Игде зродилися иускормлены суть по Бозе
Анатоль Астапенка
Памер: 734с.
2010
Рэзюмэ. У цяперашні час працэс фармавання мадэрнай беларускай нацыі хутчэй не прыпыніўся, а прыняў новую незвычайную “дваістую” форму. Відавочны падзел аднаго народа на дзве розныя паводле
светагляду і мовы часткі паставіў новыя заданні і пытанні, якія да гэтай пары ніхто не адважваецца аб’ектыўна зразумець і, тым больш, паспрабаваць развязаць.
Раздзел III.
ШУКАННІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ I ЯЕ
ТВОРЦАМІ. ШТРЫХІ ДА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ Ў МАСТАЦТВЕ
Шчыміць мой смутак Надвячоркавы, Які развеяць Не бяруся...
Правей -
Магіла Чорнага, Лявей — Магіла Труса...
Віктар Стрыжак
Яшчэ за савецкім часам з лёгкай рукі журналіста і майго сябра — ужо нябожчыка — Сяргея Аладзьева ў маім блізкім акружэнні стала своеасаблівай традыцыяй на Радуніцу, ці з іншае нагоды, а то і проста так, наведваць адзін выдатны куток на Вайсковых могілках, выпіць там адну-другую шклянку віна, памаўчаць, а потым пагаварыць пра нашых папярэднікаў-пісьменнікаў мінулых гадоў. Тэты куток знайсці няцяжка недалёка ад цэнтральнага ўвахода трэба звярнуць направа і праз метраў сто неўзабаве перад вамі будзе ўздымацца магільная пліта з бюстам выдатнага беларускага празаіка Кузьмы Чорнага, а ступіць трохі ўлева і вы ўбачыце магілку “беларускага Ясеніна” Паўлюка Труса... “Нашто мне смех тваіх вачэй...” заўсёды ўспамінаюцца ягоныя радкі.
Калі вы знайшлі гэтае месца, то пастойце хвілінку каля Паўлюка Труса, і вы адчуеце сваю знітаванасць з вялікай беларускай літаратурай, таемную блізкасць з яе творцамі.
Тэты куток Вайсковых могілак нагадае вам пра Вечнасць. Вечная памяць тым, хто спачывае тут, узбагаціўшы сусветную культуру неацэнным скарбам беларускай літаратурай. Я нездарма ўспамінаю гэты куток, менавіта тут можна адчуць і засведчыць люд-
ству: нашая літаратура, нашая беларуская літаратурная скарбніца ёсць, і гэта факт неаспрэчны.
1. Нацыянальная ідэя ў беларускай літаратуры праз стагоддзі
Я не збіраюся тут гаварыць пра беларускую літаратуру як крытык, рабіць нейкі агляд. Ёсць выдатныя падручнікі з гісторыі беларускай літаратуры, дзе можна знайсці розныя звесткі пра літаратуру, пісьменнікаў ад найдаўнейшых часоў да цяперашніх. Мяне цікавіць больш вузкі аспект нашай літаратуры. Ці ёсць у нас творы, у якіх адлюстроўваецца беларуская нацыянальная ідэя? Ці нясе беларуская літаратура, акрамя мовы і народнай вобразнасці, хоць якую нацыянальную ідэю?
Наагул, што такое беларуская літаратура? Пад гэтым тэрмінам, відавочна, разумеецца ўсякі мастацкі, публіцыстычны, фальклорны, навукова-папулярны твор, напісаны на беларускай мове і выдадзены ў выглядзе кнігі, аўдыёзапісу. За апошні час папяровыя носьбіты ўсё часцей замяняюцца на электронный, з якімі мы можам азнаёміцца, маючы камп’ютар, а таксама маючы доступ да інтэрнэту. Але гаворка пра мажлівасці інтэрнэту пойдзе ніжэй, а цяпер я абмяжуюся кнігамі, брашурамі, часопісамі, газетамі.
Неяк нядаўна давялося мне наведаць старажытны беларускі горад Тураў. Наведаў Замчышча, прыклаўся да славутага крыжа на Барысаглебскіх могілках, пашукаў калодзеж Тура. I зайшоў у тураўскую кнігарню, што месціцца ў самым цэнтры, побач з універмагам. Зайшоў з тым самым пытанием, пра якое тут ідзе гаворка: паглядзець на асартымент беларускамоўнай літаратуры. I не здзівіўся, што асартымент тэты надзвычай невялікі: у кнігарні, апрача дзвюх-трох дробных школьных беларускіх кніжачак, беларускамоўнай літаратуры не было зусім. Не здзівіўся, бо прывык да гэтай рысы нашага часу, бываючы ў розных канцах Беларусі.
Аднак нейкае мазахісцкае задавальненне ў гэтай кнігарні я ўсё ж атрымаў, бо ў паўпустым памяшканні каля аднаго прылаўка віравала мноства людзей... Там прадавалі гарэлку! Вось як каштоўнасці замяняюцца! Нават не на дабрабыт, а на аблудны сатанінскі свет ілюзій, які дае гарэліца. I гэта дзеецца не ў адумысных месцах продажу такой прадукцыі, а ў самым сэрцы культуры сярод кніг. Сярод нікому не патрэбных кніг...
Пасля 1996 г. пачаўся, як ведама, актыўны наступ на ўсё беларускамоўнае. Беларуская кніга негалосна падпала пад грыф непажаданай, непатрэбнай і нават апазіцыйнай, “бээнэфаўскай” літаратуры. Той уздым, прагрэс у развіцці беларускай літаратуры, што адбыўся за ранейшыя 6—7 гадоў, раптам знік. Беларускамоўныя кнігі, часопісы і газеты сталі імкліва прападаць з прылаўкаў магазінаў, кіёскаў, з падпіскі. За вельмі кароткі час становішча змянілася ў горшы бок непазнавальна і на многа перасягнула занядбаны стан беларускай кнігі савецкага перыяду, які жахаў на пачатку 1990-х гг. У савецкія часы кожная кнігарня мела асобны, і часам немалы, беларускі аддзел. Цяпер такіх аддзелаў вы не ўбачыце. Месца яе амаль што побач з замежнай літаратурай накшталт англійскай ці ўкраінскай. А ў сталіцы ў славутай “Акадэмкнізе” ўся беларуская друкаваная прадукцыя змяшчаецца, як у рэзервацыю, у аддзел краязнаўства.
Ды годзе аб сумным. Беларуская літаратура ёсць! Тысячы тамоў напісана беларускай мовай. Мы маем выдатных паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, цікавых даследнікаў літаратуры, фалькларыстаў. Назапашаны скраб ужо ніколі не згіне. Чарговы ўсплёск заняпаду зменіцца новым уздымам, і літаратура на айчыннай мове рана ці позна стане даміноўным таварам на кніжным рынку, як гэта стала ўжо ў суседніх краінах, Літве, Латвіі, Украіне.
Аднак ці гэтая літаратура нацыянальная, не толькі моваю, але і духам, тым няўлоўным адценнем, якое завецца беларускай душой? Ясна, што сапраўдны творца будзе ўкладваць у свой твор сваю душу, і гэта
пэўна ж адаб’ецца на тэксце. I тэматыка, і прыхільнасці, і асоба аўтара, і тая ж мова, хоць яна можа быць і не беларуская, могуць шмат сказаць пра беларускую нацыянальную ідэю.
2. Нацыянальныя матывы ў першых беларускіх літаратурных помніках
Калі гаворка ідзе пра старажытную беларускую літаратуру, то зазвычай яна разглядаецца ў адзінстве трох культур: беларускай, рускай і ўкраінскай. Сапраўды, помнікі часоў Кіеўскай Русі амаль не нясуць нейкага этнічнага малюнка, і цяжка прыпісаць нейкі літаратурны помнік той ці іншай культуры і этнасу. Гэта зразумела этнасы пачынаюць фармавацца прыкладна з XII ст., хоць, як мы ўжо адзначалі ў другім раздзеле, поўныя рысы беларускага этнасу маюць тысячагадовыя адзнакі.
Мэта нашага даследавання ў гэтым раздзеле беларуская нацыянальная ідэя, этнічныя і нацыянальныя асаблівасці ў літаратурных помніках, ад іх першага ўспамінання да нашых дзён. Таму пра нейкую супольную ўсходнеславянскую літаратурную спадчыну гаварыць не буду не маё гэта задание. Мы маем беларускі этнас, які потым перарос у нацыю вось у такім ракурсе і трэба мысліць, шукаць першакрыніцаў і аналізаваць літаратурныя помнікі.
Літаратурную спадчыну беларускага народа даследавалі шмат якія навукоўцы. Першым грунтоўным творам на гэтую тэму была “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагоддзя”, напісаная В. Ластоўскім і выдадзеная ў Коўна ў 1926 г. У савецкія часы вывучэнне старажытнай літаратурнай спадчыны было адносна адкрытай галіной даследавання, бо тут немажліва, ці вельмі цяжка, было ўвесці нейкія падцэнзурныя рамкі і лёгка прывязаць да паноўнай камуністычнай ідэалогіі. Таму савецкія філолагі, даследнікі гэтай тэматыкі падрыхтавалі і выдалі шмат каштоўных працаў. Сярод іх творы М. Грынчыка,
У. Конана, Ю. Лабынцова, В. Чамярыцкага, А. Мальдзіса, М. Улашчыка, I. Саверчанкі і многіх іншых.
Беларуская літаратура вывучалася і за мяжой. Так, вялікую папулярнасць сярод беларускіх навукоўцаў набыла ў 80-90-я гг. XX ст. манаграфія з гісторыі беларускай літаратуры англійскага навукоўца Арнольда Макміліна, выдадзеная ў Лондане ў 1975 годзе. За брэжнеўскім часам яна ў рукапісным выглядзе “хадзіла па руках”. Тады ж і пазней выйшлі унікальныя зборы помнікаў беларускага пісьменства: “Хрэстаматыя з старажытнай беларускай літаратуры” (1959), “Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці” (1975), ‘Тісторыя беларускай літаратуры: старажытны перыяд” (1985), “Беларускія летапісы і друкі” (2004), “Старажытная беларуская літаратура (XII-XVII стст.) (2007) і шмат іншых фундаментальных твораў.
Зазірнем цяпер праз прызму нацыянальнага бачання ў мінулыя часы. Здаецца, што можа быць нацыянальнага ў гэтых далёкіх творах мінулага, калі і этнасы, а тым болып нацыі былі яшчэ наперадзе? Але менавіта ў тыя часы, як мы ведаем, і складваўся беларускі этнас. Вывучаючы помнікі тых часоў, мы фармуем сучасную канцэпцыю нацыянальнай ідэі.
3. Старабеларуская літаратура
Даследнікі беларускай літаратуры лічаць, што яе гісторыя пачынаецца з XII ст. Тэта, напэўна, абумоўлена тым, што менавіта з XII ст. фармуецца старажытнабеларуская літаратура і пачынае выкарыстоўвацца адметная ад славянскай мовы беларуская мова (у айчыннай літаратуры выкарыстоўваецца тэрмін “старабеларуская” мова, аднак з ускладненнем самаго слова сэнс не змяняецца). Пачынаючы з XII ст., беларускае пісьменства, паводле Івана Саверчанкі1, праходзіць паслядоўна тры этапы: Готыка (XII-XV стст.), Рэнесанс (XVI ст.) і Барока (XVII ст.).
Літаратуру таго перыяду прынята дзяліць на свец-
1 Саверчанка Іван. Фенамен старабеларускай літаратуры // Старажытная беларуская літаратура (XII-XVII стст.). Мінск, 2007.
кую і рэлігійную. I колькасна і якасна яна досыць багатая, яе тэксты сталі тэмай для шматлікіх дысертацыяў, манаграфіяў, розных даследаванняў і твораў. Толькі павярхоўнае знаёмства з старажытнай беларускай літаратурай цалком адкідае міф аб яе нібыта слабасці. Наадварот, яна на парадак перасягае тагачасную літаратуру Маскоўскай Русі. Больш за тое, шэраг нашых пісьменнікаў, што апынуліся ў Масковіі, і там сталі выдатнымі асветнікамі, пісьменнікамі і навукоўцамі, прыкладам, Сімяон Полацкі, Іван Фёдараў (Федаровіч).
Зробім для пачатку сціслы агляд.
Найперш вылучаюцца гэтак званыя жываты святых. Сярод твораў такога кшталту: “Аповесць жыцця і смерці святой дабраслаўнай і святаўлівай Еўфрасінні”, ’’Слова пра манаха Марціна”, “Памяць святога Кірылы, біскупа Тураўскага”, “Жывот і змаганне пакутніка Язафата Кунцэвіча”, “Аповесць пра пакуты і смерць айца Афанасія Філіповіча”, іншыя творы.
Асобную галіну сярэднявечнай беларускай літаратуры складаюць хаджэнні: “Хаджэнне ў Царград” Ігнація Смаляніна, “Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў святую Зямлю” Мікалая Крыштофа Радзівіла, творы няведамых пісьменнікаў: “Падарожжа да выспы” (1782), “Перэгрынацыя, або Праўдзівае апісанне Зямлі Святой” (1722) і шмат якія іншыя цудоўныя творы.