Голад
Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
Я адышоў ад акна і спыніўся пасярод пакоя. Калі ўсё добра ўзважыць, мадам Гунэрсэн вельмі дарэчы мне адмовіла. Гэты пакой зусім не для мяне; тут такія просценькія зялёныя фіранкі на вокнах, а ў сцены загнана так мала цвікоў, што няма куды вешаць вопратку. Крэсла-качалка ў куце, шчыра кажучы, толькі пародыя, вартае жалю падабенства качалкі, смех дый годзе. Акрамя таго, крэсла занадта нізкае як на дарослага чалавека і да такой ступені вузкае, што з яго даводзіцца самога сябе выцягваць, нібы тую нагу з цеснага бота. Адным словам, гэты пакой не прыдатны да разумовай працы, і мне ўжо не хацелася заставацца ў ім. Hi ў якім разе не хацелася! Занадта доўга я маўчаў, цярпеў і трываў у гэтай халупе.
Акрылены надзеяй і радасцю, усё яшчэ поўны думак пра свой выдатны твор, які я раз-пораз выцягваў з кішэні
і перачытваў, я вырашыў, не губляючы часу, збіраць рэчы. Я дастаў вузельчык — пару чыстых каўнерыкаў, загорнутых у вялікую чырвоную насоўку, і скамечаную газетную паперу, у якой я прыносіў дадому хлеб, — згарнуў сваю коўдру, прыхапіў увесь запас паперы для пісання. Потым я прадбачліва абшнарыў усе куты, каб пераканацца, ці не забыўся я чаго-небудзь, і, не знайшоўшы нічога, выглянуў у акно. Раніца выдалася пахмурнай і вільготнаю; у згарэлай кузні не было ніводнае душы, а вяроўка, што цягнулася ад сцяны да сцяны, набрыняла вадою. Усё гэта я бачыў і раней, таму адышоў ад акна, узяў коўдру пад паху, пакланіўся аб’яве наглядчыка маяка, а таксама пахавальным саянам пані Андэрсэн і адчыніў быў дзверы...
Тут я ўспомніў пра гаспадыню — трэба было паведаміць ёй пра свой ад’езд: няхай ведае, што яна мела дачыненне з прыстойным чалавекам. Акрамя таго, мне хацелася падзякаваць ёй у цыдулцы за тыя некалькі дзён, што я карыстаўся пакоем звыш тэрміна. Усведамленне таго, што цяпер я на пэўны час забяспечаны, было такім моцным, што я нават паабяцаў гаспадыні ў найбліжэйшыя дні занесці пяць крон; мне хацелася асабліва падкрэсліць, які шляхетны чалавек жыў пад яе дахам.
Цыдулку я пакінуў на стале.
Каля дзвярэй я зноў спыніўся і абярнуўся. Светлае пачуццё вяртання да жыцця адрадзіла мяне, я быў удзячны Богу і ўсяму свету; я ўкленчыў каля ложка і гучна падзякаваў Усявышняму за вялікую ласку, якую ён паслаў мне гэтае раніцы. Я ведаў, сапраўды ведаў, што гэты толькі што перажыты і перанесены на паперу штуршок натхнення быў цудам, які адбыўся ў маёй душы з волі неба ў адказ на мой учарашні крык аб дапамозе. «Гэта Госпад! Гэта Госпад!» — выгукваў я і плакаў, радасна замілаваны сваімі словамі; раз-пораз я змаўкаў і прыслухоўваўся, ці не ідзе хто па сходах. Нарэшце я ўстаў, нячутна спусціўся і, нікім не заўважаны, дабраўся да парадных дзвярэй.
Брукаванка блішчала ад дажджу, што выпаў на досвітку, над горадам павісла цяжкае і нізкае неба, сонца не прабівалася скрозь хмары. Каторая была гадзіна? Паводле сваёй звычкі, я пайшоў да ратушы і ўбачыў, што на гадзінніку па-
лова дзявятай. Значыць, мне трэба было блукаць ладныя дзве гадзіны, бо не мела сэнсу прыходзіць у рэдакцыю paHeft за дзесяць ці нават да адзінаццатай, а пакуль даводзілася бадзяцца вуліцамі і разважаць, якім чынам здабыць сабе што-небудзь на сняданак. Зрэшты, я не баяўся ў той вечар застацца без яды; гэтыя часы, дзякуй Богу, прамінулі! Усё тое ўжо перажытае, скончылася, як кепскі сон, цяпер мае справы пайшлі ўгару!
Пад пахай у мяне была зялёная коўдра, і праз гэта я адчуваў сябе няёмка: проста неймаверна нязручна насіць такі скрутак на вачах у людзей. Што яны сабе падумаюць? Я пачаў шукаць месца, дзе можна было б пакінуць яго на час. Раптам мне прыйшло ў галаву, што я магу зайсці ў краму да Семба і папрасіць загарнуць коўдру ў паперу; мой скрутак адразу займее прыстойны выгляд, і мне няма чаго будзе саромецца. Я зайшоў у краму і звярнуўся са сваёй просьбаю да аднаго з прыказчыкаў.
Ён зірнуў спачатку на коўдру, потым на мяне; мне здалося, што ён пагардліва паціснуў плячыма, прымаючы скрутак. Гэта мяне зачапіла.
— Памалу, чорт пабірай! — усклікнуў я. — Тут загорнутыя дзве каштоўныя вазы, бо гэтая пасылка адправіцца ў Смірну.
Мая прыдумка ўдалася як найлепей. Цяпер у прыказчыка быў вінаваты выгляд: ён нібы маліў дараваць яму тое, што ён не адразу зразумеў, які гэта каштоўны скрутак. Калі ён скончыў, я падзякаваўяму з такім выглядам, нібы ўжо не раз пасылаў у Смірну ўсялякія каштоўнасці; прыказчык нават праводзіў мяне да парога і адчыніў перада мною дзверы.
Я адправіўся на Вялікі рынак і пачаў блукаць у натоўпе, імкнучыся трымацца бліжэй да жанчын, што прадавалі кветкі ў вазонах. Цяжкія, чырвоныя ружы, якія вільготна пунсавелі ў ранішнім паветры, цвялілі мяне, выклікалі спакусу сарваць адну кветачку, і я пытаўся пра цану, карыстаючыся нагодаю падысці бліжэй. Калі б у мяне былі грошы, я купіў бы ружу, не задумваючыся: каб кампенсаваць такія выдаткі, я мог бы ў чым-небудзь абмежаваць сябе.
Была ўжо дзясятая, і я пайшоў у рэдакцыю. Чалавек-нажніцы корпаецца ў жмуце старых газет, рэдактар яшчэ не пры-
ходзіў. Мне прапануюць пакінуць мой грунтоўны рукапіс, а я даю зразумець, што гэта не нейкая звычайная пісаніна, таму пераканаўча прашу перадаць яе рэдактару проста ў рукі. Пазней, на працягу дня, я сам зайду па адказ.
— Добра! — сказаў чалавек-нажніцы і зноў узяўся за свае газеты.
Мне падалося, што ён паставіўся да справы занадта спакойна, але я прамаўчаў, з удаванай абыякавасцю кіўнуў яму і пайшоў.
Цяпер у мяне было шмат вольнага часу. Хоць бы неба паяснела ці што! Надвор’е брыдкае, ані ветру, ані марозу, дамы прадбачліва раскрылі парасоны, а капелюшы на галовах у мужчын маюць смешны і сумны выгляд. Я зноў іду на рынак, разглядаю зеляніну і ружы. Раптам хтосьці кладзе мне руку на плячо, і я азіраюся: гэта той, што мае мянушку Паненка, жадае мне добрага дня.
— Добры дзянёк? — паўтарыў я, быццам пытаючыся і прагнучы як найхутчэй ад яго пазбавіцца. Я недалюбліваў Паненку.
Ён з цікаўнасцю глядзіць на вялікі, ладны скрутак у мяне пад пахай і пытаецца:
— Што гэта ў вас?
— Я быў у Семба і купіў сёе-тое сабе на вопратку, — абыякавым тонам адказваю я. — Мне надакучыла хадзіць у гэткім паношаным адзенні. Няможна ж бясконца грэбаваць сваім абліччам.
Ён глядзіць на мяне са здзіўленнем.
— Ну, а наогул як маецеся? — пытаецца ён, памаўчаўшы.
— Лепшага і жадаць немажліва!
— Ці знайшлі сабе які-небудзь занятак?
— Занятак? — паўтараю я з наўмысным здзіўленнем. — Хай будзе вам вядома, што я служу бухгалтарам у аптовай фірме Крысці.
— Вось як! — кажа ён, падаючыся назад. — Ах ты Божа, да чаго ж я рады за вас! Глядзіце ж, не раздавайце грошай усялякім жабракам. Усяго добрага!
Адышоўшы крыху, ён зноў вяртаецца, паказвае кійком на мой скрутак і кажа:
— Дазвольце рэкамендаваць вам майго краўца. Больш спраўнага краўца за Ісаксэна вам не знайсці. Скажыце, што вы ад мяне.
I навошта яму спатрэбілася соваць нос у мае справы? Што яму да таго, да якога краўца я пайду? Я раззлаваўся: гэты пусты вымаднены чалавек раздражняў мяне, і я досыць груба нагадаў яму пра тыя дзесяць крон, якія ён неяк у мяне быў пазычыў. Але не паспеў ён адказаць, як я пачаў шкадаваць, што запатрабаваў у яго пазыку, збянтэжыўся і апусціў вочы. У гэты час паўз нас праходзіла дама, я адступіўся, каб прапусціць яе, і скарыстаўся выпадкам сысці.
Куды мне падацца, дзе чакаць? Ісці ў кавярню з пустой кішэняю я не мог, і да знаёмых у гэты час дня не было як зазірнуць. Я задуменна паклыпаў па горадзе, паміж рынкам і вуліцай Грэнсэн, прачытаў «Вячэрнія навіны», толькі што вывешаныя на дошцы, прайшоўся па вуліцы Карла Юхана, потым павярнуў і накіраваўся да царквы Збаўцы, дзе знайшоў спакойнае месцейка на могілках, каля самай капліцы.
Паветра тут было вільготнае, я сядзеў у цішыні, думаў, паціху пачынаў драмаць і ладна такі мерзнуць. Час ішоў. Ці можна быць упэўненым, што мой фельетон — гэта хоць і маленькі, але натхнёны шэдэўр? Бог ведае, ці няма ў ім памылак! Калі добра падумаць, яго могуць і зусім не прыняць, проста не прыняць! Мабыць, ён і праўда пасрэдны, a то і безнадзейна дрэнны; хто можа даць мне гарантыю, што яго ўжо не выкінулі ў кошык для паперы?.. Мой душэўны спакой быў парушаны, я ўскочыў і кінуўся прэч з могілак.
На Акерсгатэн я зазірнуў праз вітрыну ў краму і ўбачыў, што на гадзінніку толькі пачатак на першую. Гэта мяне дарэшты знервавала, бо я быў упэўнены, што ўжо далёка за поўдзень, а ісці да рэдактара раней за чацвёртую было бессэнсоўна. Ува мне ўзнікалі змрочныя прадчуванні што да лёсу майго фельетона, чым больш я думаў пра гэта, тым мне ўяўлялася ўсё больш неверагодным, што я мог напісаць нешта большменш уцямнае ў такім парыве, амаль ува сне, калі мае мазгі ліхаманіла і думкі недзе блукалі... To быў, вядома, проста самападман, і, значыцца, усю тую раніцу я радаваўся дарэмна! Дзіва што!.. Я хутка ішоў па Улевольсвеен, паўз пагорак свя-
тога Яна, прамінуў пусткі, пабадзяўся вузкімі, дзіўнаватымі вуліцамі, прылеглымі да Сагена, рушыў паўз будоўлі і агароды і апынуўся нарэшце на вялікім гасцінцы, якому не відаць было канца.
Тут я спыніўся і вырашыў павярнуць назад. Хада сагрэла мяне, і я ўжо ішоў павольна, зусім павесіўшы нос. Мне сустрэліся два вазы з сенам. Вазакі ляжалі дагары нагамі на сене і спявалі, абодва босыя, з круглымі, бестурботнымі тварамі. Ідучы ім насустрач, я думаў, што яны загавораць са мною, зробяць якую-небудзь заўвагу або пачнуць смяяцца, і калі я падышоў да іх досыць блізка, адзін з іх гучна запытаўся, што ў мяне пад пахай.
— Коўдра, — адказаў я.
— А колькі цяпер часу? — спытаў ён.
— Дакладна не ведаю, напэўна, недзе каля трэцяй.
Тады яны абодва засмяяліся і паехалі далей. Але раптам мяне абпёк боль ад удару пугай па вуху, капялюш зляцеў з галавы: гэтыя хлопцы не маглі ўтрымацца, каб не паздзекавацца з мяне. Абураны, я схапіўся за вуха, падабраў капялюш на ўзбоччы канавы і пайшоў прэч. Каля ўзгорка святога Яна я спытаўся ў сустрэчнага прахожага, колькі часу, і ён адказаў, што ўжо мінула чацвёртая гадзіна.
Чацвёртая мінула! Пачалася пятая! Я заспяшаўся, амаль подбегам паляцеў у бок горада, да рэдакцыі. Рэдактар, мабыць, даўно там, а можа быць, ужо нават сышоў! Я то цягнуўся павольна, то бег, ледзь не трапляючы пад колы, абганяў мінакоў, імчаўся навыперадкі з коньмі, выбіваўся з сілы, як вар’ят, — толькі б паспець своечасова. Зайшоўшы ў будынак, я некалькімі скачкамі пераадолеў сходы і пастукаўся ў дзверы.