Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега
Іван Саверчанка
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 63с.
Мінск 1992
Крытычная сітуацыя вымагала ад кіраўніка пасольства выключна абачлівых крокаў. Таму, калі маскоўскія баяры пачалі ўльтыматыўна патрабаваць ад яго «справіць пасольства» да цара Фёдара,
15
Сапега мусіў адмовіцца ад сустрэчы з ім, настойліва дамагаючыся дазволу папярэдне з’ездзіць да караля і вялікага князя па новыя граматы ды распараджэнні. Пасля доўгай цяганіны, хоць і без вялікай ахвоты, баяры ўсё ж такі далі яму магчымасць выправіць пасыльных у Рэч Паспалітую. Пачаліся доўгія дні чакання, трывожныя і небяспечныя...
У Маскве тым часам не сціхалі баярскія звадкі. Стральцы, падбухтораныя Багданам Бельскім, аблажылі Крэмль, забілі князёў Мсціслаўскага ды Шуйскага. Папаўзлі чуткі, няйнакш пушчаныя баярамі, што сам Бельскі, а не баяры хоча царскай крыві. Узбуджаны, ашалелы натоўп гатовы быў учыніць расправу з кожным, на каго пакажуць. Аднаго слова хапіла б, каб накіраваць раз’юшаных людзей на замежных паслоў. Вуліцы Масквы былі залітыя крывёю.
Па вяртанні пасыльных доўгачаканыя перамовы ўзнавіліся. Л. Сапега сустрэўся з царом Фёдарам. Галоўнае для яго цяпер было — пераканаць нейкім чынам маскоўскага манарха ды баяраў у неабходнасці і ўзаемнай карысці міру. Каб павялічыць свае шанцы на поспех, Л. Сапега скарыстаў стары, але надзвычай дзейсны ў тагачаснай міжнароднай палітыцы спосаб, наўмысна паведаміўшы цару, што туркі нібыта рыхтуюцца да вайны з Масковіяй і султан шукае палякаў ды беларусаў у хаўруснікі. Гэта ды яшчэ, мабыць, тое, што маладому цару карцела як мага хутчэй заняцца ўнутранымі праблемамі ды ўмацаваннем сваёй улады, спрыяла поспеху Л. Сапегі. Праз некалькі дзён пасля безвыніковых спрэчак за Інфлянты паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскаю Руссю быў падпісаны дзесяцігадовы мір. Акрамя таго, Л. Сапега дамогся ад Фёдара Іванавіча вызвалення з палону, прычым — што самае дзіўнае — без ніякага выкупу, блізу 900 беларусаў. Няцяжка ўявіць радасць Л. Сапегі з гэтае нагоды, бо крыху раней ён у адным з лістоў прасіў у Сцяпана Батуры дазволу ўзняць на перагаворах пытанне аб вызваленні суайчыннікаў. «Над імі трэба злітавацца,— пісаў Сапега з болем.— Я кожны дзень абліваюся слязьмі„ калі чую іх енкі, хоць і далёка ад іх стаю».
16
Нечуваны поспех пасольства, асабліва сенсацыйнае рашэнне Фёдара адпусціць на волю палонных без звычайнага запазывання вялікага рахунку, спарадзіла сярод палітычных колаў Еўропы супярэчлівыя чуткі ды стала прычынаю самых розных здагадак.
Паводле сцверджання адных, новы маскоўскі цар быў нікчэмны палітык і нават крыху не пры сваім розуме. Дарэчы, і Л. Сапегу Фёдар Іванавіч таксама падаўся прыдуркаватым, што пацвярджае яго ліст ад 10 ліпеня 1584 года да папскага легата Баланьеці, з якім ён дзяліўся сваімі ўражаннямі ад маскоўскага гаспадара. «Вялікі князь,— паведамляў Сапега,— малы ростам, гаворыць ціха і надта марудна. Розуму ў яго, здаецца, небагата, а іншыя кажуць — і зусім няма. Калі ён у часе аўдыенцыі сядзеў на троне ў сваіх царскіх шатах, то, гледзячы на скіпетр ды дзяржаву, усё неяк павар’яцку ўсміхаўся»
Ці сапраўды Фёдар быў такі, якім абмаляваў яго Л. Сапега? Невядома, бо, паводле іншых гістарычных звестак, сын Івана IV сваёй хітрасцю ды авантурызмам пераўзыходзіў нат бацьку, а яго паводзіны пад час афіцыйных сустрэч — гэта не больш, чымся гульня ды адмысловы маскарад. Але, як бы тое ні было, станоўчыя вынікі перагавораў былі бясспрэчныя, а ўнутрымаскоўскія праблемы ды балячкі ўрэшце мала хвалявалі Л. Сапегу.
Удалыя перамовы прынеслі Л. Сапегу славу выдатнага дыпламата. Сцяпан Батура прызначыў яму добрыя ўзнагароды — Слонімскае староства, а з 2 лютага 1585 года — пасаду падканцлера Вялікага Княства **.
Новая пасада дала Л. Сапегу выключныя магчымасці для здзяйснення яго даўняй задумы — стварэння магутнай беларускай дзяржавы, здоль
* Акты йсторйческйе, относяіцйеся к Россйй, йзвлеченные йз йностранных архйвов й бйблйотек A. Н. Тургеневым. СПб., 1842. Т. 2. С. 2—3.
** У 1584 годзе памёр вялікі гетман Княства і віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Руды. Пасля яго Віленскае ваяводства перайшло да Астафея Валовіча. Канцлерскую пасаду заняў былы падканцлер Крыштаф Мікалай Радзівіл Пярун. Адпаведна на яго месца і быў прызначаны Л. Сапега.
3. Зак. 2022
17
най эканамічна і ваеннапалітычна супрацьстаяць ворагам, а таксама быць незалежнай ад хаўруснай Польшчы. Аднак на гэтым шляху падканцлера чакалі сур’ёзныя выпрабаванні.
Ужо ў сакавіку 1585 года польскія магнаты пачалі. атрымліваць каралеўскія прывілеі на землі Вялікага Княства, вернутыя беларускім рыцарствам пад час баталіяў з Маскоўшчынай. Абураны дзеяннямі нахабных суседзяў і, як усё больш пераконваўся Л. Сапега, не надта надзейных і шчырых хаўруснікаў, ён з гневам асуджаў беспадстаўныя прэтэнзіі палякаў і даказваў абсалютнае права беларускага гаспадарства на набытыя тэрыторыі. «Ад.таг° часу як пачалася вайна за Інфлянты,— пісаў падканцлер,— палякі і гарэлага шэлега не далі нам у дапамогу. А цяпер, калі ўсё ідзе пад канец, дык пан пбляк імкнецца авалодаць Вялікімі Лукамі, Завалачам, Холмам... Яны нас хочуць адпіхнуць ня толькі ад заваяванага намі цяпер, але і ад таго, што мы трымалі раней» *.
Як бачым, Л. Сапега быў далёкі ад таго, каб бараніць інтарэсы Польшчы, што сцвярджалі і працягваюць сцвярджаць рускія ды польскія гісторыкі. Наадварот, клапоцячыся пра беларускі народ, пашыраючы тэрыторыю Княства, умацоўваючы яго межы, падканцлер кожны раз стрымліваў парыванні палякаў падпарадкаваць вялікакняскія землі. Праўда, і пад час канфліктаў з палякамі ў 1585 годзе Л. Сапега, займаючыся міжнароднымі справамі, улічваючы канкрэтныя гістарычныя абставіны, нярэдка выступаў як прадстаўнік усяе федэрацыі — Рэчы Паспалітай, але ён пры гэтым заўсёды выходзіў найперш з інтарэсаў Вялікага Княства, прымяраючы найважнейшыя рашэнні да палітычных мэтаў свайго гаспадарства, узгадняючы іх з памкненнямі беларускае шляхты. Разнастайныя гістарычныя дакументы, звязаныя з дзейнасцю Л. Сапегі, дазваляюць адназначна сцвярджаць, што ўва ўсёй яго шматгадовай палітычнай чыннасці не было ніводнага выпадку, каб інтарэсы Польшчы ці нават усяе Рэчы Паспалітай ён ставіў вышэй за ўласна вялікакняскія. Гарачы патрыёт і па
* Archiwutn domu Radziwittow. Krakow, 1885. T. 8. S. 178—179,
18
слядоўны палітык, ён, несумненна, зорка першай велічыпі на небасхіле нашай палітычнай гісторыі.
Пасада падканцлера вымагала ад Л. Сапегі штодзённага аналізу не толькі ўнугранага становішча Княства, але і міжнародных стасункаў. Кожны зрух, кожны паварот у палітыцы еўрапейскіх і бліжэйшых азіяцкіх краінаў натуральна патрабаваў адпаведных крокаў ад выканаўчых уладаў Вялікага Княства.
Так, у 1585 годзе падканцлера вельмі насцярожылі звесткі, што паступілі ў Вялікую Канцылярыю, аб намеры Максімільяна, брата імператара «Святой Рымскай імперыі германскай нацыі» Рудольфа, заняць маскоўскі трон замест Фёдара Іванавіча. Хаўрус «Святой Рымскай імперыі» з Масковіяй нічога добрага не абяцаў для Вялікага Княства.
Каб перашкодзіць гэтым планам, Л. Сапега неадкладна падрыхтаваў і накіраваў у Маскву пасольства Гарабурды, які, пераняўшы дыпламатычны досвед падканцлера, змог пераканаць маскоўскіх баяраў у немэтазгоднасці паяднання з каталіцкім светам...
1 верасня 1586 года ў асабістым жыцці Л. Caneri адбыліся перамены. Ен ажаніўся з удавою князя С. Збаражскага Даротай Фірліёўнай. Матэрыяльнае становішча падканцлера ў гэтым часе, пэўна, выглядала не надта добра. Каб справіць вяселле, ён мусіў прадаць адзін са сваіх маёнткаў за 500 коп грошаў. Дарэчы, дакументы судовай справы Сапегі з панамі Гарнастаем ды Цеханавецкім за 1586 год, занесеныя ў кнігі Метрыкі Вялікага Княства *, таксама сведчаць пра цяжкасці ў яго гаспадарцы.
Пабраўшыся з заможнай удавою, спадчынніцай
* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (гэтак званая Літоўская метрыка) — галоўны дзяржаўны архіў, у якім зберагаліся дакументы XIV—XVIII стагоддзяў. Усяго налічвае блізу 556 тамоў. Асноўная частка метрыкі знаходзіцца зараз у Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве. Каля 50 тамоў рукапісных копіяў, зробленых у XIX стагоддзя, захоўеаюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі ў Менску (фонд 694, вопіс 1, №№ 1—50).
3*
19
вялікіх багаццяў, падканцлер істотна павялічыў свой капітал *.
Аднак нельга думаць, што шлюб Лева Сапегі і Дароты Фірліёўны — вынік меркантыльнага разліку падканцлера. Зусім не. Іх паяднала глыбокае ўзаемнае каханне. Праз усё нядоўгае сужэнства Леў Сапега і Дарота Фірліёўна пранеслі трапяткое і чыстае пачуццё замілаванасці адно адным, нягледзячы на плёткі, шго няспынна распускалі некаторыя зайздроснікі іх сямейнага шчасця.
* Пра ўладанні Л. Сапегі і гісторыю іх набыцця можна падрабязна прачытаць у выдатным навуковым даследаванні «Sapiehowie: Materjaly historycznogenealogicznle і maietkowie» (Petersburg, 1890. T. 1).
ВЫПРАБАВАННЕ НА МУЖНАСЫЬ
Падрыхтоўка да элекцыі ^ Правілы палітычных гульняў ^. За кандыдатуру Фёдара Іванавіча Дыпламатыя замест сілы >|< Вынікі стратэгіі падканцлера * Няўдалыя манеўры караля ^: Выданне Статута 1588 года
Пасля нечаканай смерці 12 снежня 1586 года ў Гародні Сцяпана Батуры (паводле гістарычнай легенды, атручанага некім з яго Bopara}') для Л. Сапегі пачынаецца амаль двухгадовы перыяд выпрабавання на мужнасць і палітычную сталасць.
3 прычыны адсутнасці манарха ў Рэчы Паспалітай узнік востры грамадскі крызіс. Канвакацыйны (перадвыбарчы) Вальны Сойм, скліканы 1 лютага 1587 года, засведчыў, што федэрацыю чакаюць наперадзе новыя беспарадкі ды непрымірэнчая барацьба між рознымі шляхецкімі і князеўскімі групоўкамі.
Сваю задачу пад час элекцыі падканцлер перадусім бачыў у тым, каб абараніць інтарэсы Княства, і, не зважаючы на ўсеагульны ўпадак ды звычайныя для гэтакіх момантаў самавольствы і анархію, дамагчыся ўзвышэння Бацькаўшчыны. I ён, як паказалі пазнейшыя падзеі, дасягнуў гэтае мэты найперш дзякуючы заўсёды разважлівым крокам, неймавернай вытрымцы, моцнаму аналітычнаму розуму ды той палітычнай прадбачлівасці, якой прырода надзяліла яго напоўніцу.
Абранне манарха тае ці іншае еўрапейскае краіны ў часы Л. Сапегі зазвычай не было толькі ўнутранай справай гаспадарства. Амаль заўсёды гэтая падзея апыналася ў цэнтры ўсёй еўрапейскай палітыкі. У Рэчы Паспалітай, да таго ж, гаспадарскі трон быў выбарны, а не дынастычны, што ўсклад