Імёны свабоды  Уладзімір Арлоў

Імёны свабоды

Уладзімір Арлоў
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 668с.
2015
139.03 МБ
Свой багаты архіў разам зь бібліятэкаю ён пакінуў, паводле запавету, роднай Беларусі.
Есьць свая сымболіка ў тым, што апошні зямны прыстанак Забэйда. знайшоў на праскіх Альшанскіх могілках побач з прэзыдэнтамі БНР Пётрам Крачэўскім і Васілём Захаркам.
Міхал Забэйда-Суміцкі
14.6.1900, в. Шэйпічы, цяпер Пружанскі раён —
21.12.1981, Прага, Чэхаславаччына.
Пахаваны на праскіх Альшанскіх могілках.
Шмат хто з нас ад школьных гадоў уяўляе Каліноўскага менавіта такім, як на хрэстаматыйных палотнах Пётры Сергіевіча, дзе Кастусь гутарыць з паўстанцамі або разам з Валерам Урублеўскім робіць агляд іх шэрагаў.
Равесьнік стагодзьдзя, Пётра вучыўся ў славутага ўжо калегі Фэрдынанда Рушчыца ў Вільні, дасканаліў майстэрства ў Кракаве і падчас паездкі ў Італію. Талент адкрываў яму шырокія магчымасьці для жыцьця і творчасьці. Сергіевіч абраў найлепшую —• Вільню, што тады была неафіцыйнай сталіцаю Заходняй Беларусі.
Пётра Сергіевіч
Само віленскае паветра зрабіла адной зь ягоных галоўных тэмаў гісторыю: «Усяслаў Полацкі», «Скарына ў друкарні», «Арышт Паўлюка Багрыма»... У 1920—1930-я гады Сергіевіч стварае манумэнтальныя паліхромныя размалёўкі ў касьцёлах Горадні, Смаргоні, Солаў, Поразава, Жодзішкаў, Салечнікаў...
Дзёньнік мастака сьведчыць пра незвычайную творчую й маральную патрабавальнасьць да сябе:
«Вечна я з сваіх прац не задаволены, так мучаюся, ад зары да зары малюю, не хапае мне часу паесьці... Нявольнік я вечнага хараства, не спачну да сьмерці... Пастанавіў нікому не гаварыць, як мне жывецца — цяжка ці добра... Пастанавіў
Усё жыцьцё Пётра Сергіевіч пражыў у Вільні
не мадяваць на замову... Ідзі за годасам душы сваёй. Гэта ёсьць твой закон. Што лепшага можа быць ддя душы чалавека, як вольнасьць?..» Прасякнуты болем запіс пра зьнішчэньне літоўскімі ўладамі віленскага Беларускага музэю Івана Луцкевіча.
Некалькі паваенных дзесяцігодзьдзяў віленская майстэрня Сергіевіча была месцам паломніцтва беларускіх мастакоў. Там натхняліся беларускім духам Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава... Менскае ж начальства ад мастацтва, пачуўшы імя Сергіевіча, пачынала нэрвавацца: «малюе ня тое». Жывому клясыку дазволілі ў беларускай сталіцы ўсяго дзьве пэрсанальныя выставы. На адну зь іх, прысьвечаную 75-годзьдзю мастака, мне пашчасьціла трапіць. Пад напятымі позіркамі чыноўнікаў маэстра гаварыў на вэрнісажы пра сваю запаветную мару — «каб народ беларускі жыў вольным жыцьцём».
Пётра Сергіевіч
10.7.1900, в. Стаўрова, цяпер Браслаўскі раён —
1.11.1984, Вільня.
Пахаваны на віленскіх Антокальскіх могілках.
Масква сусьвету вушы прашумела Пра самавызначэньне аж да зор. Смаленск дзе? Невель? Гомель дзе падзела? Стварыла Гомельскі ганебны калідор.
Мы цацкай нейкай для чужынцаў сталі, Пасьмешышчам для сьвету усяго.
Як быццам мала ў нашай волі сталі, Як быццамў сэрцах нашых згас агонь...
Пад гэтым амаль набатным вершам, напісаным у сярэдзіне 1920-х (калі Гомель яшчэ ня быў у выніку
Уладзімер Дубоўка
намаганьняў нашых нацыянал-камуністаў вернуты ў склад БССР), стаяў подпіс: Янка Крывічанін. Чэкісты не адразу высьветлілі сапраўднае імя аўтара, але ўрэшце супадзеньне шрыфту на тэксьце і друкавальнай машынцы ў Прадстаўніцтве Беларускай ССР у Маскве не пакінула сумневаў: верш напісаны супрацоўнікам гэтай установы Уладзімерам Дубоўкам.
У 1930-м яго, выпускніка маскоўскага Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытуту, аднаго з найталенавіцейшых сяброў зорнага згуртаваньня «ўзвышша», бліскучага перакладчыка Шэксьпіра й Байрана, на трыццаць гадоў адлучылі ад літаратуры. Ягоныя рукапісы прысвоіў стукач і літпагромшчык Лукаш
Бэндэ, які празь дзесяцігодзьдзі ласкава прадасьць гэтыя самыя рукапісы аўтару.
У валагодзкай перасыльнай турме Дубоўка напісаў «Песьні беларускіх выгнанцаў», якія сталіся гімнам нашых палітзьняволеных:
Ніколі й нідзе Беларусь не загіне, Ніколі й нідзе Беларусь не памрэ.
Hi ў турмах, ні ў концах, ні ў клятых краінах, Ніў дзікім прыгоне, ў маскальскім ярме!..
Але сталінскім катам усё ж удалося пасяліць у душы выдатнага паэта страх. Вярнуўшыся ў 1958-м з высылкі, ён застаўся ў Маскве.
Mae старэйшыя калегі-пісьменьнікі, якія пераведвалі Дубоўку, апавядалі, што той і на схіле дзён пазьбягаў размоваў на хоць крыху рызыкоўныя тэмы, мог прапанаваць тост за дарагога Леаніда Ільліча і захоўваў валізку з сваім сібірскім сталярскім інструмэнтам, думаючы, што той можа зноў прыдацца.
Створаны Дубоўкам у 1925-м верш «О Беларусь, мая шыпшына» (у юнацтве ён успрымаўся мною як неафіцыйны гімн) стаўся прарочым:
0 Беларусь, мая шыпшына, зял'ёны ліст, чырвоны цьвет!
У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасьцеш...
«Добры дзень, мая Шыпшына» — назваў я сваю першую кнігу.
Жыцьцёвы шлях Дубоўкі ўзнавіў у рамане-біяграфіі «Круг» сучасны беларускі пісьменьнік Алесь Пашкевіч.
Уладзімер Дубоўка
15.7.1900, в. Агароднікі, цяпер Пастаўскі раён —
20.3.1976, Масква. Расея.
Пахаваны на маскоўскіх Мікола-Архангельскіх могілках.
Я вырас на зацішнай полацкай вуліцы, дзе вечарамі, седзячы на лавачках, жыхары гаварылі пераважна на ідыш. 3 гэтае прычыны і мы, хлапчукі зь беларускай «нацменшасьці», таксама ведалі пару сотняў габрэйскіх словаў і не саромеліся сваімі ведамі кары-
стацца.
Такія мясьціны былі і ў даваенным Менску, дзе жыла пэдагог Хася Прусьліна.
Калі Нямеччына напала на Савецкі Саюз, яна праводзіла мужа ў войска і засталася з двума дзецьмі. Неўзабаве ўсе трое апынуліся ў гета. Маленькага сына
Хася
Прусьліна
«дзясятак», у задачу якой
фашысты забілі падчас адной з сваіх «акцыяў». Дачку ўдалося запісаць беларускай і выратаваць, адправіўшы ў дзіцячы прытулак.
Хася ўзначаліла ў гета адну з падпольных групаўуваходзіла сувязь з астатнім
горадам.
Атрымаўшы фалыпывы пашпарт на імя Пелагеі Фядзюк, яна ўладкавалася прыбіралыпчыцай па-за ганебным мурам і здолела зьвязаць нелегальныя габрэйскія групы зь Менскім падпольлем.
Аднак далейшае знаходжаньне ў горадзе зрабілася сьмяротна небясьпечным: на вуліцах зьявіліся сотні нямецкіх улётак зь яе фатаздымкам. У партызанскім аддзеле яна адразу трапіла на падазрэньне «асабістам», якія абвясьцілі Прусьліну засланкаю акупантаў. На шчасьце, адзін з байцоў аказаўся яе колішнім студэнтам і выратаваў Хасю ад расстрэлу.
«Хася Мэндэлеўна, — сказалі ёй па вайне ў адным чыноўніцкім кабінэце, — чаму б Вам не пакінуць сабе падпольнае імя і не зьмяніць нацыянальнасьць?» Хася адказала, што хоча застацца габрэйкай. «Жм-дов-кой», — удакладніў гаспадар кабінэту.
Доўгія гады над усімі жывымі ўдзельнікамі Мен-
скага падпольля, якое не кантралявалася савецкай уладай, вісела страшнае абвінавачаньне ў здрадзе радзіме. Падазрэньні здымаліся з адных толькі закатаваных у гестапа.
Падпольны рух у гета ня быў выняткам, хутчэй, наадварот, бо ўлады не прызнавалі адмысловага характару палітыкі гітлераўцаў у дачыненьні да габрэяў.
3 мэтаю рэабілітацыі
менскага, у тым ліку і габрэйскага супраціву нацыстам,
Прусьліна, рызыкуючы страціць працу, распачала чытаньне сваіх неартадаксальных лекцыяў.
У 1957-м, не ўважаючы на папярэджаньні «кампэтэнтных органаў», яна арганізавала кампанію зваротаў да Мікіты Хрушчова, у ЦК КПСС і цэнтральныя выданьні. Былі напісаныя дзясяткі лістоў з сотнямі подпісаў былых падполыпчыкаў.
Праз тры гады намаганьні Прусьлінай далі плён: часопіс «Коммунмст» надрукаваў першы артыкул, дзе Менскае падпольле прызнавалася, так бы мовіць,
«легітымным».
Цяпер пра ягоных герояў напісаныя кнігі й зьнятыя фільмы.
Хася Прусьліна
23.1.1901, в. Гарбачова, цяпер Расонскі раён —
25.11.1972, Менск.
Пахаваная на менскіх Усходніх могілках.
Нашае знакамітае мястэчка Ракаў адгукаецца ў маёй сьвядомасьці ня толькі імёнамі прафэсарафілёляга Вячаслава Рагойшы й адораных шматлікімі талентамі братоў Янушкевічаў, але й імем аднаго з найвыбітнейшых беларускіх авантурнікаў прамінулага стагодзьдзя Сяргея Пясецкага.
Пазашлюбны сын шляхціча зь вядомага ліцьвінскага роду, Сяргей ужо ў сямнаццаць гадоў браў удзел у змаганьні з бальшавікамі ў складзе аддзелу вядомага атамана Дзергача (Вячкі Адамовіча). Дзяргач, які займаўся і літаратурнай творчасьцю, ня ведаў,
Сяргей
Пясецкі
што пад ягонай рукой ваюе адзін з будучых выдатных польскіх пісьменьнікаў. He падазраваў гэтага і сам Пясецкі, які на той час ведаў па-польску ўсяго якую сотню слоў.
У Заходняй Беларусі ён стаў агентам польскай вайсковай выведкі, знаходзячы час і на маштабную кантрабандысцкую дзейнасьць у ваколіцах памежнага Ракава. (Тагачасныя прыгоды лягуць пазьней у аснову яго першага раману «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы».)
Праз свой авантурны характар Пясецкі мусіў неўзабаве разьвітацца з турботнай працаю выведніка, але лягчэйшым ягонае жыцьцё не зрабілася. Пад узьдзеяньнем какаіну ён учыніў цяжкое злачынства й у 1926-м быў засуджаны на расстрэл, які, улічыўшы заслугі перад сакрэтным ведамствам, замянілі на пятнаццаць гадоў зьняволеньня.
Арганізаваныя Пясецкім тры бунты зьняволеных скончыліся ягоным пераводам у самую жорсткую ў тагачаснай Польшчы Сьвентакшыцкую турму, дзе былы дывэрсант і кантрабандыст нарэшце вывучыў польскую мову і пачаў пісаць на ёй мастацкую прозу.
Публікацыя першага ж раману выклікала пасытяховую кампанію дзеля датэрміновага вызваленьня хвора-
га на сухоты пісьменьніка. Ен выйшаў на волю ў 1937-м і ўжо ў наступным годзе разглядаўся як кандыдат на Нобэлеўскую прэмію.
У гады вайны Пясецкі гераічна ваяваў на Віленшчыне ў аддзелах Арміі Краёвай і выславіўся тым, што сярод белага дня наладзіў у Вільні ўцёкі з гестапа Юзафа Мацкевіча, пазьней ці не найбольш знакамітага пісьменьніка
польскай эміграцыі (дарэ-
чы, таксама беларуса з паходжаньня).
Сярод больш чым дзясятку раманаў Пясецкага, таксама паваеннага эмігранта, самы вядомы, напэўна, — «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі», што ў камуністычнай Польшчы знаходзіўся пад забаронаю, а па-беларуску ў перакладзе Алеся Астраўцова выйшаў у 2005 годзе.
Чытаючы «Запіскі афіцэра...», я напачатку быў трохі ўквелены празьмерным, як мне здалося, гратэскам, але, згадаўшы ўласны армейскі досьвед, цалкам пагадзіўся зь перакладчыкам, які ў прадмове адзначае, што гэтая кніга ёсьць «адным з найбольш пасьлядоўных, зьнішчальных, бескампрамісных і па-сапраўднаму сьмешных прыкладаў сатырычнага адлюстраваньня антычалавечае сутнасьці савецкае сыстэмы».