Игде зродилися иускормлены суть по Бозе
Анатоль Астапенка
Памер: 734с.
2010
Багдановіч адзначае вялікую ролю культурнага развіцця Беларусі ў часы Залатой пары і лічыць гэты факт адным з найважнейшых бакоў “паступальнага руху беларускай нацыянальнасці” . Аднак, разам з гэтым, іншы фактар, на яго думку, мае не меншае значэнне збліжэнне з Заходняй Еўропай, эканамічныя звязкі ВКЛ. “Менавіта з гэтага часу ў выпрацоўцы беларускай культуры ўдзельнічае не толькі шэрая веска, але і гандлёвы горад, арганізаваны на асновах магдэбургскага права". Здзіўляе празорства паэта, здольнасць да рацыянальна-лагічнага мыслення і сістэмнага падыходу пры разглядзе праблемы
нацыі. Можна смела сказаць, што вывады Багдановіча апярэдзілі сучаснасць не менш чым на паўвека, бо менавіта ў спалучэнні культурніцкіх і эканамічных складнікаў, згодна з сучаснымі тэорыямі, будуецца любая нацыя.
Янка Купала
Янка Купала (Луцэвіч Іван Дамінікавіч), нарадзіўся 25 чэрвеня 1882 г. у сям’і беззямельнага арандатара у засценку Лазараўшчына Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер тэрыторыя Уздзенскага раёна). Продкі Я. Купалы належалі да беларускай шляхты, а потым, з 1869 г., да мяшчанскага роду.
Ужо восенню 1908 г. Я. Купала трапіў у цэнтр беларускай культуры, у Вільню, дзе працаваў бібліятэкарам прыватнай бібліятэкі “Веды” Б. Даніловіча і супрацоўнічаў з беларускай газетай “Наша ніва”. Віленскі перыяд жыцця і дзейнасці Я. Купалы (19081909) скончыўся тым, што неспрыяльныя ўмовы, якія склаліся для яго ў рэдакцыі «Нашай нівы», прымусілі яго пакінуць гэтае месца работы. Я. Купала прагнуў вучыцца далей і на пачатку снежня 1909 г. паехаў з рэкамендацыйным лістом У. Самойлы ў Пецярбург да Б. Эпімах-Шыпілы.
Па сканчэнні навучання ў Пецярбургу (1913) Я. Купала вярнуўся ў Вільню і пачаў працаваць сакратаром у “Беларускім выдавецкім таварыстве”, потым перайшоў у рэдакцыю газеты “Наша ніва”.
У 1919 г., па абвяшчэнні БССР, Я. Купала пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Тут ён працаваў загаднікам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопісы “Рунь” (1920) і “Вольны сцяг” (19201922) у 20-я гады XX ст. часы бурнага ўздыму беларускай справы, росквіту беларускай літаратуры і пісьменства.
I цэнтральнай постаццю тых часоў, якая рупліва трывала стаяла на ніве беларускага адраджэння, быў Янка Купала. Вось пералік асноўных жыццёвых яго крокаў у тыя гады. 3 пачатку 1921 г. Я. Купала пра-
цаваў намеснікам загадніка літаратурна-выдавецкага аддзела Народ нага камісарыята асветы БССР, уваходзіў у склад Акадэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацаванні беларускай тэрміналогіі. Быў у навукова-літаратурнай (а пасля навукова-рэдакцыйнай) калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы (пазней яна стала называцца камісіяй, а яе старшынём прызначылі Я. Купалу). У 1921 г. адбыўся інцыдэнт з уладамі: на паэта наклал! хатні арышт і сканфіскавалі рукапісы. Я. Купала быў сярод ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1921), Інстытута беларускай культуры (1922). Браў удзел у Акадэмічнай канферэнцыі рэформы беларускага правапісу і азбукі (1926). Разам з Я. Коласам, Ц. Гартным, А. Гурло, М. Чаротам, іншымі пісьменнікамі быў адным з ініцыятараў стварэння літаратурнага аб’яднання беларускіх пісьменнікаў “Полымя”, актыўна спрычыніўся да работы гэтага аб’яднання (1927—1932).
Але неўзабаве надышлі змрочныя гады сталінскай дыктатуры. Ужо ўлетку 1930 г. у друку з’явіўся артыкул Л. Бэндэ “Шлях паэта”, у якім паэт абвяшчаўся “ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму”. 27 лістапада 1930 г. Я. Купала зрабіў спробу самагубства. Аднак яго жыццё ўдалося выратаваць. У снежні 1930 г. у “Звяздзе” быў апублікаваны гэтак званы пакаянны ліст Я. Купалы, напісаны фактычна пад дыктоўку Л. Бэндэ, дзе паэт мусіў прызнавацца ў “памыл ках” і “шкодных паглядах”, абяцаў “парваць” з “кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам” і “аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву”.
У 1937 г. Я. Купала зноў апынуўся ў спісе чарговых ахвяраў рэпрэсіяў сярод тых нешматлікіх пісьменнікаў, хто яшчэ заставаўся на свабодзе. Аднак расправу над паэтам удалося адцягнуць яшчэ на пяць гадоў. Ён быў нават выбраны ў склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), у склад прэзі-
дыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 г. разам з брыгадай беларускіх пісьменнікаў браў удзел у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб улучэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР.
18 чэрвеня 1942 г. Я. Купала прыехаў у Маскву, а 28 чэрвеня ў гасцініцы “Масква” ён трагічна загінуў: упаў у лесвічны пралёт з 10-га паверха. Існуюць тры версіі гібелі паэта: няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Афіцыйна доўгі час падтрымлівалася першая версія. У эмігранцкім беларускім друку смерць паэта звязвалася з самагубствам. Публікацыі канца 1980-х г. (Б. Сачанка, інш., у якіх прымяркоўваюцца факты, аналізуюцца сведчанні вочнікаў і меркаванні блізкіх людзей, даюць падставу лічыць, што Я. Купалу забілі агенты дзяржбяспекі. Матэрыялы камісіі, што займалася высвятленнем абставінаў яго гібелі, да гэтага часу засакрэчаныя, таму дакументальнага пацверджання пакуль што ніводная з версіяў не мае. 1 ліпеня 1942 г. пасля крэмацыі Я. Купалу пахавалі ў Маскве. У 1962 г. урна з прахам Купалы перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Янка Купала справядліва лічыцца стаўпом беларускай літаратуры, стваральнікам літаратурных нормаў і традыцыяў на сучаснай беларускай мове. Гэта сапраўдны патрыярх нашай літаратуры. Гэта геній і беларускай паэзіі, і прозы, і публіцыстыкі.
Вялікі ўнёсак зрабіў Янка Купала і ў распрацоўванне ідэалогіі беларускай нацыянальнай ідэі. Хоць менавіта такое спалучэнне слоў у яго творах не сустракаецца, у многіх творах Купалы мы бачым шчырага беларуса-патрыёта, стваральніка вобразаў, на якіх прарастае беларуская нацыянальная сведамасць і фармуецца ўрэшце беларуская нацыя ды беларуская дзяржава.
На гэтую тэму грунтоўна прааналізаваў публіцыстыку Янкі Купалы Эдуард Дубянецкі. Яго ўвагу прыцягнулі Купалавы творы, напісаныя і апублікаваныя
праз не адно дзесяцігоддзе, з 1910 па 1920 гг., а менавіта: “Ці маем мы права выракацца роднай мовы” (1910), “Чаму плача песня наша? (1913), “А ўсё ж так! мы жывём!..” (1914), “Вера і нацыянальнасць” (1914), “Больш самачыннасці” (1919), “Адбудова Беларусі” (1919), “Незалежнасць” (1919), “Незалежная дзяржава і яе народы” (1919), “Моладзь ідзе!” (1919), “Справа беларускага нацыянальнага гімна” (1920), інш.
Адным з асноўных складнікаў нацыянальнай ідэі ў Янкі Купалы ёсць “Вольная, незалежная беларуская дзяржава”. У артыкуле “Незалежнасць” ён піша, што толькі “адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу”.
Яшчэ адным вельмі істотным “элементам” нацыянальнай ідэі можна лічыць усведамленне непаўторнасці сваёй Бацькаўшчыны, а таксама самабытнасць, унікальнасць беларускай культуры і мовы.
У ведамым артыкуле “Ці маем мы права выракацца роднай мовы” класік беларускай літаратуры адзначаў, што “самы важны і не праломны закон жыцця гэта людская мова, праз которую чалавек с may найвышэй. ад усякага стварэння пад сонцам”. Далей Купала сцвярджаў, што кожны народ у свеце адрозніваецца адзін ад аднаго найперш яго “адвечнай уласнай мовай, той мовай, якую вякі ўсвянцілі і ўкаранілі ў ім, на якой ён і яго продкі, з самага пачатку свайго паяўлення на зямлі, узраслі і ўзгадаваліся”.
Акрамя таго, Купала вызначаў яшчэ і такі адмысловы складнік нацыянальнай ідэі, як агульнабеларуская нацыянальная еднасць. Не раз у паэтавых публіцыстычных творах сустракаюцца такія паказальныя словы і словазлучэнні, як “братэрства”, “братцы”, “супольная і згодная праца”, “наш народ, як адзін” і да т. п.
На думку Купалы, у нацыянальнай ідэі заўсёды даволі выразна і яскрава выяўляюцца спецыфічны “вольны народны дух”, асаблівасці культуры і мовы народа, адметныя рысы яго гістарычнага шляху,
ментальнасці (складу розуму, спосабу мысленна). Больш за тое, можна нават сцвярджаць, што менавіта асаблівасці гістарычнага і этнакультурнага развіцця, нацыянальнага характару народа робяць найбольшы ўплыў на нутраное “высцяванне” і, нарэшце, фармуляванне нацыянальнай ідэі. Для таго, каб лепш зразумець гэта, трэба ўважлівей спыніцца, у чым жа бачыў Купала унікальнасць гістарычнага шляху і ментальнасці беларускага народа?
Беларусь, на думку Янкі Купалы, нярэдка падпадала над эканамічную і палітычную залежнасць ад усялякіх чужынцаў, і таму, каб далей выйсці з падобнага заняпаду, наш народ павінен нарэшце стаць сапраўдным гаспадаром свайго краю. Толькі ў такім разе беларускі народ зможа дабіцца для сябе “лепшай і святлейшай долі”.
Паэт лічыў, што ўсе мы, жыхары Беларусі, як сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі, павінны праяўляць “болып самачыннасці, больш смеласці к будаванню свайго новага незалежнага жыцця”, а таксами заўсёды “сеяць на роднай зямельцы здаровыя зярняты праўды, брацтва і свабоды” (“Больш самачыннасці” і “А ўсё ж такі мы жывём!..”). У справе падняцця свайго нацыянальнага багацця, развіцця культуры і паглыблення нацыянальнай самасведамасці беларусы за некалькі гадоў зрабілі тое, што “ў палякаў і расійцаў рабілася чуць не цэлымі сталеццямі”. Гаворачы пра гэта, Купала мае на ўвазе найперш відавочныя поспехі ў выданні беларускіх кніг, часопісаў, газет, у стварэнні і дзейнасці беларускіх выдавецкіх суполак, кнігарняў, разнастайных таварыстваў, палітычных аб’яднанняў, суполак, у арганізацыі шматлікіх выстаў, вечарын, канцэртаў і да т.п. ( “А ўсё ж такі мы жывём!”).
Найбольш тыповымі рысамі беларускага нацыянальнага характару Купала лічыў гуманнасць, талерантнасць, лагоднасць, дэмакратызм. У сваім артыкуле “Незалежная дзяржава і яе народы” ён задаваў, відаць, рытарычнае пытанне: “Ці ж знойдзецца
на свеце болей дэмакратычны па сваей прыродзе і болей ужыўчывы народ, як народ беларускі?”
Улічваючы ўсё сказанае, можна з некаторай доляй умоўнасці сцвярджаць, што беларуская нацыянальная ідэя ў публіцыстыцы Купалы сваім зместам і глыбіннай існасцю прыблізна адпавядае такім асноўным ідэалам грамадзянскай супольнасці і добра ведамага ў нашы часы гэтак званага адкрытага грамадства, як дэмакратызм, гуманізм, грамадскапалітычны і культурны плюралізм, дзяржаўная незалежнасць, грамадзянская згода і сацыяльная салідарнасць, талерантнасць да “іншадумцаў” і “іншаверцаў”, свабоднае развіццё нацыянальных культур, моў і г. д.