Игде зродилися иускормлены суть по Бозе
Анатоль Астапенка
Памер: 734с.
2010
У гэтай сувязі ўзнікае заканамернае пытанне: калі няма левых і правых, то на якіх прынцыпах будуць будавацца і развівацца новыя палітычныя структуры, калі яны ўсё-такі стануць сапраўднымі партыямі г. зн. аб’яднаннем людзей, якія гуртуюць найболып палітычна актыўных людзей пэўных пластоў грамадства?
Я думаю, адкрываць Амерыку патрэбы няма. Беларусь павінна быць незалежнай і квітнеючай краінай. Мой дэвіз “Стань гаспадаром!”. I наша краіна, на маю думку, павінна быць краінай гаспадароў. “Наш дом Беларусь”. Такі лозунг цяпер часта гучыць. Ён азначае працяг першага: раз мы жывем у краіне пад назвай Беларусь, то яна мусіць быць нашым супольным домам, дзе гаспадаром буду і я, і мой сусед. У майго дома Беларусі павінна быць і свая гаспадарка, якая завецца эканомікай, і свае традыцыі і звычаі, якія называюцца беларускай культурай, і свая мова, якая завецца беларускай. Усё гэта аб’ядноўваецца адным словам нацыянальная ідэя. Тым цэментуючым рэчывам для ўсяго нашага пярэстага грамадства з’яўляецца толькі адно, замешанае на беларускіх нацыянальных каштоўнасцях, на памяці нашых славутых продкаў, на працы нашых рабочых і інжынераў, на творах нашых выдатных навукоўцаў, пісьменнікаў, музыкаў і артыстаў.
Ажыццяўленне беларускай нацыянальнай ідэі, развіццё беларускага нацыналізму да такой ступені, пакуль ён не стане рысай менаталітэту вось што павіна быць у аснове любой палітычнай партыі ў Беларусі, і тады знікне назаўсёды штучны падзел на “белых” і “чырвоных”, на “правых” і “левых”.
Лёс нацыянальнай ідэі ў цяперашняй беларускай палітыцы
Пасля закрыцця НДПБ і БНП на працягу дзесяці гадоў толькі дзве партыі БНФ (БНФ Баршчэўскага і КХП-БНФ Пазняка) засталіся на пазіцыях нацыянальнай дэмакратыі, так шырока разгорнутай у 90-х гг. XX ст. Першая партыя працягвала палітычную барацьбу, згодна з Праграмай і Статутам БНФ, прынятым яшчэ на з’ездзе ў 1993 г. Яна працягвала і працягвае курс “старога” Фронту на нацыянальнае адраджэнне. Другая частка, КХП БНФ, на чале з низменным старшынём Зянонам Пазняком, які кіруе партыяй “завочна”, з-за мяжы, і з кіраўніком партыі ў Беларусі намеснікам старшыні Юрасём Беленькім, стала паступова досыць маргінальнай структурай, якая амаль не ўдзельнічае ў палітычных працэсах. Канчатковы выхад КХП БНФ з палітычнага жыцця адбыўся пасля скандалу з паслом Георгам Вікам, якога пазнякоўцы абвінавацілі ў службе на германскую выведку і выйшлі з складу Кансультацыйнага Савета. Яны сталі ў пазіцыю перманентнага байкоту выбараў і наагул няўдзелу ў палітычным жыцці Беларусі, абмежавалі сваю дзейнасць некаторымі культурным! мерапрыемствамі, сярод якіх галоўнымі былі паходы ў Курапаты. А калі партыя заканчвае сваю палітычную дзейнасць, то яна перастае быць партыяй, і ў цяперашні час КХП-БНФ уяўляе з сябе фактычна гурток нацыянальна сведамых людзей, мэтай якога ёсць крытыка “акупацыйнага расійскага рэжыму” і штогадовае ўшанаванне памяці ахвяраў сталінскага рэжыму ва ўрочышчы Курапаты, Лошыцы і правядзенне падобных акцый у іншых гарадах.
Са сказанага вынікае, што рэальнай палітычнай сілай з’яўляецца толькі першая з памянутых партый партыя “простага” БНФ, якую ад самага пачатку ўзначальваў Вінцук Вячорка, а пасля апошняга восеньскага з’езда 2007 г. старшынём стаў адзін з самых сталых сяброў БНФ, былы дэпутат Вярхоўнага Савета, намеснік старшыні БНФ яшчэ часоў
Зянона Пазняка навуковец і літаратар Лявон Баршчэўскі.
Чым жа было адметным жыццё і дзейнасць БНФ пад кіраўніцтвам В. Вячоркі на працягу ўсяго тэрміну ягонага кіраўніцтва (а гэта каля 8 гадоў!)? Поўны адказ на гэтае пытанне могуць даць толькі людзі, што паварыліся ў кухні самога Фронту, якія яго бачылі знутры.
Але многае было бачна і не ўзброеным вокам. Нутраныя супярэчнасці працягвалі трэсці БНФ, даводзіцца нават здзіўляцца, што БНФ зноў ацалеў, выслізнуў з чарговай афёры ці скандалу ўнутры актыву. Факт застаецца фактам БНФ па-ранейшаму існуе, а на Варвашэні, 8 (цяпер пр. Машэрава) віруе жыццё, ладзяцца семінары, сустрэчы, вечарыны і прэзентацыі.
Страты БНФ у новай іпастасі.
Чарговыя страты БНФ былі значнымі. У 2003 г. з БНФ выходзіць адзін з самых актыўных дзеячоў Вячаслаў Сіўчык. Зноў канфлікт, і Фронт пакідае сталы фронтавец, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ Анатоль Фёдараў. Літаральна за ім сябра сойма, прафесар Алесь Астроўскі і г. д.
Другой адметнасцю дзейнасці БНФ у гэтым дзесяцігоддзі быў дзейсны ўдзел у стварэнні новай палітычнай канструкцыі, кангламерату партый дэмакратычнага кірунку, які сфармаваўся пасля апошняй перарэгістрацыі партый у 1999 г. і які дзейнічае да сённяшняга дня пад рознымі назвамі КРДС, Кансультацыйная Рада, “Пяцёрка плюс”, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС). БНФ ужо не меў таго лідэрства, не з’яўляўся кіроўнай сілай грамадства, як гэта было ў першай палове 1990-х гг. БНФ стаў шараговай партыяй, адной з ліку чатырох-пяці партый, якія з’яўляюцца найбольш значнымі з таго спісу, што быў перарэгістраваны Мін’юстам. Не больш за тое. Раскалоўшыся, Фронт аслабеў, а некаторыя партыі наадварот за тэты час выраслі якасна і колькасна настолькі, што зраўняліся паводле ўсіх асноўных параметраў з БНФ, калі не перасягнулі яго.
Гэтымі партыямі былі найперш Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), абедзве ці нават тры сацыял-дэмакратычныя партыі і далучаная да дэмакратаў партыя камуністаў (КПБ) на чале з С. Калякіным.
БНФ і КРДС АДС.
Старая ідэя згуртавання дэмакратычных партый, пра што марыў яшчэ Міхась Ткачоў, знайшла свой працяг у новых умовах, пачынаючы з 1999 г. Гэты крок быў неабходным для ўзмацнення агульнага патэнцыялу сіл, здольных супрацьстаяць узрастанню дыктатуры. Была створана Каардынацыйная Рада дэмакратычных сілаў, куды ўваходзілі ў розныя часы ад сямі да дзевяці партый і грамадскіх арганізацый дэмакратычнага кірунку. У 2000 г. да КРДС далучылася партыя апальных камуністаў (КПБ) Сяргея Калякіна, якія вырашылі, што яны насамрэч таксама дэмакраты, бо і ліберальная, і дэмакратычная ідэі не супярэчаць у наш час камуністычнай.
3 таго часу мінула восем гадоў. БНФ прызвычаіўся да сваёй новай функцыі сумеснай палітычнай працы з сваімі яшчэ нядаўна лютымі ворагамі “камунякамі”. Калякін пачаў паціху вывучаць беларускую мову, а Вячорка чытаць орган камуністаў, апазіцыйную газету «Товарищ».
Такім чынам, галоўным набыткам ці хутчэй “адбыткам” стагоддзя стала тое, што з лідэра апошняй дэкады XX ст. БНФ у першай дэкадзе XXI ст. ператварыўся ў непрыкметную, шараговую арганізацыю (за выключэннем прыкметна адмоўнага іміджу ў грамадстве), стаў у адзін шэраг з лібераламі, сацыялдэмакратамі і камуністамі.
Гэты несуцяшальны вынік выглядае яшчэ болып сумным на фоне адной вельмі важнай акалічнасці. Пасля рэферэндумаў 1995-1996 гг. беларуская мова страціла свой статус адзінай дзяржаўнай мовы, а беларуская нацыянальная сімволіка аказалася наагул забароненай. I наступу агрэсіўнай русіфікацыі БНФ ужо не здолеў даць надежны адпор, як у мінулыя часы. Не хапала і сіл, і таго ўзроўню пасіянарнага
ўздыму, які быў вызначальнай рысай яшчэ некалькі гадоў таму. Калі першыя спробы аб’яднання дэмакратычных сілаў, якія пачаліся з “Новай Беларусі” М. Ткачова, праходзілі пад знакам першынства беларускай нацыянальнай ідэі, то пасля 2000 г. усе аб’яднанні КРДС, Кансультацыйны Савет, “Пяцёрка плюс”, і, нарэшце, цяперашняя АДС забыліся цалкам, што такое нацыянальная ідэя і навошта яна патрэбна Беларусі. Фактычна, АДС ёсць аб’яднанне манкуртаў, бо для большасці з аб’ектаў АДС Бацькаўшчына, мова і наша гісторыя ёсць пусты гук. Неразуменне лідэрамі партый, што ўваходзяць у АДС, першаступеннай важнасці нацыянальнай ідэі для будучыні Беларусі вядзе да краху наагул тых набыткаў часу дэмакратызацыі Беларусі, што яшчэ засталіся. У гонках за “амерыканскім рублём”, жадання як мага болей падабацца эмісарам розных замежных дэмакратычных цэнтраў, накшталт Амерыканскага дэмакратычнага інстытута, што прадстаўляў седзячы ў суседняй Вільні славуты Олеан, палітычныя лідэры амаль выкраслілі з свайго лексікону і палітычнага жыцця ўсё звязанае з нацыянальнай ідэяй.
Сапраўды, у Еўропе не разумеюць неабходнасці беларускага нацыянальнага адраджэння, не разумеюць нацыянальнай ідэі, а слова нацыяналізм іх палохае. Таму грошы, якія ідуць з іх фондаў, прызначаюцца, як правіла, на развіццё так званай “беларускай дэмакратыі” (у двукоссі таму, што ні яны, ні мы не ведаем, што гэта такое) на падрыхтоўку і правядзенне так званых “выбараў” і на развіццё розных заходніх каштоўнасцей накшталт правоў чалавека, розных свабод і г. д. I амаль нідзе, ні ў адным праекце вы не ўбачыце ні намёка на нацыянальную ідэю, нацыянальнае адраджэнне ці ратаванне беларускай мовы, развіццё нашай культуры і асветы.
Як беспасярэдні ўдзельнік многіх палітычных працэсаў апошняга дзесяцігоддзя, у прыватнасці, паседжанняў КРДС, КС, “Пяцёркі плюс” і АДС, з упэўненасцю магу сказаць, што апазіцыя выкінула панятак
нацыянальнай ідэі з свайго рацыёну. Hi адзін з праектаў Кангрэса дэмакратычных сіл, што праходзілі пачынаючы з 1999 г. і да самага апошняга 2007 г. не праходзіў пад знакам беларускай нацыянальнай ідэі. Мовай паседжанняў Палітрады і іншых структур аб’яднаных дэмакратаў усё болып робіцца расійская мова, што раней было рэдкім выключэннем.
БНФ сёння з’яўляецца адной з важкіх структур АДС. Трэба засведчыць, што ў цэлым ён застаўся верным курсу, які некалі ўзяў Зянон Пазняк. Цікава, што сам Зянон не хоча нічога ні слухаць, ні ведаць пра сваіх былых калег з “іншага” Фронту. Тым не менш, гэта адзіная арганізацыя, дзе не перайшлі на расійскую мову, на якой пастаянна ідзе розная культурніцкая праца, і што вельмі важна праз БНФ актыўна ідзе працэс выхавання новага пакалення сведамых беларусаў. Толькі тут робіцца нешта для развіцця беларускай нацыі. Толькі ў БНФ не забытая нацыянальная ідэя.
Аднак на фоне палітычных цяжкавагаў, такіх, як АГП, БСДП (Г), КПБ, голасу БНФ амаль не чуваць. Таму, відаць, і не даходзяць крыкі паміраючай беларускай нацыі да заходніх дэмакратаў. Можа, тады, калі аб’явіць Беларусь зонай бяды, дык нехта і адгукнецца?
Я не бачу сэнсу ў “выбарах” любых роўняў, як у нас паводле аналогіі з Захадам завецца цынічны працэс прызначэння чыноўнікаў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады і ў органы заканадаўства. Я бачу адзіную галоўную задачу для апазіцыйных структур у гуртаванні сіл для здзяйснення беларускай нацыянальнай ідэі. I тады Беларусь атрымае i свабодныя выбары, і дэмакратыю, і ўсе іншыя, такія прывабныя для некаторых, заходнія каштоўнасці. А інакш Беларусь знікне як адметная нацыянальная краіна, стаўшы ці губерняй Расіі ці васалам нейкай заходняй краіны, напрыклад, пратэктаратам ЗША. Адзіная рэальная палітычная структура, якая яшчэ нешта здольная зрабіць для далейшага развіцця пра-