Игде зродилися иускормлены суть по Бозе
Анатоль Астапенка
Памер: 734с.
2010
Мінула каля 10 гадоў пасля памянёнай сустрэчы. Мары патрыётаў Бацькаўшчыны сталі спраўджвацца: Беларусь атрымала незалежнасць, беларуская мова набыла статус дзяржаўнай мовы. Узнік Беларускі Народны Фронт, згуртаваўшы тысячы людзей вакол ідэй дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння. Была створаная партыя НДПБ Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі, пра якую я цяпер гавару.
На II канферэнцыі НДПБ, што адбылася 3 лістапада 1991 г., абралі новае кіраўніцтва партыі, былі абраныя тры старшыні: Анатоль Астапенка, Віктар Навуменка і Мікола Ермаловіч. М. Ермаловіч, які нядаўна ўступіў у партыю, быў яе гонарам і, калі так можна сказаць, “візітнай карткай НДПБ”.
Зразумела, улічваючы век Міколы Ермаловіча і стан здароўя і апошняе я лічу галоўным, бо Мікалай Іванавіч амаль нічога не бачыў ён не браў удзелу ў звычайных, рабочых мерапрыемствах партыі. Аднак ён амаль ніколі не прапускаў паседжанняў Управы НДПБ. Негалосным правілам, якое ўваходзіла ў абавязкі сяброў Управы, было наступнае: трэба было правесці гісторыка ад корпуса тэхналагічнага інстытута па в. Свярдлова да чыгуначнага вакзала і пасадзіць яго на цягнік да Маладзечна, дзе ён тады жыў. Зрок у Міколы Ермаловіча быў такі слабы, што здалёк ён нікога не пазнаваў і трэба было пры сустрэчы заўсёды прадстаўляцца. Выглядала гэта прыкладна так: “Дзень добры спадар Мікола... працягваю для паціскання руку і прадстаўляюся: Анатоль Астапенка”. У адказ заўсёды радасна “А, Анатоль, прывітанне, як жывяце?” I пачынаецца гутарка.
Але зблізку ён мог чытаць тэксты, дзякуючы магутным дыяптрыям сваіх акуляраў. У савецкія часы колькі гадоў запар у беларускім аддзеле “Ленінкі” можна было ўбачыць схіленую постаць чалавека, які на неймаверна блізкай адлегласці ад вачэй чытаў і чытаў з дапамогай тых моцных акуляраў кнігі, архіўныя дакументы, лістьі і іншыя матэрыялы з нашай гісторыі. Гэта быў Мікола Ермаловіч. Так ён ствараў сапраўдную беларускую гісторыю.
Мікола Ермаловіч спрычыніўся і да распрацоўвання ідэалогіі нацыянальнай дэмакратыі, што патрэбна было нам, стваральнікам Нацыянальна-дэмакратычнай партыі, неадкладна зрабіць, каб напісаць разгорнутую праграму партыі. Так здарылася, што задаткі тэарэтыка-фізіка дапамаглі мне стаць тэарэтыкам і ў паліталогіі. У тыя гады я напісаў важныя
працы з нацыянальнай дэмакратыі: “Дзве тэзы аб нацыянальнай дэмакратыі”, ’’Шляхі нацыянальнага адраджэння”, “НДПБ тэорыя і практыка” і г. д. Немалую ролю ў стварэнні гэтых працаў, а пазней і кніг “Паслухайце нацыяналіста” і “Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце” адыграў Мікола Ермаловіч.
Да маёй кнігі ён напісаў прадмову пад назвай “У шэрагу першых”, дзе акрамя адзнакі майго удзелу ў стварэнні НДПБ і перспектыў нацыянальнага адраджэння, ён даў у сціслай форме існасць нацыяналдэмакратычнага руху ў Беларусі ў мінулым і сучаснасці. “У 20-я гг. нацыянал-дэмакраты былі галоўнай сілай у беларусізацыі ўсіх бакоў нашага жыцця: эканомікі, культуры, асветы. Можна ўявіць тую пачварную шкоду, якая была нанесена нашаму народу ў выніку сталінскага тэрору ў 30-я гг. Абвінавачанне ў нацдэмаўшчыне было самым страшэнным супроць тых, хто ў той ці іншай меры ўдзельнічаў у нацыянальнай адбудове Беларусі. А трагічным вышкам гэтага стала вынішчэнне беларускай інтэлігенцыі, што прывяло ў далейшым да заняпаду ўсёй нацыі”, пісаў Ермаловіч у прадмове.
Пасля прыходу ў НДПБ Міколы Ермаловіча праца партыі стабілізавалася і паднялася на якасна новы ровень.
Першае: сталі рэгулярна праводзіцца міжпартыйныя семінары “Шляхі нацыянальнага адраджэння”. Ідэя такіх навукова-адукацыйных семінараў выходзіла ад мяне, і я стаў іх кіраўніком. Тэмы паседжанняў былі розныя: “Эканамічныя праблемы Беларусі”, “Адраджэнне нацыянальнай беларускай царквы”, “Нацыянал-дэмакратыя” і г. д. Бралі ўдзел ў гэтых семінарах ведамыя палітыкі, навукоўцы, духоўныя і культурный дзеячы: прафесар-фізік Юры Хадыка, прафесар-эканаміст Уладзімір Кулажанка, эканаміст Злотнікаў, святары а. Ігар, а. Георгі, паэт Алег Бембель (цяпер інак Мікалай), старшыня сялянскай партыі Яўген Лугін, гісторык Алег Трусаў і многія іншыя. I неадменным ідэйным натхняльнікам нашых сустрэч быў Мікола Ермаловіч.
Кожны праведзены семінар абавязкова асвятляўся ў прэсе як значная грамадская падзея. Пад загалоўкам “Семінар, што працуе на адраджэнне” папулярная тады газета “Добры вечар” 28 лютага 1991 г. пісала: “У Мінску, у памяшканні БТІ С. М. Кірава пачаў працаваць дыскусійны семінар, арганізаваны Нацыянальна-дэмакратычнай партыяй Беларусі. Мэта семінара шырокае знаёмства слухачоў з сапраўднай, а не скажонай гісторыяй рэспублікі, з яе культурай, літаратурай, навукай, а таксама з поглядам сучасных дэмакратаў на акадэмічныя, экалагічныя ды іншыя праблемы савецкага народа...” За першую палову 1991 г. ведамасць семінара значна вырасла, і тая ж газета “ДВ” за 11 траўня 1991 г. ужо дала такі загаловак: “Міжпартыйная школа дэмакратаў”.
Другое: пра партыю быў зняты тэлефільм, які паказваўся на БТ. Здымкі вяліся ў Мінску і ў Маладзечне. У Маладзечне НДПБ мела адну з наймацнейшых суполак, там жыў тады Ермаловіч, і таму пастанавілі зрабіць матэрыял “на прыродзе”. Сапраўды, у Маладзечне кіраўнік суполкі Лявон Шыман меў свой прыватны дом і дзялку, дзе была нават невялікая гаспадарка нутрыяў. У гэтых ягоных апартаментах і здымалі.
I, нарэшце, пра партыйную прэсу. Яшчэ на пачатку нашай дзейнасці ўзнікла ідэя стварэння газеты НДПБ. Алесь Емельянаў прапаноўваў назваць яе “Нацыянал-дэмакрат” і сам, як прафесійны літаратар, стаў рэдактарам. Былі сабраныя матэрыялы на першы нумар газеты. Аднак пасля выхаду Алеся з партыі, выданне газеты прыпынілася. Матэрыялы Емельянаў пакінуў нам, але яны так і засталіся ў рукапісе.
Затое ўзімку 1992 г. з’явілася іншая мажлівасць друкаваць матэрыялы НДПБ. Першая газета Беларускага Народнага Фронту ’’Навіны БНФ “Адраджэньне”, галоўным рэдактарам якой быў Алесь Суша, выдзеліла нам сталую старонку для матэрыялаў НДПБ. I ў студзені 1992 г. выйшаў другі нумар “Навінаў”, дзе адна старонка змяшчала матэрыялы нашых аўта-
раў. Мікола Ермаловіч у “Слове да чытача” напісаў:
3 нагоды адкрыцця старонкі нацыянальна-дэмакратычнае партыі Беларусі ў газеце “Навіны Адраджэньня” хацелася б па магчымасці падзяліцца нашим! планамі. Найперш мы будзем знаёміць з мэтамі і задачамі нашага руху. Сярод іх найбольш важнымі ёсць напаўненне сапраўдным зместам нашага дзяржаўнага суверынітэту, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця беларускае культуры, асветы, беларусізацыі ўсіх сфераў дзяржаўнага, эканамічнага і грамадскага жыцця.
У сувязі з падпісаннем пагадненняў СНД беларускія нацыянальныя дэмакраты будуць звяртаць асаблівую ўвагу на тое, каб Рэспубліка была па-сапраўднаму самастойнаіі дзяржаваю і ніякім чынам не змагла зноў падпасці пад уладу таго ці іншага цэнтру, адначасова захоўваючы з усімі дзяржавамі Садружнасці шчыльныя эканамічныя сувязі.
М. Ермаловіч, сустаршыня НДПБ.
Як відаць з прыточанага тэксту, і Мікола Ермаловіч, і ўсе мы моцна асцерагаліся ў той час, каб СНД не замяніла сабой СССР з яго аўтарытарызмам і іншымі савецкімі “каштоўнасцямі”. Не думалі мы тады, што можа быць і свой беларускі аўтарытарызм, не горшы за савецкі. Здабыць незалежнасць краіны важна, але гэта далёка не ўсё, каб стаць праўнай і дэмакратычнай дзяржавай.
На нашай старонцы ў гэтым студзеньскім нумары “Навінаў БНФ” быў змешчаны артыкул М. Ермаловіча “Нашая задача узнавіць і працягнуць працу “нацдэмаў” 1920-х гг.” і артыкул рэдакцыі: “Анатоль Астапенка: да нас прыйдуць усе астатнія” паводле майго выступу “Заданы нацыянальнай дэмакратыі” на 2-й канферэнцыі НДПБ.
У сваім артыкуле М. Ермаловіч выказаў думкі, вельмі блізкія да маіх, і якія можна пакласці ў аснову філасофіі беларускага нацыяналізму:
Збліжэнне народаў не толькі значыць іх адміранне, але наадварот яшчэ больш іх крышталізуе. Як
слушна заўважалі ў 80-х гг. мінулага стагоддзя беларускія народнікі, без усведамлення свае адметнасці кожным народам, усё чалавецтва было б статкам.
Навуковец упершыню выклаў сваю ведамую пазіцыю, пазней агучаную ў кнізе “Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае”. Ён пісаў:
Улічваючы, што асаблівую шкоду для праўдзівага бачання нашае гісторыі нанёс тэзіс пра бездзяржаўнасць Беларусі да 1919 г., г. зн. да абвяшчэння БССР, трэба асаблівую ўвагу звярнуцъ на факты, якія яскрава сьведчаць аб ранніх дзяржаўных утварэннях на нашай зямлі: Полацкім, Турава-Пінскім, Смаленскім і Новагародскім княствах. Асаблівая ўвага мусіць быцъ звернута на Вялікае княства Ллтоўскае, якое было створана не літоўскімі князямі, а нашым народам, і якое было працягам гісторыі папярэдніх дзяржаўных утварэнняў Беларусі. Гэтым толькі можна і вытлумачыць, чаму ў Вялікім княстве Літоўскім дамінавала беларуская культура, а беларуская мова была дзяржаўнай. Гісторыя Вялікага княства Літоўскага мусіць трактавацца як час найвялікшага ўздыму дзяржаўнасці Беларусь ў мінулым. (Вылучэнне маё, АА.).
Вось як мусіць быць: “Час найвялікшага ўздыму дзяржаўнасціі” А згодна з сучаснымі “тэорыямі” незалежнасць Беларусі датуецца годам перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Які тут уздым нацыянальнай сведамасці і гонару “за слаўнае мінулае” можа быць. Нельга змешваць адно свята з другім. I калі людзям яшчэ зразумела тое, што мы перамаглі ў Айчыннай вайне, і таму 3 ліпеня адзначаем гэтае свята (хоць мы святкуем і 9-га траўня Перамогу, відаць, “лішні раз не зашкодзіць”). Але чаму пры гэтым другім свяце стаіць слова “незалежнасць”, і як яно лучыцца з нашай гісторыяй гэта мала хто растлумачыць, бо дзяржаўныя СМІ пра гэта проста маўчаць.
Мікола Ермаловіч лічыў, што хоць Беларусь і страціла сваю дзяржаўнасць ў часы Расійскай Імперыі, але памяць пра сваю дзяржаўнасць жыла ў сведа-
масці многіх беларусаў, такіх, як Кастусь Каліноўскі, гоманаўцы, нашаніўцы. Ён лічыў, што менавіта іх працаю і аджыло жаданне здабыць сваю дзяржаўнасць, якая толькі і магла даць росквіт матэрыяльных і духовых сілаў Беларусі.
Вялікую ўвагу Мікалай Іванавіч надаваў нашай роднай мове. Адзначаючы высокі ровень беларускай літаратурнай мовы, ён папярэджваў, што, калі з аднаго боку наша мова развівалася ўвышкі, то з другога усё болей падразаліся карані ўнізе. У выніку яна была выкінута з ужытку большасці нашага насельніцтва. I гэтая татальная русіфікацыя чыніцца найперш праз школу, як сярэднюю, так і вышэйшую. А за адно з галоўных заданняў НДПБ Ермаловіч лічыў змаганне за аднаўленне беларускай нацыянальнай школы ўсіх роўняў.