• Газеты, часопісы і г.д.
  • Игде зродилися иускормлены суть по Бозе  Анатоль Астапенка

    Игде зродилися иускормлены суть по Бозе

    Анатоль Астапенка

    Памер: 734с.
    2010
    161.64 МБ
    Пасляваенны перыяд
    Вось жа, з 1920-1950-х гг. у выніку шматлікіх рэпрэсіўных акцыяў на момант гарбачоўскай перабудовы — а менавіта з гэтых часоў пачынаецца новы гістарычны працэс у СССР Беларусь падышла амаль што знячоленай, не маючы моцнай нацыянальна сведамай інтэлігенцыі, не маючы ўсведамлення сябе як нацыі і дзяржавы. Дзве хвалі масавага тэрору рэпрэсіі 1930-х гг. і пераслед “нацыяналістаў” пасля 1944 г. далі свае сумныя вынікі.
    На доўгі час нацыянальнае адраджэнне Беларусі прыпынілася. Пачаўся працэс масавай русіфікацыі, працэс закрыцця беларускіх школ і дзіцячых садкоў. Асабліва чынна асіміляцыйныя працэсы ішлі ў 60-х гг. XX ст. у час рэформаў Н. С. Хрушчова з прыняццем курсу на будаванне камунізму на 80-ы год (праз 20 гадоў).
    Аднак асобныя асяродкі незалежнага нацыянальнага беларускага культурнага жыцця перыядычна ўзнікалі. Яны існавалі насуперак магутнаму молаху таталітарнай савецкай сістэмы, насуперак сталінскім рэпрэсіям, насуперак жорсткай цэнзуры, насуперак гэтак званай хрушчоўскай адлізе і брэжнеўскай стагнацыі.
    Сярод такіх асяродкаў я б вылучыў наступныя Акадэмічны асяродак (70-я гг. XX ст.), семінар старабеларускай культуры і навуковыя экспедыцыі гру-
    пы навукоўцаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору разам з навукова-тэхнічнай інтэлігенцыяй (Інстытут фізікі, Інстытут ядзернай энергетыкі і інш.).
    Акадэмічны асяродак
    Маральным лідэрам «Акадэмічнага асяродку», як і іншых нешматлікіх нацыянальных суполак тых гадоў, быў выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Яго творчасцю захапляліся цэлыя пакаленні людзей, і тое, што яго творчасць не віталася ў афіцыйных колах, толькі надавала яму папулярнасці.
    Калі ў 1972-1973 гг. КДБ займалася разгромам патрыятычнага руху ў Украіне, то пры ператрусах і на допытах былі выяўленыя сляды повязяў з Беларуссю у руках КДБ апынулася некалькі лістоў сяброў “Акадэмічнага асяродку” з ацэнай нацыянальнай палітыкі КПСС, а таксама з выкладам планаў каардынацыі супраціву гэтай палітыцы. КДБ шчыльна занялося “Акадэмічным асяродкам”. Летам 1973 г. у Мінску, іншых гарадах Беларусі пачаліся допыты. Сярод удзельнікаў асяродку значыліся А. Каўрус, С. Місько, В. Рабкевіч, М. Чарняўскі, М. Прашковіч, іншыя менш ведамыя асобы.
    Міхась Чарняўскі дачакаўся часоў адноснай дэмакратыі і цяпер добра ведамы ў палітычных і нацыянальна-адраджэнскіх колах. Гэта выдатны археолаг, знаўца і даследнік беларускай нацыянальнай культуры.
    У Міколы Прашковіча лёс быў больш трагічны.
    Нарадзіўся Прашковіч 4 траўня 1932 г., быў ве­дамы як літаратуразнавец, крытык, перакладнік, а таксама як адзін з чынных удзельнікаў нацыянальна-патрыятычнага руху Беларусі ў 1960-я пачатку 1970-х гг. Мікола Прашковіч заўсёды імкнуўся аднавіць гістарычную праўду, раскрыць багацце культурна-гістарычнай і пісьмовай спадчыны беларускага народа, узняць яго нацыянальную самасведамасць на высокі ровень. Ён балюча перажываў за калані-
    яльнае становішча Беларусі ў складзе Савецкага Саюза, асуджаў нацыянальную палітыку кампартыі, татальную русіфікацыю роднага краю, марыў пра сапраўднае нацыянальнае адраджэнне і незалежнасць нашай Бацькаўшчыны. У 1974 г. яго звінавацілі ў беларускім нацыяналізме і звольнілі з працы ў Акадэміі Навук. Стаў беспрацоўным, рабіў грузчикам, карэктарам у часопісе “Родная природа”. У 1982 па стане здароўя пакінуў працу, а 2 лютага 1983 г. загінуў у час пажару на сваёй радзіме.
    Сцяпана Місько, кандидата філалагічных навук, старшага навуковага супрацоўніка таксама ў 1974 г. звольнілі з працы за нацыяналізм.
    Мне давялося пазнаёміцца з ім тады недзе ў дру­гой палове 1970-х гг. з беспрацоўным, але інтэлігентным і разумным чалавекам, з якога можна было б маляваць вобраз сапраўднага беларускага нацыяналіста.
    У чым гэта выяўлялася?
    Першае: Сцяпан Місько быў прадстаўніком старэйшага пакалення, што яшчэ заспела вайну. У юнацкія гады ён спрычыніўся да партызанскага змагання і быў нават узнагароджаны некалькімі ордэнамі і ме­далям!.
    Другое: Сцяпан Місько ніколі не хваліўся гэтымі ўзнагародамі і не імкнуўся нешта за іх мець. Наадварот, ён кляў камуністаў і савецкую ўладу, адкрыта ганарыўся сваім дысідэнцтвам.
    Трэцяе: ён гаварыў заўжды на беларускай мове, і той мове, якая спалучала простую сялянскую гаворку і ўсе каноны літаратурнай мовы. I галоўнае ён, як навуковец, вызначаўся незалежнасцю мыслення, выразнай беларускай нацыянальнай арыентацыяй. Спалучэнне слоў “беларускі нацыяналіст” было для яго не пустым гукам і не брыдкім ярлыком, а найвышэйшай адзнакай чалавека.
    Мне здаецца, што калі б нехта ствараў галерэю беларускіх нацыяналістаў, то Сцяпана Місько трэба было б паставіць на найпачэснейшае месца, калі не на першае.
    У 1977 г., прабадзяўшыся некалькі гадоў ў сістэме савецкага беспрацоўя, Сцяпан Місько “прарваўся” на прыём да самога Пятра Машэрава, з якім яго звязвала партызанскае мінулае. Але, здаецца, з гэтага мерапрыемства нічога добрага не выйшла. У кож­ным разе, на працу ў Акадэмію навук ён так і не патрапіў.
    У 1994 г., калі стваралася Беларуская нацыянальная партыя, Сцяпан адным з першых уступіў у яе шэрагі. Не малую ролю ў гэтым адыграла праграма партыі, прынамсі тое, што там чорным па беламу было напісана: “Мы нацыяналісты”.
    Вось такія людзі спрычыніліся да ўдзелу ў групоўцы, якая пазней атрымала назву “Акадэмічны асяродак”. Ведама, ніякай арганізаванай групоўкі не было, былі проста людзі, якія імкнуліся сказаць нешта сапраўды праўдзівае і патрэбнае нашай нацыі, але, на жаль, непатрэбнае савецкай сістэме.
    Не зважаючы на страшэнны ідэалагічны ўціск ды разгон “Акадэмічнага асяродку”, яго ідэі ў розных праявах працягвалі шырыцца ў Акадэміі навук. Адным з найважнейшых аб’ектаў была старажытная культура Беларусі, якой і паводле планавай праграмы належала займацца акадэмічным інстытутам.
    Семінар і этнаграфічныя экспедыцыі пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР
    У 1972 г. я паступіў у аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР. У тыя гады тэты інстытут быў не толькі цэнтрам фізічнай навукі, але і значным цэнтрам інтэлектуальнай думкі Беларусі. Там, прыкладам, працаваў ведамы і цяпер гуру беларускіх ёгаў, што практыкуюць паводле сістэмы хатха-ёга, загаднік лабараторыі В. Верашчагін. Там працаваў ведамы фізік і апантаны аматар старажытнага беларускага іканапісу Юры Хадыка. Відаць, дзякуючы яму і трапіў я ў асяроддзе не так фізікаў, як людзей, што гадзінамі гаварылі пра скарб беларускага народу, захаваны ў
    шматлікіх абразах, палотнах няведамых майстроў, у паўразбураных будынках цэркваў і касцёлаў, у велічных храмах і саборах.
    Гэтым асяроддзем быў семінар, прысвечаны ста­ражытнай беларускай культуры, створаны на пачатку 1970-х гг. пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Кіравала ім старшы навуковы супрацоўнік, чалавек улюбёны ў сваю справу Вольта Церашчатава. Другой яркай асобай, якая запомнілася мне, “зялёнаму” хлапчуку ў навуцы аб Бела­русь была Элеанора Вецер, ведамы навуковец у галіне старажытнай беларускай культуры. Ну, і само сабою, фізік і мастацтвазнаўца Юры Хадыка.
    Кожны год у часы адпачынку энтузіясты розных інстытутаў выязджалі ў этнаграфічныя экспедыцыі, дзе вывучалі і збіралі помнікі нашай старажытнай культуры: старажытныя абразы, карціны, скульп­туры, іншыя творы няведамых беларускіх майстроў. Потым паводле вынікаў гэтых экспедыцыяў стварылі музей старажытнай беларускай культуры, што месціцца і цяпер у высотным будынку Нацыянальнай Акадэміі навук. На жаль, да экспедыцыяў я тады яшчэ “не дарос”, але семінары любіў наведваць.
    Аплакванне Хрыста, 1794, Пінскі р-н Брэсцкай вобл. Музей старажытнай беларускай культуры.
    Тыя акцыі, сціплыя на першы пагляд, што праводзілі ўдзельнікі этнаграфічных экспедыцыяў пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, сталіся вельмі моцным каталізатарам уздыму цікаўнасці да беларусістыкі ў усіх акадэмічных інстытутах. Найперш успомню Інстытут ядравай энергетыкі, дзе вельмі шмат гуртавалася адукаванай і інтэлектуальнай моладзі. Некаторыя з гэтых людзей, як, скажам, А. Ярашэвіч, потым назаўсёды прафесійна звязалі сваё жыццё з дзейнасцю на ніве старажытнай беларускай культуры. А Ю. Хадыка стаў слынным палітыкам і быў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту.
    Творчы асяродак «На Паддашку»
    Так звалася месца сходаў нацыянальна скіраванай, пераважна мастацкай інтэлігенцыі ў Мінску ў 1960-х першай палове 1980-х гг.
    Назоў “На Паддашку” насіла майстэрня мастака Яўгена Куліка, якая мясцілася пад самым дахам будынка на Ленінскім праспекце ў г. Мінску насупраць будынка КДБ. Тут збіралася апазіцыйна скіраваная беларуская інтэлігенцыя: мастакі Лявон Баразна, Віктар Маркавец і Алесь Марачкін, мастацтвазнаўцы Зянон Пазняк і Генадзь Сокалаў-Кубай, актор Алесь Лабанок, археолаг Міхась Чарняўскі, паэт Алесь Разанаў і іншыя патрыёты Беларусі, якіх цяпер я бы назваў нацыяналістамі.
    Майстэрня, у існасці, была дыскусійным клубам. Тут абмяркоўвалася культурная і грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне. Але тут таксама нараджаліся ідэі і праекты розных акцыяў, што ўжыццяўлялі сябры асяродку.
    Неяк, ранняй вясной 1974 г. трапіў у тое гняздо нацыяналістаў і аўтар гэтых радкоў. Гэтая важная для мяне падзея адбылася дзякуючы актору Алесю Лабанку, які быў адным з першых маіх настаўнікаў навукі пра чароўную краіну Беларусь. Менавіта Ла­банок даў мне першую навуку беларушчыны. Помню,
    як з любасцю і пашанай ён паказваў мне рэдкія беларускія кнігі, нейкія кружэлкі з запісамі беларускіх спеваў і старажытнай беларускай музыкі. I вось у тую далёкую вясну 1974 г. мы з Алесем праходзілі па праспекце Леніна, недалёка ад месца, што завецца ў мінчукоў “Пад часамі”, калі рантам ён запытаўся ў мяне, ці не хацеў бы я пазнаёміцца з сапраўднымі знаўцамі беларускай гісторыі і культуры. Відаць, бачачы маё захапленне беларусістыкай, ён падумаў, што я ўжо “даспеў” для далейшай адукацыі і наважыўся завесці мяне ў славутую майстэрню Куліка. Сігналам, што заходзіць дазваляецца, быў белы ручнік, які звешваўся з акна сапраўды на са­мым паддашку дома насупраць цэнтральнай кнігарні.
    Цяпер цяжка ўспомніць усіх дзейных асобаў таго візіту, але запомніліся засяроджаныя твары Яўгена Куліка, Генадзя Сокалова-Кубая і асабліва Зянона Пазняка. Апошні, як мне потым расказаў Лабанок, усё ціхенька запытваўся пра мяне: “А што гэта за хлопец, які ўсё маўчыць? Ці не з КДБ ён?” Успамінаючы цяперашнюю сапраўдную манію лідэра БНФ падазраваць кожнага ў сексотстве, можна змеркаваць, што яна ў яго здаўна, яшчэ з савецкіх часоў.