• Газеты, часопісы і г.д.
  • Горадня Аповяды з гісторыі горада (сярэдзіна 16 - канец 18 ст.) Вячаслаў Швед, Алесь Госцеў

    Горадня

    Аповяды з гісторыі горада (сярэдзіна 16 - канец 18 ст.)
    Вячаслаў Швед, Алесь Госцеў

    Памер: 140с.
    Гародня 1997
    89.15 МБ
    
    123
    
    мову і якабінскай канстытуцыі на нямецкую і англійскую мовы. Вось такі яскравы і незвычайны чалавек (наяўны і патэнцыяльны) з’явіўся ў лістападзе 1784 года ў нашым горадзе. Хутчэй за ўсё, гэта было пад час яго пераезду з Каселя ў Вільню.
       Першае, на што звярнуў сваю ўвагу Форстэр, трапіўшы ў Гродна, быў мост праз Нёман. Навуковец адзначыў яго добры стан і тое, што за пераезд па мосце бралі плату ў два злотыя (як і ў Варшаве). Зацікавіла яго і гісторыя дзвюх зубрыц, якіх якраз злавілі непадалёку ад Гродна. Ён пайшоў паглядзець на іх і не прамінуў занатаваць у свой “Дзённік”: “У іх маленькія кароткія рогі, загнутыя ў сярэдзіну. Самкі не дужа высокія. Бык, якога ўпусцілі да іх, быў тут жа імі забіты. Зверху ў іх нешта накшталт гарба. Пахнуць мускусам”.
       У горадзе Форстэр заўважае, што гарадскія дамы выглядаюць прыстойней за вясковыя, але і ў іх адчуваеш сябе няўтульна. Вось як падаюць яго ўражанні аўтары кнігі “Шляхі вялі праз Беларусь”: “Забалочаная вуліца вядзе “паўз домікі часткова драўляныя, часткова мураваныя, якія часам выглядалі прыгожа, а часам кепска”. Усе яны запоўнены ў сувязі з шляхецкім сеймам. Кватэру для Форстэра знаходзяць ажно ў Старым замку дзякуючы рэкамендацыі самаго графа Храптовіча. Але і ў замку ўсё запушчана, абшчарпана. “Мой пакой, - іранізуе Форстэр, - быў прасторны, ды з бруднымі сценамі. Дзве табурэціны, ложак і стол - вось і ўся мэбля. Паколькі акно майго пакоя павінна было асвятляць падлогу, што знаходзілася над пакоем, дзе я жыў, столь была спераду скарочана, так што зверху ўсё было чутна і нават можна было агледзець мой стол. I гэта вялікае шчасце, што ў такім нішчымным горадзе ўдалося дастаць такі добры пакой”. Бытавыя ўмовы ў Гродне настолькі сапсавалі настрой Форстэру, што нават спектаклі гродзенскага тэатра ён успрыняў дваіста: “Давалі “Баль”, оперу-буфа* , скампанаваную кімсьці з капельмейстараў школы Паізіела (Д.Чымароза - аўт.)**. Змест вельмі абсурдны, музыка банальная, а выкананне дрэннае. Пані Бакарэла, прымадонна, зносна праспявала арыю. Панна Сгаравіні прыгожая, але не больш. Пасля быў балет, дзе здавалася, што пані Шваб танцавала, мусіць, лепш, чым у Каселі”.
       Праз некалькі дзён: “Яшчэ раз глядзеў “Баль” з музыкай Чамарозы. Бакарэла спявае вельмі добра. У балеце “Статуя Пігмаліёна” вельмі прыгожатанцавала пані Шваб”. Нарэшце, перад ад’ездам з Гродна, Форстэр у трэці раз ідзе ў тэатр, не шкадуе сем злотых за білет, каб яшчэ раз паслухаць Бакарэла і пабачыць у танцы Шваб. 16 лістапада 1784 года Форстэр пакідаў Гродна. 1 зноў не без прыгодаў. Дамовіўшыся з карчмарамі, што яны за 200 злотых польскіх завязуць яго ў Вільню, ён прачакаў іх з сямі да паловы дзевятай гадзіны раніцы. Яшчэ дзве гадзіны яны рамантавалі вупраж. Нарэшце выбраліся: “Хаця яны мелі пяць коней, аднак не ставала сёдлаў, таму коні былі запрэжаны ў адзін рад. Воз амаль не пасоўваўся наперад, бо коні былі не толькі ніжэйшыя за звычайных аслоў, але, звыш таго,
    
    * Ад італ. - камічная опера; італьянская разнавіднасц-ь камічнай оперы; склалася ў 1770-х гг.
    
    * * Чымароза Дамініка (1749-1801), ураджэнец Аверса (каля Неапаля), італьянскі кампазітар.
    
    Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў оперы-буфа. Жыў у Неапалі, Пецербурзе (1787-91), Вене (1792), зноў у Неапалі (з 1793).
    
    124
    
    такія мізэрныя, змучаныя і пакрытыя каростай, што мая надзея дабрацца з іх дапамогай да Вільні зусім развеялася. Лейцы ўвесь час рваліся, коней перапрагалі, яшчэ не знікла з вачэй Гродна, а ўжо між карчмарамі пачалася калатэча, якая працягвалася ўвесь час нашай супольнай язды. Адзін папракаў другога, што беражэ сваіх коней, паганяе каня супольніка”.
       Як бачым, кругасветнага падарожніка, дзякуючы яго прыроджанаму пачуццю гумару, цяжка чымсь’ці здзівіць ці надоўга выбіць з раўнавагі. Таксама яму не адмовіш у тонкай псіхалагічнай назіральнасці, якая шмат чаго дае да вобразу нашага - не зважаючы ні на што - цудоўнага горада. А цікаўны і дапытлівы чытач мае магчымасць параўнаць шматлікія ўражанні тагачасных карэспандэнтаў і спалучыць іх у адзіны ўласны вобраз Гродна сярэдзіны XVI - канца XVIII стагоддзяў.
       Аднак далучым да іх яшчэ ўражанні падарожнікаў пачатку 1790-х гадоў. У 1792 годзе г. Гродна наведалі Альфонс Фарсья дэ Піль і Пьер Мары Буажэлен дэ Кердзю. Да гэтага часу ад “квітнеючай Галандыі”, у якую імкнуўся пераўтварыць Горадню (і фактычна дасягнуў сваёй мэты, але каму гэта было патрэбна?) Антоні Тызенгаўз, мала што засталося.
       Французскія падарожнікі з задавальненнем адзначылі гасцінны двор і дамы нямецкіх купцоў, якім па Нёмане дастаўлялі тавары з Прыбалтыкі. Такая вузка-канкрэтная засяроджанасць, канешне, не беспадстаўна і пэўным чынам характарызуе саміх “карэспандэнтаў”.
       На наступны год, вельмі верагодна, што менавіта напярэдадні адкрыцця апошняга сейма Рэчы Паспалітай (а гэта значыць у сярэдзіне чэрвеня 1793 г.) у Гродна, праездам з Рыгі ў Варшаву пабываў Яўхім Крыштоф Фрыдрых Шульц. Трыццацігадоваму нямецкаму падарожніку Гродна падаўся горадам кантрастаў: “Від на яго з наваколляў даволі прыгожы...мноства касцёлаў з вежамі, значная колькасць збудаваных у новым гусце (класіцызму - аўт.) палацаў і дамоў, але яны вельмі раскіданыя і не глядзяцца на чорным фоне драўляных халупаў, што складаюць асноўную частку горада. У пэўным аддаленні ад горада я заўважыў значную колькасць гармат, нацэленых у яго кірунку, што, на жаль тлумачылася сеймікам (дзіўная знявага генеральнага сейма Рэчы Паспалітай - А.Г.), які неўзабаве меўся сабрацца. Уезд у горад, досыць пышны, аздабляюць каралеўскі замак і мноства панскіх дамоў, што стаяць тут у цеснаце. Мінуўшы іх, дабіраешся да новага моцнага маста і цэнтра горада, і тут кожнаму вельмі яскрава кідаецца ў вочы кантраст у забудове, агульны для ўсіх больш значных гарадоў Польшчы (гэта значыць Рэчы Паспалітай,- аўт.), дзе самыя розныя будынкі сабраны дзіўным чынам. Побач з адным прыстойным домам узносяцца дзве, або тры халупы, гатовыя разваліцца, за імі палац, далей касцёл - і ўсё гэта злучана брукам, які ледзь можна назваць гэтым імем, бо пасля найменшага дажджу яго заліваюць струмені балота.”.
       Сапраўднае абурэнне ў Шульца выклікалі кошты за пражыванне і харчаванне (але не забудзем, што ў Гродне збіраўся сейм): “Пакойчык і ложак
    
    125
    
    абыходзіўся дзённа адзін, два і тры дукаты, а ніштаваты абед - восем да дванаццаці польскіх злотых. Аднаконны воз сена каштаваў тры да чатырох дукатаў”.
       Нарэшце, нас чакае кароткае спатканне з апошнім прадстаўніком сучаснікаў гарадзенскіх падзеяў другой паловы XVIII ст. з кагорты вышэйазначаных падарожнікаў. Нашчадак старажытнага курляндскага роду, пасол на гарадзенскі сейм 1793 г. ад Курляндыі барон Генрых-Карл фон Гейкінг трапіў у Гродна (чэрвень 1793), скарыстаўшыся “нанятай павозкай, запрэжанай чацвёркай коней”. Дарэчы, у той час колькасць паштовых коней залежала ад рангу падарожніка. Капітаны, паводле Гейкінга, ездзілі двойкай, палкоўнікі - чацвёркай, генералы - шасцёркай.”. Гродна Гейкінгу не спадабаўся. I не толькі таму, што жыццё тут каштавала задорага (зноў жа, памятаем, пад час сеймаў кошты ў Гродне для прыезджых значна вырасталі) і за кватэру курляндскі пасол плаціў 60 дукатаў. Хутчэй за ўсё не той быў настрой. Пасла яўна турбавала будучыня Рэчы Паспалітай і самой Курляндыі. Вядома, што 15 кастрычніка 1793 г., якраз напярэдадні (16 кастрычніка) зацвярджэння дэпутатамі рашэння аб другім падзеле РП і прыняцці, замест канстытуцыі 3 мая 1791 г„ новай, “Гродзенскай" канстытуцыі, курляндскі пасол Г.К.Гейкінг выступіў на сейме з нотай. Тэкст ноты нам пабачыць пакуль што не давялося, але, мяркуючы па агульным настроі пасла, у ёй быў выказаны пратэст Курляндыі супраць другога падзелу РП. Таму не дзіўна, што ў вачах Гейкінга “замак,у якім жыў кароль, выглядаў запусцелым”. Адзінай уцехай шляхты былі балі, якія даваў “рускі пасол”.
       Дагэтуль нам дапамагалі знаёміцца з уражаннямі пра Гродна нашыя сучаснікі, вядомыя на Беларусі навукоўцы і грамадскія дзеячы Адам Язэпавіч Мальдзіс, Валянцін Пятровіч Грыцкевіч, Фёдар Іванавіч Ігнатовіч. Дапамагалі як сваімі друкаванымі працамі, так і асабістымі парадамі і заўвагамі, за што ім дзякую.
       А зараз давайце звернемся да трошкі незвычайнага для нашага артыкула “сведкі”. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1924 г., знакаміты польскі пісьменнік Уладзіслаў Рэймант напісаў раман “Апошні сейм Рэчы Паспалітай” (1913 г.) -першы раман з трылогіі пад агульнай назвай ‘Тод 1794” (1913, 1916).
       У згаданым рамане акрамя шматлікіх гістарычных асобаў. ёсць яшчэ адна - наш горад Гродна. Паспрабуем прааналізаваць вобраз гэтага героя рамана Рэйманта (праўда, карыстацца будзем выданнем на рускай мове, перакладаючы патрэбныя цытаты на беларускую, памятаючы пры гэтым, што мова арыгіналу - польская). Усе падзеі рамана адбываюцца ў Гродна і наваколлі: Ласосна, Пышкі, Станіславова, падчас працы сейма (17 чэрвеня - 23 лістапада 1793 г.). He, я ўсё-такі адважуся назваць горад Гродна галоўным героем рамана, бо з першага і да апошняга слова гэтага цудоўнага твора мастацкай гістарычнай прозы Рэйманта Гродна прысутнічае як фізічна (пастаянныя апісанні яго знешняга вобліку: вуліцаў, плошчаў, паркаў, асобных дамоў і палацаў, насельніцтва), так і эмацыянальна (горад актыўна рэагуе на разгортванне падзеяў; асабліва гэта адчуваецца праз характэрныя апісанні вечара, ночы, раніцы, дня у самім горадзе). Давайце спачатку проста заўважым і запомнім, што фразы, якімі пачынаецца і заканчваецца раман нібы
    
    126
    
    магутнымі, з яўным сімвалічным прызначэннем, аковамі сцягваюць увесь тэкст рамана ў адну трывалую суцэльнасць. Вось гэтыя аковы: “Вечарэла. Ноч набліжалася спякотная, таміцельна душная, ціхая, калі над Батанічным садам на Гарадніцы ўзвілася ракета, якая пёрыстай стралою пранізала цемру ... - ... Паседжанне скончылася а чацвёртай гадзіны раніцы.”
       Неабходна таксама адзначыць, што сюжэтна раман пабудаваны такім чынам, што галоўны герой складаецца з дзвюх, амаль непадзельных частак: чалавека (Север Зарэмба) і горада (Гродна). Атрымоўваецца дзіўнае ўзаемадзеянне чалавека з горадам, горада з чалавекам на працягу ўсяго рамана. I адначасова кожная “састаўная частка” існуе быццам сама па сябе, бо выконвае канкрэтную, уласцівую толькі ёй функцыю. Рэймант пачынае знаёмства с Зарэмбаю і горадам з Гарадніцы. Пачнем з яе і мы: