Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Зрэшты, халера яго бяры! Я не прасіў гэтых дзесяці крон, і яны нядоўга былі ў мяне ў руках: я адразу ж іх аддаў, заплаціў імі зусім чужым людзям, якіх больш не ўбачу ніколі ў жыцці. Гэткі я ўжо чалавек: калі трэба, аддам усё да апошняга! I калі я не памыляюся наконт Юлаялі, яна таксама не раскайваецца, што даслала мне грошы; то дзеля чаго ж тады ўвесь гэты лямант? Самае меншае, што яна магла зрабіць, гэта час ад часу дасылаць мне дзесяць крон. Бо гэтая бедная дзяўчына закаханая ў мяне: быць можа, нават безнадзейна закаханая... Я доўга цешыў сваё самалюбства гэтаю думкаю. He магло быць аніякага сумневу, што яна закаханая ў мяне, няшчасная дзяўчына!..
Надышла пятая. Мой эмацыйны ўздым прайшоў: галава зноў як бы зрабілася пустая, з’явіўся ранейшы гул увушшу. Я глядзеў у прастору перад сабою, потым затрымаў позірк і ўбачыў перад сабою аптэку. Голад моцна даймаў мяне, і я вельмі пакутаваў. Гэтак я сядзеў, глядзеў перад сабою, і паступова перад маім нерухомым поглядам праявілася чалавечая постаць; нарэшце яна зрабілася зусім выразнаю, і я ўцяміў, хто гэта: тая самая жанчына, што гандлявала піражкамі каля аптэкі «Пад сланом».
Здрыгануўшыся ад нечаканасці, я выпростваюся на лаўцы і пачынаю ўспамінаць. Ага, вядома ж, гэта тая самая жанчына, з тым жа латком; яна сядзіць на тым жа самым месцы! Я свіснуў некалькі разоў, пстрыкнуў пальцамі, падняўся з лаўкі і накіраваўся да аптэкі. Досыць глупстваў! Чорт пабірай, хіба ж не ўсё роўна, ці я даў ёй грошы, скрадзеныя ў прыказчыка, ці тое былі нармальныя, заробленыя нарвежскія грошыкі з конгсбергскага срэбра! Я не хацеў заставацца пасмешышчам, а ад празмернай ганарлівасці нядоўга і здырдзіцца...
Я выходжу на рог вуліцы, углядаюся ў жанчыну, спыняюся каля яе. Я ўсміхаюся, ківаю ёй, як знаёмай, і загаворваю нязмушана, нібыта маё вяртанне — гэта нешта само сабою зразумелае.
—Добры дзень! — кажу я. — Вы, напэўна, мяне не пазнаяце?
— He, — павольна адказвае яна і глядзіць на мяне.
Я ўсміхаюся яшчэ болып старанна — быццам яна Бог ведае як дасціпна жартуе, удаючы, што не пазнае мяне, — і кажу:
— Няўжо вы не запомнілі, як я зусім нядаўна даў вам некалькі крон? Наколькі памятаю, я не сказаў пры гэтым ні слова, але, ні слова... у мяне няма такой звычкі. Калі маеш дачыненне з сумленнымі людзьмі, няма патрэбы ставіць умовы і, так бы мовіць, заключаць дамову з нагоды ўсялякай драбязы. Ха-ха! Але гэта я даў вам грошы.
— Так, вядома, гэта вы! Цяпер я вас пазнала...
Перш чым яна пачне мне дзякаваць, я ўжо выбіраю вачыма смачны кавалак і паспешліва кажу:
— А цяпер я прыйшоў па свае піражкі.
Яна здзіўляецца.
— Па піражкі, — паўтараю я. — Цяпер я прыйшоў па піражкі. Я хачу атрымаць хоць бы частку для пачатку. Усё мне сёння не патрабуецца.
— Вы прыйшлі па піражкі? — перапытвае яна.
— Ну, вядома ж, па піражкі! — адказваю я, гучна смеючыся, нібыта яна адразу павінна была зразумець, што я прыйшоў па іх.
Я бяру з латка піражок ці, дакладней, булачку, і пачынаю есці.
Убачыўшы гэта, гандлярка выскоквае са свайго закутка, міжвольным рухам спрабуе абараніць тавар, даючы мне зразумець, што яна зусім не чакала майго вяртання, ды яшчэ з мэтаю адабраць у яе піражкі.
— А што, вы супраць? — пытаюся я. — Вы і праўда супраць? Ну, дык гэта смешна! Хіба калі-небудзь бывала такое, каб чалавек даў вам кучу грошай і не запатрабаваў іх назад? He, вось бачыце! А вы яшчэ, чаго добрага, падумалі, што гэта былі крадзеныя грошы, калі я проста сунуў іх вам у рукі? He, не падумалі? Тым лепей, гэта проста выдатна! Вы вельмі велікадушная, калі бачыце ўва мне прыстойнага чалавека! Хаха! Але, вы напраўду велікадушная!
— Але ж навошта ж вы далі мне гэтыя грошы? — з абурэннем выкрыкнула яна.
Я растлумачыў, навошта я даў ёй грошы, патлумачыў спакойна і пераканаўча: у мяне ёсць такая звычка, бо я давяраю ўсім людзям. Калі хто-небудзь прапануе мне вэксаль або рас-
піску, я заўсёды адмоўна хітаю галавой і кажу: «Не, дзякую». Бог сведка, я заўсёды так раблю.
Але гандлярка ніяк не хацела мяне разумець.
Тады я паспрабаваў растлумачыць ёй гэта па-іншаму: загаварыў рэзка, без жартаў. Хіба ёй ніколі не плацілі наперад, як у маім выпадку, спытаў я. Я разумеў, вядома, людзей заможных, напрыклад, якога-небудзь консула. Ніколі? Ну што ж, калі яна не прывыкла да такога абыходжання, з яе нельга сурова вымагаць. Але так яно прынятае за мяжою. To яна, мабыць, ніколі не ездзіла ў чужыя краіны? He? Ну вось! Тады не ёй пра гэта і казаць... I я ўзяў з латка некалькі піражкоў.
Яна злосна бурчэла, упарта не хацела аддаць хоць бы малую частку свайго тавару, нават вырвала ў мяне піражок і паклала яго на месца. Я ўзлаваўся, ударыў кулаком па латку і прыгразіў выклікаць паліцыю. Гэта яшчэ паблажліва з майго боку, сказаў я, бо, калі б мне захацелася забраць усё, што мне належыць, яна была б спустошаная, бо я нядаўна даў ёй велізарную суму грошай. Але я не маю намеру браць гэтак шмат: я хачу ўзяць толькі палову свайго. Да таго ж яна больш мяне не ўбачыць. Бог сведка, не ўбачыць ніколі, калі ўжо яна такая...
Нарэшце яна выбрала некалькі піражкоў, назваўшы абсалютна бессаромную цану: чатыры ці пяць штук, за якія яна вымагала нечувана вялікую плату; загадала мне ўзяць іх ды ісці сваёй дарогаю. Але я працягваў спрачацца з ёй, даводзіў, што яна мяне падманула самае меншае на цэлую крону і, акрамя таго, злупіла з мяне жыўцом шкуру, прызначыўшы такія недарэчныя цэны.
— А ці ведаеце вы, што падобныя штукі караюцца законам? — сказаўя. — Божа, ды вас могуць запраторыць на бестэрміновую катаргу, старая падла!
Яна шпурнула мне яшчэ адзін піражок і, амаль скрыгочучы зубамі, папрасіла, каб я пакінуў яе ў спакоі.
I я пайшоў.
Ну і ну, свет яшчэ не бачыў такой крывадушнай гандляркі! Я ішоў праз плошчу, еў піражкі і ўголас разважаў пра гэтую кабеціну ды яе бессаромнасць, паўтараў сабе ўсю нашу размову і думаў, што я куды лепшы за яе. Я еў піражкі на вачах ва ўсіх і гучна гаварыў.
Піражкі знікалі адзін за адным; колькі я іх ні еў, мне ўсё здавалася мала: голад быў неспатольны. Божачкі, чаму мне ўсё мала! У сваёй прагнасці я ледзьве не з’еў апошні піражок, які з самага пачатку вырашыў зберагчы для хлопчыка з вуліцы Вогнмансгатэн — для таго малога, якому рудабароды тады плюнуў на галаву. Я раз-пораз успамінаў пра яго, не мог забыцца, які ў яго быў выраз твару тады, калі ён ускочыў і заплакаў, а потым пачаў лаяцца. Калі на яго плюнулі, ён павярнуўся да майго акна, каб паглядзець, ці не смяюся я з яго. Бог ведае, ці ўдасца мне яго цяпер знайсці! Я спяшаўся дабрацца да Вогнмансгатэн, мінуў месца, дзе парваў рукапіс сваёй п’есы і дзе яшчэ валяліся шматкі паперы, абышоў бокам паліцыянта, якога я перад тым гэтак здзівіў сваімі паводзінамі, і нарэшце апынуўся каля тых дзвярэй, дзе раніцай сядзеў хлопчык.
Яго не было. Вуліца была амаль пустая. Ужо сутонела, і хлопчыка знайсці не ўдалося; напэўна, ён сышоў дадому. Я асцярожна паклаў піражок на зямлю, каля самага парога, гучна пастукаўся і адразу ж кінуўся наўцёкі. «Ён, вядома, знойдзе піражок! — сказаў я самому сабе. — Як толькі выйдзе з дому, дык адразу і знойдзе!» I ад радасці, што тое малое знойдзе піражок, я адчуў, як у мяне на вачах выступілі слёзы.
Я зноў выйшаў да прыстані.
Цяпер я ўжо не быў галодны, але ад салодкіх піражкоў мяне пачало ванітаваць. У галаве зноў пракідаліся самыя недарэчныя думкі: а што, калі я непрыкметна перарэжу ліны, якімі прышвартаваныя ўсе гэтыя караблі? Што, калі я раптам закрычу: «Пажар»? Я пайшоў далей уздоўж прыстані, знайшоў там скрыню, сеў, скрыжаваў рукі на грудзях, і адчуў, што думкі ў маёй галаве блытаюцца ўсё мацней і мацней. Я сяджу нерухома і ўжо не намагаюся трымаць сваё тулава старчма.
Я гляджу на «Капэгара», барку пад расійскім сцягам. Я бачу каля бліжэйшых да задняй палубы парэнчаў нейкага чалавека; чырвоныя ліхтары з левага борта асвятляюць яго твар, я ўстаю і загаворваю з ім. Папраўдзе, я не збіраўся распачынаць з ім размову і не чакаў аніякага адказу. Я сказаў:
— Вы адплываеце сёння ўвечары, капітан?
— Адплываем у найбліжэйшы час, — адказаў ён.
Ён гаварыў па-шведску.
«Відаць, гэта фін», —думаю я.
— Гм! А ці не патрэбен вам матрос?
У гэтай хвілі мяне абсалютна не цікавіла, адкажа ён адмовай ці згодаю: яго адказ не меў для мяне ніякага значэння. Я глядзеў на яго і чакаў.
— He, — адказаў ён. — Вось юнгу я, мабыць, узяў бы.
Юнгу! Я здрыгануўся, непрыкметна зняў акуляры, схаваў іх у кішэню і падняўся трапам на палубу.
— Мне не даводзілася плаваць на караблях, але я магу рабіць усё, што скажаце, — сказаўя. — Куды вы ідзяце?
— Спачатку ў Лідс, там возьмем вугаль і пойдзем у Кадыкс.
— Добра, — сказаўя і пачаў угаворваць яго ўзяць мяне. — Мне ўсё роўна, куды плыць. Я будудобра працаваць.
Пэўны час ён разглядаў мяне, нешта сабе прыгадваючы.
— Дык ты яшчэ не быў у плаванні? — спытаў ён.
— He. Але, кажу вам, дайце мне працу, і я ўсё зраблю. Я чалавек спрактыкаваны.
Ён зноўку задумаўся. А я ўжо звыкся з думкаю аб плаванні і баяўся, што мяне выганяць на сушу.
— Дык як жа, капітан? — спытаўся я нарэшце. — Паверце, я гатовы рабіць любую працу. Ды што казаць! Я буду апошнім нягоднікам, калі не буду вылузвацца са скуры, каб толькі вам дагадзіць. Я гатовы, калі трэба, стаяць па дзве вахты запар. Мне гэта толькі на карысць, я такія рэчы люблю.
— Ну што ж, паспрабуем, — сказаў ён, злёгку ўсміхнуўшыся пры маіх апошніх словах. — А ў выпадку чаго ў Англіі можна будзе і развітацца.
— Зразумела! — адказаў я ўзрадавана. I паўтарыў услед за ім, што ў выпадку чаго ў Англіі мы можам развітацца.
I ён даў мне працу...
Калі мы выйшлі ў ф’ёрд, я выпрастаў спіну, увесь змоклы ад гарачкі ды ўтомы, прыгледзеўся да берага і нарэшце развітаўся з горадам Хрысціяніяй, дзе ў вокнах у велізарнай колькасці ўжо запаліліся зыркія агні.
Пераклаў Лявон Баршчэўскі
Пан
Раман
I
У апошнія дні я не перастаю думаць пра бясконцы палярны дзень у Нурлане. Я проста сяджу і думаю пра яго, і пра хату, дзе я жыў, і пра лес за хатай, і вось я пачынаю пісаць, каб неяк прабавіць час. Час ідзе марудна, я ніяк не здолею яго прыспешыць, хоць мне гэта не трэба, бо жыццё я вяду сапраўды прыемнае. Я бадай што ўсім задаволены, а што мне трыццаць гадоў — ну які гэта ўзрост. Некалькі дзён таму я атрымаў поштай два піушыныя пяры, атрымаў здалёк, ад чалавека, які і не павінен быў мне іх прысылаць, два зялёныя пяры пад сургучам з адбіткам кароны. Мне падабалася разглядаць гэтыя два па-чартоўску зялёныя птушыныя пяры. А так мяне нічога не трывожыць, хіба што рэўматызм у левай назе пасля кулявой раны, якая даўно загаілася.