Игде зродилися иускормлены суть по Бозе  Анатоль Астапенка

Игде зродилися иускормлены суть по Бозе

Анатоль Астапенка
Выдавец:
Памер: 734с.
2010
161.64 МБ
АНАТОЛЬ АСТАПЕНКА
ЙГДЕ ШИЛИСА НбОЭДШЕНЫ СуіЬ ПОБСЗЕ...
АНАТОЛЬ АСТАПЕНКА
ЙГДЕ ШИАИСА ИбСКОЙЛЕНЫ суть П0Б03Е...
ДОСЛЕД БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛІЗМУ
Санкт-Петёрбург “Невский Простор”
УДК 821.161.3-31
ББК 84 (4Беи)-44
Б 30
Астапенка, А.
А 79 Игде зродилися иускормлены суть по Бозе. Дослед беларускага нацыяналізму / Анатоль Астапенка. — Санкт-Петербург: “Невский Простор”, 2010. — 734 с.
ISBN 978-5-94716-225-7.
УДК 821.161.3-31
ББК 84 (4Беи)-44
ISBN978-5-94716-225-7
© Астапенка А., 2010
© Васюк У., вокладка, 2010
Памяці бацъкоу Уладзіміра Іосіфавіча і Наталлі Андрэеўны прысвячаецца
АД АЎТАРА
У 2000 годзе я меў ласку ад Госпада надрукаваць кнігу “Паслухайце нацыяналіста”. Гэта была мая ці не першая спроба шырокага выступления ў друку. Праўда, гэтую кнігу запабягаў шэраг публікацыяў, якія колькі гадоў змяшчаліся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Наша слова”, “Пагоня”, “Выбар”, часопісе “Маладосць”, іншых выданнях.
Выявілася, што маё бачанне нацыянальнай ідэі сугучнае думкам іншых беларусаў, бо я атрымаў шмат добрых водгукаў. Асабліва прыемна ўразіў нечаканы званок ад патрыярха беларускай літаратуры Янкі Брыля, з якім асабістага знаёмства ў мяне не было. Ён даў кнізе станоўчую адзнаку і параіў працягваць даследаванне беларускай нацыянальнай ідэі і нацыяналізму.
Годам раней, у 1999 г., у горадзе Горадна адбылася першая і пакуль што апошняя навукова-практычная канферэнцыя на тэму “Беларуская нацыянальная ідэя” (далей БНІ). Каардынаваў праект будучы кандыдат у прэзідэнты, а тады старшыня Горадзенскага выканкома Сямён Домаш. На канферэнцыі я зрабіў два даклады ў секцыі “Хрысціянства і БНІ”. Дыяпазон шуканняў нацыянальнай ідэі беларусаў быў вельмі шырокі. Пазней выйшла ёмістая кніга, зборнік матэрыялаў канферэнцыі, пад назвай “Бела­руская нацыянальная ідэя”.
Хоць я быў удзельнікам толькі адной секцыі, мне і тады, і пазней шмат чаго хацелася сказаць па іншых аспектах БНІ. Мажлівасць выступаць перад аўдыторыяй, якая вывучае беларускую нацыянальную ідэю з пазіцый сучаснай навукі, давалі канфе-
рэнцыі Навукова-асветніцкага цэнтра імя Францішка Скарыны. У 90-я гады XX стагоддзя я рэгулярна выступаў на канферэнцыях Цэнтра, іншых навуковых форумах. Такім парадкам, мае даследаванні беларускага нацыяналізму і блізкіх да яго тэмаў сталі набываць і, здаецца, набылі навуковы характар. У шэрагу дзяржаўных, гэтак званых “рэцэнзаваных”, выданняў з’явіліся мае артыкулы1. Урэшце, у 2004 годзе ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла мая манаграфія “Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце”. Такая нейтральная, і разам з тым глабальная тэма гэтай манаграфіі дазваляла, на думку майго навуковага кансультанта, прайсці бар’еры ВАКаўскае цэнзуры пры абароне доктарскай дысертацыі. Аднак і гэтага было замала для “трыумфальнага ўваходжання ў беларускую палітычную навуку”. Замала з іншых важкіх прычынаў, сярод якіх і нястача адпаведнай спецыяльнасці ў рэестры беларускіх Навуковых Саветаў палітычных навук.
Далей я надумаў не траціць часу на тупіковы шлях “развіцця беларускай дзяржаўнай ідэалогіі” (бо беларуская нацыянальная ідэя галоўны складнік гэ­тай “ідэалогіі”), а засяродзіць усю ўвагу на сваім галоўным прадмеце беларускім нацыяналізме, каб падрыхтаваць кнігу пра нацыянальную ідэю. I ўжо не “ўва ўсім свеце”, як у папярэдняй манаграфіі, а кнігу пра існасць нацыянальнай ідэі і аспекты яе праяўлення ў нашым, беларускім, свеце. Каб не залежаць ад рамак навуковых артыкулаў ды кніг, каб мець адначасова шырэйшую чытацкую аўдыторыю выбраў знаёмы мне жанр публіцыстыкі, але та­кой, якая грунтуецца на палітычнай, гістарычнай і філасофскай навуцы.
1 Асаблівасці нацыяналізму ў еўрапейскім кантэксце // Веснік БДУ. Серия 3. Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка, права. 2000, № 3; Неадназначнасць паняццяў нацыяналізм і фашизм у дискурсе сучасных ідэалогій // Весці Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Се­рия гуманітарных навук. 2003. № 1.
Дазволю тут сабе невялікае адступленне. Мой сябра, выдатны матэматык Слава Ружанскі, неяк надумаўся зрабіць пераварот у навуцы стварыць тэорыю распазнавання гукаў, каб потым яе практыкаваць пры канструяванні спецыяльных прылад. Скажам, для тых, хто не мае змогі вольна авалодаць гэтымі гукамі, а можа стасавацца з іншымі толькі праз кампутар. Але ў майго сябры быў адзін дзіўны прынцып: не азірацца на зробленае іншымі і ўсё рабіць з нуля. Адным словам, ён рабіў згодна з прынцыпам “адкрыцця ровара”. Праз колькі гадоў працы Славу чакала жорсткае расчараванне цэлыя інстытуты ўжо даўно працавалі над праблемай распазнавання гукаў і ў выніку вынайшлі патрэбныя прыборы. Мала таго, такія прыборы ўжо паступілі ў серыйны выпуск!
Дык я не стаў “адкрываць ровара”. Я правёў досыць грунтоўны агляд адпаведнай літаратуры, прааналізаваў яе і тое-сёе выкарыстаў пры фармаванні свайго пагляду на беларускі нацыяналізм.
Адразу скажу пра свае агульнае ўражанне ад знаёмства з нашай літаратурай на гэтую тэму: яно досыць-такі сумнае, калі не адмоўнае. Тэорыі беларускага нацыяналізму і беларускай нацыянальнай ідэі няма. Агульная тэорыя, дактрына нацыяналізму ў сусветнай навуцы ёсць. Існуе вельмі разгалінаваная дактрына рускага нацыяналізму. Мы маем кнігі і нават падручнікі польскай, украінскай нацыяналь­най ідэі. Пра беларускі нацыяналізм сказана вобмаль. А ў тым, што ёсць, часам, апрача тучных назоваў, няма аніякай сур’ёзнай інфармацыі. Паказальная ў гэтым плане кніга Валера Булгакава “Псторыя беларускага нацыяналізму”, дзе гаворыцца пра што хочаш, толькі не пра беларускі нацыяналізм. Шэраг аўтараў (Валянцін Акудовіч, Пётра Рудкоўскі, Алесь Смалянчук, Сяргей Дубавец, інш.), што гуртуюцца вакол часопіса “ARCHE”, дзе галоўным рэдактарам той самы Валер Булгакаў, наперабой пішуць і пішуць пра беларусаў ды пра беларускую нацыю. Яны нават увялі для абазначэння свайго гуртка асобны тэрмін -
“Беларуская інтэлектуальная прастора”! Але зноўтакі як мала там беларускага духу і як далёка гэтыя маладыя, і не зусім маладыя, “інтэлектуалы” ад разумения існасці беларускага нацыяналізму. Больш сур’ёзнымі ўяўляюцца аўтары сталага пакалення, такія, як Уладзімір Конан, Мікола Крукоўскі, Анатоль Грыцкевіч, Эдуард Дубянецкі, Адам Мальдзіс, Янка Трацяк, іншыя. Аднак ні адзін з гэтых навукоўцаў не прысвяціў беларускаму нацыяналізму адмысловай кнігі ці манаграфіі. Зразумела, за савецкім часам такая тэма была пад забаронай, а дваццацігадовы шлях сучаснай беларускай паліталогіі адносна невялікі тэрмін, каб вылучыць та­кую тэматыку ў асобны навуковы раздзел, асабліва таму, што да гэтай пары тэрмін “нацыяналізм” час­та змешваецца з тэрмінам “фашызм”.
За 90-я гады мінулага стагоддзя і першыя гады XXI ст. трапляліся мне і іншыя аматары напісаць што эпахальнае, на іх пагляд, пра беларускі нацыяналізм надта ж моднай стала гэтая тэма на постсавецкай прасторы. Але ўсе тыя творы не надта сур’ёзныя, каб прымяркоўваць іх да тэкстаў сапраўдных мысляроў кшталту Энтані Сміта ці Самуэля Хантынгтона.
Вось такая карціна сучаснага поля даследаванняў беларускай нацыянальнай ідэі паўстала перада мной у першую дэкаду XXI стагоддзя. Як кажуць, не гус­та. I надумаўся я прааналізаваць усе аспекты бела­рускага нацыяналізму. Як у гістарычным ракурсе, у часе, так і ў прасторы, г. зн. ува ўсіх яго праявах: у палітычны сферы, у культурнай прасторы, у філасофскім дыскурсе, іншых аспектах. Аднак выявілася, што гэтае задание не для аднаго чалавека, а для цэлага інстытута. Нават некалькіх спецыялізаваных інстытутаў. Дык я задумаў напісаць кнігу пра беларускі нацыяналізм гэтак. Па-першае, давялося істотна звузіць кола разгляданых праблем. Прыкладам, выкінуў я вельмі цікавы эканамічны раздзел. Да лепшых часоў пакінутыя цікавыя задумкі пра беларускую музыку і тэатр. Па-другое, відаць, наагул нельга
даць поўнай, дасканалай тэорыі ці канцэпцыі беларускага нацыяналізму. I таму ў гэтай кнізе прапанаваныя толькі першыя абрысы, контуры беларускай нацыянальнай ідэі. Гэта пралегамены, уступныя замалёўкі будучай тэорыі беларускага нацыяналізму.
Колькі слоў пра правапіс. Як лёгка заўважыць, я карыстаюся звычайнай афіцыйнай граматыкай бе­ларускай мовы, што ведамая сярод адраджэнцаў пад здзеклівай мянушкай ’’наркамаўка”. У свой час, яшчэ ў 70-80-я гады XX ст., пад уплывам прачытаных употай забароненых кніг беларускіх нацдэмаў, я пісаў свае дзённікі, якія захаваліся да гэтай пары, іншыя паперы лацінкай. Потым захапленне лацінкай адышло, але затое я пазнаёміўся з тарашкевіцай. Гэта здарылася ў перыяд стварэння БНФ і нацыянальнадэмакратычнай партыі, што датуецца 1989-1990 га­дам! і цягнулася яшчэ колькі гадоў. У тэты перыяд не толькі я, але і ўсе, хто прыйшоў ствараць новую нацыянальна-дэмакратычную Беларусь, карысталіся вылучна тарашкевіцай. Усе дакументы, праграма і статут НДПБ пісаліся гэтым правапісам. Мода захавалася дагэтуль і стала прыкметай пэўнага кола адраджэнцаў, што лічаць сябе “сапраўднымі” беларусамі. Асабіста да мяне прасвятленне прыйшло паступова. Усё вельмі проста: у свой час я вучыўся ў Васілевіцкай беларускай школе, гуляў у цуркі з суседнімі хлапцамі з Дзядка, і паўсюль у нас гучала добрая дыялектная беларуская мова, што, як я по­тым даведаўся, адносіцца да цэнтральных беларускіх гаворак. Дык вось, барані Божа, каб дзе можна было пачуць у нас “клюб” ці “плян” пры вымаўленні такіх ведамых слоў, як “клуб”, “план”. Ужываючы ж гэтак званую тарашкевіцу, я нечакана адчуў сябе здраднікам перад сваёй сапраўднай матчынай васілевіцкай мовай. Я вярнуўся да мовы, якая ведамая не толькі як “наркамаўка”, але і як мова Янкі Купалы і Якуба Коласа, мова нашай магутнай літаратуры, мова маіх бацькоў. Ведама, мяккія знакі гэта мілагучна. I я трохі зайздрошчу тым, хто так піша.
Лічу, што тэрмінова патрэбна рэформа беларускага правапісу і выкарыстанне ўсімі правапісу адзінага. А паралельнае існаванне трох, як мінімум, правапісаў, што назіраецца цяпер, лічу справай ненармальнай.
Адзін ведамы палітычны дзеяч, азнаёміўшыся з першым варыянтам маёй кнігі адзначыў, што ў мяне спалучаюцца розныя стылі некаторыя раздзелы напісаныя як навуковыя артыкулы, а некаторыя як эсэ ці мемуарыстыка, і ён параіў зрабіць альбо некалькі кніг, альбо прывесці тэкст да адзінства. Я выбраў другі варыянт і ў некаторай ступені наблізіў навуковыя тэксты да публіцыстычных, зняўшы большасць спасылак і спрасціўшы выкладанне паасобных ідэй. Аднак потым падумаў: а навошта? Калі некаму будзе нецікава ці цяжка чытаць навуковыя тэксты, то іх можна ў першым чытанні прапусціць і выбраць сабе тое, што болып даспадобы.