• Газеты, часопісы і г.д.
  • Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII - пачатак XX ст.)

    Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі

    (канец XVIII - пачатак XX ст.)

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 496с.
    Мінск 2015
    226.43 МБ
    Сярод ведамасцей рознага ўліку найбольш інфарматыўнымі выступаюць ведамасці аб стане касцёлаў, філій і капліц. Яны запаўняліся па выпрацаваным фармуляры і ўключалі наступныя пазіцыі: колькасць парафій; назва парафіяльных касцёлаў і належачых да іх асобных алтарый, філій і капліц; колькасць святароў; час правядзення набажэнстваў; назвы населеных пунктаў, якія ўваходзяць у парафію; колькасць парафіян у кожным населеным пункце. Часам ведамасці фарміраваліся ў справу разам з копіяй указа аб зборы звестак і рапартамі дэканаў і святароў аб іх прадстаўленні.
    3 1873 г. ведамасныя вопісы дапоўніліся пазіцыямі: нумар; назва касцёла; агульная плошча касцёльнай зямлі; спасылкі на дакументы, якімі пацвярджаюцца правы на яе; колькасць здадзенай у арэнду зямлі; імя арандатара; наяўнасць кантракту; дата яго заключэння і зацвярджэння кансісторыяй; памеры штогадовай арэнднай платы; характарыстыка пабудоў на гэтай зямлі і заўвагі. Унесеныя дапаўненні датычыліся гаспадарчай функцыі і дзейнасці царквы (пераважна каталіцкай). Таму яны фактычна аднесены ў асобную катэгорыю крыніц гаспадарчага парадку, разам з інвентарамі і рэвізіямі царкоўных зямельных угоддзяў з пералікам памеру зямлі. Сюды ж уключаны тастаменты свецкіх асоб аб перадачы/дараванні ў царкоўнае карыстанне маёнткаў і пабудоў.
    Уліковыя даныя знаходзім таксама ў фармулярных, паслуговых спісах, пераліках вучняў, ведамасцях паспяховасці. Адначасова яны з’яўляюцца добрай асновай для аналізу біяграфічных даных пэўнага чалавека і грунтоўна дапаўняюць дакументы біяграфічнага тыпу (атэстаты, дыпломы, прысягі, назначэнні святароў на пасады або іх перавод, указы аб прысвойванні духоўнага звання і інш.).
    Выяўленыя алфавітныя спісы асоб далі магчымасць у першую чаргу ўстанавіць прозвішчы святароў удзельнікаў паўстанняў, ідэнтыфікаваць асноўныя формы і метады іх заангажаванасці ў падзеях 1830-1831, 1863-1864 гг. і прасачыць спецыфіку карнай сістэмы адносна вылучанай сацыяльнай групы. Праўда, фрагментацыя звестак, неахайнасць запаўнення, складанасць вызначэння спосабаў падліку выклікаюць асаблівае крытычнае стаўленне да дадзеных дакументальных матэрыялаў.
    Віды крыніц дзелавой перапіскі прадстаўляюць рапарты, данясенні, прашэнні, звароты, петыцыі, даручальніцтвы, афіцыйныя лісты. Тэматыка службовай перапіскі звязана ў большасці сваёй з запытамі і просьбамі ў МУС павятовых служачых, святароў або вернікаў на дазвол дзейнасці канкрэтнай установы/арганізацыі (брацтва, кляштара, школы, друкарні), вырашэння спрэчных маёмасных пытанняў, праблем з пераводамі ў іншае веравызнанне
    і з заключэннямі «змешаных шлюбаў». Найбольш значныя эксцэсы разглядаліся ў Міністэрстве ўнутраных спраў, штабе корпуса жандараў і нават самім імператарам. Гэта надавала імпульс для стварэння крыніц вылучанага парадку і адпаведнага дакументазвароту.
    Асобна спынімся на лістах і сакрэтных рапартах у сталіцу імперыі (захоўваюцца ў справах фонду 796 РДГА), якія летам 1838 г. накіроўваў дарадчык обер-пракурора Св. Сінода В. Скрыпіцын з розных гарадоў Беларусі і Украіны, куды быў накіраваны Мікалаем I дзеля ўстанаўлення ступені гатоўнасці заходніх губерняў да ліквідацыі уніі1. Назіранні высокага чыноўніка з Пецярбурга даюць каштоўную інфармацыю пра мясцовыя настроі, якія моцна адрозніваліся ў Беларускай і Літоўскай епархіях. He меншую цікавасць уяўляюць яго заснаваныя на мясцовых рэаліях рэкамендацыі па нейтралізацыі іншадумцаў і давяршэнні справы дэўнізацыі.
    Унікальнымі крыніцамі з'яўляюцца калектыўныя прашэнні, звароты, скаргі, петыцыі 1830-х гадоў прыхаджан-уніятаў і прыходскіх святароў у абарону сваіх сакральных рэліквій, абраднасці, супраць пераабсталявання храмаў, уніфікацыі богаслужбовых кніг, знішчэння арганаў ва ўніяцкіх цэрквах. У такіх дакументах гісторыя выцяснення ўніяцкай традыцыі паўстае праломленай праз індывідуальныя людскія лёсы.
    Судова-следчыя справы, выкарыстаныя ў даследаванні, праходзяць па дзвюх судовых сістэмах крымінальнай і палітычнай. Першая, хаця і не такая масавая, але поўніцца шматграннымі фактамі: пра службовыя правіны прыхадскога духавенства, пра парушэнні законаў, звязаных з правіламі культавага будаўніцтва, абраннем служак культу, пра злачынствы на канфесійнай глебе (блюзнерствы, нараканні, невыкананне абрадавых патрабаванняў як вернікамі, так і духавенствам), пра зацвярджэнні да выканання натарыяльных і хатніх духоўных тастаментаў, а таксама пра злачынствы ў сферы сямейных адносін, чым закранаюцца некаторыя бакі штодзённага побыту духавенства і вернікаў. Шмат якія пытанні супраціву дэўнізацыі і «отпадення» экс-уніятаў ад пануючай праваслаўнай веры таксама разглядаліся ў судовым парадку.
    Судовыя справы палітычнага характару масава адносяцца да часоў паўстанняў 1830-х і 1860-х гадоў, якія ў першую чаргу адбываліся над каталіцкімі святарамі і вернікамі за датычнасць да адзначаных рэалій. Яны малююць карціну палітычнай актыўнасці духавенства, іх ролю і функцыю ў падзеях і пасля іх заканчэння, міжканфесійныя адносіны ў дадзеных абставінах. Па палітычных абвінавачваннях часта праходзілі справы аб канфесійных пераходах, нараканнях на праваслаўную веру, адмаўленні выконваць абрады па ўсходнім (візантыйскім) узоры, здзяйсненні святарамі сакрамантаў вернікам неадпаведнага веравызнання і інш.
    Следчыя матэрыялы паказваюць не толькі рэакцыю насельніцтва на пэўныя падзеі, іх грамадскую і палітычную пазіцыю, а таксама раскрываюць
    1 РДГА. Ф. 797. Воп. 7. Спр. 23446; Воп. 87. Спр. 18.
    асаблівасці карнай сістэмы ўрада, ствараюць умовы для правядзення параўнання судовых заключэнняў і прысудаў з іх практычнай рэалізацыяй (па алфавітных спісах), аналізу сутнасці абвінавачванняў і выніку разбіральніцтваў следчай камісіі.
    Увогуле, матэрыялы справаводства адлюстроўваюць розныя бакі не толькі рэлігійнага, але і сацыяльнага жыцця, адносіны царквы і вернікаў з дзяржавай, канфесійныя кантакты насельніцтва і царквы, узаемасувязь этнічнай і канфесійнай самасвядомасці, садзейнічаюць больш глыбокаму разуменню матываў і шляхоў фарміравання адпаведнай дзяржаўнай палітыкі.
    Дакументы асабістага паходжання складаюцца з эпісталярыі1, мемуараў, дзеннікаў, нататак іерархаў каталіцкага касцела , праваслаўных святароў , сучаснікаў падзен , успамінаў немцаў-каланістаў , якія пражывалі ў пасяленнях на тэрыторыі Расійскай імперыі. Нягледзячы на значную долю суб’ектывізму, яны дапамагаюць глыбей пазнаць тагачасную агульную канфесійную сітуацыю, падрабязней пазнаёміцца з жыццёвымі буднямі кліра, адчуць настроі насельніцтва, дазваляюць ацаніць успрыняцце канкрэтнымі асобамі тых змен і працэсаў, якія адбываліся ў грамадстве, даведацца пра місіянерскую, дабрачынную, выдавецкую, рознабаковую душпастырскую дзейнасць царквы, убачыць характарыстыку царкоўных дзеячаў, спецыфіку існавання пратэстанства ў Расійскай імперыі.
    Надзвычай каштоўнымі з’яўляюцца запіскі прадстаўнікоў уніяцкага духавенства, якія сталі ў апазіцыю рэфармаванню і ліквідацыі ўніяцкай царквы і за гэта падвергліся рэпрэсіям: прыходскага святара з Камянца Рыгора Міцэвіча, настаяцеля базыльянскага манастыра з-пад Віцебска Іллі Андрушкевіча (рукапіс у шасці сшытках) і прапаведніка Ляшчынскага манастыра Ігната Ёны Салтаноўскага6. Гэтыя помнікі мемуарыстыкі істотна дапаўняюць і робяць больш аб’ёмнай і шматфарбнай карціну ліквідацыі ўніяцкай царквы, створаную ў добра вядомых запісках яе галоўных «ліквідатараў» у Беларусі Літоўскага епіскапа Іосіфа Сямашкі і Беларускага епіскапа Васіля Лужынскага, а таксама іх паплечнікаў М. Сушкова, А. Зубко7 і чыноўнікаў, якія па родзе
    1 Пнсьма архнеппскопа Лнтовского Носнфа Семашко к епііскопу Брестскому Мнханлу Голубовнчу. Внльна, 1898.
    2 Valancius М. Nami} uzrasai. Vilnius, 2003; Felinski Z. Pami^tniki. Warszawa, 2009.
    3 Волков B. Сведення o начале, распространеннм н разделеннн раскола н о расколе в Внтебской губерннн. СПб., 1865.
    4 Bojanowski Е. Dziennik. 1853-1871. Warszawa, 1999; Dobszewicz Т. Wspomnienia z czasow ktore przezylem. B. m., b. r.
    3 Галлер П. K. Воспомннання П. K. Галлера. Саратов, 1927.
    6Успаміны Рыгора Міцэвіча, пароха з Камянца, аб пераследзе ўнітаў // Аддзел рукапісаў Ягелонскай бібліятэкі. Спр. 4294. 52 арк.; Ks. Micewicz і jego towarzysze П Rocznik Towarzystwa Historyczno-Literackiego w Paryzu. Paryz, 1867. Rok 1866. S. 120-129; Аддзел рукапісаў Ягелонскай бібліятэкі. Спр. 5915. Арк. 3-8 адв.; Спр. 5916.
    7 Запнскн йоснфа, мнтрополнта Лнтовского. СПб., 1883. Т. 1-3; Запнскн Васнлня Лужннского, архнеппскопа Полоцкого. Казань, 1885; Зубко A. О греко-уннатской церквн в западном крае // Русскнй вестннк. 1863. Т. 53; Сушков Н. В. Воспомннання о мнтрополнте Лятовском н Внленском йоснфе н об уннчтоженнн уннн в Росснн. М., 1869.
    сваёй службы займаліся пераводам уніятаў у праваслаўе: Г. Дабрыніна, I. Жыркевіча, Я. Чабодзькі1.
    Тым самым дакументы асабістага паходжання знаёмяць з жывой атмасферай рэлігійнага жыцця канца XVIII пачатку XX ст. у беларуска-літоўскіх губернях.
    Прымяняльна да праблемы даследавання ў групу ўласна духоўна-рэлігійнай прадукцыі ўваходзяць тыя кнігі, канспекты, пастырскія лісты, звароты да насельніцтва і дапаможныя рэлігійныя прадметы, якія выходзілі з царкоўных друкарняў2. Асноўная іх функцыя заключаецца ў інфарматыўным напаўненні духоўна-маральнай, дагматычнай (часткова ідэалагічнай) асновы адукацыйна-выхаваўчага працэсу, ствараючы платформу для аналізу сацыяльных настрояў, псіхалогіі веруючых і духавенства.
    Вылучэнне групы перыядычных выданняў даволі ўмоўнае, бо яны змяшчаюць матэрыялы рознага зместу і жанру: ад заканадаўчых разам з распараджальнымі і справаздачнымі да публіцыстычных. Сярод відаў выкарыстанай перыёдыкі сустракаюцца грамадска-палітычныя, культурныя і царкоўныя выданні («Русскнй архнв», «Русская старнна», «Губернскне ведомостн», «Епархнальные ведомостн»).
    Свецкая прэса дэманструе пункты гледжання розных грамадскіх груп ці асоб на бягучыя падзеі і палітычныя тэндэнцыі. Дадзеныя крыніцы адлюстроўваюць цэлы спектр меркаванняў, якія існавалі ў расійскім грамадстве вывучаемага перыяду ў стаўленні да рэлігійнай палітыкі дзяржавы і міжканфесійных адносін. Царкоўная перыёдыка паказвае меркаванні супрацьлеглага боку (царквы і яе служачых) на шматлікія спробы рэфармавання канфесійнага жыцця краіны, чым стварае цэласную характарыстыку дыялогу: дзяржава царква грамадства.