• Газеты, часопісы і г.д.
  • Голад  Кнут Гамсун

    Голад

    Кнут Гамсун

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 364с.
    Мінск 2017
    97.03 МБ
    Цішыня.
    Я ўвесь дрыжу ад хвалявання і пакут, я не рухаюся з месца і ўсё шапчу праклёны і словы лаянкі, усхліпваючы і горка
    рыдаючы, разбіты і знясілены вар’яцкім прыступам лютасці. Ах, усё гэта кніжныя размовы, нават у сваёй нікчэмнасці я намагаюся выказвацца прыгожа. Я стаю каля брамы не менш як паўгадзіны, і шапчу, і ўсхліпваю, абшчапіўшы слуп. Раптам я чую галасы, двое прахожых набліжаюцца да мяне, пра штосьці размаўляючы. Адскочыўшы ад брамы, я шыбую ўздоўж дамоў і зноў выходжу на асветленыя вуліцы. Калі я спускаюся з Янгавага ўзвышша, у маёй галаве раптам пачынаюць рабіцца вельмі дзіўныя рэчы. Мне пачынае здавацца, што тыя ўбогія халупы на ўскрайку Вялікага рынку, халабуды і старыя сховішчы ўжыванага адзення тут усё дарэшты псуюць. Яны псуюць плошчу, нявечаць увесь горад, — цьху, далоў гэтыя руіны! Я стаў падлічваць у галаве, ці шмат спатрэбілася б выдаткаў, каб перанесці сюды Геаграфічны інстытут, прыгожы будынак, які заўсёды захапляў мяне, калі я праходзіў побач. Мабыць, узяцца за такую справу немагчыма без капіталу памерам у семдзесят ці нават у семдзесят дзве тысячы крон, — кругленькая сума, не жартачкі, прыстойны капітальчык як на пачатак, ха-ха. Галава ў мяне была цяжкая-цяжкая, калі я кіўнуў, пацвярджаючы, што як на пачатак, дык гэта прыстойны капітальчык. Мяне ўсё так жа калаціла, і час ад часу, наплакаўшыся, я яшчэ ўсхліпваў.
    У мяне было такое пачуццё, што жыццё амаль пакінула мяне і песенька мая адспяваная. Але гэта было мне, папраўдзе, абыякава, гэта ніколькі мяне не турбавала. Наадварот, я ішоў праз горад, да порта, усё больш аддаляючыся ад свайго жытла. Я мог бы легчы проста на вуліцы і памерці. Ад пакутаў я стаў зусім абыякавым; скалечаныя пальцы на назе смылелі; мне здавалася нават, што боль распаўсюдзіўся ўгару, аж да самага сцягна, але і гэта не надта мяне трывожыла. Я перажыў куды горшыя пакуты.
    I вось я выйшаў да чыгуначнага моста. Тут не было аніякага руху, аніякай гаманы; толькі зрэдку трапляліся людзі — рыбак або матрос — з рукамі ў кішэнях. Я звярнуў увагу на кульгавага чалавека, які пільна паглядзеў на мяне, калі мы з ім зраўняліся. Я міжволі спыніў яго, прыўзняў капялюш і спытаў, ці не ведае ён, адплыла «Манашка» або не. Пры гэтым я не ўтрымаўся, пстрыкнуў пальцамі перад самым носам у яго і прамовіў:
    — Чорт пабірай, «Манашка»! Бо я зусім забыўся пра яе!
    Усё ж такі думка пра гэты карабель сядзела ў маёй падсвядомасці.
    — Ну, вядома, яна адплыла.
    — А ці не маглі б вы мне сказаць, куды?
    Ён задумаўся, прыпадняўшы кульгавую нагу і ледзь калываючы ёю.
    — He, — кажа ён. — А вам вядома, які ён браў груз?
    — He, — адказваю я.
    Але тым часам я ўжо забыўся пра «Манашку» і запытаў кульгавага наконт адлегласці да Хольместрана, калі лічыць па-старому, на геаграфічныя мілі.
    — Да Хольместрана? Ну, недзе...
    — Або да Веблунгснеса?
    — Дык вось, я мяркую: да Хольместрана, можа быць...
    — Паслухайце, каб не забыцца, — зноў перабіваю я яго. — Ці не далі б вы мне ласкава тытуню, зусім малы драбок?
    Атрымаўшы тытунь, я горача падзякаваў яму і сышоў. Тытунём я так і не скарыстаўся, а тут жа запхнуў яго ў кішэню. Кульгавы глядзеў мне ўслед — магчыма, я нечым выклікаў у яго падазрэнне; ідучы далей ці спыняючыся, я адчуваў на сабе яго падазроны позірк, і мне не падабалася, што гэты чалавек усё глядзіць у мой бок. Я павярнуўся, зноў падышоў да яго, паглядзеў на яго і сказаў:
    — Ігольшчык.
    Толькі адно гэтае слова: ігольшчык. He больш за тое. Кажучы гэта, я пільна ўглядаўся ў яго, я адчуваў, які жудасны мой позірк — як бы я глядзеў на яго з таго свету. Вымавіўшы гэтае слова, я нейкую хвіліну стаю на месцы. Потым зноў клыпаю да Вакзальнай плошчы. Кульгавы не выціснуў ні гуку, адно не адводзіў ад мяне вачэй.
    Ігольшчык? Я раптам спыніўся. Як жа я адразу не дапяў? Бо я ўжо сустракаў гэтага калеку. На вуліцы Грэнсэн, ясным раннем: я тады аддаўу заклад камізэльку. Мне здавалася, што з таго дня прайшла цэлая вечнасць.
    Я стаю і разважаю пра гэта, стаю, прыхінуўшыся да сцяны дома на рагу рынку і Партовай вуліцы — і раптам ўздрыгваю, спрабую схавацца. Але ў мяне гэта не атрымліваецца, і тады, за-
    быўшыся на ўсялякі сорам, я падымаю галаву, бо нічога іншага мне не застаецца, — і аказваюся твар у твар з Камандорам.
    Невядома адкуль у мяне бярэцца дзёрзкасць, але я нават адыходжу на крок ад сцяны, каб ён мог лепей разгледзець мяне. I я раблю гэта не дзеля таго, каб абудзіць у ім спачуванне, — я хачу сябе прынізіць, паставіць сябе да ганебнага слупа; тады я гатовы быў зваліцца на зямлю і прасіць Камандора растаптаць мяне, наступіць нагою мне на твар. Я нават не сказаўяму «добры вечар».
    Камандор, відаць, здагадаўся, што са мной нешта не так: ён запаволіў крокі, а я, каб спыніць яго, кажу:
    — Я хацеў прынесці вам сёе-тое, але ўсё ніяк не скончу...
    — Вось як? — з сумневам у голасе кажа ён. — Значыцца, вы яшчэ не скончылі?
    — He, ніяк вось не скончу.
    Я адчуваю прыязнае стаўленне з боку Камандора, і вочы мае напаўняюцца слязьмі; я адхаркваюся і надрыўна кашляю, імкнучыся ўзяць сябе ў рукі. Камандор сапе і пільна глядзіць на мяне.
    — А ці ёсць у вас на што жыць? — пытаецца ён.
    — He, — адказваю я. — У мяне нічога няма. Я сёння зусім нічога не еў, але...
    — Бог з вамі, дружа, ці можна дапусціць, каб вы паміралі з голаду! — кажа ён. I адразу пачынае мацаць у кішэні.
    Але тут ува мне прачынаецца сорам, я, хістаючыся, зноў адыходжу да сцяны і хапаюся за яе; я гляджу, як Камандор корпаецца ў кашальку, і маўчу. Ён працягвае мне дзесяць крон. He разважаючы, ён проста так дае мне дзесяць крон. Пры гэтым ён паўтарае, што немагчыма дапусціць, каб я паміраў з голаду.
    Я, запінаючыся, спрабую адмовіцца і не адразу бяру купюру.
    —Мне, далібог, сорамна... і, акрамя таго,тутзанадта шмат...
    — Бярыце хутчэй! — кажа ён і глядзіць на гадзіннік. — Мне трэба на цягнік, і я чую, што ён ужо падыходзіць.
    Я ўзяў грошы, знямелы ад радасці, і не сказаў болып ні слова, нават не падзякаваў яму.
    — He саромцеся, — кажа Камандор на развітанне. — Бо вы ж можаце адпрацаваць.
    I ён пайшоў.
    Гледзячы яму ўслед, я раптам успомніў, што не паспеў падзякаваць яму за дапамогу. Я хацеў дагнаць яго, ал е не мог скрануцца з месца: ногі адмаўляліся мне служыць, я пачаў валіцца набок на кожным кроку. А ён адыходзіў усё далей і далей. Я не пайшоў за ім, хацеў паклікаць яго, але не адразу наважыўся; і калі я нарэшце ўсё ж такі набраўся смеласці і паклікаў яго раз, потым другі, ён адышоўужо далёка, а голас мой быў занадта слабы.
    Я застаўся на вуліцы, глядзеў яму ўслед і ціха-ціха плакаў.
    «Такога са мною яшчэ ніколі не было! — сказаў я сам сабе. — Ён даў мне цэлыя дзесяць крон!»
    Я стаў на тое самае месца, дзе перад тым стаяў ён, і пачаў паўтараць усе яго рухі. I я паднёс купюру да вачэй, мокрых ад слёз, агледзеў яе з абодвух бакоў і пакляўся — гучна, голасна пакляўся, — што гэта праўда, і ў мяне ў руцэ дзесяць крон.
    Праз пэўны час — магчыма, прайшло зусім нямала часу, бо наўкол зрабілася зусім ціха, — я нечакана апынуўся на Томтэгатэн, каля дома нумар адзінаццаць. Якраз тут я падмануў рамізніка, які мяне вазіў; тут жа, нікім не заўважаны, я прайшоў цераз двор на іншую вуліцу. Я пастаяў трохі, ачомаўся і, дзівячыся сабе, зноў зайшоў у браму і рушыў проста ў «Пансіянат для прыезджых». Тут я папрасіўся на начлег, і мне адразу ж далі ложак.
    Аўторак.
    Сонечнае святло і цішыня, дзень надзіва ясны. Снег растаў; усюды ажыўленне, весялосць, радасныя твары, усмешкі і рогат. Над фантанамі рэзка ўгору ўзнімаюцца вадзяныя бруі, залацістыя ад сонца, блакітнаватыя ад нябеснай сіні...
    Недзе прыкладна апоўдні я выйшаў з будынка на Томтэгатэн, дзе я цяпер жыў у дастатку дзякуючы дзесяці кронам, атрыманым ад Камандора, і адправіўся ў горад. Я быў у гуморы і да вечара блукаў па самых ажыўленых вуліцах, разглядаючы стракаты натоўп. Задоўга да сямі вечара я прайшоўся да плошчы Святога Улафа і краем вока зірнуў на вокны ў доме нумар два. Праз гадзіну я ўбачу яе! У мяне займала дых. Што будзе? Што я ёй скажу, калі яна спусціцца сходамі? Добры вечар, фрэкен? Ці проста ўсміхнуся? Я вырашыў абмежавацца ўсмешкаю. Зразумела, што я ёй нізка пакланюся.
    Я сышоў з плошчы, трохі саромеючыся, што з’явіўся там гэтак рана, стаў блукаць па вуліцы Карла Юхана, амаль не спу-
    скаючы вачэй з гадзінніка на будынку ўніверсітэта. А восьмай я зноў павярнуў на Універсітэцкую вуліцу. Па дарозе я зразумеў, што спазняюся, і паскорыў хаду. Моцна балела нага, — калі б не гэта, я быў бы зусім шчаслівы.
    Каля фантана я спыніўся, каб перавесці дых; я доўга стаяў там і глядзеў на вокны дома нумар два, але яна не з’яўлялася. Што ж, я магу пачакаць: спяшацца мне няма куды, а яе маглі затрымаць. I я чакаў. Але ці не прыснілася мне ўсё гэта? Можа быць, я проста ўявіў мінулую сустрэчу, бо ўсю ноч праляжаў у трызненні? У нерашучасці я пачаў разважаць пра гэта, і мяне адольвалі сумневы.
    — Гм!
    Нехта кашлянуў у мяне за спінаю.
    Я чую гэты кашаль, чую таксама лёгкія крокі, але не паварочваюся, а ўважліва гляджу на шырокія сходы.
    — Добры вечар! — чую я знаёмы голас.
    Я забываю ўсміхнуцца і нават не адразу здымаю капялюш, — гэтак я здзіўлены, што яна прыйшла з таго боку.
    — Вы доўга чакалі? — пытаецца яна, часта дыхаючы.
    — He, выбачайце, я прыйшоў зусім нядаўна, — адказаў я. — Ды, акрамя таго, ці тое вялікая бяда, калі мне і давялося трошкі пачакаць? Зрэшты, я думаў, што вы прыйдзеце з іншага боку.
    — Я праводзіла маму: яе сёння запрасілі ў госці.
    — Вось як! — кажу я.
    I мы ідзем. Паліцыянт, які стаіць на рагу вуліцы, глядзіць на нас.
    —Але куды мы збіраемся ісці? — пытаецца яна і спыняецца.
    — Куды вам будзе заўгодна.
    — Ах, але ж гэта так сумна — выбіраць самой.
    Паўза.
    Потым я кажу, абы што-небудзь сказаць:
    — Я бачу, у вас у вокнах цёмна.
    — Ну, вядома! — ажывіўшыся, адказвае яна. — Пакаёўка адпрасілася і сышла. У нас нікога няма.
    Мы спыняемся і глядзім на вокны дома нумар два, нібы ніколі іх раней не бачылі.
    — У такім выпадку, ці не пайсці да вас? — кажу я. — Калі дазволіце, я пасяджу каля дзвярэй...
    Я ўвесь дрыжаў і вельмі пашкадаваў, што дазволіў сабе такую смеласць. Што, калі яна пакрыўдзіцца і сыдзе? Што, калі я не ўбачу яе больш? Ах, гэтая мая ніякая вопратка! Я са страхам чакаў адказу.