Голад
Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
Адказу не было.
«Ён сышоў! Сышоў!» — мільганула думка. Я тузаю дзверы, яны не зачыненыя, стукаюся яшчэ раз і ўваходжу.
Рэдактар сядзіць за сталом, тварам да акна, у руцэ ў яго пяро, ён нешта сабе піша. Я вітаюся, з цяжкасцю пераводзячы дых, ён абарочваецца, глядзіць на мяне і трасе галавою.
— У мяне яшчэ не было часу прагледзець ваш нарыс.
Моцна ўзрадаваны, што ён, прынамсі, пакуль што не адхіліў маю працу, я кажу:
— Ну вядома, я ж разумею. Дый тут спяшацца не да чаго. Можа быць, я зайду дні праз два ці...
— Вядома, вядома, я пагляджу. Зрэшты, у мяне ж ёсць ваш адрас.
I тут я забыўся сказаць, што ў мяне больш няма ніякага адрасу.
Аўдыенцыя скончылася, я з паклонамі адступаюся назад і сыходжу. Душа мая зноў поўная надзеі: яшчэ нічога не страчана, наадварот, я яшчэ магу шмат чаго дамагчыся, калі ўжо на тое пайшло. I ў галаве ў мяне нараджаюцца ўсялякія фантазіі, мне здаецца, што на нябёсах ужо вырашана ўзнагародзіць мяне дзесяццю кронамі за мой фельетон...
Толькі б знайсці які-небудзь прытулак на ноч! Я разважаю, дзе мне лепш за ўсё заначаваць, гэтае пытанне так займае мяне, што я спыняюся пасярод вуліцы. Я забываю, дзе я, стаю, як самотны бакен ў моры, а вакол плёскаюцца і ўздымаюцца хвалі. Газетчык працягвае мне «Вікінга». Цікава, вельмі цікава! Я падымаю галаву і ўздрыгваю: перада мной зноў крама Семба.
Я хутка адварочваюся, імкнуся як найхутчэй схаваць скрутак і, разгублены, спяшаюся ўцячы па Кіркегатэн, баючыся, як бы мяне не ўбачылі з вокнаў. Я праходжу паўз Інгебрэт, абмінаю тэатр, каля Логена паварочваю і рухаюся ў бок набярэжнай, да фартэцыі. Знайшоўшы вольную лаўку, я зноў аддаюся разважанням.
Дзе, халера ясная, мне знайсці хоць які прытулак на ноч? Ці няма якой-небудзь дзіркі, дзе я мог бы схавацца да раніцы? Гонар не дазваляў мне вярнуцца назад, у ранейшы свой пакой: я і думкі не дапускаў, каб адмовіцца ад сваіх слоў, я з абурэннем адмахнуўся ад гэтага і адно збянтэжана ўсміхнуўся, яшчэ раз згадаўшы маленькую чырвоную качалку. Воляю ўяўлення я раптам апынуўся ў вялікім, з двума вокнамі, пакоі на Хэгдэхаўген, дзе калісьці жыў: на стале я ўбачыў спод са мноствам бутэрбродаў, якія змянялі свой выгляд, аж пакуль не ператварыліся ў біфштэкс — спакуслівы біфштэкс; побач з’явіліся белыя сурвэткі, горы хлеба, срэбраны відэлец. I тут адчыніліся дзверы, увайшла мая гаспадыня; яна прапанавала мне яшчэ кубачак гарбаты...
Марныя відзежы і сны! Я пачаў пераконваць сябе, што, калі б я цяпер здабыў якой ежы, галава мая зноў зрабілася б ненармальнаю, мне б давялося змагацца з тою ж ліхаманкаю ў думках, з наплывам вар’яцкіх фантазій. Такі ўжо я быў: ежа прыносіла мне шкоду, гэта было маё дзівацтва, мая асаблівая ўласцівасць.
Магло стацца, што я яшчэ знайшоў бы сабе прытулак пазней, пад вечар. Спяшацца не было куды: у самым кепскім выпадку я мог бы знайсці сабе месцейка дзе-небудзь у лесе, усе гарадскія наваколлі былі да маіх паслуг, марозу ж як бы і не чакалася.
А мора замерла ў цяжкай нерухомасці, караблі і нязграбныя, тупаносыя буксіры рабілі барозны на яго бязмежнай свінцовай роўнядзі, наганялі пену на вадзе з абодвух бартоў, плылі ўсё далей і далей наперад, дым, нібы той пух, ляцеў угару, грукаталі машыны, скаланаючы глухімі ўдарамі золкае паветра. Сонца было схаванае за хмарамі, вецер аціх, дрэвы ў мяне за спінаю здаваліся мокрымі, а лаўка пада мною была вільготная і халодная. Час ішоў, я пачаў драмаць, з’явілася стомленасць, халадок прабег па спіне, неўзабаве я адчуў, што вочы ў мяне зусім зліпаюцца. I я заплюшчыў іх...
Калі я прачнуўся, было ўжо зусім цёмна. Ачмурэлы спрасонку і азяблы, я ўскочыў, схапіў свой скрутак і пайшоў прэч. Я ішоў усё хутчэй і хутчэй, каб сагрэцца, я махаў рукамі, цёр ногі, якія ў мяне нібы адняліся, і ўрэшце апынуўся каля пажарнай каланчы. Была дзявятая, то значыць, я праспаў некалькі гадзін.
Куды ж мне падзецца? Трэба ўсё-ткі знайсці месца, дзе заначаваць. Я стаю, гляджу на пажарнае дэпо і думаю, а ці не ўдасца мне праслізнуць у якія-небудзь дзверы, счакаўшы, калі ахоўнік страціць пільнасць. Я падымаюся па прыступках і спрабую завязаць з ім размову, ён адразу ж бярэ сваю алебарду на каравул і гатовы мяне слухаць. Гэтая паднятая алебарда, звернутая да мяне халодным лязом, нібы сячэ мяне па нервах, я нямею ад страху перад узброеным чалавекам і міжволі адступаю. Я маўчу, толькі адыходжуся ўсё далей і далей; ратуючы годнасць, я праводжу рукою па лбе, быццам забыўся нешта, і ўрэшце выходжу з будынка. Апынуўшыся
зноў на ходніку, я адчуваю палёгку, быццам я і праўда пазбег сур’ёзнай небяспекі. I я спяшаюся прэч.
Халодны і галодны, усё больш падаючы духам, я паклыпаў па вуліцы Карла Юхана; пры гэтым я гучна лаяўся, не турбуючыся, што хто-небудзь можа мяне пачуць. Каля будынка стортынга, побач з першым ільвом, зноў-такі воляю ўяўлення, я згадваю знаёмага мастака — маладога чалавека, якога я аднойчы быў выратаваў у Тывалі ад аплявухі, а потым неяк заходзіў да яго. Весела пстрыкнуўшы пальцамі, я адпраўляюся на Турдэншэльдсгатэн, знаходжу дзверы з шыльдачкай «К. Захарыя Бартэль» і стукаюся.
Ён адчыніў дзверы сам; ад яго жахліва патыхала півам і тытунём.
— Добры вечар! — сказаў я.
— Добры вечар! Гэта вы? Чорт пабірай, што гэта вам прыйшло ў галаву зайсці да мяне гэтак позна? Бо пры святле лямпы на маёй карціне абсалютна нічога не відаць. 3 часу вашага мінулага наведвання я дамаляваў стог сена і сёе-тое перарабіў. Прыходзьце ўдзень, а зараз глядзець няма ніякага сэнсу.
— Усё ж такі дазвольце мне зірнуць! — прамовіў я. Зрэшты, я не памятаў, пра якую карціну ішла гаворка.
— Гэта немагчыма! — адказаў ён. — Усё будзе здавацца жоўтым! I, акрамя таго... — панізіўшы голас да шэпту, ён падышоў да мяне шчыльна-шчыльна, — пусціць да сябе вас аніяк не магу: сёння тут у мяне адна дзяўчына.
— Ну, у такім выпадку, напраўду, куды ж...
Я падаўся назад, пажадаў яму добрай ночы і пайшоў.
Заставалася толькі адно — ісці ў лес. Ах, калі б зямля не была гэткай мокраю! Я пагладжваў сваю коўдру і патроху звыкаўся з думкаю, што буду начаваць пад адкрытым небам. Пошукі начлегу ў горадзе былі такімі доўгімі і пакутлівымі, што я стаміўся і мне ўсё абрыдла; так соладка было адчуць заспакаенне, змірыцца і плесціся па вуліцы без адзінай думкі ў галаве. Праходзячы паўз універсітэт, я падняў галаву, убачыў, што ўжо адзінаццатая гадзіна, і накіраваўся да ўскраіны горада. На Хэгдэхаўген я спыніўся перад харчовай крамай, каля вітрыны. Побач з французскай булкаю спала котка, тут жа была бляшанка са здорам і слоікі з крупамі. Я пастаяў
трохі, гледзячы на гэта багацце, але паколькі грошай у мяне не было, я адвярнуўся і пайшоўдалей. Я ішоўвельмі павольна, прамінуў заставу, тупаў далей, усё далей, гадзіну за гадзінаю, аж нарэшце дабраўся да прыгараднага лесу.
Тут я збочыў з дарогі і прысеў адпачыць. Потым пачаў шукаць якое-небудзь хоць трохі адпаведнае месца, сабраў крыху верасу і ядлоўцу, зладзіў ложак на маленькім пагорку, дзе было крыху сушэй, разгарнуў свой скрутак і выцягнуў коўдру. Я быў зусім знясілены пасля доўгай дарогі і адразу ж лёг. Шмат разоў я варочаўся з боку на бок, круціўся і сяк і так, аж пакуль не ўладкаваўся нарэшце ямчэй; вуха ў мяне злёгку пабольвала, яно нават распухла ад таго ўдару пугаю, і я мог ляжаць толькі на адным баку. Чаравікі я зняў і паклаў пад галаву, загарнуўшы ў паперу ад Семба.
Усе вакол было ахінутае цемраю, стаяла цішыня, поўная цішыня. Адно ў вышыні гучала вечная песня паветраных стыхій, далёкі, манатонны гул, што ніколі не сціхае. Я так доўга прыслухоўваўся да гэтага бясконцага, тужлівага гучання, што мне зрабілася моцна не па сабе, бо гэта былі сімфоніі сусветаў, што каціліся праз мяне, гэта быў спеў, які інтанавалі зоркі...
— He, гэта, напэўна, нейкае д’ябальскае насланнё! — прамовіў я і, каб падбадзёрыцца духам, гучна засмяяўся. — Гэта начныя пугачы крычаць аб зямлі Ханаанскай!
Я ўстаў, лёг і зноў устаў, абуўся, пачаў блукаць у цемры, потым зноўку лёг і ажно да самага світання змагаўся са злосцю і страхам; толькі на золку сон нарэшце змарыў мяне.
* * *
Калі я расплюшчыў вочы, было зусім светла, і мне падалося, што час ужо набліжаецца да поўдня. Я абуўся, зноў загарнуў коўдру ў паперу і пайшоў назад у горад. Сонца, як і ўчора, было схаванае за хмарамі, і я замерз як сабака, ногі ў мяне пакалелі, а вочы слязіліся, нібы аслепленыя звычайным дзённым святлом.
Была трэцяя. Голад пачынаў даймаць мяне мацней, я HernTa аслабеў. Я ішоў, мне рабілася млосна і раз-пораз ванітава-
ла. Пасля я завярнуў да кухні-сталоўкі, прачытаў там меню, што было вывешанае на дошцы, і сутаргава паціснуў плячыма, быццам ялавічына ды свініна мне не падыходзілі; адтуль я скіраваўся на Вакзальную плошчу.
У галаве ў мяне моцна круцілася, я ішоў далей і намагаўся не зважаць на гэта, але галавакружэнне рабілася ўсё мацнейшым, і нарэшце мне давялося прысесці на нейкіх сходах. Усё ўнутры мяне змянілася, нібыта зруіпылася з месца, альбо нейкая заслона, нейкая тканіна лопнула ў мяне ў мазгах. Разы са два я ледзьве не задыхнуўся і сядзеў збіты з тропу. Я не губляў прытомнасці, выразна адчуваў, як у мяне з учорашняга дня пабольвала вуха, і калі побач прайшоў знаёмы, я адразу пазнаў яго, устаў і пакланіўся.
Што гэта за новае, пакутлівае адчуванне дадалося цяпер да астатніх? Няўжо прычына ў тым, што я спаў на голай зямлі? А можа, я адчуваю сябе так таму, што яшчэ не снедаў? Наогул кажучы, было абсурдна тое, як я павінен жыць: бачыць Бог, я рашуча не разумеў, за што мне пасланая гэтая кара! I я падумаў, што вельмі нават проста магу зрабіцца лотрам, магу занесці да «дзядзькі» ў заклад коўдру. Я атрымаю за яго крону, і гэтага мне хопіць, каб тры разы добра паабедаць, я пратрымаюся колькі магчыма, аж пакуль не падвернецца што-небудзь іншае, а Ханса Паўлі я як-небудзь падману. Я ўжо накіраваўся да ліхвяра, але спыніўся перад дзвярыма, няпэўна страсянуў галавою і завярнуў назад.
Чым далей я адыходзіў, тым радасней мне рабілася ад думкі, што я пераадолеў гэтую цяжкую спакусу. Я думаў пра тое, што застаўся сумленным чалавекам, што ў мяне цвёрдая воля, што я — як той зыркі маяк, што ўзвышаецца над каламутным людскім морам, дзе плаваюць рэшткі караблёў, якія пацярпелі крушэнне, і цешыўся з гэтага. Закласці чужую рэч, толькі каб паабедаць, паступацца сумленнем праз кожны кавалак, лаяць сябе, называючы лотрам, саромецца перад самім сабою — не, ніколі! Ніколі! Такая думка не магла прыйсці мне ў галаву па-сур’ёзнаму, яе, можна сказаць, зусім і не было, а за выпадковыя ды мімалётныя думкі чалавека і вінаваціць нельга — асабліва калі нясцерпна баліць галава і ты да смерці стамляешся ўвесь час цягаць з сабою чужую коўдру.