Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун

Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
дзіць, куды я збіраюся ісці далей, а потым бярэцца зручней за свой клунак і налягае на хаду, каб не даць абагнаць сябе. Я іду і гляджу на гэтую вартую жалю істоту, і злосць усё больш і больш ахоплівае мяне, я адчуваю, што ўсе вабноты свежага і гожага ранку пачынаюць знікаць і ператварацца ў брыдоту. Гэты чалавек выглядаў як вялікая жамяра з пашкоджанай лапкаю, што гвалтам імкнецца ўзбіцца на нейкі шлях у свеце і заняць увесь дарэшты ходнік. Выйшаўшы на самае высокае месца, я ўжо не хацеў пагаджацца з гэткім станам рэчаў: я спыніўся каля вітрыны і хацеў перачакаць, каб ён адышоўся як мага далей. Але калі я рушыў далей, я зноўку ўбачыў кульгавага мужчыну проста перад сабою, бо ён таксама, аказваецца, тады стаяў як укапаны. Я інстынктыўна зрабіў тры-чатыры хуткія крокі наперад, дагнаў яго і моцна штурхнуў у плячо.
Ён тут жа спыніўся. Нейкую хвілю мы стаялі, утаропіўшыся адзін у аднаго.
— Адзін шылінг на малако! — прамовіў ён нарэшце, пахіліўшы галаву ўбок.
Вось я дык трапіў! Я пачаў шукаць у сябе у кішэнях, а потым сказаў яму:
— На малако... гм... ну добра... Цяпер неяк цяжкавата з гатоўкаю, да таго ж я не ведаю, ці гэта вам так пільна патрэбна.
— Я з учарашняга дня, як пайшоў з Драмена, анічога не меў у роце. — сказаў чалавек, — у мяне няма аніводнага эрэ, і працы ніякай я так і не здолеў знайсці.
— Вы, відаць, рамеснік?
— Ага, ігольшчык.
— Як-як?
— Ігольшчык. Але ж я ўмею і боты шыць.
— Ну, дык так бы і сказалі, — прамовіў я. — Пачакайце тут хвіліну-другую. Я пашукаю вам грошай, колькі эрэ.
Я подбегам паляцеў па Пілестрэдэт, дзе, як мне было вядома, на другім паверсе жыў чалавек, які браў рэчы пад заклад; зрэшты, я ў яго раней ніколі не бываў. Зайшоўшы ў браму, я хуценька зняў камізэльку і, згарнуўшы, сунуў пад паху. Потым рушыў угару сходамі, пастукаў у дзверы. Зрабіўшы лёгкі паклон, я паклаў камізэльку на прылавак.
— Паўтары кроны, — прамовіў ліхвяр.
— Добра, дзякуй, — адказаў я.
Калі б яна не ціснула мне ў баках, я б нізашто з ёю не развітаўся.
Я атрымаў грошы і квіт і пайшоў на ранейшае месца. Задума з камізэлькаю была напраўду дасканалаю: у мяне яшчэ застануцца грошы на добры сняданак, а да вечара я магу скончыць свой трактат пра злачынствы будучыні. У той хвілі жыццё пачало мне здавацца весялейшым, і я заспяшаўся да кульгавага чалавека, каб як найхутчэй яго пазбыцца.
— Вось, калі ласка! — сказаў я, падышоўшы да яго. — Я рады, што вы сама перш звярнуліся да мяне.
Чалавек узяў грошы і пачаў дапытліва разглядаць мяне. Чаго ён так у мяне ўталопіўся? У мяне было ўражанне, што ён уважліва разглядае мае пацёртыя на каленях штаны, і праз яго бессаромнасць нейкая стома навалілася на мяне. Ці гэты тыпус мяркуе, што я і сапраўды гэткі бедны, як цяпер выглядаю? Хіба я, так бы мовіць, не пачаў пісаць артыкул, за які мне заплацяць дзесяць крон? Зрэшты, наконт будучыні я не турбаваўся: маё жалеза яшчэ плавілася ў печы. I як магло абыходзіць гэтага зусім чужога мне чалавека, што такім пагодным ранкам я як хачу, так і раздаю міласціну? Ягоны выраз твару раззлаваў мяне, і я вырашыў паставіць яго на месца, перш чым пайду прэч. Сцепануўшы плячыма, я сказаўяму:
— Чалавеча, у вас ёсць дрэнная звычка вылуплівацца на калені таго, хто вам дае цэлую крону.
Ён прытуліўся галавою да сцяны і разявіў рот. Яго жабрачыя мазгі ліхаманкава строілі версіі (я гэта выразна бачыў), ён урэшце прыдумаў сабе, што я гэткім чынам адно хачу пацвяліцца з яго, і вярнуў мне манету.
Я тупнуў нагою і накрычаў на яго, каб ён тут жа браў грошы назад! Ці ён сабе мяркуе, што я проста так узяў на сябе гэтулькі клопату? Хто ведае, можа, я быўяму тую крону вінны... Я згадаў пра адну даўнюю неаддадзеную пазыку, я сказаў, што ён мае тут дачыненне з прыстойным чалавекам, без ніякай заганы. Адным словам, грошы належалі яму... О, няма за што дзякаваць, гэта мне толькі ў радасць! Да пабачэння.
Я пайшоў. Нарэшце мне ўдалося пазбыцца гэтага дакучлівага чалавека, што цягнуў з мяне жылы, і я адчуваў сябе воль-
ным птахам. Я зноў рушыў уніз па Пілестрэдэт, спыніўся перад харчовай крамаю. У вітрыне было поўна розных прадуктаў, я вырашыў зайсці і купіць сабе нешта на дарогу.
— Кавалак сыру і французскую булку! — прамовіўя і кінуў свае паўкроны на прылавак.
— Сыру і булак на ўсе грошы? — спытала з іроніяй у голасе прадаўшчыца, нават не зірнуўшы на мяне.
— На ўсе пяцьдзясят эрэ, на ўсе дарэшты, — адказаў я спакойна.
Я атрымаў тое, што прасіў, пасля як мага больш ветліва сказаў «дзень добры» старой і тлустай жанчыне і скіраваўся наўпрост цераз Замкавую гару да парка. Там я знайшоў пустую лаўку і прагна пачаў з’ядаць свой харч. Пайшло мне вельмі добра: мінула нямала часу, калі я апошні раз мог гэтак уволю пад’есці, і цяпер ува мне ўсё мацнела і мацнела адчуванне сытага спакою, якім яно бывае, прыкладам, пасля доўгага плачу. Я зрабіўся зусім адважным, мяне цяпер не задаволіў бы артыкул пра нешта такое простае і зразумелае, як злачынствы будучыні, — да гэтага мог бы дадумацца ці знайсці нешта ў кніжках хто заўгодна. Я адчуў, што здольны на большае, што ўва мне ёсць сіла пераадолець любыя цяжкасці; урэшце я вырашыў напісаць трохчасткавы трактат пра філасофскае пазнанне. Натуральна, што гэта дасць мне нагоду ўшчэнт разбіць некаторыя з вартых жалю Кантавых сафізмаў... Калі, аднак, я, сабраўшыся пісаць, выцягнуў пісьмовыя прылады, выявілася, што ў мяне больш не было алоўка: ён застаўся ў кішэні камізэлькі, пакінутай у ліхвяра.
Божа-божа, як жа ўсё ў мяне пайшло не тым бокам! Я колькі разоў вылаяўся, потым пачаў ліхаманкава хадзіць сюды-туды па сцежцы. Навокал стаяла поўная цішыня, толькі недзе паводдаль, паблізу альтанкі каралевы, нейкія мамкі каталі немаўлят у вазках, а больш нідзе не было відаць нікога. Мяне разбірала зло, і я, як шалёны, лётаў вакол сваёй лаўкі. Як жа недарэчна, што ні кажы, усё паварочвалася! Трохчасткавы артыкул мог быць не напісаны з тае простае прычыны, што ў мяне ў кішэні не было алоўка за якія дзесяць эрэ! А што, калі вярнуцца на Пілестрэдэт і папрасіць вярнуць мне аловак? Мне яшчэ хопіць часу, каб напісаць вялікую
частку задуманага, перш чым у парку будзе поўна пешаходаў. Ад гэтага трактата пра філасофскае пазнанне шмат што залежала... можа быць, шчасце многіх людзей — хто ведае? Я сказаў сабе, што, напісаўшы яго, я здолею сур’ёзна дапамагчы не аднаму маладому чалавеку. Паразважаўшы, я вырашыў не закранаць Канта — гэтую праблему я мог бы абмінуць, незаўважна перавёўшы размову на пытанні часу і прасторы, — але ж за Рэнана, за гэтага старога вясковага папа Рэнана я заступацца не буду... У кожным разе, я мусіў напісаць працу на столькі і столькі калонак тэксту: неаплачанае жытло, пільны позірк гаспадыні дома ўранку, калі я збягаў сходамі паўз яе, даймалі мяне цэлы дзень і нават аднекуль усплывалі ў радасныя хвілі, калі змрочных думак у галаве нібыта і не было. Гэтаму трэба было пакласці канец. Я шпаркімі крокамі выйшаў з парка і пашыбаваў да ліхвяра, у якога застаўся мой аловак.
Спусціўшыся з Замкавай гары, я дагнаў дзвюх дам. Абмінаючы іх, я дакрануўся да рукава сукенкі аднае дамы, я паглядзеў на яе: яна мела паўнаваты, крыху бледны тварык. I раптам яна заліваецца чырванню і робіцца надзвычай прыгожаю — напэўна, пад уражаннем слова, пачутага ад прахожага, а можа, проста ад думкі, што раптоўна прамільгнула ў яе галаве. А ці не таму, што я да яе дакрануўся? Яе высокія грудзі пачалі гожа ўздымацца, гэта доўжылася нейкія хвілі, рука мацней сціснула парасонік. Што з ёю сталася?
Я спыніўся і прапусціў абедзвюх дам зноўку наперад, у мяне на хвілю як бы адняліся ногі, усё падалося мне нейкім надзвычай дзіўным. Я адчуў сябе ўзбуджаным, прытым моцна злаваў на сябе праз гісторыю з алоўкам, да таго ж мне крыху не пайшла яда на галодны страўнік. I раптам дзіўны паварот маіх думак надаў мне дзіўнаватага жадання папужаць тую дамачку і пазлаваць яе сваёй учэпістасцю. Я зноўку даганяю яе, абмінаю, потым гляджу ёй проста ў твар. Стаю, зазіраю ў вочы і прыдумляю сабе нейкае дзіўнае, ніколі не чутае імя, што вымаўляецца як бы послізгам: Юлаялі! Калі яна зноў апынаецца амаль што побач, я ёй кажу:
— Паненка, вы згубіце сваю кніжку!
Прамаўляючы гэта, я чуў, як б’ецца маё сэрца.
— Кніжку? — пытаецца яна ў сваёй спадарожніцы. I ідзе далей.
Але злосная ўпартасць не пакідала мяне, і я пайшоў услед за імі. Вядома, у той момант я добра ведаў, што я раблю вар’яцкія рэчы, але быў не ў змозе пераадолець сваіх памкненняў, хваляванне вабіла мяне наперад, прымушала рабіць недарэчныя рухі, і я ўжо не валодаў сабою. Колькі я сабе ні казаў, што раблю як ідыёт, — анічога не дапамагала, і я ўвесь час строіў за спінаю дамы дурнаватыя грымасы, а абагнаўшы яе, гучна кашлянуў. Цяпер я павольна ішоў паперадзе, трымаючыся за некалькі крокаў ад яе, адчуваў яе погляд у сябе на спіне і міжволі апускаў галаву ад сораму, што гэтак брыдка сябе з ёю паводжу. Паступова мною авалодвае дзіўнае адчуванне, што я дзесьці далёка адсюль, у мне нараджаецца цьмянае пачуццё, што не я, а нехта іншы ідзе па гэтых каменных плітах, патупіўшы зрок.
Праз некалькі хвілін, калі дама падышла да кнігарні Пашы, я ўжо стаяў каля першай вітрыны. Я зрабіў крок ёй насустрач і паўтарыў:
— Паненка, вы згубіце сваю кніжку!
—Але якую кніжку?—пытаецца яна спалохана. — Пра якую кніжку ён кажа?
I яна спыняецца. Я злацешна пасміхаюся, бачачы яе збянтэжанасць; разгубленасць у яе вачах захапляе мяне. Ёй аніяк не зразумець той роспачы, што рухае мною, у яе няма абсалютна ніякай кніжкі, ніводнага аркуша якой-кольвечы кніжкі, але яна ўсё ж такі нешта шукае ў сваіх кішэнях, глядзіць сабе на рукі, круціць галавою, азіраецца, напружвае свае далікатныя мазгі, спрабуючы зразумець, пра якую гэта кнігу я кажу. Яна то чырванее, то палатнее, адзін выраз твару змяняецца на іншы, я чую, як цяжка яна дыхае, і нават гузікі з яе сукенкі глядзяць на мяне, нібы спалоханыя вочы.
— He зважай ты на яго, — кажа яе спадарожніца і цягне яе за руку. — Бо ён жа п’яны! Хіба ты не бачыш, што гэты чалавек п’яны?
Як ні быў я ў той хвілі далёкі ад самога сябе, цалкам падначалены дзіўным і нябачным сілам, аднак тое, што дзеялася навокал, не магло выслізнуць з-пад маёй увагі. Вось вялікі