондане, — сказаўён. —У перакладзе. Было так прыемна яе бачыць, быццам прывітанне з радзімы.
    Каміла стаяла паміж імі і глядзела то на аднаго, то на другога. Нарэшце яна сказала:
    — Дык ты прыходзь у аўторак, Юханэс. Прабач, што я ўсё пра сваё, — дадала яна і засмяялася. Але адразу ж вінавата павярнулася да Рычманда і запрасіла яго таксама. — Будуць толькі знаёмыя, Вікторыя і яе маці таксама запрошаныя, і яшчэ чалавек дзесяць.
    Раптам Юханэс перапыніў яе і сказаў:
    — Цяпер мне, бадай, можна і дадому.
    — Пабачымся ў аўторак, — адказала Каміла.