• Газеты, часопісы і г.д.
  • Імёны свабоды  Уладзімір Арлоў

    Імёны свабоды

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 668с.
    2015
    139.03 МБ
    ладога адукаванага сьвятара вельмі хутка заўважылі царкоўныя й сьвецкія ўлады. Лапіцкі мусіў ехаць да новага месца службы — у глухую вёску Сьцяфанпольле на Дзісеншчыне.
    У гады вайны ён займаецца пошукам і вызваленьнем з канцлягераў ваеннапалонных беларусаў, сам трапляе ў рукі СД, а вярнуўшыся на волю, далучаецца да адбудовы Беларускай праваслаўнай царквы. Пасьля аўтакефальнага царкоўнага сабору 1942 году Лапіцкага прызначылі настаяцелем менскай Чыгуначнай царквы, якую старыя менчукі й цяпер згадваюць добрым словам — як і сьвятара, што ў нялюдзкі час знаходзіў для кожнага слова спагады й падтрымкі.
    Па вайне айцец Мікалай разам зь Беларускім царкоўным камітэтам склікаў у Рэгенсбургу зьезд духавенства і вернікаў з заходніх акупацыйных зонаў Нямеччыны. Зьезд катэгарычна выступіў супраць уваходу беларускіх япіскапаў у склад Расейскай зарубежнай царквы. Лапіцкі, дарэчы, заўсёды падкрэсьліваў, што хрысьціянства прыйшло на нашыя землі ня з Кіева і, пагатоў,
    не з Масквы, а з Канстантынопалю, а таму Беларуская аўтакефалія мусіць знаходзіцца ва ўлоньні ўсяленскага Канстантынопальскага патрыярха.
    Жывучы ў ЗША, айцец Мікалай працягваў сваё сьвятарскае служэньне: узначальваў прыход Сьвятой Эўфрасіньні ў адным з цэнтраў нашай эміграцыі ў Новым Сьвеце — горадзе Саўт-Рывэры, выдаваў часопіс «Царкоўны Сьветач». Цягам некалькіх гадоў у дзень абвяшчэньня
    незалежнасьці БНР Лапіцкі чытаў у Кангрэсе ЗША прысьвечаную гэтай падзеі малітву.
    Найлепшым помнікам ахвярнаму сьвятару сталася выдадзеная ў 2006-м Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва ў Нью-Ерку ды Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі навук кніга «Мікалай Лапіцкі. У служэньні Богу й Беларусі».
    Гэты фаліянт выйшаў пры чынным удзеле дачкі айца Мікалая Лёлі й сына Жоржа, якія больш чым праз шэсьць дзесяцігодзьдзяў пасьля расстаньня зь зямлёю бацькоў наведалі Радзіму і ўразілі мяне выдатнай беларускай мовай і вераю ў будучую эўрапейскую Беларусь.
    Мікалай Лапіцкі
    13.12.1907, в. Грэлікі, цяпер Вялейскі раён —
    8.8.1976, Беларускі адпачынкавы цэнтар «Бэлэр-Менск», штат Нью-Ёрк, ЗША.
    Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры.
    штат Нью-Джэрзі.
    У людзей, надзеленых духоўнай свабодай, адабраць яе немагчыма. А калі да гэтае свабоды дададзена глыбокая й шчырая вера, чалавек робіцца непераможным у самых нечалавечых выпрабаваньнях.
    Пры канцы 1920-х Апалёнія Пяткун стала сястрой каталіцкага Ордэну эўхарыстак. Разам з адноўленым Ордэнам марыянаў яму было наканавана пакінуць у гісторыі царквы ў Беларусі не адну гераічную старонку.
    Яе накіравалі ў школу кравецтва і хатняй гаспадаркі. Апалёніі думалася, што цяпер праз усё жыцьцё ёй да-
    Апалёнія
    Пяткун
    вядзецца шыць літургічныя шаты ды аздабляць касьцёлы. Аднак Усявышні даў ёй іншую місію — змагацца за само існаваньне Касьцёлу.
    Увосень 1941-га яна была ў ліку сясьцёр-эўхарыстак,
    якія распачалі сваё служэньне ў Росіцы, што на Дрысеншчыне, там, дзе пазьней пайшлі ў неба айцы-марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра, спаленыя нацыстамі разам зь вернікамі. Якраз у тыя бязьлітасныя гады Апалёнія Пяткун узначаліла беларускую супольнасьць эўхарыстак.
    Па вайне савецкая ўлада ўзнавіла перасьлед сьвятароў і вернікаў. Каб запабегчы рэпрэсіяў, у Ордэне нарадзілася ідэя пераезду ў Польшчу. Сёстры чакалі, як успрыме гэта маці Апалёнія. Адчуваючы, што служба на беларускай зямлі набывае цяпер сэнс апостальства, яна вырашыла застацца.
    Аднойчы праводзіла групу сясьцёр на станцыю. Тыя клікалі з сабой, у вагоне было вольнае месца. Як потым прызнавалася Апалёнія, шукаючы падтрымкі, апрача малітвы, яна абняла прыстанцыйную бярэзінку і назаўтра вярнулася да сясьцёр у Друю.
    Пацягнуліся бясконцыя месяцы няроўнага змаганьня з уладамі. У Беларусі ўжо не было ніводнага манаска-
    га ордэну, а эўхарысткі яшчэ трывалі: спачатку легальна, а потым, калі забралі іх законны дом, — таемна.
    У 1949-м па колішняй Заходняй Беларусі пракацілася хваля арыштаў каталіцкіх сьвятароў. Некаторыя здолелі схавацца ў лясах, на далёкіх хутарах. Іхняй ратавальніцай стала маці Апалёнія, якая ў жабрачым адзеньні штодня праходзіла не адзін дзясятак кілямэтраў, прыносячы ксяндзам ежу і навіны.
    Навіны былі горкія. У зачыненых касьцёлах калгаснае начальства ў лепшым разе рабіла клюбы, а найчасьцей — сховішчы, а то й хлявы. Забраныя гэбістамі сьвятары атрымлівалі доўгія тэрміны ў сібірскіх канцлягерах. Бог даў Апалёніі сілы рупіцца і пра іх. Адмаўляючыся ад самага неабходнага, не дазваляючы сабе нават белага хлеба, сёстры-эўхарысткі адправілі вязьням ГУААГу сотні пасылак. Сярод тых, пра каго клапацілася маці Апалёнія, быў і засуджаны на 25 гадоў былы генэрал Ордэну марыянаў Андрэй Цікота.
    Яна дажыла да больш сьветлага часу. Бог паклікаў яе да сябе ў дзевяноста адзін год. На пахаваньні з вуснаў беларускіх сьвятароў гучалі словы: «У кагосьці ёсьць маці Тэрэза з Калькуты. У нас жа ёсьць маці Апалёнія».
    Апалёнія Пяткун
    26.1.1908, Краслава, цяпер Латвія — 9.4.1999, Вільня.
    Пахаваная ў Друі, Браслаўскі раён.
    Habent sua fata libeli — i кнігі маюць свой лёс. Лёс адной зь яе нешматлікіх кнігаў спачатку складаўся зусім непамысна.
    Неяк увечары паэт Аркадзь Куляшоў добра сядзеў з калегам Максімам Лужаніным у гародчыку на лецішчы ў апошняга. 3 дому раптам выйшла гаспадыня з цэлым абярэмкам нейкіх папераў і нататнікаў.
    — Ты куды? — пацікавіўся Лужанін.
    — Да суседзяў, — кіўнула жонка на плот, з-за якога цягнула дымам ад вогнішча.
    — А што нясеш?
    Яўгенія Пфляўмбаўм
    — А якая вам справа?
    Куляшоў, сьцяміўшы, у чым рэч, ускочыў і, заступіўшы дарогу, адабраў паперы. Гэта былі вершы. He лужанінскія, а той, якая й асудзіла іх на спаленьне.
    — Будзем друкаваць і рабіць кнігу, ■— пагартаўшы сваю здабычу, сказаў госьць. — Рэдагую я.
    Гаспадыня нечакана хутка згадзілася. Праўда, як на бяду, Куляшоў неўзабаве адышоў у лепшы сьвет, і выхад кнігі адклаўся яшчэ на дзесяць гадоў, пакуль за справу ня ўзяўся паэт Анатоль Вярцінскі.
    Аўтарку вершаў, якія ў 1989-м выйшлі кнігаю «Сувой жыцьця», звалі Яўгенія Пфляўмбаўм. Яе папярэдняя публікацыя ў калектыўным зборніку датавалася 1926-м.
    Дачка беларускі й рабочага-чыгуначніка родам зь Нямеччыны, прозьвішча якога яна захавала і ў замужжы, спадарыня Пфляўмбаўм стала адной з найцікавейшых беларускіх паэтак XX стагодзьдзя, якую знаўцы параўноўваюць з славутай амэрыканкай Эмілі Дыкінсан. Відаць, было б неабачліва сьцьвярджаць, што няпросты лёс не спрыяў гэтаму. Мо якраз наадварот: выпрабаваньні й нягоды пераплаўляліся ў радкі высокае пробы?
    Мела ты ўсяго нароўні:
    Зьдзекаў, скруты, жменьку шчасьця, Але скрозь жыла варожасьць, I маглл ты зноў упасьці...
    Аы ўтрымалася, — нарукі Падхапілі людзі з сэрцам, I падслухала я згукі, Што бываюць перад сьмерцю...
    У 1933-м яна, прадаўшы, каб набыць чыгуначны квіток, уласную бібліятэку, паехала ўсьлед за асуджаным на два гады мужам у Марыінск. Жывучы пасьля Сібіры ў Маскве, бо шлях у Беларусь быў закрыты, Яўгенія ў вайну была байцом супрацыіаветранай абароны.
    Яе творчы партрэт будзе няпоўным, калі не сказаць, што спадарыня Пфляўмбаўм шмат перакладала: з ангельскай — Байрана і Джэка Лондана, з расейскай — прозу й драматургію Чэхава і Горкага... Калі вам давядзецца чытаць беларускія пераклады гэтых аўтараў, дзе ў якасьці перакладчыка фігуруе Лужанін, ня верце. Шкада, што я не пасьпеў запытацца ў старога, што змушала яго ўсё жыцьцё прысвойваць сабе таленавітыя жончыны пераклады. Дзякуй богу, што хоць ня вершы.
    Яўгенія Пфляўмбаўм
    1.11.1908, Менск — 13.1.1996, Менск.
    Пахаваная на могілках у в. Паперня, Менскі раён.
    «Валеры Маракоў быў адным з самых таленавітых паэтаў 1920—1930-х гадоў. Моладзь любіла ягоную паэзію. Дзіўна, але яе чамусьці вабілі той пэсымізм, разгубленасьць. Мабыць, настрой паэзіі Маракова адпавядаў настроям чытачоў? Гэта была паэзія каханьня, надзей і расчараваньняў, адыходу ад грамадзкага афіцыёзу ў сьвет хараства, у сьвет чалавечнасьці». Цытаваная характарыстыка належыць пяру сучаснага літаратуразнаўцы зь Нью-Ерку Лявона Юрэвіча. Ня менш высока творчасьць Маракова ацэньвалі ягоныя блізкія знаёмыя й калегі.
    Валеры Маракоў
    Паэт Станіслаў Шушкевіч апавядаў, як цешыўся першымі паэтычнымі крокамі Маракова Янка Купала. Сяргей Грахоўскі прыгадваў, што дэбютны
    зборнік Валерыя «Пялёсткі» перапісваўся ў патаемныя дзявочыя сшыткі.
    Але ў друку ўсё часьцей гучалі іншыя водгукі й ацэнкі — «безнадзейны пэсымізм», «блуканьне ў нетрах упадніцтва», «стаяньне ўбаку ад сацыялістычнага будаўніцтва». Заставаўся адзін крок да палітычных абвінавачаньняў. Ад іх паэт спрабаваў схавацца ў асяродзьдзі тагачаснай менскай літаратурнай багемы, якая стварыла славуты ТАВІЗ, або «Таварыства
    аматараў выпіць і закусіць». Валеры намагаўся рыфмаваць нешта патрэбнае ўладзе пра камісараў, Асінбуд і запалкавую фабрыку, але празь
    дзяжурныя радкі прабівалася прадчуваньне блізкай трагедыі — і агульнанацыянальнай, і асабістай:
    Шчасьлівы я, што тут жыву. Й за гэты край вясной вялікай, Быць можа, зьнімуць галаву, Праколюць цела вострай пікай...
    У 1935-м Маракова за публікацыю вершу «Песьня перамог» на паўгоду выключаюць з Саюзу пісьменьнікаў. Тадысама адбываецца першы арышт — за ўдзел у «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі». НКВД прыяжджае й па ягонага бацьку Дзьмітрыя, царкоўнага старасту. Самога паэта зноў арыштоўваюць...
    Пасьля году катаваньняў яго разам зь яшчэ дваццаць адным літаратарам расстралялі ў менскай турме на досьвітку 29 касгрычніка 1937-га. Разгляд кожнай справы ў судзе займаў роўна пятнаццаць хвілінаў. У прыгарадным лесе, які пазьней стаў паркам Чалюскінцаў, зьявілася новая безыменная братняя магіла.
    Бацьку паэта, Дзьмітрыя Захаравіча, пасьля вяртаньня з ГУААГу гэбісты бясконца — нават у восемдзесят гадоў — цягалі на допыты. Трагічны лёс выпаў і малодшым братам Валерыя — Леаніду й Уладзімеру, якія таксама сьвядома служылі Беларусі. Першага ў 1943-м застрэлілі баевікі Арміі Краёвай, другі ў 1950-я вярнуўся з савецкага канцлягеру псыхічна хворы.
    У Беларусі добра ведаюць пляменьніка паэта — пісьменьніка Леаніда Маракова, які зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг, выдаўшы шматтомавы энцыкляпэдычны даведнік, прысьвечаны рэпрэсіям у Беларусі за два апошнія стагодзьдзі.